• Газеты, часопісы і т.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — Siga,— сказаў ён.— Едзьце далей. Але фару выключыць.
    Матацыкл зноў зароў. Андрэс учапіўся за пярэдняе сядзенне, і яны паехалі далей, асцярожна лавіруючы сярод грузавікоў, што бясконцай калонай з выключанымі фарамі накіроўваліся ўніз. Зрэдку сустракаліся гружаныя машыны, што ішлі ўгору, і ўсе яны ўздымалі пыл — Андрэс не бачыў яго ў цемрадзі, але адчуваў, як пыл б’е яму ў твар і скрыпіць на зубах.
    Яны пад’ехалі ўсутыч да задняга борта нейкага грузавіка, матацыкл зачмыхаў, нарэшце Гомес дадаў газу і абагнаў гэты грузавік, потым другі, трэці, чацвёрты, а насустрач, па левай палове аўтастрады, з грукатам кацілі іншыя машыны. Цяпер ззаду ў іх ішоў легкавы аўтамабіль, і яго клаксан безупынна ўрываўся ў грукат грузавікоў, спавітых пылам; потым ён бліснуў фарамі, што асвятлілі жоўтую хмару пылу, і праімчаў міма, са скрыгатам — бо шафёр пераключыў хуткасць,— і настойліва, пагрозліва завываючы клаксанам.
    Потым яны трапілі ў затор — увесь рух наперадзе спыніўся, і, лавіруючы паміж санітарнымі машынамі, штабнымі легкавушкамі, браневікамі, яшчэ і яшчэ браневікамі, падобнымі да непаваротлівых, цяжкіх, металічных чарапах з узнятымі на дыбкі ў непаспеўшым асесці пыле жараламі гармат, яны выехалі да другога кантрольнага паста, дзе, як аказалася, здарылася аварыя. Адзін з грузавікоў раптам спыніўся, а другі, шафёр якога не заўважыў гэтага, урэзаўся ў яго і ўшчэнт разбіў задні борт, і на дарогу вываліліся скрынкі з патронамі. Адна скрынка раскалолася, і — калі Гомес і Андрэс злезлі з матацыкла і пакацілі яго ўперадзе сябе, прабіраючыся сярод машын да кантрольнага паста, дзе трэба было паказаць пропуск,— Андрэс адчуваў пад нагамі медныя гільзы, процьма якіх была параскідана ў пыле. У грузавіка, што наехаў на пярэднюю машыну, быў змяты радыятар. Яшчэ адна машына ўткнулася перадам у задні борт гэтага грузавіка. Дзесяткі іншых машын ужо напіралі ззаду, а нейкі афіцэр у высокіх ботах бег да хваста калоны і крычаў па дарозе шафёрам, каб тыя ад’ехалі назад і далі магчымасць сцягнуць з аўтастрады разбітую машыну.
    Але грузавікоў было надта многа, і даць задні ход яны маглі б толькі тады, калі б афіцэр, дабраўшыся да канца калоны, якая ўсё большала і большала, спыніў яе павелічэнне. Андрэс бачыў, як афіцэр бяжыць, спатыкаючыся, з ліхтарыкам у руцэ, крычыць і лаецца, а машыны ўсё ідуць і ідуць яму насустрач у цемрадзі.
    Вартавы на кантрольным пасту не вярнуў ім пропуск. Вартавых было двое, яны хадзілі з кішэннымі ліхтарыкамі ў руках і з вінтоўкамі за плячыма і таксама крычалі. Той, што забраў пропуск, падбег да грузавіка з сустрэчнага патоку і загадаў шафёру сказаць на наступным кантрольным пасту, каб там затрымалі ўсе машыны, пакуль не раз’едзецца затор. Потым, усё яшчэ трымаючы пропуск
    у руцэ, вартавы вярнуўся назад і закрычаў на шафёра той машыны, з якой выпалі скрынкі.
    — Кідай усё і рухайся далей, напрамілы бог, бо мы ніколі тут не разблытаемся!— крычаў ён шафёру.
    — У мяне дыферэнцыял разбіты,— адказаў шафёр, нахіліўшыся да задніх колаў.
    — Так і ператак твой дыферэнцыял. Кажу табе — рухайся!
    — 3 разбітым заднім мостам нікуды не рушыш,— сказаў шафёр і зноў нахіліўся.
    — Тады хай хто-небудзь возьме цябе на буксір, трэба ж, зрэшты, убраць адгэтуль усё гэтае дзярмо.
    Шафёр пахмурна глядзеў спадылба на вартавога, што асвятляў ліхтарыкам памяты задок машыны.
    — Рухай! Рухай!— крычаў вартавы, трымаючы ў руцэ пропуск.
