Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
якой было скіравана прама на Роберта Джордана, і яно раптам бліснула асляпляльна-жоўта, як сонца, адбітае ў люстэрку, і паветра з трэскам раскалолася, быццам над самай шыяй у сівага, і не паспеў конь адвярнуць пысу, як наперадзе ўзняўся фантан камянёў і зямлі. Уючны конь бег перад ім, але ён надта збочыў управа і ўжо пачаў адставаць, а Роберт Джордан усё скакаў і скакаў і, глянуўшы ў бок моста, убачыў доўгую чараду грузавікоў, якія спыніліся за паваротам,— цяпер з вышыні ўсё добра было відаць,— і тут ізноў бліснуў жоўты сполах, які прадвяшчаў новыя «суішш» і «бум». I снарад лёг, не даляцеўшы, але ён пачуў, як пасля выбуху пасыпаліся металічныя асколкі разам з зямлёй.
Наперадзе ён убачыў астатніх, яны збіліся ў кучу на ўзлессі і чакалі яго, і ён загадаў: «Arre caballo! Наперад, конік!» Ён адчуваў, як цяжка дыхае конь, узбіраючыся стромкім схілам угору, і бачыў выцягнутую шыю і шэрыя вушы тарчма, і ён нахіліўся і паляпаў каня па потнай бруднай шыі, і зноў азірнуўся на мост, і ўбачыў яркую ўспышку над цяжкім, прысадзістым, бруднага колеру танкам там, на шашы, але шыпення не пачуў, толькі грымнула аглушальна, гучна, з едкім смуродам, быццам разарвала паравы кацёл, і ён апынуўся на зямлі, а конь на ім, і конь біў паветра капытамі, а Роберт Джордан намагаўся выбрацца з-пад каня.
Рухацца ён не мог. Ён мог рухацца толькі ўправа. Але калі ён гэта зрабіў, яго левая нага засталася нерухомай пад канём. У назе нібыта з’явіўся новы сустаў — не тазасцегнавы, а іншы,— на якім сцягно паварочвалася, як на шарніры. Потым ён уцяміў, што здарылася, і акурат у гэтае самае імгненне конь прыўзняўся на калені, і правая нага Роберта Джордана, вызваліўшыся са стрэмя, слізганула па сядле і легла на зямлю, і ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за сцягно левай нагі, што як і раней ляжала нерухома, і яго далоні намацалі востры канец косці, што выпірала пад скурай.
Сівы конь стаяў амаль над ім, і Роберт Джордан бачыў, як у каня ходзяць рэбры. Трава пад ім была зялёная, і ў ёй раслі лугавыя кветкі, і ён паглядзеў уніз, убачыў шашу, міжгор’е, мост і зноў шашу, і ўбачыў танк, і падрыхтаваўся да новага выбуху. Выбух гэты амаль адразу грымнуў, але шыпення Роберт Джордан зноў не пачуў, толькі адразу ж грымнула і запахла ўзрыўчаткай, і, калі рассеялася хмара ўзнятай зямлі і перасталі сыпацца асколкі, ён убачыў, як сівы павольна асеў на заднія ногі побач з ім, быц-
цам дрэсіраваны ў цырку. I адразу ж, гледзячы на каня, ён пачуў яго незвычайны хрып.
Потым Прымітыва і Агусцін, падхапіўшы яго пад пахі, валаклі ўгору, і левая нага, чапляючыся за зямлю, згіналася ў новым суставе. Адзін раз над імі прасвістаў снарад, і яны кінуліся на зямлю, выпусціўшы Роберта Джордана, але іх толькі абсыпала зверху зямлёй, і, калі сціхнуў град асколкаў, яны зноў падхапілі яго і панеслі. Нарэшце яны дацягнулі яго да лагчыны ў лесе, дзе былі коні, і Марыя, Пілар і Пабла схіліліся над ім.
Марыя стаяла каля яго на каленях і казала:
— Раберта, што з табой?
Ён сказаў, абліваючыся потам:
— Левая нага зламана, Марыя.
— Мы табе яе зараз перавяжам,— сказала Пілар.— Паедзеш вось на гэтым.— Яна паказала на аднаго ўючнага каня.— Скідайце з яго цюкі.
Роберт Джордан заўважыў, як Пабла пакруціў галавой, і кіўнуў яму.
— Збірайцеся,— сказаў ён. Потым дадаў:— Слухай, Пабла, падыдзі да мяне.
Потны, зарослы шчэццю твар нахіліўся над ім, і ў нос Роберту Джордану тхнула смуродам Пабла.
— Дайце нам пагаварыць,— сказаў ён Пілар і Марыі.— Мне трэба сказаць колькі слоў Пабла.
