Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— Цяпер з таго боку, viejo! — крыкнуў ён Ансельма і палез цераз пераплёты ферм. Быццам Тарзан, што прадзіраецца скрозь сталёвыя джунглі, падумаў ён, і, калі выбраўся зноў з-пад цёмнага скляпення моста, дзе грукат быў асабліва гулкі, ён задраў галаву і ўбачыў твар Ансельма і яго руку, якая працягвала дынаміт. Чорт, які прыгожы твар у старога, падумаў ён. I ўжо не плача. Тым лепей. Адзін бок моста ўжо падрыхтаваны. Цяпер яшчэ гэты бок — і ўсё. Зрэжа, як брытваю. Добра, працуй далей. He хвалюйся. Рабі сваю справу. Хутка і дакладна, як на тым баку. He нервуйся. Спакойна. He намагайся зрабіць усё хутчэй, чым трэба. Зараз ужо маху не дасі. Адзін бок табе, ва ўсякім разе, ніхто ўжо не перашкодзіць узарваць. I ўсё ідзе добра, як належыць. Ну і халадэча тут, пад мостам. Ух, божухна, халадэча, як у вінным склепе, затое хоць дзярма няма. Звычайна, калі працуеш пад каменным мостам, бывае поўна дзярма. Гэта казачны мост. Добрыя казачкі! Старому там, наверсе, горш, чым мне. He спяшайся, рабі ўсё як след.
— Яшчэ клінняў, viejo!
He падабаецца мне, што там усё яшчэ страляюць. Нешта там у Пілар здарылася нядобрае. Відаць, нехта з вартавых быў знадворку. На шашы ці за тартаком. Усё яшчэ страляюць. Пэўна, там яшчэ нехта застаўся. I потым тое праклятае пілавінне. Тыя вялізныя кучы пілавіння. Пілавінне, калі яно зляжыцца і ўтрамбуецца, надта добра ахоўвае ад куль. Так, там, напэўна, яшчэ колькі чалавек засталося. А ўнізе, дзе Пабла, ціха. Цікава, што там усётакі было, калі там усчалася другая страляніна? Мабыць, машына альбо матацыкл. Абы толькі не падышлі зараз браневікі ці танкі. Давай, давай. Закладай зарады, як мага хутчэй, і забі кліны, і зацягні дротам мацней. Лыткі дрыжаць, быццам у бабы. Што з табой? Упэўнены, што там, наверсе, тая баба не дрыжыць ад страху. Тая баба, Пілар. А магчыма, і яна не вытрымала. Мяркуючы па гэтай страляніне, відаць, ёй зараз гэтаксама нялёгка. Гэтаксама задрыжыць, калі стане не пад сілу. Як і ўсе.
Ён высунуўся на сонца, і калі працягнуў руку па пачак, які яму перадаваў Ансельма, і гук бурлівай вады зрабіўся не такі гулкі, стрэлы на верхнім пасту затрашчалі часцей і зноў пачуліся выбухі гранат. Потым яшчэ выбухі гранат.
— Відаць, яны напалі на тартак.
Добра, што ў мяне дынаміт брускамі, падумаў ён. А не палачкамі. Якога чорта. Проста зручней. Хоць тая торба, поўная той дрэні накшталт халадцу, была б яшчэ зручней. Дзве торбы. He, хапіла б і адной. I калі б у мяне былі яшчэ дэтанатары і мая добрая падрыўная машынка. Гэтая свалата кінула маю машынку ў рэчку. I скрынку, і ўсё астатняе. Вось у гэтую рэчку ён усё і кінуў. Ну і быдла гэты Пабла. Ну, нічога, ён ім зараз там задае дыхту.
— Яшчэ давай, viejo!
