Пахвала дурасці
Эразм Ратэрдамскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 112с.
Мінск 2006
ГАЛЕРЭЯ ЧАЛАВЕЧАЙ ДУМКІ
ЭРАЗМ РАТЭРДАМСКІ
ПАХВАЛА
I flvPACUI
Галерэя чалавечай думкі
Дэзідэрый Эразм Ратэрдамскі
Пахвала дурасці
Desiderius Erasmus Roterodamus
Мшріаа Еукшрюу
Parisiis
Gilles de Gourmont
1511
Дэзідэрый Эразм Ратэрдамскі
Пахвала дурасці
Мінск Выдавец Колас 2006
УДК 821.124-92
ББК 84(0)4
Э 74
Серыя заснаваная ў 2001 годзе
Пераклад з лацінскай Уладзіміра Шатона Рэдактар перакладу Зміцер Колас
На вокладцы выкарыстаная гравюра Андрэя Фядорчанкі «Інтэлектуальнае намаганне».
Эразм Ратэрдамскі, Дэзідэрый.
Э 74 Пахвала дурасці / Дэзідэрый Эразм Ратэрдамскі ; пер. з лацінскай Ул. Шатона.-— Мінск : Выдавец Колас, 2006.— 112 с.— (Галерэя чалавечай думкі)
ISBN 985-6783-14-3
Эразм Ратэрдамскі (сапр. Гэрхард Гэрхардс, 1466-1536) адзін з найвыбітнейшых гуманістаў эпохі Адраджэння. Аўтар кніг афарызмаў, памфлетаў, сатыраў. Памфлет «Пахвала дурасці» найбольш шырока вядомы твор аўтара.
Адрасуецца шырокай чытацкай аўдыторыі.
УДК 821.124-92
ББК 84(0)4
ISBN 985-6783-14-3
©Пераклад. Ул. Шатон, 2006
©Афармленне. Выдавец Зміцер Колас, 2006
Эразм Ратэрдамскі
Томасу Мору шле прывітанне
Нядаўна я вяртаўся з Італіі ў Англію. Едучы на кані і не жадаючы марнаваць час размовамі, у якіх не знаходзіцца месца ні музам, ні прыгожаму пісьменству, я рашыў паразважаць пра нашы сумесныя літаратурныя справы ці аддацца ўспамінам пра сваіх цудоўных вучоных сяброў, з якімі быў цяпер у разлуцы. I ты, мой дарагі Мор, паўставаў перада мною часцей за ўсіх інпіых. Успаміны пра цябе неслі мне такую самую асалоду, як моманты, калі мы былі разам, а яны, клянуся, былі самым прыемным, што мне даводзілася сустракаць у жыцці.
Мне хацелася нечым заняцца, але час, бадай, не падыходзіў на сур’ёзныя справы. I тады я надумаў скласці пахвалу Дурасці. Ты, мабыць, запытаешся: «Якая Палада ўбіла такое табе ў галаву?» 1 Іерш за ўсё, на гэтую думку мяне навяло тваё прозвішча — Мор, якое настолькі ж сугучнае слову морыя, наколькі само яно ніяк не стасуецца з тваёй сутнасцю, і ўсе згодныя, што ты ўяўляеш сабой поўную яму супрацьлегласць. Апроч таго, калі не памыляюся, такое свавольства майго розуму павінна быць табе асабліва дасгіадобы, бо і сам ты любіш забаўляцца жартамі, у якіх ёсць і далікатнасць думкі, і соль, а ў асяроддзі звычайных смяротных паводзіш сябе, як Дэмакрыт.
Вядома, са сваім праніклівым розумам ты далёкі ад поглядаў і
густаў простанароддзя, але дзякуючы неверагоднай лёгкасці характару і ветлівасці ў абыходжанні з іншымі заўсёды можаш быць і, на радасць сабе, сапраўды бываеш вельмі бліэкі кожнаму звычайнаму чалавеку. А значыць, ты не толькі прыхільна сустрэнеш гэтую маю красамоўную забаўку, як памяць аб нашым сяброўстве, але і прымеш яе пад сваю апеку, бо цяпер, прысвечаны табе, гэты твор з’яўляецца ўжо не маім, а тваім.