— Дужа баліць?— спытаў Пабла. Ён нахіліўся зусім блізка да Роберта Джордана.
— He. Відаць, перарваны нерв. Слухай. Вы збірайцеся. Мая справа ўжо швах, разумееш? Я толькі скажу колькі слоў дзяўчыне. Калі я табе крыкну — забяры яе,— ты яе забярэш. Яна не захоча ісці. Я толькі скажу ёй колькі слоў.
— Зразумела, часу ў нас небагата,— сказаў Пабла.
— Па-мойму, вам лепей ісці на тэрыторыю Рэспублікі,— сказаў Роберт Джордан.
— He, мы пойдзем у Грэдас.
— Добра падумай.
— Клікні Марыю і гавары з ёй,— сказаў Пабла.— Часу ў нас зусім мала. Мне вельмі шкада, што з табой здарылася такое.
— Але ж яно здарылася,— сказаў Роберт Джордан.— He будзем болей гаварыць пра гэта. Але ты паварушы мазгамі. У цябе ёсць галава. Падумай добра.
— Я ўжо падумаў,— сказаў Пабла.— Ну, Ingles, размаўляй, толькі хутчэй. Часу ў нас зусім няма.
Пабла адышоў да бліжэйшага дрэва і пачаў глядзець уніз, на міжгор’е і на дарогу па той бок міжгор’я. Потым ён перавёў вочы на сівага, што ляжаў на схіле, і на яго твары з’явіўся выраз шчырага жалю, а Пілар і Марыя вярнуліся да Роберта Джордана, які сядзеў, прыхіліўшыся да камля сасны.
— Разрэж калашыну, калі ласка,— сказаў ён Пілар.
Марыя моўчкі прысела каля яго на кукішкі. Сонца ззяла на яе стрыжаных валасах, а твар у яе скрывіўся, нібы ў дзіцяці, што вось-вось заплача. Але яна не плакала.
Пілар дастала нож і разрэзала левую калашыну ад кішэні да самага нізу. Роберт Джордан рукамі развёў краі і нахіліўся паглядзець. Трохі ніжэй тазасцегнавага сустава барвавела конусападобная пухліна, нібыта маленькі вастраверхі буданчык, і, дакрануўшыся да яе пальцам, Роберт Джордан ясна адчуў канец косці, якая знізу падпірала скуру. Нага ляжала на зямлі, ненатуральна выгнутая. Ён узняў вочы і паглядзеў на Пілар. У яе быў той самы выраз твару, як і ў Марыі.
— Anda,— сказаў ён ёй.— Адыдзі.
Яна адышла, нахіліўшы галаву, нічога не сказаўшы і не азірнуўшыся, і Роберт Джордан убачыў, як затрымцелі ў яе плечы.
— Guapa,— сказаў ён Марыі і ўзяў яе абедзве рукі ў свае,— паслухай мяне. Мы ў Мадрыд не паедзем...
Тады яна заплакала.
— He трэба, guapa,— сказаў ён.— Выслухай мяне. Мы цяпер у Мадрыд не паедзем, але куды б ты ні паехала, я заўсёды буду з табой. Зразумела?
Яна нічога не адказала, толькі прыціснулася галавой да яго шчакі і абняла мацней.
— Слухай мяне ўважлівей, зайчанятка,— сказаў ён. Роберт Джордан ведаў, што трэба спяшацца, і ўвесь абліваўся потам, але ён павінен быў сказаць гэта і прымусіць яе зразумець.— Зараз ты адсюль пойдзеш, зайчанятка. Але і я пайду з табой. Пакуль адзін з нас жывы, дагэтуль мы жывыя абое. Ты мяне разумееш?
— He, я хачу з табой.
— He, зайчанятка. Тое, што мне зараз трэба зрабіць, я зраблю адзін. 3 табой я не магу зрабіць гэтага як след. А калі ты пойдзеш, дык і я пайду разам з табой. Хіба ты не адчуваеш, што гэта так? Дзе адно з нас — там мы абое.
— Я хачу з табой.
— He, зайчанятка. Слухай. У такой справе людзі не могуць быць разам. У гэтай справе кожны павінен быць
сам па сабе. Але калі ты пойдзеш, значыць, і я пайду разам з табой. Толькі так я магу пайсці. Я ведаю, ты пойдзеш і не будзеш спрачацца. Ты ж у мяне разумная, і ты добрая. Ты пойдзеш за нас абаіх, і за сябе, і за мяне.
— Але мне было б лягчэй застацца з табой,— сказала яна.— Мне так лепей.
— Я ведаю. Таму і прашу цябе — ідзі. Зрабі гэта для мяне, бо гэта адзінае, што ты можаш зараз зрабіць для мяне.
— Ты не разумееш, Раберта. А я? Мне будзе горш, калі я пайду.