Малайчына стары, добра ўпраўляецца. I яму там нялёгка, на мосце. Яму было надта цяжка забіць чалавека. Мне таксама было цяжка, але я проста пра гэта не думаў. I зараз не думаю. Так трэба. Але справа яшчэ і ў тым, што ў Ансельма простая вінтоўка. Я ведаю, як яно бывае. Калі забіваеш чалавека з аўтамата, усё неяк лягчэй. Для таго, хто забівае, я маю на ўвазе. Гэта зусім іншая рэч. Ты толькі націскаеш, а ўсё астатняе аўтамат робіць сам. Аўтамат, а не ты. Добра, запомні гэтую думку, каб абмазгаваць яе лепей іншым разам. Ну і галава ў цябе, Джордан. Разумная галава! Давай, Джордан, давай! Так крычалі табе, бывала, яшчэ ў школе, на футболе, калі мяч трапляў да цябе. Ёрдан, такая мянушка была ў мяне ў школе. А ці ведаеш ты, што той паскудны Ёрдан не намнога шырэйшы
за вось гэтую рачулку, што бурліць унізе? Каля вытоку, звычайна. Усё на свеце пачынаецца з малога. А тут нават утульна, пад мостам. Як дома, хоць ад дома і далёка. Ну, Ёрдан, трымайся. Тут справа сур’ёзная, Ёрдан. Хіба ты не разумееш? Справа сур’ёзная. Паглядзі сюды. Para que? 1 Цяпер, што б са мной ні здарылася,— моста не будзе. А як яно ўсё пойдзе далей? «Куды пойдзе Мэн, туды пойдзе і ўся краіна». Куды пойдзе Ёрдан, туды пойдуць і чортавы ізраільцяне. Як і мост. Калі не будзе Ёрдана, не будзе і моста, а лепей сказаць — наадварот.
— Яшчэ крыху, Ансельма, сябра,— сказаў ён.
Стары кіўнуў галавой.
— Зараз заканчваю,— сказаў Роберт Джордан.
Стары зноў заківаў.
Замацоўваючы дротам гранаты, ён ужо не чуў страляніны на шашы. Раптам ён заўважыў, што да яго вушэй далятае толькі гоман ракі. Ён зірнуў уніз і ўбачыў, як вада закіпае белай пенай між камянёў, а потым разліваецца празрыстым возерцам па гальцы. Пасярод возерца, патрапіўшы ў вір, круціцца на адным месцы ўпушчаны ім клін. Раптам побач, палюючы на мошку, плюхнула стронга, і па вадзе пайшлі колы. Моцна закручваючы пласкагубцамі дрот, які замацоўваў абедзве гранаты, ён бачыў паміж металічнымі фермамі моста горны схіл, які зелянеў пад сонцам. Тры дні таму ён быў яшчэ буры, падумаў Роберт Джордан.
3 халаднаватай цемрадзі пад мостам ён высунуўся на зыркае сонечнае святло і гукнуў Ансельма, які схіліўся над ім зверху:
— Дай мне вялікі маток дроту!
Толькі б не пацягнуць заўчасна, a то можна вырваць кальцо. Шкада, што нельга прапусціць дрот наскрозь. Але дарма, дроту ў мяне хапае, падумаў Роберт Джордан, намацаўшы загваздкі, што трымалі на месцы колцы, якія павінны былі вызваліць дужкі гранат. Ён праверыў, ці хопіць дужкам месца, каб выскачыць, калі загваздкі будуць вырваны (дрот, што іх з’ядноўваў, праходзіў пад дужкамі), потым прымацаваў канец дроту да аднаго колца, з’яднаў яго з галоўным дротам, які цягнуўся да колца другой гранаты, адматаў крыху дроту, прапусціў яго вакол касяка фермы і перадаў маток Ансельма.
— Трымай, толькі асцярожна,— сказаў ён.
1 Навошта? (ісп.)
Ён вылез на мост, узяў у старога маток і, разматваючы дрот, пайшоў назад, да таго месца, дзе пасярод дарогі ляжаў забіты вартавы; ён ішоў, перахіліўшыся цераз парэнчы, і вёў дрот пад мостам, намагаючыся рабіць гэта як Mara хутчэй.
— Забяры рукзакі,— крыкнуў ён праз плячо старому. Праходзячы міма свайго аўтамата, ён нахіліўся, падабраў яго і зноў закінуў за спіну.
I тады, узняўшы вочы ад дроту, ён убачыў тых, што вярталіся з верхняга паста.
Іх было чацвёра — ён адразу гэта ўбачыў, але мусіў зноў апусціць вочы, каб дрот не заблытаўся і не зачапіўся за які выступ моста. Эладзіо сярод іх не было.
Роберт Джордан давёў дрот да канца моста, зрабіў пятлю вакол апошняй падпоркі і пабег па дарозе да першага пафарбаванага белым колерам каменнага слупка. Там ён перарэзаў дрот і аддаў канец Ансельма.
— Трымай, viejo,— сказаў ён.— Вось так. Цяпер пойдзем са мной назад, да моста. Змотвай дрот на хаду. He, давай лепей я сам.
Каля моста ён распусціў зробленую раней пятлю так, каб дрот праходзіў вольна і прама да самога колца гранаты, да якога быў прыкручаны, і перадаў канец Ансельма.
— Ідзі з гэтым назад, да белага слупка,— сказаў ён.— Трымай моцна, але вольна. He цягні моцна. Калі пацягнеш мацней — мост узарвецца. Comprendes? 1
— Разумею.
