• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    Яны выйшлі на двор; была глыбокая ноч, і яшчэ нават не адчувалася набліжэння світанку.
    — Ці мог ён уцячы з коньмі якой іншай дарогай, не праязджаючы паўз вартавога?
    — Мог, ёсць яшчэ дзве дарогі.
    — Хто на верхнім пасту?
    — Эладзіо.
    Роберт Джордан маўчаў, пакуль яны не дайшлі да лужка, дзе звычайна пасвіліся прывязаныя коні. Коней было трое, гняды і сівы зніклі.
    — Як ты лічыш, калі ён паехаў?
    — 3 гадзіну таму.
    — Ну, што ж,— сказаў Роберт Джордан.— Пайду забяру тое, што засталося, і яшчэ крыху пасплю.
    — Я сама буду пільнаваць.
    — Que va, напільнуеш ты ўжо! Ты ўжо раз дапільнавалася.
    — Ingles,— сказала Пілар,— мне не лягчэй, чым табе. Я зараз усё б аддала, абы вярнуць назад твае рэчы. Навошта ты мяне абражаеш? Пабла здрадзіў нам абаім.
    Калі яна сказала гэта, Роберт Джордан зразумеў, што не можа дазволіць сабе раскошы злавацца на жанчыну ці сварыцца з ёю. Яму трэба было яшчэ працаваць разам з ёю цэлы дзень, які пачаўся ўжо дзве гадзіны таму.
    Ён паклаў ёй руку на плячо.
    — Нічога, Пілар,— сказаў ён.— Без тых рэчаў можна абысціся. Мы знойдзем для іх якую-небудзь замену.
    — Што ён узяў?
    — Нічога асаблівага. Тое, што ён узяў, гэта раскоша, якую я зрэдку сабе дазваляю.
    — Але гэта было неабходна для таго, каб зрабіць выбух?
    — Так. Але ёсць яшчэ іншыя спосабы. Ты лепей скажы, ці не было ў Пабла бікфордавага шнура і капсуляў? Яму, пэўна, перадавалі ўсё гэта раней?
    — Ён забраў іх,— няшчасным голасам сказала яна.— Я адразу паглядзела. Іх таксама няма.
    Яны вярнуліся лесам да ўвахода ў пячору.
    — Ідзі спаць,— сказаў ён.— Нам будзе лепей без Пабла.
    — Я пайду распытаю Эладзіо.
    — Пабла, напэўна, паехаў іншай дарогай.
    — Усё адно пайду. Я падвяла цябе, бо ў мяне няма хітрасці.
    — Ат, годзе ўжо пра тое,— сказаў ён.— Ідзі спаць, Пілар. Нам усім трэба выходзіць а чацвёртай гадзіне.
    Ён увайшоў разам з ёю ў пячору і вынес адтуль абодва рукзакі, трымаючы іх аберуч, каб нічога не выпала з разрэзаў.
    — Дай, я зашыю іх.
    — Зробіш гэта перад адыходам,— ціха сказаў ён.— Я забіраю іх не таму, што не давяраю табе. Проста іначай я не засну.
    —-Тады дасі мне іх зранку, каб я паспела зашыць дзіркі.
    — Добра, я дам табе іх на досвітку,— адказаў ён.— Ідзі спаць, Пілар.
    — He,— сказала яна.— Я падвяла цябе, і я падвяла Рэспубліку.
    — Ідзі спаць, Пілар,— лагодна сказаў ён ёй,— ідзі спаць.
    РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
    Нагор’е займалі фашысты. Далей ляжала даліна, можна сказаць, нікім не занятая, калі не зважаць на фашысцкі пост, што мясціўся на ферме з надворнымі забудовамі і свірнам, якія яны ўмацавалі. Прабіраючыся ўпоцемку да Гольца з данясеннем Роберта Джордана, Андрэс зрабіў вялікі крук, каб абмінуць гэты пост. Ён ведаў, што там быў нацягнуты дрот да спускавога кручка кулямёта, і ён адшукаў яго ў цемры, пераступіў і пайшоў далей берагам вузенькага ручая, абапал якога раслі таполі — лісце іх шамацела на начным ветры. На ферме, дзе быў фашысцкі пост, закукарэкаў певень, і, ідучы па-над ручаём, Андрэс азірнуўся і ўбачыў скрозь дрэвы стужкі святла ў акне фермы, каля самага падаконніка. Ноч была ціхая і пагодлівая. Ён звярнуў у бок ад ручая і пайшоў лугам.
    На лузе вось ужо амаль год, яшчэ ад ліпеньскіх баёў, стаялі чатыры стажкі сена. Ніхто іх не забіраў, час мінаў, яны аселі, а сена ўжо зусім пагніло.
