• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — I я іх ненавіджу. Але мне ўжо час ісці да Агусціна.
    Ён рушыў у абход выступу скалы ў засені соснаў, і ўвесь час быў чуваць мерны, безупынны рокат рухавікоў, а з-за дальняга павароту дарогі, па той бок зруйнаванага моста, то заціхала, то нарастала стракатанне кулямёта.
    Роберт Джордан апусціўся на зямлю побач з Агусцінам, які залёг з кулямётам у маладым сасонніку, а самалётаў у небе ўсё большала і большала.
    — Што там адбываецца, на тым баку?— спытаў Агусцін.— Чаму Пабла не ідзе? Хіба ён не ведае, што мост ужо зруйнаваны.
    — Мабыць, ён не можа адысці.
    — Тады будзем адыходзіць самі. Чорт з ім.
    — Ён прыйдзе, як толькі зможа,— сказаў Роберт Джордан.— Мы яго зараз пабачым.
    — Нешта не чуваць яго,— сказаў Агусцін.— Ужо даўно. He. Вось! Слухай! Вось ён! Гэта ён.
    Азваўся — так-так-так-так-так — кароткай чаргой кавалерыйскі кулямёт, потым яшчэ раз і яшчэ раз.
    — Ён, ён, каб яго чэрці забралі,— сказаў Роберт Джордан.
    Ён паглядзеў у высокае бясхмарнае блакітнае неба, у якім ляцелі ўсё новыя і новыя самалёты, і зірнуў на Агусціна, які таксама задраў галаву ўгору. Потым Роберт Джордан перавёў погляд уніз, на разбураны мост і на шашу за ім, што ўсё яшчэ была пустэльная, закашляўся, сплюнуў і прыслухаўся да строкату станковага кулямёта, што зноў падаў голас за паваротам. Гук ішоў з таго самага месца, як і раней...
    — А гэта што?— запытаўся Агусцін.— Што гэта за дзярмо?
    — Гэта чуваць яшчэ з таго часу, як я ўзарваў мост,— адказаў Роберт Джордан.
    Ён зноў глянуў уніз, на мост і рэчку, якая была відаць скрозь пралом пасярэдзіне, дзе шматок насцілу вісеў, быццам абарваны сталёвы фартух. Было чуваць, як першыя самалёты ўжо бамбяць міжгор’е, а з боку Сеговіі ляцелі яшчэ і яшчэ. Усё неба цяпер грымела ад іх рухавікоў, а ўгледзеўшыся ўважлівей, ён убачыў і знішчальнікаў, што суправаджалі эскадрыллю: маленькія, быццам цацачныя, яны кружылі над ёй у вышыні.
    — Мабыць, тры дні таму яны так і не даляцелі да фронту,— сказаў Прымітыва.— Павярнулі, пэўна, на захад і прыляцелі назад. Калі б нашы на тым баку пабачылі іх — не пачалі б наступу.
    — Той раз іх столькі не было,— сказаў Роберт Джордан.
    У яго было такое пачуццё, нібыта на яго вачах нешта пачыналася зусім натуральнае і звычайнае, а потым яно прывяло да вялікіх, агромністых, гіганцкіх вынікаў. Быццам бы кінуў каменьчык у ваду і каменьчык той крыху ўскаламуціў ваду, а зыб ад каменьчыка раптам зрабіўся бурны і гвалтоўны, як прыліўная хваля. Ці нібыта гукнуў, а рэха вярнула твой гук аглушальнымі моцнымі ўдарамі і грукатам грому, а ў громе тым была смерць. Ці нібыта ўдарыў ты чалавека і той паваліўся, а наўкол, наколькі бачаць вочы, пачалі паўставаць людзі, вялікае мноства людзей, у брані і ў поўным баявым узбраенні. Дзякуй богу, што ён зараз не з Гольцам, там, у міжгор’і.
    Лежачы побач з Агусцінам, гледзячы, як ляцяць самалёты, прыслухоўваючыся, ці не пачалася страляніна ззаду, назіраючы за шашой, дзе, ён ведаў, што-небудзь абавязкова хутка з’явіцца, Роберт Джордан усё яшчэ не мог апамятацца ад здзіўлення, што не загінуў яшчэ тады, падчас выбуху. Ён быў так падрыхтаваны да смерці, што цяпер усё, што адбывалася наўкол, здавалася яму нерэальным. Трэба пазбавіцца гэтага пачуцця, падумаў ён. Трэба адкінуць ад сябе ўсю гэтую непатрэбшчыну. У мяне наперадзе сёння шмат спраў — шмат чаго трэба зрабіць. Але пазбавіцца не ўдавалася, а ўсё наўкол — ён усведамляў гэта — было нібыта ў сне.