— Калі надыдзе час цягнуць, дык ты і пацягні, але не шморгай.
Кажучы гэта, Роберт Джордан увесь час пазіраў на шашу, па якой рухаліся рэшткі атрада Пілар. Яны былі ўжо зусім блізка, і ён убачыў, што Прымітыва і Рафаэль вядуць Фернанда. Яго, відаць, параніла ў пахвіну, бо ён ішоў і прыціскаў абедзве рукі да гэтага месца, а стары і юнак прытрымлівалі яго з абодвух бакоў. Правую нагу ён валачыў, скрабучы гудрон рантам чаравіка. Пілар з трыма вінтоўкамі ўжо ўскараскалася па схіле наверх. Роберт Джордан не бачыў яе твару, але галаву яна намагалася з усіх сіл трымаць прама.
— Як тут у вас?— крыкнуў Прымітыва.
— Добра. Мы амаль што ўсё скончылі,— азваўся Роберт Джордан.
1 Разумееш? (ісп.)
Як у іх — не варта і пытацца. Калі ён зноў азірнуўся, усе трое стаялі на шашы і Фернанда круціў галавой, адмаўляючыся ісці ўгору.
— Дайце мне вінтоўку,— пачуў Роберт Джордан яго здаўлены голас.
— He, hombre. Мы павядзём цябе туды, дзе коні.
— Навошта мне конь?— сказаў Фернанда.— Мне і тут добра.
Астатняга Роберт Джордан не пачуў, бо загаварыў з Ансельма.
— .Калі падыдуць танкі — падрывай,— сказаў ён.— Але толькі тады, калі яны ўжо будуць на мосце. Калі браневікі — таксама падрывай. Калі ўзыдуць на мост. А рэшту Пабла затрымае.
— Я не буду ўзрываць, пакуль ты там, пад мостам.
— Пра мяне не думай. Калі трэба будзе падрываць — падрывай. Я прымацую яшчэ адзін дрот і прыйду сюды. Тады мы разам і падарвём.
Ён кінуўся бегчы да сярэдзіны моста.
Ансельма бачыў, як Роберт Джордан узбег на мост — аўтамат за спіной, пласкагубцы на раменьчыку каля запясця. Вось ён пералез цераз парэнчы і знік пад мостам. Ансельма, трымаючы канец дроту ў руцэ, у правай руцэ, прысеў на кукішкі за камень і глядзеў уніз, на шашу і на мост. На паўдарозе паміж ім і мостам ляжаў вартавы. Сонца цяпер пякло нябожчыку ў спіну — і здавалася, ён зусім панікнуў ад сонечных промняў і распластаўся на гладкім асфальце шашы. Яго вінтоўка ляжала побач, штык яе вастрыём быў скіраваны прама на Ансельма. Стары глядзеў паўз яго, на плазаватасць моста, перакрэсленую ценямі ад парэнчаў, і далей, туды, дзе дарога ўздоўж цясніны збочвала налева і знікала за выступам стромкай скалы. Ён глядзеў на будку вартавога на тым канцы моста, цяпер асветленую сонцам, потым, не забываючыся на KaHep дроту, заціснуты у руцэ, павярнуўся ў той бок, дзе Фернанда ўсё яшчэ спрачаўся з Прымітыва і цыганом.
— Пакіньце мяне тут,— сказаў Фернанда.— Мне вельмі балюча, і крывацёк не спыняецца ўсярэдзіне. Я яго там адчуваю, калі варушуся.
— Мы цябе дацягнем да верхняга лесу,— сказаў Прымітыва.—Абдымі мяне за шыю, а мы возьмем твае ногі.
— He варта,— сказаў Фернанда.— Пасадзіце мяне за тым каменем. Тут з мяне столькі ж карысці, як і наверсе.
— А што будзе, калі трэба будзе адыходзіць?— спытаў Прымітыва.
— Пакіньце мяне тут,— сказаў Фернанда.— Пра тое, каб мне ехаць вярхом у такім стане, і думаць не варта. Вось і конь у вас яшчэ адзін будзе. А мне тут вельмі добра. Яны цяпер ужо хутка прыйдуць.
— Мы можам дацягнуць цябе да лесу,— сказаў цыган.— Нам гэта няцяжка.
Ён, вядома, прагнуў як найхутчэй уцячы, таксама як і Прымітыва. Але ўсё-такі яны дацягнулі яго сюды.
— He,— сказаў Фернанда.— Мне тут добра. Што з Эладзіо?
Цыган прыклаў палец да галавы, каб паказаць, куды трапіла куля.