Знойдуцца, вядома, паклёпнікі, якія будуць крычаць, што мае кепікі занадта развязныя для тэолага, а залішне ўедлівыя для хрысціянскай сціпласці. I напэўна, мяне нават абвінавацяць у спробах адрадзіць старадаўнюю камедыю ці, на ўзор якоганебудзь там Лукіяна, зламысна пакусаць і абсмяяць усіх. Але няхай тыя, каго абражае надта вольны і дасціпны характар маіх разважанняў, не лічаць выбраны мною стыль за злачынства. Калісьці ім карысталіся многія вялікія мужы. Шмат стагоддзяў таму Гамэр жартаўліва апеў вайну жаб і мышэй, Марон — камара і часночную закусь, Авідый — арэх; Палікрат напісаў пахвалу Бусірыду, якую падправіў пасля Ісакрат; Глаўк ухваляў несправядлівасць, Фаварын — Гэрсіта і перамежную ліхаманку, Сінэсій — лысіну, Лукіян — муху і блыху; Сэнэка склаў жартаўлівы апафеоз Клаўдыю, Плутарх — размову Грыла з Улісам, Лукіян, а таксама Апулей цешыліся прыгодамі асла. I ўжо не памятаю хто склаў тэстамент парсюка Каракоты, пра які згадвае святы Гіеранім.
А калі гэтага будзе мала, дык няхай мае цэнзары ўявяць сабе, што мне проста прыйшла ахвота пазабаўляцца гульнёй у бабкі або пагойсаць вярхом на дубчыку, гуляючы ў коніка. Дарэчы, прадстаўнікам усякага стану дазваляецца займацца гульнямі, і гэтую вольнасць ніхто не аспрэчвае. Дык ці справядліва будзе забараняць забавы людзям вучоным, тым болып што яны ў сваіх жартах гавораць аб рэчах сур'ёзных, падаючы забаўнае так, што кемны чытач дастане з гэтага карысці куды больш, чым з іншых напышлівых і мудрагелістых разважанняў? Вось адзін аўтар у сваёй рупліва і доўга складанай з разнастайных кавалкаў
прамове праслаўляе рыторыку і філасофію, а другі ўзносіць хвалу якому-небудзь уладару; вось гэты заклікае да вайны з туркамі, той прарочыць будучае, а хтосьці яшчэ ставіць рубам пытанне пра якое-небудзь казлінае руно.
Але ж калі няма большай бязглуздзіцы, чым трактаваць сур'ёзныя рэчы на дурны манер, дык, з іншага боку, няма нічога пацешнейшага, як разважаць пра бязглуздзіцу на поўным сур’ёзе, быццам яна зусім і не бязглуздзіца. Пра мяне, вядома, меркаваць будуць іншыя, і ўсё ж, калі мяне не цалкам спакусіла Філаўтыя, дык мне здаецца, што я ўзвялічыў Дурасць не зусім падурному.
Што да залішняй з’едлівасці маіх жартаў, скажу наступнае: вучоным мужам заўжды дазвалялася пакепліваць з чалавечага супольніцтва. Галоўнае, каб гэтая вольнасць не пераходзіла ў бязлітаснасць. Я вельмі дзіўлюся далікатнасці сучасных вушэй, якія, здаецца, здольныя чуць толькі ўрачыстыя тытулы. А сёйтой з нашых багамолаў так заблытаўся ў сваёй рэлігійнасці, што хутчэй гатовы сцярпець самую брыдкую лаянку на Хрыста, чым дазволіць самы бяскрыўдны жарт з папы ці свецкага ўладара, асабліва калі рэч тычыцца ягонай кармушкі. Але ж калі нехта піша пра людское жыццё, нікога на імя пры гэтым не называючы, няўжо ў такіх разважаннях трэба бачыць абразу, a не параду і настаўленне? Дый хіба я сам бы сябе іначай не ганьбаваў? Калі ў сваі.м творы літаратар не абмінае ніводнага стану, то, на маю думку, ён выступае не супраць пэўнага чалавека, а супраць заганаў увогуле. I таму кожны, хто пачынае крычаць пра абразу сваёй асобы, толькі выдае гэтым лямантам сваё нячыстае сумленне ці, прынамсі, страх. Святы Гіеранім кпіў нашмат свабадней і ўедлівей, і пры гэтым часам не шкадаваў нават імёнаў. А я не толькі не назваў ніводнага прозвішча, але і стараўся ўтаймаваць пяро, каб праніклівы чытач адразу мог сцяміць, што аўтар імкнецца больш насмяяцца, а не зларадна пацешыцца, і што ён не мае намеру, на ўзор Ювенала, капацца ў сметніку тайных заганаў, а стараецца больш паказаць смешнае, а не
агіднае. Калі хто-небудзь не з.можа суцешыцца і гэтымі тлумачэннямі, дык няхай прыгадае, піто ганьбаванне з вуснаў дурасці — пачэснае для ганьбаванага. А я, прымусіўшы загаварыць Дурасць, павінсн быў ёй дагаджаць.
Зрэшты, каму гэта ўсё пішацца? Табе, знакамітаму адвакату, які так бліскуча можа абараняць самыя безнадзейныя справы? Дык бывай здаровы, мой найкрасамоўнейшы Мор, і абараняй сваю Морыю як мага старанней.
3 вясковага ўлоння 9 чэрвеня 1508 года.