    — Mae дакументы,— нагадаў яму Гомес.— Мой пропуск. Мы спяшаемся.
    — Бяры свой пропуск к чортавай матары,— сказаў вартавы і, сунуўшы яму паперку, пабег цераз дарогу спыняць сустрэчную машыну.
    — Развярніся на скрыжаванні, пад’едзь да гэтай машыны — пацягнеш яе за сабой,— сказаў ён шафёру.
    — У мяне загад...
    — Так і ператак твой загад. Рабі, што я кажу.
    Шафёр даў газу, машына паехала далей, нікуды не зварочваючы, і знікла ў пыле.
    Гомес вывернуў матацыкл з-за разбітай машыны на свабодны цяпер правы бок дарогі, і Андрэс, зноў учапіўшыся за пярэдняе сядзенне, убачыў, як вартавы з кантрольнага паста спыніў яшчэ адзін грузавік і нешта кажа шафёру, які, высунуўшыся з кабіны, уважліва слухае.
    Цяпер яны шпарка імчалі па шашы, падымаючыся ўсё вышэй і вышэй у горы. Калону машын, што рухалася ўгору, затрымалі каля кантрольнага паста, і толькі сустрэчныя машыны праляталі і праляталі па левым баку аўтастрады міма іх матацыкла, які роўна і жвава каціў уверх і неўзабаве дагнаў галоўную частку калоны, якая паспела мінуць кантрольны пост яшчэ да аварыі.
    He запальваючы фары, яны абагналі яшчэ чатыры браневікі, потым чараду грузавікоў з салдатамі. Салдаты ў цемрадзі ехалі моўчкі, і спачатку Андрэс толькі адчуваў, што яны недзе тут, паблізу, у яго над галавой, шчыльнай масаю месцяцца ў пыле над бартамі машын. Потым іх дагнаў яшчэ адзін штабны аўтамабіль, які безупынна сіг-
    наліў, і фары яго то запальваліся, то тухлі і, загараючыся, асвятлялі грузавікі. Андрэс убачыў салдат у сталёвых касках, з вінтоўкамі за плячыма, дулы кулямётаў глядзелі ўгору, у неба, на імгненне дакладна выступаючы сярод начной цемрадзі, якая зноў паглынала іх, як толькі фары штабнога аўтамабіля гаслі. Параўняўшыся з адным грузавіком у тое імгненне, калі фары загарэліся, ён убачыў у кароткім сполаху святла салдацкія твары, напружаныя і змрочныя. Салдаты былі ў сталёвых касках, і яны ехалі на грузавіках па цёмнай дарозе туды, адкуль — яны ведалі гэта — павінен быў распачацца наступ, і ўпоцемку салдацкія твары былі такімі, якімі іх не ўбачыш удзень, бо пры святле дня кожнаму сорамна перад іншымі — і яны трымаюцца да таго часу, пакуль не пачнецца бамбёжка ці атака, а тады ніхто ўжо не думае пра тое, які ў яго твар.
    Седзячы ззаду Гомеса, які ўвесь час ухітраўся трымацца наперадзе штабной машыны і абганяў адзін грузавік за адным, Андрэс нічога такога не думаў пра салдацкія твары. Ён думаў толькі: «Якая армія! Якая амуніцыя! Якая зброя і тэхніка! Vaya gente!1 Паглядзі на гэтых людзей. Вось яна, рэспубліканская армія. Глянь на іх. Грузавік за грузавіком. I ва ўсіх салдат аднолькавая форма. Усе ў сталёвых касках. Глянь на maquinas, што выторкваюцца з грузавікоў, чакаючы самалётаў. Глянь толькі, якая ў нас армія!»
    I калі матацыкл абганяў высокія шэрыя грузавікі, што везлі салдат, шэрыя грузавікі з высокімі квадратнымі кабінамі і квадратнымі пачварнымі радыятарамі,— абганяў, не змяншаючы хуткасці, падымаючыся ўгору па дарозе, у пыле і ў мігаценні фар штабнога аўтамабіля, што асвятлялі задні борт кожнага грузавіка з намаляванай на ім армейскай чырвонай зоркай і такую самую зорку на запыленых бакавых бартах,— і калі матацыкл упарта каціўся ўгору, і ў паветры рабілася ўсё халадней, і дарога крута пятляла з боку ў бок, і грузавікі пыхкалі і скрыгаталі, і ў некаторых над радыятарамі ў кароткіх водблісках святла клубілася пара, і матацыкл таксама папыхкваў, падымаючыся ўгору,— Андрэс, моцна трымаючыся за пярэдняе сядзенне, думаў, што такое падарожжа на матацыкле — проста выдатнае. Ён ніколі дагэтуль не ездзіў на матацыкле, а цяпер яны імчалі ўгору ў самай гушчыні машын, што кіравалі туды, дзе павінен быў пачацца наступ, і, едучы з Гомесам па стромкай дарозе, ён ведаў, што цяпер ужо няма чаго нават думаць пра вяртанне ў лагер перад нападам на пасты. 3-за
    1 Што за людзі! (ісп.)
