Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ
У той самы вечар у мадрыдскім гатэлі «Гейлард» сабралася шмат народу. Да брамы пад’ехала машына, фары якой былі зафарбаваныя сінім колерам, з яе выйшаў чалавек невялікага росту ў чорных кавалерыйскіх ботах, шэрых брыджах і кароткім шэрым, зашпіленым па самую шыю кіцелі. Ён аддаў чэсць двум вартавым каля дзвярэй, кіўнуў агенту сакрэтнай паліцыі, што сядзеў за канторкай парцье, і ўвайшоў у кабіну ліфта. У мармуровым вестыбюлі, з абодвух бакоў увахода, сядзелі двое вартавых. Яны толькі ўзнялі галовы, калі невысокі чалавек праходзіў паўз іх да ліфта. Іх абавязкам было праверыць кішэні кожнай незнаёмай асобы, каб пераканацца, што там няма зброі. Калі зброя была, яе належала здаць парцье. Але невысокага чалавека ў кавалерыйскіх ботах яны ведалі добра і толькі мяльком глянулі на яго, калі ён праходзіў.
Увайшоўшы да сябе ў нумар, ён убачыў там плойму людзей. Яны сядзелі, стаялі і размаўлялі, як у велікасвецкай гасцінай. Мужчыны і жанчыны пілі гарэлку, віскі з содавай і піва, якое налівалі ў шклянкі з вялікіх збаноў. Чацвёра мужчын былі ў вайсковай форме. Іншыя былі апрануты ў замшавыя ці скураныя курткі з замкамі-маланкамі. 3 чатырох жанчын, якія былі там, трое былі ў звычайных простых сукенках, а на чацвёртай — чарнявай і надта хударлявай — нешта падобнае да вайсковай формы з спадніцай, з-пад якой выглядалі боты.
Калі Каркаў увайшоў у пакой, ён перш накіраваўся да жанчыны ў форме, прывітаўся з ёй за руку. Гэта была яго жонка, і ён сказаў ёй нешта па-руску так, каб ніхто не пачуў, і на імгненне дзёрзкі выраз, з якім ён увайшоў у пакой, знік з яго твару. Але ж гэты самы выраз ізноў успыхнуў у яго вачах, калі Каркаў убачыў чырвона-рыжую галоўку і млява-пажадлівы твар дзяўчыны з ладнай фігурай. Ён падышоў да яе жвавым, спружыністым крокам і павітаўся. Калі ён адыходзіў, жонка праводзіла яго вачыма. Яна стаяла з высокім прыгожым афіцэрам-іспанцам і размаўляла з ім па-руску.
— Твой кумір зрабіўся дужа гладкім апошнім часам,— сказаў Каркаў дзяўчыне.— Усе нашы героі пачалі аб-
растаць тлушчам у канцы першага года вайны.— Ён не глядзеў на чалавека, пра якога ішла гаворка.
— Ты возьмеш мяне з сабою заўтра ў наступ?— спытала дзяўчына. Яна гаварыла па-нямецку.
— He. I ніякага наступу не будзе.
— Усе ведаюць пра гэты наступ,— сказала дзяўчына.— Няма чаго разводзіць залішнюю канспірацыю. Далорэс таксама едзе. Я паеду з ёй ці з Кармэнам. Туды збіраецца паехаць шмат людзей.
— Можаш ехаць з тым, хто цябе возьме,— сказаў Каркаў.— Я не вазьму.
Потым ён уважліва паглядзеў на дзяўчыну і спытаў сур’ёзна:
— Хто табе сказаў пра наступ? Толькі праўду!
— Рыхард,— адказала яна гэтаксама сур’ёзна.
Каркаў паціснуў плячыма і адышоў убок.
— Каркаў!— гукнуў чалавек сярэдняга росту, у якога быў шэры, масіўны, азызлы твар, мяшкі пад вачыма і адвіслая ніжняя губа, а голас такі, нібыта ён хварэў на хранічную нястраўнасць.— Вы ўжо чулі прыемную навіну?
Каркаў падышоў да яго, і той сказаў:
— Я толькі што даведаўся пра гэта. Мінут дзесяць таму, не болей. Цудоўная навіна. Сёння пад Сеговіяй фашысты цэлы дзень біліся паміж сабой. Ім давялося выкарыстаць аўтаматы і кулямёты, каб задушыць паўстанне. А ўдзень яны кідалі бомбы на свае ж часці з самалётаў.
— Гэта праўда?— спытаў Каркаў.
