Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
— У вас знойдзецца што-небудзь выпіць?— стомлена спытаў Пабла.
Роберт Джордан працягнуў яму сваю пляшку, і ён некалькі разоў паспешліва глынуў, потым выцер рот рукою.
— Што з табой робіцца?— спытала Пілар.
— Nada,— сказаў Пабла, яшчэ раз выціраючы рот.— Нічога. Я вярнуўся.
— А ўсё ж такі што з табою?
— Нічога. Была хвіліна слабасці. Я пайшоў, а цяпер вось зноў тут.— Ён павярнуўся да Роберта Джордана.
— En el fondo no soy cobarde,— сказаў ён.— Калі разабрацца — я не баязлівец.
Значна горшы за баязліўца, падумаў Роберт Джордан. Хай мяне чэрці возьмуць у пекла, калі не так. Але мне прыемна бачыць цябе, сукінага сына.
— Мне пашчасціла раздабыць толькі пяцярых у Эліяса і Алехандра,— сказаў Пабла.— 3 каня не злазіў — усюды аб’ездзіў. Вас усяго дзевяць, і адным вам нізашто не ўправіцца. Я яшчэ ўчора ўцяміў гэта, калі Ingles усё абгаворваў. Нізашто ў свеце. На ніжнім пасту сямёра салдат і капрал. А што, калі яны падымуць трывогу ці пачнуць адстрэльвацца?— цяпер ён зірнуў на Роберта Джордана.— Ідучы адсюль, я думаў, што ты сам зразумееш, што гэта немагчыма, і адмовішся ад гэтай справы. Але потым, як выкінуў твае прылады, то пачаў думаць іначай.
— Мне прыемна бачыць цябе зноў,— сказаў Роберт Джордан. Ён падышоў да яго.— Мы абыдземся гранатамі. Усё будзе добра. А пра тое, што было,— забудзем.
— He,— сказаў Пабла.— Для цябе я б нічога не зрабіў. Ты прынёс нам бяду. Гэта ўсё праз цябе. I Сорда загінуў праз цябе. Але калі я выкінуў твае прылады, то раптам адчуў сябе дужа самотным.
— Каб ты...— сказала Пілар.
— I тады я паехаў шукаць людзей, каб з гэтай справы нешта атрымалася. Я прывёў найлепшых, якіх толькі мог знайсці. Яны чакаюць наверсе, бо я хацеў спачатку перагаварыць з вамі. Яны лічаць, што важак — я.
— Ты і сапраўды важак,— сказала Пілар.— Калі хочаш быць ім.
Пабла зірнуў на яе і нічога не сказаў. Потым мовіў проста і спакойна:
— Я шмат перадумаў з таго часу, як здарылася тое з Сорда. I я вырашыў: калі ўжо паміраць, то паміраць усім разам. Але цябе, Ingles, я ненавіджу за тое, што ты нам усё гэта прынёс.
— Аднак, Пабла,— пачаў Фернанда. Ён усё яшчэ падбіраў хлебам мясную поліўку з міскі, яго кішэні былі напханыя гранатамі, праз плячо ў яго вісеў нагрудны патранташ.— Хіба ты не верыш, што аперацыя скончыцца ўдала? Пазаўчора ты ж сам казаў, што ўсё будзе добра.
— Пакладзі яму яшчэ мяса,— злосна сказала Пілар Марыі. Потым яна глянула на Пабла, і яе вочы пацяплелі.— Усё-такі ты ж вярнуўся, га?
— Няўжо ж не, жанчына,— сказаў Пабла.
— Ну што ж, добра, што ты вярнуўся,— сказала яму Пілар.— Я не верыла, што ты зусім збег, хоць на першы погляд здавалася, што ты кінуў нас назаўсёды.
— Пасля таго, што я зрабіў, мне самому было дужа цяжка, я не мог гэтага вытрываць болей,— спакойна адказаў ёй Пабла.
— He мог гэтага вытрываць,— перадражніла яго Пілар.— Ды ты такога і чвэрці гадзіны не стрываеш.
— He кпі з мяне, жанчына. Я ж вярнуўся.
— Добра, што ты вярнуўся,— зноў сказала яна.— Я ўжо гэта казала, хіба ты не пачуў? Выпі кавы, і давайце ўжо збірацца. Мне моташна глядзець на гэтую камедыю.
— Гэта кава?— спытаў Пабла.
— Вядома, кава,— адказаў Фернанда.
— Дай мне трохі, Марыя,— сказаў Пабла.— Ну, як ты?— Ён глянуў на яе.
— Добра,— адказала Марыя і наліла яму ў конаўку кавы.— Будзеш мяса?
Пабла пакруціў галавой.
