• Часопісы
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — No hace falta ',— адказаў Роберт Джордан.— Ідзі. Мне тут вельмі добра.
    1 He трэба (ісп.).
    — Me cago en la leche que me han dado! 1 — сказаў Агусцін. Ён плакаў і таму не бачыў Роберта Джордана, пазіраючы на яго нібыта скрозь туман.— Salud, Ingles.
    — Salud, дружа,— сказаў Роберт Джордан. Ён цяпер глядзеў уніз, на дарогу.— He пакідай стрыгунка, добра?
    — Пра гэта не турбуйся,— сказаў Агусцін.— У цябе ёсць усё, што трэба?
    — Гэту maquina я пакіну сабе, тут засталося ўсяго некалькі патронаў,— сказаў Роберт Джордан.— Ты такіх не раздабудзеш. Для вялікай maquina і для той, што ў Пабла, можна раздабыць.
    — Я прачысціў дула,— сказаў Агусцін.— Калі ты ўпаў, туды набілася зямлі.
    — Дзе ўючны конь?
    — Цыган злавіў яго.
    Агусцін ужо сядзеў вярхом, але яму не хацелася ад’язджаць. Ён перахіліўся з сядла да дрэва, пад якім ляжаў Роберт Джордан.
    — Ідзі, viejo,— сказаў яму Роберт Джордан.— На вайне гэта звычайная справа.
    — Que puta es la guerra,— сказаў Агусцін.— Вайна — гэта паскудства.
    — Так, дружа, так. Але табе трэба спяшацца.
    — Salud, Ingles,— сказаў Агусцін і ўзняў угору сціснуты кулак.
    — Salud,— адказаў Роберт Джордан.— Ну, ідзі.
    Агусцін крута павярнуў каня, апусціў кулак такім рухам, нібы вылаяўся пры гэтым, і павольна паехаў наперад. Астатніх даўно ўжо не было відаць. Даехаўшы да павароту, ён азірнуўся і памахаў Роберту Джордану кулаком, і Роберт Джордан махнуў яму ў адказ, і Агусцін знік з вачэй следам за іншымі.
    Роберт Джордан паглядзеў уніз, туды, дзе каля падножжа зялёнага схілу было відаць дарогу і мост. Ва ўсякім разе, так будзе няблага. Ляжаць ніцма, відаць, рызыкоўна, надта ўжо тая штуковіна на сцягне блізка да паверхні скуры, дый назіраць так зручней.
    Ён адчуваў стому, і слабасць, і спустошанасць пасля ўсяго, што з ім здарылася, і пасля таго, як яны пайшлі, a ў роце быў смак жоўці. Цяпер ужо сапраўды нарэшце ён пазбавіўся ўсялякіх турбот. I як бы ўсё далей ні складвалася, і што б яго ні чакала наперадзе, ва ўсякім разе, у яго ўжо не было аніякіх турбот.
    1 Іспанская лаянка.
    Усе паехалі, ён самотны застаўся сядзець тут, пад сасной, прыхіліўшыся да яе камля. Ён паглядзеў уніз, на зялёны схіл, убачыў сівага каня, якога дабіў Агусцін, і далей — дарогу, а за ёй другі схіл і навакольны краявід, які ўвесь быў парослы лесам. Потым ён перавёў погляд на мост і на дарогу за мостам і пачаў назіраць за тым, што адбываецца на мосце і на дарозе. Адгэтуль яму былі добра відаць грузавікі, што скупіліся за паваротам. Іх шэрыя барты віднеліся скрозь дрэвы. Потым ён паглядзеў у другі бок, дзе дарога крута бралася ўгору. Адтуль яны і прыйдуць, падумаў ён, і цяпер ужо чакаць іх засталося нядоўга.
    Пілар лепей за каго іншага паклапоціцца пра Марыю. Гэта ты ведаеш. Пабла, пэўна ж, усё разлічыў як след, іначай ён бы не рызыкаваў. Наконт Пабла можна не турбавацца. I не трэба болей думаць пра Марыю. Намагайся паверыць сам у тое, пра што ты ёй казаў. Так будзе лепей. А хто гаворыць, што гэта няпраўда? Толькі не ты. Ты гэтага не скажаш, як і не скажаш, што не было таго, што здарылася. Трымайся таго, у што ты верыш цяпер. He рабіся цынікам. Часу засталося надта мала, і хіба не ты сам толькі што прымусіў яе пайсці. Кожны робіць што можа. Ты ўжо нічога не можаш зрабіць для сябе, але, магчыма, ты яшчэ здолееш зрабіць нешта для іншых. Што ж. Мы з ёй вычарпалі ўсё сваё шчасце за чатыры дні. He, не за чатыры. Я прыйшоў сюды надвячоркам, а сёння яшчэ не прайшло і паўдня. Вось і падлічы: тры ночы і тры няпоўныя дні. Трэба быць дакладным, сказаў ён сабе. Абсалютна дакладным.
