• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    Адзін партызан стрэліў. Потым клацнуў затворам і паспешна стрэліў яшчэ раз.
    — Беражы патроны,— сказаў Глухі.
    — Адзін гэты сукін сын хацеў перабегчы вунь да таго валуна,— ён паказаў пальцам.
    — Ты пацэліў у яго?— спытаў Глухі, з цяжкасцю павярнуўшы галаву.
    — Не,— адказаў той.— Паспеў схавацца, паскуда.
    — Вось ужо хто сука над сукамі, дык гэта Пілар,— сказаў партызан, што ляжаў, уткнуўшыся падбародкам у зямлю.— Ведае ж, сука, што нам тут каюк прыходзіць.
    — Пілар нічога зрабіць не можа,— азваўся Глухі. Той, што сказаў апошнія словы, ляжаў бліжэй да яго здаровага вуха, і Глухі пачуў яго, не паварочваючы галавы.— А што яна можа зрабіць?
    — Ударыць па гэтых гадах з тылу.
    — Que va,— сказаў Глухі.— Яны параскіданы па ўсім схіле. Як жа яна можа зайсці ім у тыл? Іх тут чалавек паўтараста. Магчыма, і болей.
    — Калі б мы змаглі пратрымацца да ночы,— сказаў Хаакін.
    — Калі б каляды выпалі на вялікдзень,— сказаў той, хто ляжаў, уткнуўшыся падбародкам у зямлю.
    — Калі б у тваёй цёткі пад спадніцай было штосьці іншае, гэта была б ужо не цётка, а дзядзька,— сказаў другі партызан.— Пакліч сваю Пасіянарыю. Яна адна можа нам дапамагчы.
    — Я не веру ў тое, пра яе сына,— сказаў Хаакін.— А калі нават ён і там, дык, напэўна, вучыцца на лётчыка ці яшчэ на каго.
    — Проста яго схавалі там, далей ад небяспекі,— сказаў партызан.
    — Дыялектыку вывучае. Твая Пасіянарыя таксама там пабывала. I Лістэр, і Мадэста, і ўсе яны. Мне расказваў пра гэта той хлопец з незвычайным прозвішчам.
    — Хай вучацца, а потым будуць дапамагаць нам,— сказаў Хаакін.
    — Хай зараз дапамогуць,— сказаў другі партызан. Ён выстраліў і сказаў:— Me cago en tai. Зноў прамазаў.
    — Беражы патроны і не балбачы столькі, бо табе захочацца піць,— сказаў Глухі.— А на гэтым узгорку вады няма.
    — На, бяры,— сказаў партызан і, перавярнуўшыся на другі бок, зняў праз галаву бурдзюк з віном і працягнуў яго Глухому.— Прапалашчы горла, стары. Цябе, відаць, смага адолела ад раны.
    — Дай усім патроху,— сказаў Глухі.
    — Ну, дык я тады пачну з сябе,— сказаў гаспадар бурдзюка і пусціў сабе ў рот доўгі цурок віна, а потым перадаў бурдзюк іншым.
    — Сорда, як ты лічыш, калі прыляцяць самалёты?— спытаў той, што не паднімаў падбародка.
    — 3 хвіліны на хвіліну,— адказаў Глухі.— Ім ужо даўно час быць тут.
    — I ты лічыш, гэтыя сукіны сыны яшчэ пойдуць на прыступ?
    — Толькі калі прыляцяць самалёты.
    Ён вырашыў, што пра мінамёт гаварыць не варта. Паспеюць даведацца пра яго, калі яго прывязуць.
    — Самалётаў у іх да халеры. Згадай, колькі мы ўчора іх бачылі.
    У яго разбалелася галава, і рука здранцвела, і шавяліць ёю было нясцерпна пакутліва. Падняўшы здаровай рукой бурдзюк з віном, ён паглядзеў на чыстае, высокае, ужо летне блакітнае неба. Яму было пяцьдзесят два гады, і ён быў цвёрда ўпэўнены, што бачыць неба апошні раз.
    Ён зусім не баяўся смерці, але яго брала злосць, што ён трапіў у пастку на гэтым узгорку, прыдатным толькі для таго, каб на ім загінуць. Калі б мы тады адарваліся ад іх, падумаў ён. Калі б мы змаглі заманіць іх у тую доўгую даліну або праскочыць цераз дарогу, усё было б добра. Але гэты пракляты ўзгорак! Ну што ж, трэба будзе выкарыстаць яго як мага лепей. Дагэтуль мы, здаецца, няблага ім карысталіся.
    Калі б ён нават ведаў, колькі разоў у гісторыі чалавецтва воінам даводзілася выкарыстоўваць вяршыню толькі для таго, каб там загінуць, гэта наўрад ці суцешыла б яго, бо ў такія хвіліны чалавек не думае пра тое, што выпадала на долю іншых у яго становішчы, гэтаксама як жанчына,
    што толькі ўчора аўдавела, не адчувае палёгкі ад думкі, што і ў некага яшчэ загінуў каханы муж.