— No me gusta estar solo,— працягваў тлумачыць Пабла, звяртаючыся да Пілар, нібыта нікога там болей не было.— Кепска быць самотным. Учора я цэлы дзень ездзіў адзін, але самотным сябе не адчуваў, бо шчыраваў дзеля агульнай карысці. Але ж уначы. Hombre! Que mal lo pase! 1
1 Божухна! Як жа пагана мне было! (ісп.)
— Усім добра вядомы твой папярэднік, знакаміты Іуда Іскарыёт, павесіўся,— сказала Пілар.
— He трэба казаць так, жанчына,— мовіў Пабла.— Хіба ты не бачыш? Я ж вярнуўся. He трэба нагадваць пра Іуду, і наогул не трэба болей пра гэта гаварыць. Я ж вярнуўся.
— Што гэта за людзі, якіх ты прывёў?— спыталася ў яго Пілар.— Ці варта было іх прыводзіць?
— Son buenos — сказаў Пабла. Ён адважыўся глянуць Пілар у вочы, потым адвярнуўся зноў.— Buenos у bobos. Добрыя і дурныя. Гатовыя ісці на смерць і ўсё такое іншае. A tu gusto. Акурат на твой смак. Ты такіх любіш.
Пабла зноў паглядзеў Пілар у вочы і гэтым разам ужо не адвярнуўся. Ён глядзеў ёй у вочы сваімі маленькімі парсючынымі вочкамі з чырвонымі павекамі.
— Эх ты,— сказала яна, і яе хрыпаты голас зноў загучаў лагодна.— Эх ты. Я так лічу: калі ў чалавека нешта калі было, нейкая часцінка таго застаецца ў ім назаўсёды.
— Listo 2,— сказаў Пабла, цвёрда гледзячы ёй у твар.— Што б гэты дзень ні прынёс, я гатовы.
— Цяпер я веру, што ты сапраўды вярнуўся,— сказала яму Пілар.— Цяпер я веру. Але далёка ж ты ад нас хадзіў.
— Дай мне каўтнуць яшчэ раз з тваёй пляшкі,— сказаў Пабла Роберту Джордану.— I пойдзем.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
У цемрадзі яны падняліся схілам і выйшлі з лесу да вузкай цясніны. Кожны цягнуў на сабе немалую ношу, і таму рухаліся наперад марудна. Коні таксама ішлі з грузам, прымацаваным да сёдлаў.
— А калі што якое, клункі можна скінуць,— сказала Пілар, калі яны выходзілі.— Але калі нам пашэнціць усё гэта зберагчы, то ўсё яно спатрэбіцца, каб разбіць лагер на новым месцы.
— А дзе рэшта боепрыпасаў?— запытаўся Роберт Джордан, калі замацоўваў свае рукзакі.
— Вунь у тых уюках.
Роберт Джордан ішоў, згінаючыся пад цяжарам рукзака, каўнер курткі, кішэні якой былі набітыя гранатамі,
1 Яны добрыя (ісп.).
2 Я гатовы (ісп.).
уразаўся яму ў шыю, Цяжкі пісталет ёрзаў па сцягне, кішэні штаноў тапырыліся, поўныя магазінаў ад аўтамата. У роце ён яшчэ адчуваў смак кавы, у правай руцэ быў аўтамат, а левай ён безупынна падцягваў каўнер курткі, каб лямкі рукзака не так рэзалі плечы.
— Ingles,— сказаў Пабла, што ішоў поплеч з ім у цемрадзі.
— Што скажаш?
— Тыя людзі, якіх прывёў я, упэўнены, што справа выгарыць, бо іх прывёў сюды я,— сказаў Пабла.— He кажы ім нічога такога, што магло б парушыць іх упэўненасць.
— Добра,— сказаў Роберт Джордан.— Але трэба зрабіць так, каб справа сапраўды выгарала.
— У іх пяцёра коней, sabes? ' — ухіліста і няпэўна сказаў Пабла.
— Добра,— адказаў Роберт Джордан.— Коней будзем трымаць разам, у адным месцы.
— Добра,— пагадзіўся Пабла і болей нічога не сказаў.
Наўрад ці ты сапраўды вярнуўся да канца да нас, братка ты мой Пабла, падумаў Роберт Джордан. Наўрад. Але адно тое, што ты вярнуўся,— ужо само па сабе цуд. Але наўрад ці цябе можна будзе калі-небудзь далучыць да святых.
— 3 тымі пяццю я ўпраўлюся не горш, чым гэта зрабіў бы Сорда,— сказаў Пабла.— Мы перарэжам дрот і адыдзем назад, да моста, як дамовіліся.
Мы ўжо абгаварылі ўсё гэта дзесяць мінут таму, падумаў Роберт Джордан. Цікава, чаму ён ізноў...