    Пераступіўшы цераз дрот, напяты паміж двума стажкамі, Андрэс пашкадаваў, што столькі сена згінула дарма. Зрэшты, рэспубліканцам давялося б цягнуць гэтае сена
    ўгору крутым схілам Гв'адарамі, што ўздымаўся за лугам, а фашыстам яно, пэўна, было без патрэбы, падумаў ён.
    У іх і сена і хлеба ўдосталь. У іх усяго ўдосталь, падумаў ён. Але заўтра ўранку мы ім дадзім дыхту як мае быць. Заўтра ўранку мы адплацім ім за Сорда. Якія звяры! Але заўтра ўранку на дарозе ажно пыл закурыцца.
    Яму карцела як найхутчэй данесці пакет і вярнуцца ў лагер да нападу на пасты. Ці хацеў ён гэтага сапраўды, ці толькі прыкідваўся? Ён памятаў тое пачуццё палёгкі, што ахапіла яго, калі Ingles сказаў, што даручае яму даставіць пакет. Да таго часу ён спакойна чакаў ранку. Гэта трэба было зрабіць. Ён сам галасаваў за гэта, і ён быў гатовы на ўсё. Знішчэнне атрада Сорда зрабіла на яго глыбокае ўражанне. Але, зрэшты, такое напаткала Сорда, а не іх. А яны зробяць усё як след.
    Аднак, калі Ingles гаварыў з ім наконт гэтага задання, ён адчуў тое самае, што адчуваў падлеткам, калі прачынаўся на світанку ў дзень вясковага свята і чуў, што ідзе моцны дождж, і значыць, будзе надта мокра і цкаваць быкоў на пляцы не будуць.
    Хлапчуком ён любіў тыя гульні з быкамі і не мог дачакацца таго дня і той хвіліны, калі выбяжыць на пляц, заліты гарачым сонцам, запылены, застаўлены па баках калёсамі,— каб не было праходу на вуліцу і каб на загароджаны з усіх бакоў пляц можна было выпусціць быка,— выбяжыць на пляц і ўбачыць, як бык, упіраючыся ўсімі чатырма нагамі, заслізгаецца на памосце, як толькі адчыняцца дзверы клеткі. Усхваляваны і захоплены, але і спатнелы ад страху, ён чакаў тае хвіліны, калі пачуе грукат рагоў аб драўляную клетку, а потым убачыць і самога быка, убачыць, як той, упіраючыся нагамі, спаўзае з памоста на пляц,— высока задраўшы галаву, раздзімаючы ноздры, стрыгучы вушамі, з пыльным налётам на чорнай скуры, з плямамі падсохлага гною на баках,— убачыць яго шырока пастаўленыя вочы, што і не міргнуць пад разведзенымі рагамі, гладкімі і цвёрдымі, як бярвёны, адпаліраваныя прыбярэжным жвірам, з вострымі канцамі,— такімі вострымі, што ажно сэрца замірае, калі глядзіш на іх.
    Цэлы год ён чакаў той хвіліны, калі бык паявіцца на пляцы і можна будзе сачыць за яго вачыма — каго ён выбера, на каго кінецца, раптам сарваўшыся ястрабам, пакашэчы, нізка нахіліўшы галаву, наставіўшы рогі,— сачыць з заміраннем сэрца. Хлапчуком ён чакаў той хвіліны цэлы год. Але пачуццё, якое агарнула яго, калі Ingles сказаў, што яму давядзецца пайсці з пакетам, было такое самае,
    як тады, калі ён прачынаўся і з палёгкай чуў, як дождж хвошча па чарапічным даху, па мураванай сцяне і па лужах на небрукаванай вясковай вуліцы.
    Ён заўсёды смела сустракаў быка на гэтых сялянскіх capeas,— з такой самай адвагаю, як і любы іншы мужчына з іх вёскі ці з суседніх вёсак, і ні за што ў свеце не прапусціў бы ён такой нагоды, хоць на capeas у іншыя вёскі ніколі не хадзіў. Ён умеў спакойна падпільноўваць, калі бык кідаўся, і толькі ў самы апошні момант адскокваў убок. Ён махаў мехам перад самай бычынай мызай, каб адцягнуць яго ўвагу, калі бык збіваў каго з ног, і не раз хапаў быка за рогі, не дазваляючы баднуць таго, хто ўпаў на зямлю, і адцягваў за рогі ўбок, біў, штурхаў нагамі ў мызу, капаў нагамі зямлю, аж пакуль бык пакідаў паваленага і не кідаўся на некага іншага.
