Па кім звоніць звон
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 477с.
Мінск 1991
Ён маліўся, а коні мякка ступалі падковамі па апалай ігліцы, а сонечныя прамяні струменіліся паміж стваламі сосен, як паміж калонамі ў саборы, а ён маліўся за Хуліана і сачыў вачыма за дазорнымі, што ехалі лесам наперадзе.
Нарэшце яны выехалі на жоўтую дарогу, што вяла да Ла-Гранхі, конскія капыты ўзнялі воблака пылу, якое завісла над усім атрадам. Пыл асядаў на трупы, прывязаныя ўпоперак сёдлаў тварамі ўніз, і густа акрыў параненых і тых салдат, што ішлі пешкі побач з імі.
Тут, на гэтай дарозе, іх і ўбачыў Ансельма скрозь жоўтае воблака пылу, што ўздымалася з-пад капытоў.
Ён палічыў забітых і параненых і пазнаў ручны кулямёт Эль Сорда. Ён не здагадаўся тады, што было ў тым зробленым з понча клунку, што матляўся, прывязаны да страмёнаў каня, якога вялі за аброць, але пазней, калі вяртаўся назад, надвячоркам ён падняўся на ўзгорак, дзе адстрэльваўся Эль Сорда, і адразу зразумеў, што было загорнута ў тым понча. У змроку ён не мог распазнаць, хто там ляжаў побач з Эль Сорда. Але ён палічыў трупы, а потым рушыў назад, да лагера Пабла.
Ідучы самотна ў цемры, адчуваючы, як жах сціскае сэрца пасля таго відовішча — варонак ад бомб і ўсяго іншага, што ён убачыў на вяршыні,— Ансельма адганяў ад сябе думкі пра заўтрашні дзень. Ён проста намагаўся ісці як мага шпарчэй, каб хутчэй прынесці гэтую вестку сваім, у лагер. I ідучы, ён маліўся за душу Эль Сорда і за душы ўсіх яго людзей. Ён маліўся ўпершыню з таго часу, як распачаўся рух.
Прасвятая дзева, найдабрэйшая, найсаладзейшая дзева, маліўся ён.
Але ён не мог адагнаць ад сябе думак пра заўтрашні дзень і гаварыў сабе: я буду рабіць усё, што скажа мне Inles, і так, яе ён мне скажа. Але дазволь мне, божухна, быць побач з ім увесь час, і хай ён дае мне дакладныя распараджэнні, бо я не ўпэўнены, ці здолею вытрымаць паветраны налёт. Божухна, дапамажы мне паводзіць сябе так, як належыць мужчыну ў смяротную гадзіну. Дапамажы мне, божа, ясна зразумець усё тое, што мне трэба будзе заўтра зрабіць. Дапамажы мне, божа, валодаць маімі нагамі, зрабі так, каб я не ўцёк у хвіліну небяспекі. Божа, дапамажы мне заўтра паводзіць сябе так, як належыць мужчыну падчас бою. А калі ўжо я звярнуўся да цябе па дапамогу, не адмаўляй мне, бо ты ж ведаеш, што я не стаў бы прасіць цябе, калі б справа не была надта пільная. А потым я ўжо болей нічога ў цябе прасіць не буду.
Ідучы самотна ў цемры, ён адчуў палёгку пасля гэтай малітвы і быў цяпер упэўнены, што заўтра будзе паводзіць сябе з годнасцю, як сапраўдны мужчына. Спускаючыся цяпер схілам, ён зноў пачаў маліцца за людзей Сорда і неўзабаве дабраўся да верхняга паста, дзе яго аклікнуў Фернанда.
— Гэта я,— адказаў ён.— Ансельма.
— Добра,— сказаў Фернанда.
— Ты ўжо ведаеш, што здарылася з Эль Сорда?— спытаўся ён у Фернанда, калі абодва яны стаялі ў цемрадзі, каля падножжа вялікай скалы.
— Ведаю,— адказаў Фернанда.— Пабла нам усё расказаў.
— Ён быў там?
— Быў,— стрымана сказаў Фернанда.— Ён пайшоў туды, як толькі кавалерыя паехала адтуль прэч.
— I расказаў вам...
— Ён расказаў нам усё,— мовіў Фернанда.— Якія звяры гэтыя фашысты! Мы павінны вызваліць Іспанію ад такіх звяроў.— Ён памаўчаў крыху, а потым дадаў з горыччу:— Яны зусім не разумеюць, што такое чалавечая годнасць.
Ансельма ўсміхнуўся ў цемрадзі. Гадзіну таму ён не мог бы сабе ўявіць, што зможа калі ўсміхацца. Які ж ён дзівак, гэты Фернанда, падумаў ён.