— Можа, нам пашчасціць-такі дабрацца да Грэдаса,— сказаў Пабла.— Я шмат думаў пра гэта.
Табе ў галаву, відаць, толькі што стрэльнула нейкая геніяльная ідэя, падумаў Роберт Джордан. Яшчэ нейкае адкрыццё. Толькі не паверу я табе, што ты і мяне захопіш з сабой. He, Пабла. He дачакаешся ад мяне, каб я табе поўнасцю паверыў.
3 той самай хвіліны, як Пабла з’явіўся ў пячоры і сказаў, што прывёў з сабой яшчэ пяцярых, Роберт Джордан акрыяў. Вяртанне Пабла развеяла атмасферу трагедыі, якая, здавалася, навісла над усёй аперацыяй з таго часу, як пайшоў снег, і, пабачыўшы Пабла, ён хоць і не падумаў, што фартуна павярнулася да яго тварам — бо ў фартуну ён не верыў,— але адчуваў, што ўсё павярнулася на лепшае
1 Разумееш? (ісп.)
і цяпер можна спадзявацца на поспех. Прадчуванне няўдачы знікла, і ён адчуваў цяпер, як упэўненасць напоўніла яго, нібы паветра, што спакваля нагнятаюць у спушчаную аўтамабільную камеру. Спачатку нібыта нічога не відаць, хоць пачатак пакладзены, і помпа павольна працуе, і гумавая камера трошкі варушыцца. Так уздымалася ў ім упэўненасць, нібы марскі прыліў ці сок, што разыходзіцца па дрэве, ажно пакуль ён, зрэшты, не адчуў адзнакі адпору ўсім ліхім прадчуванням, якія часта перарастаюць у сапраўдны баявы запал.
Гэта і было яго найвялікшым талентам, дарам, што рабіла яго сапраўдным воінам: здольнасць не толькі не зважаць, але і пагарджаць мажлівасцю няўдачы. Ён страчваў гэтую сваю якасць, калі яму даводзілася несці надта вялікую адказнасць за жыццё іншых людзей або выконваць неахайна спланаваныя ці неразумныя аперацыі. Бо ў такіх выпадках нельга было пазбегнуць думак пра няўдачу ці правал. I тут справа зусім не ў тым, што ён сам можа загінуць,— на гэтае можна не зважаць. Сам па сабе ён — нішто, ён ведаў гэта, і смерць — таксама нішто. У гэтым ён быў цвёрда ўпэўнены. Праўда, за апошнія некалькі дзён ён усвядоміў, што разам з іншай чалавечай істотай ён можа быць усім. Але ў глыбіні душы ён ведаў, што гэта выключны выпадак.
Гэта ў нас было, думаў ён. I ў гэтым маё найвялікшае шчасце. Можа, яно было мне дарована таму, што я ніколі пра яго не прасіў. Гэтага ў мяне ніхто не адбярэ, і сам я ўжо ніколі гэтага не страчу. Але сёння ўранку ўсё скончылася, і цяпер застаецца толькі справа, якую я павінен выканаць.
Што ж, сказаў ён сабе, я рады, што да цябе вяртаецца тое, чаго апошнім часам табе дужа бракавала. Бо ты зусім быў заняпаў духам. Мне нават было за цябе сорамна. Толькі ж я — гэта ты. I іншага «я», што магло б судзіць цябе, няма. Так, мы абое трохі паніклі. I ты, і я, і мы разам з табою. Ат, хопіць ужо. Кінь раздвойвацца, як шызафрэнік. Досыць і аднаго. Вось цяпер ты зноў такі, як трэба. Але паслухай, нельга ж думаць пра дзяўчыну ўвесь дзень. Адзінае, што ты зараз можаш зрабіць для яе, гэта паклапаціцца, каб яна была як мага далей ад усяго гэтага, і ты гэта зробіш. Усё сведчыць пра тое, што коней нам хопіць. Найлепшае, што ты можаш зрабіць для яе, гэта выканаць сваю справу як след і як найхутчэй, а потым выбрацца адгэтуль прэч, а думкі пра яе табе толькі пашкодзяць. Дык не думай пра яе наогул.
Прыняўшы такое рашэнне, ён спыніўся, чакаючы, пакуль Марыя падыдзе да яго разам з Пілар, Рафаэлем і коньмі.
— Ну, guapa,— сказаў ён Марыі ў цемрадзі,— як ты?
— Добра, Раберта.
— Ты не трывожся,— сказаў ён, пераклаўшы аўтамат у левую руку, а правай абняў яе за плечы.
— Я не трывожуся,— сказала яна.
— Мы ўсё добра размеркавалі,— сказаў ён.— Ты будзеш з Рафаэлем пры конях.