• Газеты, часопісы і г.д.
  • Па кім звоніць звон  Эрнэст Хемінгуэй

    Па кім звоніць звон

    Эрнэст Хемінгуэй

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 477с.
    Мінск 1991
    133.08 МБ
    — Лягайце!— сказаў Роберт Джордан.
    Самалёт ужо ляцеў над імі, яго цень плыў па прагаліне, рухавік роў на поўную моц. Ён пранёсся над імі і паляцеў далей, туды, дзе пачыналася даліна. Яны сачылі за яго роўным, упэўненым палётам, аж пакуль ён не знік з вачэй. Потым самалёт з’явіўся зноў, зрабіў шырокі круг, двойчы праляцеў над грэбенем горнай грады і нарэшце знік у напрамку Сеговіі.
    Роберт Джордан паглядзеў на Пілар. Яна пахітала галавой, твар яе быў мокры ад поту. Ніжнюю губу яна закусіла.
    — Кожнаму сваё,— сказала яна.— Мне — вось гэта.
    — Ці не заразілася ты ад мяне страхам?— з’едліва спытаў Прымітыва.
    — He,— яна паклала руку яму на плячо.— Ад цябе нельга заразіцца страхам, бо ў цябе яго няма. Я гэта ведаю. Шкада, што я так груба з табой пажартавала. Мы ўсе ў адну бяду трапілі.— Потым звярнулася да Роберта Джордана:— Я прышлю ежы і віна. Можа, табе яшчэ штонебудзь трэба?
    — Зараз не. А дзе астатнія?
    — Увесь твой рэзерв у поўным парадку, чакае ўнізе разам з коньмі,— усміхнулася яна.— Усё схавана ад чу-
    жога вока. Усё падрыхтавана да ад’езду. Марыя пільнуе твой дынаміт.
    — Калі самалёты ўсё ж наляцяць, не выпускай яе з пячоры.
    — Слухаю, яснавяльможны пане Ingles,— сказала Пілар.— Твайго цыгана — дару яго табе — я паслала па грыбы, хачу зрабіць падліўку да заечыны. Зараз грыбоў багата, а зайцоў, лічу, трэба з’есці сёння, хоць заўтра ці паслязаўтра яны былі б яшчэ смачнейшыя.
    — Так, лепей з’есці іх сёння,— сказаў Роберт Джордан, і Пілар паклала сваю вялікую руку яму на плячо, на рэмень аўтамата, а потым падняла яе і ўскалмаціла пальцамі яго чупрыну.
    — Вось так, Ingles,— сказала Пілар.— Марыя прынясе табе смажаніну, як толькі яе згатуе.
    Далёкая страляніна амаль сціхла, і цяпер былі чуваць толькі паасобныя стрэлы.
    — Думаеш, гэта ўжо канец?— спытала Пілар.
    — He,— адказаў Роберт Джордан.— Мяркуючы па тым, што мы чулі, на іх напалі, але яны атаку адбілі. А цяпер, пэўна, фашысты акружылі іх з усіх бакоў, пахаваліся і чакаюць самалётаў.
    Пілар звярнулася да Прымітыва:
    — Ты верыш, што я не хацела цябе абразіць?
    — Ya lo se ’,— сказаў Прымітыва.— Я трываў і горшыя рэчы ад цябе. У цябе паганы язык. Але часам думай, што ты кажаш, жанчына. Сорда быў маім добрым сябрам.
    — А маім не?— запыталася ў яго Пілар.— Паслухай, пласкатвары. На вайне нельга выказваць тое, што адчуваеш. 3 нас хапае і свайго ліха, навошта ж пазычаць яго яшчэ і ў Сорда.
    Прымітыва ўсё яшчэ быў пахмурны.
    — Табе трэба было б праглынуць нейкіх лекаў,— сказала яму Пілар.— Ну, я пайду гатаваць абед.
    — Ты прынесла мне дакументы таго requete?— спытаў у яе Роберт Джордан.
    — Ах, ну і дурніца ж я,— сказала яна.— Зусім на іх забылася. Прышлю з Марыяй.
    1 Ведаю (ісп.).
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ
    Была ўжо амаль трэцяя гадзіна, а самалёты ўсё яшчэ не з’яўляліся. Апоўдні снег зусім растаў, і сонца нагрэла каменне. На небе не было ніводнай хмарынкі, і Роберт Джордан сядзеў паміж валунамі без кашулі, падставіўшы спіну сонцу, і чытаў лісты, знойдзеныя ў кішэні забітага кавалерыста. Зрэдку ён кідаў погляд на лінію лесу па той бок даліны, на грэбень горнай грады над ім і зноў вяртаўся да лістоў. Новых кавалерыйскіх атрадаў не было відаць. Калі-нікалі з боку лагера Эль Сорда далятаў стрэл. Але гэта здаралася зрэдку.