    Мабыць, лепей спаўзці ніжэй, падумаў ён. Лепей уладкавацца недзе там, дзе ад цябе будзе хоць якая-небудзь карысць, а не адпачываць тут, пад дрэвам, нібыта нейкі бесклапотны валацуга. Зрэшты, табе яшчэ пашчасціла. Бывае яшчэ горш. А гэтае кожнага напаткае — раней ці пазней, якая розніца. Ты ж не баішся, калі ўжо ведаеш, што павінен зрабіць гэта. He, не баюся,— сказаў ён сабе шчыра. I гэта была праўда. Пашанцавала ўсё-такі, што нерв парваўся. Ён памацаў нагу, і яна быццам і не была часцінаю яго цела.
    Ён зноў паглядзеў уніз, на схіл, і падумаў: не хочацца пакідаць усё гэтае. Вельмі не хочацца пакідаць і хочацца думаць, што была ўсё-такі ад мяне нейкая карысць на гэтым свеце. Намагаўся, ва ўсякім разе, быць карысным у меру сваіх здольнасцей, якія я меў. Ты хочаш сказаць — маеш. Добра, няхай так — маеш.
    Амаль цэлы год я змагаўся са зброяй у руках за тое, у што верыў. Калі мы пераможам тут, мы пераможам паўсюль. Свет — цудоўнае месца, і за яго варта змагацца, і мне дужа не хочацца яго пакідаць. I табе пашчасціла, сказаў ён сабе, бо на тваю долю выпала вельмі цудоўнае жыццё. Такое ж цудоўнае, як і ў дзядулі, хоць і карацейшае. У цябе было жыццё нават лепшае, чым ва ўсіх, бо ў ім былі вось гэтыя апошнія дні. Табе няма чаго наракаць на сваё жыццё. Шкада толькі, што ўжо не давядзецца перадаць каму-небудзь усё тое, чаму я навучыўся. Далібог, маё навучанне ішло хутка пад канец. Добра было б яшчэ пагаварыць з Каркавым. Там, у Мадрыдзе. Вунь за тымі гарамі, і яшчэ калі прайсці вунь тую даліну. Там, далёка ад шэрых скал і сосен, ад верасу і дроку, па той бок жоўтага пласкагор’я стаіць Мадрыд, белы і прыгожы. I прыгажосць яго такая ж сапраўдная, як прыгажосць бабуль Пілар, якія ходзяць да бойні піць свежую кроў. He існуе толькі нейкай адзінай сапраўднай рэчы. Усе рэчы — сапраўдныя. Самалёты ж аднолькава прыгожыя, незалежна ад таго, чые яны — нашы ці не. Да д’ябла такую прыгажосць, падумаў ён.
    Досыць ужо, няма чаго лынды біць, сказаў ён сабе. Перавярніся лепей ніцма, пакуль яшчэ ёсць час. Так, яшчэ вось што. Памятаеш варажбу Пілар па руцэ? Хіба ж ты верыш у гэтае глупства? He, сказаў ён. Нягледзячы на ўсё, што адбылося? Так, усё адно не веру. Але сёння раніцай яна была вельмі чулая — на світанку, перад тым як мы рушылі. Яна баялася, пэўна, што я паверыў. Але я не веру. А яна верыць. Нешта ж яна ўсё-такі бачыць. Ці духам чуе нешта такое. Надпачуццёвае ўспрыманне — так гэта, здаецца, называецца, сказаў ён. Так і ператак гэта называецца. Яна сумысля не развіталася, бо ведала: калі пачнуцца развітанні, Марыя не пойдзе. Ох, гэтая Пілар. Добра ўжо, Джордан, давай пераварочвайся. Але яму дужа не хацелася рабіць гэтага.
    Тут ён нагадаў, што ў задняй кішэні ў яго ёсць біклажка, і падумаў: глыну крыху «пераможцы волатаў», а потым паспрабую перавярнуцца. Але калі ён намацаў кішэню, біклажкі там не было. Тады ён адчуў сябе зусім самотным, бо зразумеў, што нават гэтай драбніцы не будзе. А я, відаць, на гэта крыху меў надзеі, падумаў ён.
    Магчыма, яе ўзяў Пабла? Што за глупства. Ты, мабыць, згубіў яе на мосце. Ну, рабіць няма чаго, давай, Джордан, паспрабуем. Раз, два, тры.