— Чыстая праўда,— сказаў чалавек з мяшкамі пад вачыма.— Сама Далорэс паведаміла нам гэтую навіну. Яна прыходзіла сюды, такая ўзнёслая і шчаслівая, якой я яе ніколі не бачыў. Яна нібыта свяцілася ад гэтай навіны. Яе голас пераконваў у сапраўднасці таго, пра што яна казала. Я напішу пра гэта ў артыкуле для «йзвестнй». Для мяне гэта была адна з найвялікшых хвілін гэтай вайны — хвіліна, калі я слухаў натхнёны голас, у якім, здавалася, у адно цэлае зліваліся спагада і глыбокая праўда. Яна ўся праменіць праўдай і спагадай, як сапраўдная народная святая. Нездарма яе называюць Пасіянарыя — Палымяная.
— Занатуйце гэта,— сказаў Каркаў.— He трэба гаварыць усяго гэтага мне. He марнуйце на мяне цэлыя абзацы. Ідзіце і адразу ж пішыце.
— Чаму ж адразу?
— Я вам раю не адкладаць,— сказаў Каркаў і паглядзеў на яго, а потым адвярнуўся.
Яго субяседнік пастаяў яшчэ колькі хвілін на месцы, трымаючы ў руцэ чарку з гарэлкай, увесь яшчэ ва ўладзе пабачанай ім нядаўна прыгажосці, пабачанай на свае вочы, пад якімі набрынялі такія цяжкія мяшкі, потым выйшаў з пакоя і накіраваўся да сябе пісаць.
Каркаў наблізіўся яшчэ да аднаго чалавека, гадоў сарака васьмі, прысадзістага, мажнага, вясёлага, з бледнаблакітнымі вачыма, рэдкімі русявымі валасамі і ўсмешлівымі вуснамі пад шчаціністымі жоўтымі вусікамі. На ім была генеральская форма. Гэта быў венгр, камандзір дывізіі.
— Вы былі тут, калі прыходзіла Далорэс?— запытаў у яго Каркаў.
— Быў.
— I пра што яна расказвала?
— Нібыта фашысты б’юцца паміж сабой. Цудоўна — калі гэта праўда.
— Тут шмат гавораць пра заўтрашні дзень.
— Якое паскудства! Усіх журналістаў трэба расстраляць, разам з большасцю вашых сённяшніх гасцей, і ў першую чаргу гэтага агіднага нямецкага інтрыгана — Рыхарда. I таго, хто даручыў гэтаму кірмашоваму фігляру камандаваць брыгадай, трэба паставіць да сцяны. Можа, і нас з вамі трэба таксама расстраляць.
— Цалкам магчыма,— зарагатаў генерал.— Толькі ўсётакі вы нікому не надумайце падказаць гэтую ідэю.
— Пра такія рэчы я наогул не люблю гаварыць,— сказаў Каркаў.— Між іншым, там цяпер гэты амерыканец, які часам заходзіць да мяне. Вы павінны яго ведаць, гэта Джордан, што працуе з партызанамі. Ён акурат там, дзе нібыта ўсё гэта здарылася, пра што расказвала Далорэс.
— У такім разе ён павінен сёння ноччу прыслаць данясенне пра гэта,— сказаў генерал.— Мяне туды не пускаюць, а то я сам паехаў бы туды і ўсё разведаў для вас. Гэты амерыканец працуе зараз на Гольца, праўда? Ну, дык заўтра вы ж пабачыцеся з Гольцам?
— Так, заўтра ранкам.
— Толькі не трапляйце яму на вочы, пакуль усё не пойдзе як след,— параіў генерал.— Ён вас, журналісцкую банду, цярпець не можа, гэтаксама як і я. Зрэшты, у яго характар больш лагодны і памяркоўны.
— А ўсё-такі якой вы думкі...
— Пэўна, фашысты праводзілі манеўры,— усміхнуўся генерал.— Вось пабачыце, якія манеўры ім заўтра наладзіць Гольц. Хай Гольц прыкладзе да гэтага руку. Мы
з ім неблагія манеўры наладзілі фашыстам пад Гвадалахараю.
— Я чуў, што вы таксама рушыце ў далёкае падарожжа,— сказаў Каркаў і ўсміхнуўся.
Генерал раптам узлаваўся.
— Так, цяпер і мяне дасталі. Цяпер ужо і пра мяне пачалі малоць языкамі. Як пра ўсіх нас. Вось чортавы пустасловы! Хоць бы адна душа знайшлася, што ўмее трымаць язык за зубамі. Такі чалавек мог бы ўратаваць краіну, калі б толькі сам верыў у перамогу.
— Ваш сябра Прыета ўмее трымаць язык за зубамі.