    3 вайсковых дакументаў ён даведаўся, што забіты нарадзіўся ў Навары, у горадзе Тафалья, што яму дваццаць адзін год і што ён халасты, сын каваля. Служыў у Н-скім кавалерыйскім палку, і гэта здзівіла Роберта Джордана, бо ён лічыў, што гэты полк зараз на поўначы. Малады чалавек быў карлістам, на пачатку вайны яго паранілі ў баях за Ірун.
    Пэўна, я сустракаў яго падчас feria ў Памплоне, у натоўпе, што бег па вуліцах паперадзе быкоў, падумаў Роберт Джордан. На вайне ніколі не забіваеш таго, каго хочаш, сказаў ён сабе. Амаль ніколі, удакладніў ён і чытаў далей.
    Першыя лісты, што трапілі яму пад руку, былі надта цырымонныя, надта старанна напісаныя, і гаворка вялася ў іх пераважна пра мясцовыя падзеі. Гэта былі лісты ад сястры нябожчыка, і Роберт Джордан даведаўся, што дома ў Тафальі ўсё добра, што бацька здаровы, а маці, як заўсёды, толькі крыху скардзіцца на боль у паясніцы, і яна, сястра, спадзяецца, што ён таксама здаровы і не дужа лезе пад кулі, і радая, што ён б’е чырвоных і дапамагае вызваляць Іспанію з-пад іх панавання. Далей яна пералічвае хлопцаў з Тафальі, якія загінулі альбо былі цяжка параненыя за той час, што яна яму не пісала. Забітых было дзесяць. Зашмат для такога гарадка, як Тафалья, падумаў Роберт Джордан.
    У лісце шмат гаварылася пра рэлігію, сястра пісала, што моліцца святому Антонію,і прасвятой дзеве Піларскай, і іншым прасвятым дзевам, каб яны ахоўвалі яго, і прасіла не забываць, што яго гэтаксама бароніць сэрца Ісусава, якое, яна спадзяецца, ён заўсёды носіць на сваім сэрцы, бо ўжо безліч — гэтае слова было падкрэслена — безліч разоў
    Кірмаш (ісп.).
    даведзена, што яно мае сілу адхіляць кулі. А далей ішоў подпіс: «3 любоўю да цябе твая сястра Конча».
    Ліст гэты быў крыху забруджаны па краях, і Роберт Джордан паклаў яго на месца, паміж вайсковымі дакументамі, і разгарнуў новы, напісаны не такім бездакорным почыркам, як ранейшы. Гэта быў ліст ад нарачонай, ад яго novio, ён таксама быў пяшчотны і цырымонны, і ў ім адчувалася гарачкавая трывога за лёс хлопца. Роберт Джордан прачытаў яго, а потым схаваў усе лісты разам з дакументамі ў заднюю кішэню штаноў. Чытаць рэшту лістоў яму не хацелася.
    Сёння я, здаецца, ужо здзейсніў адзін добры ўчынак, сказаў ён сабе. Так, здаецца, здзейсніў, пацвердзіў ён сабе.
    — Што гэта ты чытаў?— спытаў у яго Прымітыва.
    — Паперы і лісты таго requete, якога мы падстрэлілі ўранку. Хочаш глянуць?
    — Я не магу чытаць,— сказаў Прымітыва.— А ці ёсць што-небудзь цікавае?
    — Няма,— адказаў Роберт	Джордан.— Звычайныя
    прыватныя лісты.
    — А што чуваць адтуль, адкуль ён родам? Ці ёсць штосьці пра гэта ў лістах?
    — У іх там нібыта ўсё добра,— адказаў Роберт Джордан.— Сярод яго землякоў шмат забітых.
    Ён паглядзеў уніз, як маскіруюць кулямёт — давялося трохі перарабіць і падправіць пасля таго, як растаў снег. Цяпер усё мела цалкам натуральны выгляд. Ен падняў вочы і агледзеў наваколле.
    — 3 якога ён горада?— спытаў Прымітыва.
    — 3 Тафальі,— адказаў Роберт Джордан.
    Ну, добра, сказаў ён сабе. Мне шкада — калі толькі ад гэтага каму-небудзь будзе лягчэй.
    Наўрад ці, сказаў ён сабе.
    Добра, ну дык кінь ты думаць пра гэта, сказаў ён сабе.
    Добра. Болей не буду.
    Але пазбавіцца ад гэтых думак было нялёгка. Колькіх жа ты забіў за гэты час, спытаў ён у сябе. He ведаю. А ты лічыш, што маеш права забіваць? He. Але мушу. Колькі ж з тых, каго ты забіў, былі сапраўдныя фашысты? He вельмі многа. Але ж усе яны — ворагі, іх сіле мы супрацьстаўляем сваю сілу. Але з усіх іспанцаў табе найбольш падабаліся наварцы. Так. А ты іх забіваеш. Так. Калі не верыш — ідзі ў лагер і паглядзі. Ты ж ведаеш, што забіваць блага? Так. I робіш гэта? Так. I ты дагэтуль беззапаветна перакананы, што змагаешся за справядлівую справу? Так.