Дурасць гаворыць
1. Што б ні казалі пра мяне смяротныя (а мне вядома, што дурасць не ў пашане нават сярод найдурнейшых), але я адна, чуеце, я адна і ўжо толькі сваёю прысутнасцю здольная пацешыць і багоў, і людзей. I вось вам пераканаўчы доказ: ледзь я з’явілася перад вашым тлумным зборышчам, як адразу абліччы прысутных пачалі свяціцца нейкай новай і незвычайнаю весялосцю. Вашае чало ўжо разгладжваецца, і вы з радаснай усмешкай мне плешчаце ў ладкі. Ыа каго б я ні глянула, мне здаецца, што вы ўсе нібыта захмялелі ад нектару Гамэраўскіх багоў, у які падмяшалі няпенты. Але ж зусім нядаўна вы сядзелі сумныя, заклапочаныя, нібыта вярнуліся з Трафоніявай пячоры. Вам дастаткова было зірнуць на мяне, і вашыя твары змяніліся. Так бывае толькі, калі ранішняе сонца вітае зямлю сваімі чароўнымі залатымі вуснамі ці калі вясна пасля сцюдзёнай зімы зноў дыхне сваім лагодным павевам, і ўсё тады пачынае выглядаць па-новаму, набывае свежыя колеры і проста на вачах маладзее. Вялікія рытары з іх шматслоўнымі старанна прадуманымі прамовамі наўрад ці змогуць гіаэбавіць душу чалавека ад цяжкіх клопатаў. А я раблю гэта ўжо адным сваім выглядам.
2. Чаму я выступаю сёння ў такім незвычайным убранні? Пра гэта вы даведаецеся, калі не будзеце ўпарціцца і выслухаеце ўсё, што я збіраюся расказаць. Але рабіць гэта трэба не тымі вушамі, якімі вы слухаеце ў царкве прапаведнікаў, а тымі, якія развешваеце, слухаючы базарных крыкуноў, блазнаў і камедыянтаў. Трэба мець тыя вушы, якімі наш Мідас некалі слухаў Пана. Мне захацелася пабыць тут крыху ў ролі сафіста. Толькі не з таго кодла сафістаў, якія сёння ўбіваюць у галовы дзеткам вычварную бязглуздзіпу ды вучаць іх весці спрэчкі з большай настырнасцю, чым бабы
сварацца. Я хачу наследаваць тым навукоўцам антычнасці, якія, імкнучыся пазбепіуць ганебнай мянушкі мудрэц, называлі сябе сафістамі. Яны займаліся тым, што хвалілі багоў і слаўных мужоў. Вы таксама пачуеце зараз ухвальнае слова, але не Гераклу і не Салону, а мне самой, іначай кажучы — Дурасці.
3. Мяне зусім не турбуюць мудрагелі, якія кожнага, хто расхвальвае сам сябе, абвяшчаюць нахабным дурнем. Калі ўжо ім так карціць, дык няхай сапраўды гэта будзе глупствам, але галоўнае, каб яны прызнавалі, што яно цалкам прыстойнае. Дый, дарэчы, каму яшчэ, як не Дурасці, больш пасуе роля вяшчунні сваёй жа славы, якая сама сабе выконвае туш? Хто пакажа мяне лепш за мяне саму? Хіба нейкі знаўца, які мяне больш за мяне саму ведае! А я, дарэчы, думаю, што дзейнічаю куды болей сціпла, чым робіць кампанія ўсякіх арыстакратаў ды з мудрацамі. 3 прычыны сваёй фальшывае сарамлівасці яны за грошы наймаюць якога-небудзь падлізу-рытара ці балабола-паэта, з чыіх вуснаў і слухаюць сабе пахвалу, што значыць — суцэльную хлусню. Наш сарамлівы ціхоня, бы той паўлін, натапырвае пёры, задзірае чубок, а настырны ліслівец тым часам прыраўноўвае хвалёнага аж ці не да багоў, лічыць яго за ўзор усякае дабрачыннасці ды заяўляе, што самому яму да такога свяуіла ані не дауягнуцца. I Іадхалім апранае варону ў паўлінава пер’е, выбельвае эфіопа ды з мухі робійь слана. А што да мяне, дык я ўрэшце дзейнічаю згодна з прымаўкай: «Як сам сябе не пахваліш, дык ніхто не пахваліць».
Мне, дарэчы, вельмі прыкра, што людзі такія няўдзячныя ці абыякавыя: усе яны старанна мяне шануюць, усе карыстаюцца маім дабрадзействам, але на працягу многіх стагоддзяў не знайшлося ніводнага, хто прапанаваў бы выказаць належную ўдзячнасць і ўзнесці хвалу Дурасці. I разам з тым знаходзіцца нямала такіх, хто, ахвяруючы свяцільным алеем і сном, начамі складаюць панегірыкі розным Бусірыдам, Фаларыдам, мухам, лысінам, перамежнай ліхаманцы ды іншай падобнай трасцы.