    Ён адсунуўся ад дрэва і лёг, потым аберуч абхапіў левую нагу і моцна адцягнуў яе ўніз. Потым, лежачы і адцягваючы нагу далей, каб востры канец косці не вылез і не працяў скуры знутры, ён пачаў спакваля паварочвацца на ягадзіцах, пакуль не павярнуўся тварам да схілу. Потым ён упёрся падэшваю правай нагі ў ступню левай і цяжка, абліваючыся потам, перакаціўся на жывот, потым, падняўшыся на локцях, дапамагаючы правай нагой, адцягнуў левую нагу як мага далей назад. Ён намацаў сцягно: усё абышлося добра. Косць не працяла скуры, і зламаны край увайшоў у мышцу.
    Напэўна, нерв сапраўды перарваўся, калі той пракляты конь прыдушыў нагу, падумаў ён. Болю сапраўды няма ніякага. Хіба толькі калі варушышся. Мабыць, тады косць кранае яшчэ штосьці. Вось бачыш, як табе шанцуе. Нават і без «пераможцы волатаў» абышлося няблага.
    Ён пацягнуўся за аўтаматам, дастаў магазін, намацаў запасны ў кішэні, адцягнуў затвор і заглянуў у дула, потым уставіў магазін і павярнуўся тварам да шашы. Мабыць, яшчэ паўгадзіны, падумаў ён. Толькі не трэба хвалявацца.
    Ён глядзеў на схіл, і глядзеў на сосны, і намагаўся не думаць ні пра што.
    Ён глядзеў на рэчку і нагадваў, якая прахалода была ў цяні пад мостам. Хоць бы ўжо хутчэй прыходзілі, падумаў ён. Абы ў мяне не памутнела ў галаве раней, чым яны прыйдуць.
    Як ты лічыш, каму лягчэй? Тым, хто верыць у бога, ці тым, хто ўспрымае ўсё, як яно ёсць? Вера, вядома, суцяшае, але затое мы перакананы, што баяцца няма чаго. Блага толькі, што ўсё адыходзіць. Блага, калі паміраць даводзіцца доўга і калі пры гэтым дужа баліць, бо гэта зневажае цябе. Вось тут табе сапраўды пашанцавала. 3 табой гэтага не адбудзецца.
    Добра, што яны пайшлі. Так значна лепей, без іх. Я ж кажу, што мне шанцуе. Далібог. Было б значна горш, калі б яны ўсе былі тут, раскіданыя па гэтым схіле, дзе ляжыць шэры конь. Ці збіліся б гуртам вакол мяне, чакаючы. He. Яны пайшлі. Іх тут няма. Цяпер яшчэ каб той наступ аказаўся ўдалым. Бач, чаго табе захацелася. Усяго. Я хачу ўсяго, але згодзен і на тое, што можна. Хай нават гэты наступ будзе няўдалы. Што ж, іншыя будуць больш паспяховыя. Я не звярнуў увагі, ці праляцелі тыя самалёты назад, ці не. Божухна, якое шчасце, што мне ўдалося прымусіць яе паехаць.
    Добра было б расказаць пра ўсё гэта дзядулі. Яму ўжо, пэўна, не даводзілася ніколі пераходзіць лінію фронту, і шукаць сваіх, і выконваць такое заданне, якое сёння выканаў я. Адкуль табе гэта вядома? Будзь дакладны. Такога ніхто не зробіць пяцьдзесят разоў. Нават і пяць разоў. Можа, нават і адзін раз здзейсніць гэта не так проста. Ды не, чаму ж. Ты не адзіны.
    Хоць бы хутчэй ужо яны прыходзілі, сказаў ён. Хоць бы прыйшлі зараз, a то нага пачынае балець. Відаць, распухае.
    Усё складвалася так добра, пакуль не ўдарыў той снарад, падумаў ён. Але гэта яшчэ шчасце, што ён не ўдарыў раней, калі я быў пад мостам. Калі што-небудзь робіцца не так, рана ці позна здараецца бяда. Табе яна была наканавана яшчэ тады, калі Гольц аддаваў гэты загад. I ты гэта ведаў, і гэта самае, напэўна, адчувала і Пілар. Пазней у нас усё наладзіцца лепей. Паходныя рацыі — вось што нам трэба. Так, нам шмат чаго яшчэ трэба. Мне, напрыклад, не пашкодзіла б мець запасную нагу.
    Ён праз сілу ўсміхнуўся гэтай думцы, бо нага цяпер надта балела ў тым месцы, дзе быў пашкоджаны нерв. Хай бы ўжо ішлі, падумаў ён. Я не хачу рабіць тое, што зрабіў мой бацька. Я зраблю, калі будзе ў гэтым пільная патрэба, але лепей, каб такой патрэбы не ўзнікла. Я супраць гэтага. He думай лепей пра гэта. Хутчэй бы ўжо яны прыйшлі, свалата тая, падумаў ён. Хоць бы хутчэй. Хоць бы хутчэй.