Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Поезд рушыў, а ён усё яшчэ стаяў на пляцоўцы апошняга вагона і глядзеў, як станцыя і помпа ўсё меншаюць і меншаюць,— і вось яны ўжо зусім маленькія, быццам цацачныя,— а рэйкі, перакрыжаваныя шпаламі, спакваля збягаюцца ў адну кропку пад мерны грукат колаў, якія везлі яго прэч ад дому.
Праваднік сказаў: «Бацьку, відаць, цяжка з табой развітвацца, Боб».—«Так»,— адказаў ён, гледзячы на зараснікі палыну ўздоўж палатна чыгункі паміж тэлефоннымі слупамі і пыльнай дарогай, што бегла побач. Ён глядзеў, ці не пакажацца дзе курапатка.
«А табе не хочацца ехаць у школу?»—«Не, вельмі хочацца»,— сказаў ён шчыра. Калі б ён сказаў гэта раней, гэта было б няпраўда, але ў тую хвіліну гэта была праўда, і, развітваючыся з Марыяй, ён зноў пачуваў сябе зусім маладым, як тады, перад адыходам цягніка. Зараз ён пачуваў сябе нязграбным, і ён развітваўся з Марыяй, нібыта школьнік з дзяўчынкаю на ганку, не ведаючы, пацалаваць яе ці не. Потым ён зразумеў, што пачуццё няёмкасці ідзе не ад развітання. Пачуццё няёмкасці — ад той сустрэчы,
якая яшчэ будзе наперадзе. Развітанне — гэта толькі часцінка той ніякаватасці, што находзіла на яго з думкай пра сустрэчу, якая чакае яго наперадзе.
Зноў у цябе пачынаецца, сказаў ён сабе. Але я лічу, што не знойдзеш чалавека, які б не пачуваў сябе надта маладым для гэтага. Ён не хацеў называць гэта так, як трэба было назваць. Годзе, сказаў ён сабе. Досыць. Табе яшчэ рана дзяцініцца.
— Да пабачэння; guapa,— сказаў ён.— Да пабачэння, зайчанятка.
— Да пабачэння, мой Раберта,— адказала яна, і ён пайшоў туды, дзе стаялі Ансельма і Агусцін, і сказаў:— Vamonos.
Ансельма падняў цяжкі рукзак. Агусцін, які ўсклаў усё на плечы яшчэ ў пячоры, стаяў, прыхіліўшыся да дрэва, і зза яго спіны над торбай тырчала дула кулямёта.
— Добра,— сказаў ён.— Vamonos.
Усе трое рушылі схілам уніз.
— Buena suerte дон Раберта,— сказаў Фернанда, калі яны праходзілі паўз яго. Фернанда сядзеў на кукішках за некалькі крокаў ад таго месца, дзе яны праходзілі, але сказаў ён гэта з вялікай годнасцю.
— I табе buena suerte, Фернанда,— адказаў Роберт Джордан.
— I ў тым, што ты зараз робіш,— сказаў Агусцін.
— Дзякуй, дон Раберта,— адказаў Фернанда, не звяртаючы ўвагі на Агусціна.
— Гэта не чалавек, а нейкі цуд, Ingles,— шапнуў Агусцін.
— Гэта праўда,— сказаў Роберт Джордан.— Табе дапамагчы? Ты нагрузіўся, як конь-ламавік.
— Нічога,— сказаў Агусцін.— Я такі рады, што мы ўжо пачалі.
— Гавары цішэй,— папярэдзіў Ансельма.— Цяпер трэба гаварыць як мага меней і як мага цішэй.
Яны асцярожна спускаліся схілам, Ансельма наперадзе, за ім Агусцін, потым Роберт Джордан, ступаючы вельмі абачліва, каб не паслізнуцца, адчуваючы апалую ігліцу пад вераўчанымі падэшвамі; вось наткнуўся на корч, выцягнуў руку наперад, і яна торкнулася ў халодны метал кулямёта і складзены трыножак. Ён ссоўваўся бокам уніз па схіле, сандалі коўзаліся, узрыхляючы мяккую зямлю, і ён зноў выцягваў левую руку, і нарэшце яна намацала шурпатую
Жадаю поспеху (ісп.).
сасновую кару, а потым гладкую палоску на камлі, і ён падняў далонь, ліпкую ад жывіцы, што выступіла там, дзе была зроблена зарубка, і яны спусціліся стромкім лясістым схілам узгорка да таго месца, адкуль Роберт Джордан і Ансельма назіралі за мостам у першы дзень.
Ансельма наткнуўся ў цемры на сасну, схапіў Роберта Джордана за руку і зашаптаў так ціха, што той ледзь пачуў яго:
— Глядзі. У іх агонь у жароўні.
Слабенькі агеньчык свяціўся акурат у тым месцы, дзе — Роберт Джордан ведаў — дарога падыходзіла да моста.