— Але ён не верыць у перамогу. А як здабыць перамогу без веры ў народ?
— Вы праўду кажаце,— сказаў Каркаў.— Ну, я пайшоў спаць.
Ён выйшаў з задымленага, шумнага пакоя ў спальню, сеў на ложак і скінуў боты. Гоман галасоў далятаў і сюды, і, каб заглушыць яго, ён зачыніў дзверы і разнасцежыў акно. Распранацца не стаў, бо а другой гадзіне трэба было выязджаць праз Кальменар, Серседу і Навасераду на фронт, дзе Гольц на світанку распачынаў наступ.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Была другая гадзіна ночы, калі Пілар разбудзіла Роберта Джордана. Адчуўшы на сабе яе руку, ён у першае імгненне падумаў быў, што гэта Марыя, прысунуўся да яе і сказаў: «Зайчанятка». Але вялікая рука Пілар патрэсла яго за плячо, і ён прачнуўся адразу і канчаткова, сціснуў ручку пісталета, што ляжаў каля яго голага сцягна, і ўвесь напружыўся, быццам у ім самім узвялі курок.
У цемрадзі ён пазнаў Пілар і, паглядзеўшы на цыферблат свайго гадзінніка, дзе абедзве стрэлкі свяціліся ўверсе — адна каля адной, убачыў, што зараз толькі другая гадзіна, і сказаў:
— Што здарылася, Пілар?
— Пабла ўцёк,— сказала яна.
Роберт Джордан нацягнуў штаны і абуў сандалі. Марыя не прачнулася.
— Калі?— запытаў ён.
— 3 гадзіну таму.
— Ну а далей што?
— Ён забраў нешта з тваіх рэчаў,— жаласным голасам сказала жанчына.
— Так. Што?
— Я не ведаю,— адказала яна.— Ідзі паглядзі сам.
Яны пайшлі ў цемрадзі да ўвахода ў пячору, нырнулі пад гуньку і трапілі ўсярэдзіну. Роберт Джордан ішоў за жанчынай, удыхаючы цяжкае паветра з пахам халоднага попелу і спячых мужчын, і свяціў электрычным ліхтарыкам, каб не наступіць на тых, хто спаў на падлозе. Ансельма прачнуўся і спытаў:
— Ужо час?
— He,— прашаптаў Роберт Джордан.— Спі, стары.
Абодва рукзакі стаялі ва ўзгалоўі ложка Пілар, аддзеленага ад рэшты пячоры нацягнутай коўдрай. Роберт Джордан стаў на калені, на яго тхнула моташлівым, прыкрым, затхлым смуродам поту — такім смуродам нясе звычайна ад індзейскіх ложкаў. Абодва рукзакі былі распораты нажом зверху данізу. Пераклаўшы ліхтарык у левую руку, Роберт Джордан засунуў правую ў першы рукзак. У ім ён трымаў свой спальны мяшок, і таму зараз там павінна было быць шмат вольнага месца. Так яно і было. Там усё яшчэ ляжалі маткі дроту, але квадратная драўляная скрынка падрыўной машынкі знікла. Знікла і кардонка зпад цыгар, дзе ляжалі старанна загорнутыя і запакаваныя дэтанатары. He было і бляшанкі з бікфордавым шнурам і капсулямі.
Роберт Джордан абмацаў другі рукзак. Там быў дынаміт. Калі не ставала, дык не болей аднаго пакета.
Ён падняўся і павярнуўся да Пілар. Калі чалавека разбудзяць надта рана, у яго бывае адчуванне млоснай пустэчы ўсярэдзіне, падобнае да прадчування немінучай катастрофы,— і гэтае самае адчуванне ахапіла яго зараз, узмоцненае ў тысячу разоў.
— I гэта азначае, па-твойму, пільнаваць?— спытаў ён.
— Я спала, паклаўшы на іх галаву, і яшчэ прытрымлівала іх рукой,— адказала яму Пілар.
— Моцна ж ты спала.
— Паслухай,— сказала жанчына.— Ён устаў ноччу, і я яго спытала: «Ты куды, Пабла?» А ён сказаў: «Мне трэба на двор, жанчына»,— і я зноў заснула. А калі прачнулася, я не ведала, колькі часу мінула з той пары. Яго не было, і я падумала, што ён, пэўна, пайшоў да коней,— ён заўсёды выходзіць да іх па начах. А потым,— сумна закончыла яна,— убачыла, што ён не вяртаецца, занепакоілася і па-
мацала рукзакі, каб праверыць, ці ўсё на месцы, намацала вось гэтыя разрэзы і пайшла па цябе.
— Хадзем,— сказаў Роберт Джордан.