— Так,— сказаў ён Фернанда.— Іх шмат чаму трэба навучыць. Мы павінны адабраць у іх усе самалёты, усю аўтаматычную зброю, усе танкі, усе гарматы і навучыць іх чалавечай годнасці.
— Слушна,— сказаў Фернанда.— Мне прыемна, што ты згодзен са мной.
Ансельма пакінуў Фернанда сам-насам з ягонай годнасцю і рушыў уніз, да пячоры.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
Калі Ансельма ўвайшоў у пячору, ён убачыў, што Роберт Джордан сядзіць за дашчаным сталом супраць Пабла. Пасярод стала стаяла міска з віном, а перад кожным з іх — па поўнай конаўцы. Роберт Джордан разгарнуў на стале блакнот і трымаў у руцэ аловак. Пілар і Марыі не было відаць, яны сядзелі недзе ў глыбіні пячоры. Ансельма не ведаў, што Пілар адвяла туды дзяўчыну наўмысна, каб тая не чула размовы, і яму здалося дзіўным, што жанчыны няма за сталом.
Роберт Джордан узняў галаву, калі ўвайшоў Ансельма, адкінуўшы гуньку, што закрывала ўваход. Пабла сядзеў, апусціўшы долу вочы. Ён глядзеў на міску з віном, але не бачыў яе.
— Я прыйшоў адтуль, зверху,— сказаў Ансельма Роберту Джордану.
— Пабла нам усё расказаў,— мовіў Роберт Джордан.
— Там засталося шэсць трупаў, а галовы яны забралі з сабой,— сказаў Ансельма.— Я прыйшоў туды, калі ўжо было цёмна.
Роберт Джордан кіўнуў галавой. Пабла глядзеў на міску з віном і маўчаў. Яго твар не выражаў нічога, а маленькія парсючыныя вочкі глядзелі на міску з віном, нібыта ён упершыню ў жыцці бачыў яе.
— Сядай,— сказаў Роберт Джордан старому.
Ансельма сеў на абітую скурай табурэтку, і Роберт Джордан нахіліўся і выцягнуў з-пад стала пляшку віскі — падарунак Эль Сорда. Віскі там заставалася яшчэ да палавіны. Роберт Джордан узяў конаўку, наліў у яе віскі і пасунуў яе Ансельма.
— Выпі, стары,— сказаў ён.
Пакуль Ансельма піў, Пабла глянуў на яго, а потым зноў унурыўся ў міску з віном.
Ад віскі Ансельма адчуў пякоту ў носе, у вачах і ў роце, а потым па яго страўніку разлілася прыемная заспакаяльная цеплыня. Ён выцер тыльным бокам далоні губы, потым зірнуў на Роберта Джордана і спытаў:
— Можна яшчэ трохі?
— А чаму не,— адказаў Роберт Джордан, наліў яму віскі з пляшкі і гэтым разам не пасунуў конаўку па стале, а падаў яе Ансельма.
Цяпер, калі Ансельма выпіў віскі, яно ўжо не апякло яго, а толькі ўзмацніла пачуццё прыемнай цеплыні. Яно ажывіла Ансельма, як ін’екцыя фізіялагічнага раствору ажыўляе чалавека, які страціў шмат крыві.
Стары зноў глянуў на пляшку.
— А гэта ўжо дап’ём заўтра,— сказаў Роберт Джордан.— Ну, што ты ўбачыў на шашы, стары?
— Быў вялікі рух,— сказаў Ансельма.— Я ўсё занатаваў, як ты мне паказваў. Зараз на шашы я пакінуў замест сябе жанчыну, якая ўсё занатоўвае. Крыху пазней я пайду і забяру ў яе тыя запісы.
— Ці бачыў ты супрацьтанкавыя гарматы? Яны на гумавых шынах і маюць доўгія ствалы.
— Бачыў,— адказаў Ансельма.— Па шашы праехала чатыры машыны, і на кожнай была такая гармата, прыкрытая зверху сасновымі галінкамі, з кожнай гарматай ехалі шасцёра салдат.
— Чатыры гарматы, кажаш?— спытаў яго Роберт Джордан.
— Чатыры,— адказаў Ансельма. Ён зазірнуў у свае паперкі.
— Ну, а што яшчэ?
Роберт Джордан запісваў, а Ансельма расказваў пра ўсё, што бачыў на шашы. Расказваў ён ад самага пачатку і па парадку, выяўляючы тую надзвычайную памяць, якая ўласцівая людзям, што не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць. Пакуль ён расказваў, Пабла двойчы зачарпнуў віна з міскі.