— Вось адгэтуль мы назіралі ў першы дзень,— сказаў Ансельма. Ён узяў руку Роберта Джордана, пацягнуў яе ўніз і паклаў на маленькую свежую зарубку на камлі трохі вышэй каранёў.— Гэтую зарубку тады зрабіў я, пакуль ты назіраў за мостам. Вось тут, правей, ты хацеў паставіць maquina.
— Тут і паставім.
— Добра.
Яны паклалі рукзакі на зямлю каля сасны і пайшлі следам за Ансельма да невялікай роўнай палянкі, дзе кучкай раслі маладыя сасонкі.
— Тут,— сказаў Ансельма.— Вось тут.
— Адгэтуль, калі развіднее,— зашаптаў Роберт Джордан Агусціну, прысеўшы на кукішкі за сасонкамі,— ты ўбачыш невялікую частку дарогі і ўезд на мост. Ты будзеш таксама бачыць увесь мост і невялікую частку дарогі з другога боку, а далей яна хаваецца за скалой.
Агусцін маўчаў.
— Ты будзеш ляжаць тут, пакуль мы будзем рыхтаваць выбух, а калі хто з’явіцца зверху ці знізу — адразу страляй.
— Адкуль ідзе тое святло?— спытаў Агусцін.
— 3 будкі па той бок моста,— адказаў Роберт Джордан.
— Хто зоймецца вартавымі?
— Мы з Ансельма, я табе ўжо казаў. Але калі мы іх не адолеем, страляй па абедзвюх будках і па вартавых, калі ўбачыш іх.
— Так. Пра гэта ты мне ўжо казаў.
— Пасля выбуху, калі Пабла з сваімі людзьмі выбяжыць з-за скалы, страляй над імі, калі за імі будуць гнацца. Ва ўсякім разе, страляй як мага вышэй, паверх іх галоў, але так, каб спыніць пагоню. Усё зразумеў?
— А як жа? Ты і ўчора казаў тое самае.
— Пытанні ёсць?
— Няма. Я захапіў з сабой дзве торбы. Можна набраць у іх зямлі з пагорка, вышэй, адкуль не відаць, і прынесці сюды.
— Толькі тут не капай. Табе трэба замаскіравацца гэтаксама старанна, як тады, калі мы былі наверсе.
— Добра. Я прынясу зямлю яшчэ ўпоцемку. I торбы ўладкую так, што іх не будзе відно. Вось пабачыш.
— Адгэтуль да моста вельмі блізка. Sabes? Удзень гэтае месца добра праглядаецца знізу.
— He турбуйся, Ingles. Ты куды цяпер?
— Я сыду трохі ніжэй са сваёй маленькай maquina. Стары зараз перабярэцца на той бок, каб адразу выбегчы да будкі, якая месціцца на тым канцы моста. Яна ж выходзіць на той бок.
— Тады ўсё,— сказаў Агусцін.— Salud, Ingles. Тытунь у цябе ёсць?
— Курыць нельга. Надта блізка.
— Я не буду. Толькі патрымаю цыгарку ў роце. Закуру потым.
Роберт Джордан працягнуў яму пачак, і Агусцін узяў тры папяросы і заткнуў іх за пярэдні клапан сваёй пляскатай пастухоўскай шапкі. Ён паставіў ножкі кулямёта паміж сасонкамі і пачаў навобмацак разбіраць сваю паклажу і раскладаць усё так, каб было пад рукой.
— Nada mas,— сказаў ён.— Больш нічога.
Ансельма і Роберт Джордан пакінулі яго там і вярнуліся да сваіх рукзакоў.
— Дзе б іх паставіць?— шэптам спытаў Роберт Джордан.
— Па-мойму, тут. А ты ўпэўнены, што пацэліш адгэтуль у вартавога з маленькай maquina?
— Гэта тое самае месца, дзе мы ляжалі ў першы дзень?
— Тое самае дрэва,— адказаў Ансельма так ціха, што Роберт Джордан ледзь пачуў і здагадаўся, што гаворыць стары, не варушачы губамі, як тады, у першы дзень.— Я зрабіў зарубку нажом.
У Роберта Джордана зноў з’явілася такое пачуццё, нібыта ўсё гэта ўжо было раней, але цяпер яно ўзнікла проста таму, што ён паўтарыў сваё пытанне, а стары свой адказ. Гэтаксама было, калі Агусцін спытаў у Роберта Джордана пра вартавых, хоць і ведаў наперад адказ на сваё пытанне.
— Адгэтуль блізка. Нават вельмі блізка,— шапнуў ён.— Аднак святло падае ззаду. Гэта надта зручнае месца.
— Ну, тады я пайду на той бок і залягу насупраць будкі,— сказаў Ансельма. А потым дадаў:— Ты прабач мне, Ingles. Але каб не было памылкі. Раптам я някемлівы.