    такога руху на аўтастрадзе, з-за такой сумятні яшчэ добра будзе, калі яму пашчасціць дабрацца назад толькі заўтра вечарам. Ён ніколі раней не бачыў наступу і падрыхтоўкі да наступу, і цяпер, едучы па гэтай дарозе, ён здзіўляўся — якую велічную і магутную армію стварыла Рэспубліка!
    Цяпер яны рухаліся доўгім адрэзкам шашы, які пралёг па самым схіле гары, і пад’ём быў тут да таго стромкі, што, калі яны ўжо набліжаліся да вяршыні, Гомес загадаў яму злезці, і яны ўдвух усцягнулі матацыкл на апошні круты ўступ. Адразу ж за грэбенем гары, трохі злева, дарога рабіла пятлю, дзе машыны разварочваліся, і там яны ўбачылі агеньчыкі, якія мігцелі ў вокнах вялікага мураванага будынка, што доўгім гмахам уздымаўся ў начное неба.
    — Пойдзем туды, спытаем, дзе штаб,— сказаў Гомес Андрэсу, і яны падкацілі матацыкл да зачыненых дзвярэй вялікага будынка, перад якім стаялі вартавыя. Гомес прыхіліў матацыкл да сцяны, і тут дзверы расчыніліся, і ў святле, што падала з сярэдзіны, з’явіўся матацыкліст у скураным касцюме, з сумкай праз плячо і з маўзерам у драўлянай кабуры, што целяпаўся ў яго на правым сцягне. Калі дзверы зачыніліся, ён знайшоў у цемрадзі свой матацыкл, прабег з ім некалькі крокаў, каб завёўся рухавік, і з ровам паімчаў па дарозе ўгору.
    Гомес звярнуўся да вартавога, што стаяў на ўваходзе.
    — Я капітан Гомес з Шэсцьдзесят пятай брыгады,— сказаў ён.— Ці не можаш сказаць мне, дзе знайсці штаб генерала Гольца, камандзіра Трыццаць пятай дывізіі?
    — Гэта не тут,— адказаў вартавы.
    — А што тут?
    — Comandancia
    — Якая comandancia?
    — Comandancia, і ўсё.
    — Comandancia якой часці?
    — А хто ты такі, каб я адказваў на твае пытанні?
    Тут, на вяршыні гары, неба было чыстае, усеянае зоркамі, і цяпер, вырваўшыся з пылу, Андрэс бачыў нават упоцемках. Унізе, там, дзе дарога збочвала направа, ён добра разгледзеў абрысы грузавікоў і легкавых аўтамабіляў, якія мільгалі на фоне начнога неба.
    — Я капітан Рагеліо Гомес з першага батальёна Шэсцьдзесят пятай брыгады, і я прашу сказаць, дзе штаб генерала Гольца,— сказаў Гомес.
    Камендатура (ісп.).
    Вартавы крыху расчыніў дзверы.
    — Клікніце капрала,— папрасіў ён.
    Акурат у гэты самы момант з-за павароту выехала вялікая штабная машына і накіравалася да вялікага мураванага будынка, дзе, чакаючы капрала, стаялі Андрэс і Гомес. Яна пад’ехала да іх і спынілася каля дзвярэй.
    3 машыны выйшаў высокі чалавек, ужо ў гадах, грузны, у надта вялікім берэце колеру хакі, які носяць у французскай арміі, у шынялі, з планшэтам і рэвальверам на доўгім рэмені паверх шыняля. За ім выйшлі два афіцэры ў форме Інтэрнацыянальных брыгад.
    Звярнуўшыся да шафёра, чалавек у берэце загадаў яму ад’ехаць ад дзвярэй і паставіць машыну ў бяспечнае месца. Гэта было сказана на французскай мове, і Андрэс нічога не зразумеў, а Гомес, колішні цырульнік, ведаў па-французску ўсяго толькі некалькі слоў Калі той рушыў да дзвярэй разам з двума іншымі афіцэрамі, Гомес добра разглядзеў яго твар і пазнаў гэтага чалавека. Ён бачыў яго на мітынгах і часта чытаў яго артыкулы ў «Мунда абрэра», перакладзеныя з французскай мовы. Ён успомніў гэтыя калматыя бровы, вадзяніста-шэрыя вочы, падвойны падбародак і пазнаў у гэтым чалавеку француза-рэвалюцыянера, што ў свой час узначаліў паўстанне на французскім флоце ў Чорным моры.