— Там праходзіла і кавалерыя — у кірунку Ла-Гранхі, з таго боку, дзе быў лагер Эль Сорда,— працягваў далей Ансельма.
Потым ён сказаў, колькі было параненых і колькі забітых — прывязаных да сёдлаў.
— Упоперак аднаго сядла ляжаў нейкі клунак, і я спярша не зразумеў, што ў ім,— сказаў ён.— Але цяпер я ведаю, што там былі галовы.— Ен працягваў далей без перапынку:— Гэта быў цэлы эскадрон. Застаўся жывы толькі адзін афіцэр. He той, што быў тут раніцай, калі ты ляжаў за кулямётам. Таго, відаць, забілі. Забітых афіцэраў было двое — я бачыў нашыўкі на рукавах. Яны былі прывязаны да сёдлаў, тварам уніз, іх рукі матляліся. Была там
i maquina Эль Сорда, прытарочаная да таго сядла з галовамі. Ствол у яе быў пагнуты. Вось і ўсё,— скончыў ён.
— I гэтага хопіць,— сказаў Роберт Джордан і зачарпнуў конаўкай віна.— Хто, апроч цябе, пераходзіў цераз лінію фронту на рэспубліканскую тэрыторыю?
— Андрэс і Эладзіо.
— Хто з іх больш надзейны?
— Андрэс.
— Колькі патрэбна часу, каб дабрацца адгэтуль да Навасерады?
— Калі ісці асцярожна і ўлегцы, дык, пэўна,— тры гадзіны, калі пашчасціць. Мы з табой ішлі даўжэйшай і больш бяспечнай дарогай, бо неслі твае рукзакі.
— А ты ўпэўнены, што ён дабярэцца?
— No se у такіх рэчах ніякай пэўнасці ніколі не бывае.
— I ў цябе няма пэўнасці?
— He.
Што ж, хай так і будзе, падумаў Роберт Джордан. Калі б ён сказаў, што дабярэцца напэўна, я б абавязкова паслаў яго.
— Андрэс зробіць гэта не горш за цябе?
— He горш, а можа, і лепей. Ён маладзейшы.
— Але тое, што я перадам, абавязкова павінна быць дастаўлена туды.
— Калі нічога не здарыцца — ён даставіць. А калі здарыцца — дык з кожным яно можа здарыцца.
— Я напішу данясенне і пашлю яго з Андрэсам,— сказаў Роберт Джордан.— Я растлумачу яму, дзе можна знайсці генерала. Ён будзе ў Estado Mayor 2 дывізіі.
— Для Андрэса ўсе гэтыя дывізіі — цёмная ноч,— сказаў Ансельма.— Я і сам у іх заўсёды блытаюся. Яму трэба сказаць прозвішча генерала і дзе яго знайсці.
— Ён там яго і знойдзе — у Estado Mayor дывізіі.
— А хіба гэта не якое-небудзь пэўнае месца?
— Месца пэўнае, стары,— цярпліва тлумачыў Роберт Джордан.— Але генерал штораз выбірае сабе новае. I наладжвае там сваю штаб-кватэру перад боем.
— Дык усё-такі дзе яно?
Ансельма надта стаміўся і ніяк не мог зразумець. I акрамя таго, такія словы, як «брыгада», «дывізія», «корпус», заўсёды збівалі яго з панталыку. Спачатку былі калоны,
1 He ведаю (ісп.).
2 Штаб (ісп.).
потым палкі, потым брыгады. А цяпер і брыгады, і дывізіі. Ён нічога не разумеў. Месца — гэта месца, і навошта ўсё так ускладняць.
— Выслухай мяне ўважліва, стары,— сказаў Роберт Джордан. Ён ведаў, што калі яму не ўдасца ўсё як след растлумачыць Ансельма, дык Андрэс таксама нічога не зразумее.— Estado Mayor дывізіі — гэта такое месца, якое выбірае сабе сам генерал, каб адтуль камандаваць. А камандуе ён дывізіяй, якая складаецца з дзвюх брыгад. Я не ведаю, дзе зараз Estado Mayor, бо мяне там не было, калі ён выбіраў гэтае месца. Пэўна, у якой-небудзь пячоры, зямлянцы ці сховішчы — і да таго месца заўсёды вядуць дарогі. Андрэс хай пытае, дзе генерал і дзе Estado Mayor дывізіі. Данясенне ён павінен перадаць альбо самому генералу, альбо начальніку яго Estado Mayor, альбо таму чалавеку, чыё прозвішча я напішу. Хто-небудзь з іх абавязкова там будзе, нават калі ўсе астатнія сочаць за падрыхтоўкай да наступу. Цяпер зразумеў?