— Што?— вельмі ціха, на адным дыханні.
— Ты растлумач яшчэ раз, каб я ўсё ведаў дасканала.
— Як толькі я выстралю, ты таксама страляй. Калі заб’еш свайго, бяжы да мяне. Рукзакі будуць са мной, і ты дапаможаш мне закласці зарады. Я табе ўсё скажу. Калі са мной што-небудзь здарыцца, зробіш усё сам, як я табе паказваў. He спяшайся, рабі ўсё як след, забі тыя драўляныя кліночкі глыбока, гранаты прымацуй добра.
— Мне ўсё зразумела,— сказаў Ансельма.— Я ўсё запомніў. Цяпер пайду. Ты схавайся лепей, Ingles, хутка світанак.
— Перш чым страляць,— сказаў Роберт Джордан,— перадыхні і цэлься напэўна. Уяві сабе, што перад табой не чалавек, а проста мішэнь, de acuerdo? 1 Бяры на мушку не ўсю яго постаць, а нейкую пэўную кропку. Цэлься ў жывот, калі ён будзе стаяць тварам да цябе. Калі будзе стаяць спіной — цэлься ў спіну. Слухай, стары. Калі ён будзе сядзець, то, як толькі я пачну страляць, ён падхопіцца, перш чым пабегчы ці прыгнуцца да зямлі. А калі ён выпрастаецца — страляй адразу. He чакай. Толькі бі напэўна. Падыдзі крокаў на пяцьдзесят. Ты ж паляўнічы. Для цябе тут няма нічога складанага.
— Я зраблю, як ты загадаеш,— мовіў Ансельма.
— Добра. Гэта мой загад,— сказаў Роберт Джордан.
Добра, што я не забыў выказаць гэта ў форме загаду, падумаў ён. Старому так будзе лягчэй. Так для яго хоць крыху паменшае грэх. Спадзяюся, што ён акурат так пачувае сябе. Я добра памятаю, што ён казаў мне пра забойства чалавека.
— Так, гэта мой загад,— паўтарыў ён.— А цяпер ідзі.
— Me voy,— сказаў Ансельма.— Ну, да хуткай сустрэчы, Ingles.
— Да сустрэчы, стары,— адказаў Роберт Джордан.
Ён згадаў свайго бацьку на чыгуначнай станцыі і слёзы, калі ён развітваўся з ім і не сказаў старому ні «бывай», ні «жадаю поспеху».
— Дула вінтоўкі працёр?— шэптам спытаў ён.— A то куля не туды паляціць.
Тут: добра? (ісп.)
— Яшчэ там, у пячоры,— адказаў Ансельма.— Я іх усе прачысціў шомпалам.
— Ну, да хуткай сустрэчы,— сказаў Роберт Джордан, і стары рушыў шырокай, лёгкай хадой паміж дрэў, нячутна ступаючы вераўчанымі падэшвамі.
Роберт Джордан ляжаў на ўсланай сасновай ігліцай лясной зямлі і чакаў першага шоргату сосен на ветры, які заўсёды ўсчынаецца на світанку. Ён выцягнуў з аўтамата магазін і некалькі разоў адцягнуў і адпусціў затвор. Потым, адцягнуўшы яго яшчэ раз, перавярнуў зброю ў руках, прыклаў упоцемку дула да вуснаў і прадзьмуў яго, адчуваючы на языку масляністы слізкі метал. Ён пералажыў аўтамат у левую руку затворам дагары, каб туды не заляцелі ні ігліца, ні порах, і павыпіхваў вялікім пальцам усе патроны з магазіна на насоўку, якую разаслаў перад сабой. Потым навобмацак уставіў патроны, адзін за адным, назад у магазін. Цяпер магазін зноў зрабіўся важкім, і Роберт Джордан уставіў яго назад і пачуў, як той ляснуў і стаў на месца. Ён ляжаў за камлём ніцма, паклаўшы аўтамат на левую руку, і глядзеў на агеньчык унізе. Часам агеньчык знікаў, і ён здагадваўся, што гэта вартавы ў будцы затуляе сабой жароўню. Роберт Джордан ляжаў і чакаў світанку.
РАЗДЗЕЛ СОРАК ДРУП
Пакуль Пабла вяртаўся ў пячору і пакуль атрад спускаўся з гары, туды, дзе яны пакінулі коней, Андрэс набліжаўся да штаба Гольца. Разам з Гомесам яны выехалі на галоўную Навасерадскую аўтастраду, па якой з гор рухаліся ўніз грузавікі. Там быў кантрольны пост, аднак калі Гомес паказаў вартавому пропуск, атрыманы ад падпалкоўніка Мірандзі, той пасвяціў на паперку кішэнным ліхтарыкам, паказаў яе другому вартавому, потым вярнуў пропуск Гомесу і аддаў яму чэсць.