    Яна справядлівая, сказаў ён сабе не для таго, каб сябе суцешыць, а з гордасцю. Я веру ў народ і ў яго права выбіраць прыдатны яму спосаб праўлення. Але нельга верыць у забойства, сказаў ён сабе. Ты мусіш забіваць, калі гэта непазбежна, але верыць у тое, што ты маеш права на забойства,— нельга. Бо калі ты паверыш у гэта, дык усё з самага пачатку зробіцца несправядлівым.
    I ўсё-такі колькіх жа, па-твойму, ты забіў? He ведаю, не хачу весці рахунак. Але ж ты ведаеш? Так. Колькіх жа? Дакладна сказаць нельга. Калі падрываеш эшалон, то забіваеш многа. Дужа багата. Але дакладна вызначыць немагчыма. А пра колькіх ты ведаеш дакладна? Болей за дваццаць. Колькі з іх былі сапраўдныя фашысты? Двое напэўна. Бо іх мне давялося расстраляць, калі мы захапілі іх у палон пад Усераю. I табе не было агідна? He. Але і прыемна таксама не было? He. Я вырашыў ніколі больш гэтага не рабіць. Я пазбягаў гэтага. Я пазбягаў забіваць бяззбройных.
    Слухай, сказаў ён сабе. Лепей забудзься пра ўсё гэта. Яно наносіць вялікую шкоду табе і тваёй працы. Тут ён сам сабе запярэчыў: не, ты слухай. Ты робіш важную справу, і трэба, каб ты ўвесь час усё разумеў. Я павінен дбаць пра тое, каб у цябе ў галаве ўсё было ясна. Бо калі ў цябе не ўсё ясна ў галаве, ты не маеш права рабіць тое, што ты робіш, бо тое, што ты робіш,— гэта злачынства, і ніхто не мае права пазбаўляць чалавека жыцця, калі толькі гэта не робіцца дзеля таго, каб папярэдзіць яшчэ большае ліха. Таму асэнсуй усё гэта добра і не ашуквай сябе самога.
    Але я адмаўляюся весці рахунак людзей, якіх я забіў, як вядуць спіс трафеяў ці нейкіх іншых паскудстваў, накшталт засечак на прыкладзе, сказаў ён сабе. Я маю права не весці рахунку, і я маю права забыць.
    He, адказаў ён сам сабе. Ты не маеш права забываць нічога. Ты не маеш права закрываць вочы ні на што, не маеш права забываць нічога, ці змякчаць што-небудзь, ці скажаць і перакручваць.
    Змоўкні, сказаў ён сабе. Ты робішся надта напышлівым.
    Ані ашукваць сябе самога, працягваў ён спрэчку з самім сабой.
    Ну, хопіць, сказаў ён сабе. Дзякуй за ўсе добрыя парады. Ну, а ці можна мне кахаць Марыю?
    Можна, адказаў ён сабе.
    Нават калі дапусціць, што ў чыста матэрыялістычнай канцэпцыі грамадства няма месца такім рэчам, як каханне?
    А адкуль ты яе ўзяў, тую канцэпцыю, запытаў ён у сябе. Няма яе ў цябе. I быць не можа. Ты не сапраўдны марксіст, і ты гэта ведаеш. Ты проста верыш у Свабоду, Роўнасць і Братэрства. Ты верыш у Жыццё, Свабоду і Права на Шчасце. I не ўлазь у дыялектыку. Гэта для іншых, не для цябе. Ты павінен ведаць яе настолькі, каб не быць абсалютным прафанам. Ты шмат ад чаго адмовіўся часова, абы выйграць вайну. I калі мы яе прайграем, усе тыя рэчы не будуць мець ніякага значэння.
    Але потым ты зможаш адкінуць тое, у што ты не верыш. Ёсць многа такіх рэчаў, у якія ты не верыш, і мноства рэчаў, у якія ты верыш.
    I яшчэ адно. Ніколі не жартуй з кахання. Проста большасці людзей не выпала шчасця зведаць, што гэта такое. А ты зведаў — першы раз у жыцці. Тое, што ў цябе з Марыяй — усё адно ці будзе доўжыцца яно адны суткі, ці шмат гадоў — застанецца самым галоўным з усяго, што можа здарыцца ў жыцці чалавека. Заўсёды будуць людзі, якія сцвярджаюць, што гэтага не існуе, бо ім не пашчасціла зведаць нічога падобнага. Але я кажу табе, што яно існуе, і што ты цяпер зведаў гэта, і што табе выпала вялікае шчасце, нават калі заўтра табе давядзецца загінуць.