    Баішся ты смерці ці не, а змірыцца з ёю заўсёды цяжка. Глухі змірыўся, але ў гэтым не было ніякага супакаення, хоць ён пражыў на свеце ўжо пяцьдзесят два гады, быў тройчы паранены і зараз ясна ўсведамляў, што ён акружаны на гэтым узгорку.
    У думках ён спрабаваў пажартаваць з сябе, але глядзеў на неба і на далёкія горы і глытаў віно, і яму не хацелася паміраць. Калі трэба памерці, думаў ён — а памерці трэба,— я магу памерці. Але вельмі ж не хочацца паміраць.
    Смерць — гэта слова не азначала нічога, яно не выклікала ніякага малюнка перад вачыма, як не выклікала і страху. А жыццё азначала ніву, якая хвалюецца пад ветрам на схіле ўзгорка. Жыццё — гэта быў ястраб у небе. Жыццё — гэта быў гліняны збан з вадой пасля малацьбы, калі на таку ўзняўся пыл і мякіна разлятаецца ва ўсе бакі. Жыццё — гэта быў конь пад табою, і карабін упоперак сядла, і ўзгорак, і даліна, і рака, і дрэвы ўздоўж берага, і далёкі край даліны, і горы за ім.
    Глухі перадаў далей бурдзюк з віном і кіўнуў галавой у знак падзякі. Ён нахіліўся наперад і паляпаў забітага каня па спіне ў тым месцы, дзе ствол кулямёта падсмаліў скуру. У паветры яшчэ і дагэтуль адчуваўся смурод абсмаленай поўсці. Ён успомніў, як спыніў каня тут, як конь трымцеў, як кулі свісталі і покалі наўкол іх, з усіх бакоў акружаючы іх, быццам нейкая заслона, і як ён прыстрэліў каня, прыставіўшы дула да скрыжавання ліній паміж вачыма і вушамі. А потым, калі конь упаў на зямлю, ён прытуліўся ззаду да яго яшчэ цёплай, мокрай спіны і адкрыў агонь з кулямёта, бо фашысты ўжо пайшлі на прыступ.
    — Eras mucho caballo,— сказаў ён, што азначала: «Які цудоўны быў конь».
    Эль Сорда перавярнуўся на здаровы бок і ўтаропіў погляд у неба. Ён ляжаў на кучы парожніх гільз, галава яго была схаваная пад скалой, а цела — пад трупам каня. Параненыя рука і нага здранцвелі і дужа балелі, і ён так знясілеў, што не мог нават паварушыцца.
    — Што з табою, стары?— спытаў партызан, што ляжаў побач.
    — Нічога. Адпачываю.
    — Спі,— сказаў той.— Яны нас пабудзяць, калі прыляцяць.
    I тут знізу прагучаў нечы голас.
    — Гэй вы, бандыты!— крычалі з-за скалы, дзе стаяў найбліжэйшы да іх кулямёт.
    — Што ён кажа?— спытаў Глухі.
    Хаакін паўтарыў яму. Глухі перавярнуўся на жывот, падцягнуўся крыху вышэй і зноў залёг за кулямётам.
    — Самалёты, можа, і не прыляцяць,— сказаў ён.— He адказвайце і не страляйце. Можа, яны зноў палезуць у атаку.
    — А можа, давай аблаем іх як мае быць?— азваўся той, што казаў пра сына Пасіянарыі.
    — He,— сказаў Глухі.— Дай мне твой вялікі рэвальвер. У каго ёсць вялікі рэвальвер?
    — У мяне ёсць.
    — Давай яго сюды!
    Прыўзняўшыся на калені і прыгнуўшыся, ён узяў вялікі дзевяціміліметровы «стар» і стрэліў у зямлю каля забітага каня, потым, крыху пачакаўшы, стрэліў яшчэ чатыры разы, цераз розныя прамежкі часу. Потым палічыў да шасцідзесяці і зрабіў апошні стрэл — проста ў забітага каня. Тады ўсміхнуўся і аддаў рэвальвер.
    — Зарадзі яго,— шапнуў ён,— і хай усе маўчаць і ніхто не страляе.
    — Bandidos!1 — крыкнуў голас з-за скалы.
    На ўзгорку было ціха.
    — Bandidos! Здавайцеся, пакуль вас усіх не перабілі!
    — Клюнулі,— весела шапнуў Эль Сорда.
    Ён яшчэ крыху пачакаў, і нарэшце нейкі салдат выткнуў галаву з-за скалы. 3 вяршыні ўзгорка не стралялі, і галава схавалася назад. Глухі сачыў і чакаў, але болей ніхто не паказваўся. Ён азірнуўся на іншых, што таксама назіралі, кожны з свайго боку за схілам. Пабачыўшы, што ён глядзіць, усе адмоўна пакруцілі галовамі.