    Ты занадта наглытаўся дыму — вось у чым справа, сказаў ён сабе. Аднак ён ведаў, што ўсё зусім не ў гэтым. Ён неадольна адчуваў нерэальнасць усяго, што хавалася за, здавалася б, бясспрэчнай рэальнасцю. Ён абводзіў поглядам мост, забітага вартавога на шашы, камень, за якім ляжаў Ансельма, Фернанда, што выпрастаўся пад схілам, і гладкую цёмную стужку дарогі да нерухомага грузавіка, аднак усё па-ранейшаму здавалася нерэальным.
    Глупства ўсё гэта, сказаў ён сабе, проста ў цябе крыху закаламуцілася ў галаве, а гэта звычайная рэакцыя на вялікае напружанне. Вазьмі сябе ў рукі.
    Тут Агусцін ухапіў яго за плячо і паказаў пальцам на той бок цясніны, і Роберт Джордан глянуў туды і ўбачыў Пабла.
    Пабла выбег з-за павароту дарогі, каля крутой скалы, за якой дарога знікала з вачэй, спыніўся, прытуліўся да скалы і выпусціў чаргу ў той бок, адкуль выбег. Роберт Джордан бачыў, як Пабла — невысокі, каржакаваты, проставалосы — стаіць, прыхінуўшыся да скалы, з аўтаматам у руках, і бачыў, як пабліскваюць на сонцы медныя гільзы. Яны бачылі, як Пабла прысеў на кукішкі і выпусціў яшчэ адну чаргу. Потым ён павярнуўся і, не азіраючыся, нахіліўшы галаву, прысадзісты, крываногі, спрытны, пабег напрасткі ад моста.
    Роберт Джордан адштурхнуў Агусціна ўбок, прыціснуў ложа кулямёта да пляча і пачаў наводзіць яго на паварот дарогі. Яго аўтамат ляжаў побач: на такой адлегласці з яго цяжка было пацэліць.
    Пакуль Пабла бег да моста, Роберт Джордан навёў кулямёт на паварот дарогі, але адтуль нічога не паказалася. Пабла дабег да моста, азірнуўся назад, потым кінуў погляд на мост і, адбегшы колькі крокаў, палез уніз, у цясніну. Роберт Джордан не зводзіў вачэй з павароту, але там нічога не было відаць. Агусцін прыўзняўся на адно калена. Ён глядзеў, як Пабла, быццам горны казёл, скача з каменя на камень. Пасля паяўлення Пабла за паваротам болей не стралялі.
    — Ты што-небудзь бачыш там, наверсе? На скале?— спытаў Роберт Джордан.
    — He, нічога.
    Роберт Джордан сачыў за паваротам дарогі. Ён ведаў, што адразу за паваротам каменная сцяна занадта крутая і ўзлезці на яе немагчыма, але далей былі месцы болей пакатыя, і хто-небудзь мог узлезці на скалу адтуль і абысці выступ зверху.
    Калі дагэтуль усё здавалася яму нерэальным, зараз усё раптам зрабілася аж занадта рэальным. Нібыта раптам аб’ектыў фотаапарата ўдалося навесці на фокус. Тады ён і ўбачыў, як з-за павароту высунулася на залітую сонцам дарогу абсечанае, тупое рыльца і прысадзістая зялёна-шэра-бураватая вежка, з якой тырчаў кулямёт. Роберт Джордан выстраліў і пачуў, як кулі бразнулі аб сталёвую абшыўку. Маленькі танк шмыгнуў назад, за выступ скалы. Працягваючы назіраць, Роберт Джордан убачыў, як з-за рага зноў з’явіўся яго тупы нос і край вежкі, потым вежка павярнулася так, што ствол кулямёта быў цяпер скіраваны ўздоўж дарогі.
    — Як мыш з нары, выпаўзае,— сказаў Агусцін.— Глядзі, Ingles.
    — Ён не ведае, што рабіць,— сказаў Роберт Джордан.
    — Вось ад гэтай казяўкі і адстрэльваўся Пабла,— сказаў Агусцін.— Ану, Ingles, сыпані ёй яшчэ.
    — He, брані не праб’еш. I не трэба, каб яны нас заўважылі.
    Танк пачаў абстрэльваць дарогу. Кулі білі па асфальце і адскоквалі са свістам, потым пачалі бразгаць аб метал моста. Гэта быў той самы кулямёт, які яны чулі раней.
    — Cabron!— сказаў Агусцін.— Дык вось яны якія, твае славутыя танкі, Ingles?
    — Гэта яшчэ не танк, а танкетка.
    — Cabron! Калі б у мяне была хоць бы якая бутэлечка бензіну, я палез бы туды і падпаліў бы яго. Што ён будзе рабіць далей?
    — Крыху пачакае, потым зноў выгляне.
    — I такой казюлькі людзі баяцца?— сказаў Агусцін.— Глядзі, Ingles. Ён б’е па забітых!