    Ён хапаў быка за хвост і адцягваў яго ад ляжачага, цягнуў штосілы, выкручваючы бычыны хвост. Неяк аднойчы ён наматаў хвост на правую руку, а левай ухапіўся за рог, і калі бык задраў галаву і кінуўся на яго, ён пабег, адыходзячы назад, круцячыся разам з быком, трымаючы яго адной рукой за рог, а другой за хвост, і, зрэшты, увесь натоўп кінуўся на быка і закалоў яго нажамі. У гэтай пылішчы, спякоце, гаморы, у змешаным паху віна, бычынага і чалавечага поту ён заўсёды адным з першых кідаўся на быка, і ён добра памятаў тыя свае пачуцці, калі бык вагаўся, біўся пад ім, а ён ляжаў упоперак карка, адзін рог заціснуўшы пад пахай, а другі захапіўшы пальцамі, бык кідаў яго з боку на бок, і ён выгінаўся ўсім целам, адчуваючы, нібыта левая рука вось-вось выкруціцца ў плячы, і, лежачы на гарачым, пыльным, шчаціністым клубку дрыготкіх ад напружання мускулаў, учапіўшыся зубамі ў бычынае вуха, ён зноў і зноў утыкае нож у тугі, дрыготкі загрывак, і на кулак яму б’е гарачы струмень крыві, а ён усім сваім цяжарам навальваецца на круты карак і ўдар за ўдарам усаджвае нож у шыю быка.
    Калі ён упершыню ўчапіўся зубамі ў бычынае вуха, адчуваючы, як ад страшэннага напружання нямеюць сківіцы і шыя, яго потым выставілі на смех. Аднак, хоць і смяяліся, усё ж ставіліся да яго з павагаю. I з таго разу ён рабіў гэта заўсёды. Яму далі мянушку «Вільяканехоскі Бульдог» і казалі жартам, што ён есць быкоў жыўцом. Але аднавяскоўцы заўсёды чакалі таго дня, каб паглядзець, як ён ухопіць быка зубамі за вуха, і ён ведаў наперад, што кожны раз будзе так: напачатку бык выйдзе з клеткі, потым кінецца на каго-небудзь, а потым, калі ўсе закрычаць, што
    надышоў час забіваць, ён праціснецца скрозь натоўп і адным махам ускочыць на быка. Потым, калі ўсё скончыцца і прырэзаны бык заціхне пад людзьмі, што наваляцца на яго, ён падымецца і пойдзе прэч, саромеючыся таго, што кусаў быка за вуха, і разам з тым бязмерна горды за сябе. I ён пойдзе, прабіраючыся паміж калёсамі, мыць рукі каля мураванага фантана, і мужчыны будуць ляскаць яго па спіне, і працягваць яму бурдзюкі, і ўсклікваць: «Слава Бульдогу! Хай жыве твая маці!» Альбо будуць казаць: «Ну і зух! Гэта ж ён кожны год такое вырабляе!»
    Андрэс і саромеўся тады, і пачуваў сябе нейкім спустошаным, і быў горды і шчаслівы, і ён намагаўся як мага хутчэй пазбавіцца ад усіх і вымыць рукі, а правую руку мыў да самага пляча, і адмываў нож, а потым браў у кагонебудзь бурдзюк і прапалоскваў рот, каб пазбыцца смаку бычынага вуха да наступнага года. I выплёўваў віно на каменныя пліты пляца, а тады высока падымаў бурдзюк і пускаў прамусенька ў горла цурок віна.
    Усё гэта так. Яго называлі «Вільчканехоскім Бульдогам», і ён нізавошта ў жыцці не прапусціў бы цкавання быкоў у сябе ў вёсцы. I ўсё ж ён памятаў, што няма пачуцця прыемнейшага за тое, калі пачуеш гоман дажджу і ведаеш, што табе не давядзецца рабіць гэтага сёння.
    Аднак я павінен своечасова вярнуцца назад, сказаў ён сабе. Тут няма чаго думаць, я павінен паспець назад і ўзяць удзел у гэтай аперацыі з вартавымі і мостам. Там будуць мой кроўны брат Эладзіо, Ансельма, Прымітыва, Фернанда, Рафаэль, хоць гэты, вядома, няшмат чаго варты, дзве жанчыны, Пабла і Ingles. Зрэшты, Ingles не лічыцца, ён чужынец і дзейнічае паводле загаду. Яны ўсе возьмуць удзел у гэтай справе. Ганьба праз гэты пакет абмінуць такое выпрабаванне. I мне трэба як мага хутчэй данесці гэты пакет і трапіць у час назад, да нападу на пасты. Было б проста ганебна прапусціць такую справу праз гэты пакет. Апроч таго, спахапіўся ён, як спахапляецца чалавек, згадаўшы раптам прыемны бок нейкай справы, якая дагэтуль здавалася яму толькі цяжкім абавязкам,— апроч таго, мне будзе прыемна знішчыць яшчэ колькі фашыстаў. Мы ўжо даўно іх не забівалі. Заўтра ў нас будзе сапраўдная справа. Заўтра мы не будзем сядзець склаўшы рукі. Заўтрашні дзень мы пражывём недарэмна. Дык хай жа хутчэй настане той заўтрашні дзень і хай я буду там, разам з усімі.