— Я разумею,— сказаў ён.— Табе цяжка. Але ж ты цяпер — гэта і я таксама.
Яна маўчала.
Ён глянуў на яе, увесь спатнелы, і загаварыў зноў, імкнучыся дамагчыся свайго так, як яшчэ ніколі зроду нічога не дамагаўся.
— Ты зараз пойдзеш за нас абаіх,— сказаў ён.-— Забудзь пра сябе, зайчанятка. Ты павінна выканаць свой абавязак.
Яна заматала галавой.
— Ты цяпер — гэта я,— сказаў ён.— Хіба ты не адчуваеш гэтага, зайчанятка?
Яна маўчала.
— Паслухай, зайчанятка,— сказаў ён.— Папраўдзе, калі ты пойдзеш — гэта значыць, што і я пайду. Клянуся табе.
Яна маўчала.
— Ну вось, цяпер ты зразумела,— сказаў ён.— Цяпер я бачу, што ты зразумела. Цяпер ты пойдзеш. Вось і добра. Зараз ты ўстанеш і пойдзеш. Вось ты ўжо сказала, што пойдзеш.
Яна нічога не сказала.
— Ну вось і дзякуй. Цяпер ты пойдзеш хутка і спакойна і далёка-далёка, і мы абое пойдзем у табе. Цяпер пакладзі руку сюды. А цяпер нахілі галаву. Ну, ніжэй. Вось і добра. Цяпер я пакладу руку вось сюды. Добра. Ты ж у мяне разумная. I не трэба болей ні пра што думаць. Ты робіш тое, што павінна рабіць. Ты слухаешся. He мяне, а нас абаіх. Таго мяне, што ў табе. Цяпер ты пойдзеш за нас абаіх. Праўда? Мы абое пойдзем з табой. Я ж табе так абяцаў. Ты разумная, і ты добрая, што ідзеш цяпер.
Ён кіўнуў Пабла, які глядзеў на яго з-за дрэва, і Пабла накіраваўся да яго. Потым ён пальцам паманіў Пілар.
— Мы яшчэ паедзем у Мадрыд, зайчанятка,— сказаў ён.— Праўда. Ну, а цяпер устань і ідзі. Устань. Чуеш?
— He,— сказала яна і моцна абхапіла яго за шыю.
Тады ён зноў загаварыў, усё гэтак жа спакойна і памяркоўна, але вельмі цвёрда.
— Устань,— сказаў ён.— Ты цяпер — гэта я. Ты — усё, што застанецца ад мяне. Устань.
Яна паднялася, павольна, не ўзнімаючы галавы, плачучы.
Потым кінулася зноў на зямлю побач з ім, але адразу ж устала, павольна і пакорліва, калі ён сказаў:
— Устань, зайчанятка!
Пілар трымала яе за локаць, і так яна стаяла перад ім.
— Vamonos,— сказала Пілар.— Табе што-небудзь трэба, Ingles?
— He,— адказаў ён і працягваў гаварыць з Марыяй:
— Развітвацца нам не трэба, guapa, мы ж з табой не разлучаемся. Няхай у цябе ўсё будзе добра ў Грэдасе. Ну, ідзі. Будзь разумная. He,— сказаў ён усё гэтак жа спакойна і разважліва, пакуль Пілар адводзіла дзяўчыну да коней.— He азірайся. Стаў нагу ў стрэмя. Так, так. Дапамажы ёй,— сказаў ён Пілар.— Падсадзі яе ў сядло. Вось так.
Ён адвярнуўся, увесь спатнелы, і глянуў уніз, на дарогу, потым зноў на дзяўчыну, што ўжо сядзела на кані, і Пілар была побач з ёй, а Пабла ззаду.
— Ну, ідзі,— сказаў ён.— Ідзі.— Яна хацела азірнуцца.— He азірайся,— сказаў Роберт Джордан.— Ідзі.
Пабла сцебануў каня па крыжы дзягай, і на імгненне здалося, нібы Марыя вось-вось выскачыць з сядла, але Пілар і Пабла ехалі ўсутыч з ёю па баках, і Пілар трымала яе, і ўсе тры кані ўжо ішлі ўгору.
— Раберта!— закрычала Марыя і азірнулася.— Я хачу да цябе! Я хачу да цябе!
— Я з табою,— закрычаў Роберт Джордан.— Я там, з табою. Мы разам. Ідзі!
Потым яны зніклі з вачэй за выступам гары, і ён ляжаў, увесь спатнелы, і ні на што не глядзеў.
Агусцін стаяў перад ім.
— Хочаш, я цябе застрэлю, Ingles? — спытаў ён, нахіліўшыся вельмі нізка.— Хочаш? Я магу.