    — У яго няма іншай мішэні, вось ён і страляе па вартавых,— сказаў Роберт Джордан.— Даруй ужо яму гэта.
    Але ён падумаў: так, вядома, смяяцца лёгка. Але ўяві сабе, што гэта ты рухаешся па шашы на сваёй тэрыторыі і раптам цябе спыняе кулямётны агонь. Потым бачыш наперадзе ўзарваны мост. Хіба ў цябе не ўзнікла б думка, што дарога перад табой замініраваная і што недзе непадалёк засада? Вядома, падумаў бы так. Ён мае рацыю. Ён робіць тое, што трэба. Ён чакае зручнага моманту, выманьвае ворага. А вораг — гэта ўсяго толькі мы. Аднак гэтага ён можа не ведаць. Ах ты, свалата!
    Маленькі танк выпаўз з-за рога трохі наперад.
    I тут Агусцін убачыў Пабла, які вылез з цясніны, падцягваючыся на руках, пот заліваў яго зарослы шчэццю твар.
    — Вось ён, сукін сын!— сказаў Агусцін.
    — Хто?
    — Пабла.
    Роберт Джордан азірнуўся на Пабла, а потым выпусціў чаргу па тым месцы размалёванай вежы танка, дзе, па яго разліку, павінна была знаходзіцца назіральная шчылінка. Маленькі танк з грукатам пасунуўся назад і схаваўся за паваротам, і Роберт Джордан адразу ж падхапіў кулямёт і перакінуў яго разам са складзеным трыножкам за плячо. Ствол быў такі гарачы, што яму апаліла спіну, і Роберт Джордан адвёў яго назад, каб на плячо легла ложа кулямёта.
    — Бяры мех з дыскамі і маю маленькую maquina,— крыкнуў ён.— I бяжы за мной.
    Роберт Джордан пабег схілам угору, прабіраючыся паміж соснамі. Агусцін насядаў яму на пяты, а ззаду іх даганяў Пабла.
    — Пілар! — закрычаў Роберт Джордан.— Сюды, жанчына!
    Усе трое так шпарка, як толькі маглі, караскаліся крутым схілам — бегчы ўжо не мелі сілы, бо круча зрабілася надта стромкая, і Пабла, які быў паражняком, калі не браць пад увагу кавалерыйскі аўтамат, хутка параўняўся з астатнімі.
    — А дзе твае людзі?— спытаў Агусцін, ледзь варушачы перасохлым языком.
    — Усе забітыя,— адказаў Пабла. Ён ніяк не мог перавесці дух.
    Агусцін павярнуў галаву і паглядзеў на Пабла.
    — Цяпер у нас шмат коней, Ingles,— запыхаўшыся, сказаў Пабла.
    — Гэта добра,— адказаў Роберт Джордан. Свалата, забойца, падумаў ён.— Што ў вас там здарылася?
    — Усё, што хочаш,— сказаў Пабла, хапаючы ротам паветра.— Як справы ў Пілар?
    — Яна страціла двух — Фернанда і гэтага, як яго...
    — Эладзіо,— падказаў Агусцін.
    — А ў цябе?— спытаў Пабла.
    — У мяне загінуў Ансельма.
    — Коней, значыцца, колькі хочаш,— сказаў Пабла.— Нават для паклажы хопіць.
    Агусцін прыкусіў губу, глянуў на Роберта Джордана і пахітаў галавой. Яны пачулі, як танк, нябачны за дрэвамі, зноў пачаў абстрэльваць шашу і мост.
    Роберт Джордан кіўнуў галавой у той бок.
    — Што ў цябе выйшла з гэтым танкам?— Яму не хацелася ні глядзець на Пабла, ні адчуваць яго смуроду, але яму хацелася пачуць, што той скажа.
    — Я не мог выйсці, пакуль ён там стаяў,— адказаў Пабла.— Загарадзіў нам выхад з паста. А потым ён чамусьці адышоў, і я пабег.
    — У каго ты страляў, калі спыніўся на павароце? — паставіў пытанне рубам Агусцін.
    Пабла паглядзеў на яго, хацеў быў усміхнуцца, але перадумаў і нічога не адказаў.
    — Ты іх усіх перастраляў?— запытаў Агусцін.
    Роберт Джордан загадаў сабе: а ты памаўчы. Гэта ўжо не твая справа. Для цябе яны зрабілі ўсё, што трэба было, нават болей. А гэта ўжо іх міжусобныя рахункі. I не судзі іх з пункту гледжання этыкі. Чаго ты яшчэ чакаў ад забойцы? А цяпер памаўчы. Ты дастаткова наслухаўся пра яго раней. Нічога новага тут няма. Але ж і свалата ўсё-такі, падумаў ён. Ох, якая свалата!