    — Ляжаць і не варушыцца,— шапнуў ён.
    — Сын апошняй сукі!— крыкнуў голас з-за скалы.— Чырвоныя свінні!
    Эль Сорда ўсміхнуўся. Наставіўшы здаровае вуха, ён добра чуў словы лаянкі. Гэта лепей за аспірын, падумаў ён. Колькі ж нам яшчэ пашчасціць іх знішчыць? Няўжо ж яны такія дурні?
    Голас зноў замоўк, і мінуты дзве-тры яны нічога не чулі і не заўважылі ніякага руху. Потым снайпер, што сядзеў за валуном метраў за сто ніжэй іх, высунуўся і стрэліў. Куля трапіла ў скалу і зрыкашэціла з рэзкім свістам. По-
    1 Бандыты! (ісп.)
    тым Эль Сорда ўбачыў, як з-за скалы, дзе стаяў ручны кулямёт, выскачыў нейкі чалавек і, сагнуўшыся амаль не да зямлі, перабег да валуна, дзе хаваўся снайпер. 3 разгону ён амаль нырнуў за валун і знік.
    Глухі азірнуўся. Яго людзі знакамі паказалі яму, што з іншых бакоў ніякага руху няма. Сорда весела ўсміхнуўся і пахітаў галавой. Гэта ў дзесяць разоў лепей за аспірын, падумаў ён і цяпер ужо чакаў, радуючыся, як можа радавацца толькі паляўнічы.
    Унізе за валуном чалавек, які толькі прыбег, казаў снайперу:
    — Як ты лічыш?
    — He ведаю,— адказаў снайпер.
    — Гэта цалкам магчыма,— сказаў той, хто прыбег. Гэта быў афіцэр, што камандаваў тым атрадам.— Яны акружаны. I не могуць спадзявацца ні на што, апроч смерці.
    Снайпер змаўчаў.
    — Ты заўважыў які-небудзь рух пасля тых стрэлаў?
    — He.
    Афіцэр паглядзеў на гадзіннік. Было без дзесяці тры.
    — Самалёты павінны былі прыляцець ужо гадзіну таму,— сказаў ён.
    I тут да іх за валун саскочыў яшчэ адзін афіцэр. Снайпер пасунуўся, каб даць яму месца.
    — Слухай, Пака,— сказаў першы афіцэр,— што ты пра гэта скажаш?
    Другі афіцэр яшчэ не адсопся пасля шпаркага бегу ўгору.
    — Па-мойму, гэта хітрыкі.
    — А калі не? Падумай, якое гэта бязглуздзе — трымаць у аблозе мерцвякоў.
    — Мы сёння нарабілі ўжо шмат глупства,— сказаў другі афіцэр.— Зірні на гэты схіл.
    Ён узняў галаву і паглядзеў на пакрыты трупамі схіл. 3 таго месца, дзе ён стаяў, былі відаць толькі выступы скал, чэрава і ногі забітага каня, што тырчалі падкаванымі капытамі ўперад, і свежавыкапаная зямля.
    — А што з мінамётамі?— спытаў другі афіцэр.
    — Павінны быць праз гадзіну. Можа, і раней.
    — Тады пачакаем. Бо ўжо досыць нарабілі глупства.
    — Bandidos!— закрычаў раптам першы афіцэр, усхапіўшыся на ногі і высунуўшы галаву з-за валуна — вяршыня ўзгорка адразу здалася яму значна бліжэй.— Чырвоная свалата! Баязліўцы!
    Другі афіцэр глянуў на снайпера і пахітаў галавой. Той адвёў вочы і сцяў губы.
    Першы афіцэр стаяў, высока ўзняўшы галаву над валуном, трымаючы ў руцэ пісталет, і асыпаў лаянкай і праклёнамі вяршыню ўзгорка. Але там было ціха. Тады ён выйшаў з-за валуна і стаў на адкрытым месцы, тварам да вяршыні.
    — Страляйце, баязліўцы, калі вы жывыя!— закрычаў ён.— Страляйце ў чалавека, які не баіцца ніводнага чырвонага, якога калі-небудзь нарадзіла апошняя сука!
    Такую доўгую фразу было даволі цяжка пракрычаць, і ў афіцэра твар зрабіўся чырвоным, а жылы на лбе набрынялі, калі ён закончыў сваю доўгую лаянку.
    Другі афіцэр — гэта быў хударлявы, загарэлы лейтэнант са спакойнымі вачыма, вялікім танкагубым ротам і няголенай шчэццю на запалых шчоках — зноў пахітаў галавой. Афіцэр, што крычаў, аддаў перад тым загад на першую атаку. Малады лейтэнант, што ляжаў забіты на схіле ўзгорка, быў найлепшы сябар другога лейтэнанта, Пака Берэнда, што прыслухоўваўся да крыку капітана. А капітан усё болей уваходзіў у азарт.