Пахвала дурасці
Эразм Ратэрдамскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 112с.
Мінск 2006
He буду цяпер згадваць, з якой такой правіны людзі вымушаныя цярпець столькі бяды ці які гнеўны бог асудзіў іх нараджацца на такія гароты і ліха. Далібог, кожны, хто сам над гэтым як след памаракуе, напэўна, ухваліць учынак мілецкіх дзеваў, якім бы вартым жалю ён ні ўяўляўся. Дый дарэчы, хто сярод людзей, насыціўшыся горкім жыццём, часцей за ўсё накладае на сябе рукі? Вядома, той, хто бліжэй да мудрасці. Я не кажу пра ўсякіх Дыягенаў, Ксэнакратаў, Катонаў, Касіяў, Брутаў. Прыгадаю хоць бы Хірона. Яму даравалі бясс.мерце, а ён узяў ды выбраў смерць. Цяпер вам ясна, дзе былі б людзі, каб усе пагалоўна зрабіліся мудрымі? 1 давялося б ганчару Праметэю шукаць новую гліну! Але ж я з усім сваім спрытам дапамагаю людзям пазбавіцца ад жыццёвых нягодаў. Там дадам невуцтва, там — безразважнасці, гэтаму падару незлапамятнасць, таму — надзею на ўзнагароды, усіх акраплю мядовымі асалодамі — і ў выніку чалавек хоча жыць і жыве, пакуль Паркі не скончаць віць сваю нітачку і жыццё само не пакіне смяротнае цела. Чым менш у чалавека прычын даражыць сваім існаваннем, тым больш ён за яго чапляецца, не адчуваючы нават намёку на тое, каб яно абрыдла яму ці надакучыла. Дзякуючы маім старанням вы і бачыце вакол сябе столькі дзядоў Нэстаравага веку, якія і да чалавека ўжо мала падобныя: гугнявыя, прыдуркаватыя, бяззубыя, сівыя, лысыя ці, гаворачы словамі Арыстафана, каравыя, крываватыя, лядашчыя, маршчакаватыя, пляшывыя, шчарбатыя, але на ласкі ласыя. I нягледзячы ні на што, ўсе яны так радуюцца жыццю і
так стараюцца выглядаць маладзейшымі, што вунь адзін фарбуе сваю сівізну, другі прыкрывае лысіну накладнымі кудзерамі, а трэці ўставіў новыя зубы, пазычаныя, мабыць, у свінні. Гэты — стары ўжо выпса, а сохне па малалетцы і ў любоўным сваім словаблудстве заткне за пояс усякага маладзёна. Той стары хрэн стаіць ужо адной нагой у магіле, а таксама — жэніцца з маладухай, дарма што тая не мае пасагу, дый спатрэбіцца яна не столькі яму, колькі іншым. Такое здараецца паўсюль і паўсюль выклікае нават ледзь не агульнае адабрэнне.
Яшчэ пацешней выглядаюць спарахнелыя бабы. Ужо ад старасці, здаецца, даўно памерлі, струііянелі і толькі нядаўна з таго свету вярнуліся, а ўвесь час ад іх толькі і чуеш: «Мой любачка!» А якія яны заўсёды юрлівыя ды, як кажуць грэкі, памаўзлівыя! Спакусяць за вялікія грошы якога-небудзь Фаона, а самі ўжо нафарбуюцца, павышчыпваюць зараснік на сваім кушмаку, выставяць напаказ вялыя, друзлыя цыцкі ды пачынаюць розным шалапутствам абуджаць заснулую сваю пажадлівасць, жлукцяць віно, лезуць у дзявочыя карагоды, пішуць любоўныя цыдулкі. Людзі смяюцца з гэтых пракуд, якія сапраўды ўжо з’ехалі з глузду. А тым хоць бы што. Гэтыя гарэзы заўсёды сабой задаволеныя ды безразважна аддаюцца ўцехам жыцця, як і не лыс. I ўсё з маёй ласкі!
Калі каму-небудзь сказанае падаецца смешным, падумайце, калі ласка, што лепш: жыць такімі няхай дурнымі, але салодкімі ўцехамі ці шукаць, як той казаў, папярэчыну для пятлі? Што да ганебнасці такіх паводзінаў у вачах іншых, дык маім дурням гэта — як пугаю па вадзе. Яны або ўвогуле не ведаюць, што такое сорам, або непрыстойнае лічаць прыстойным. Вось калі камень на галаву ўпадзе — гэта ў іх напраўду бяда. А сорам, ганьба, непрыстойнасці, мацюканне шкодзяць толькі таму, хто ўсё гэта заўважае. А ніякага паскудства не заўважаць — дык і шкоды ніякай. Вось ужо той бяды, што цябе абсвіствае ўвесь народ! Галоўнае. што ты са.м сабе плешчаш у ладкі! I дасягаецца такое выключна з дапамогаю Дурасці.
32. Але я, здаецца, ужо чую абураныя галасы філосафаў, гатовых мне запярэчыць: «Аддацца ва ўладу дурасці з яе невуцтвам, самаашуканствам, аблудамі — гэта і значыць быць няшчасным!» He, гэта значыць усяго толькі быць чалавекам. Людзі такімі нарадзіліся, такімі выхаваліся, такімі сфармаваліся. Так ім наканавана. Іначай трэба было б лічыць за няшчасце, што чалавек не ўмее лётаць, як птуійка, не можа хутка бегаць на карачках, як іншыя жывёлы, не мае рагоў, каб абараніцца; а з другога боку, самага прыгожага каня тады таксама трэба было б лічыць няшчасным, бо ён не ведае граматыкі і не есць пірагоў, а быка называць бедалагам з прычыны яго няздатнасці да гімнастычных практыкаванняў. Конь, аднак, не стане горшы ад таго, што не абазнаны ў граматыцы, а чалавек не перастане быць чалавекам таму, што ён дурань. Гакая ўжо ў іх натура. Але разумнікі мне зноў запярэчаць: «Чалавеку дадзена асаблівая здольнасць — пазнаваць навукі, каб, карыстаючыся набытымі ведамі, ён ствараў тое, у чым яго абдзяліла прырода». Выходзіць, прырода, якая так рупліва паклапацілася пра казюрак, траўкі ды кветкі, раптам, робячы чалавека, схібіла, і цяпер ён адзін вымушаны падтрымліваць сябе з дапамогай навук, якія на згубу ўсяму чалавецтву выдумаў ненавісны Тэўт? Але ж навукі не толькі не прыносяць шчасця, а нават шкодзяць дасягненню мэты, дзеля якой нібыта былі выдуманыя. I гэта пераканаўча даводзіць у Плятона адзін мудры цар. Усе навукі разам з астатняю трасцай на белы свет пусцілі тыя, ад каго і паходзіць ўсялякае ліха, а менавіта — дэманы. Ужо само іх імя сведчыць пра гэта, бо грэцкае слова даэмон па-нашаму значыць «знаўца».
А вось ў залатым веку людзі жылі вельмі проста. Яны не мелі на сваім узбраенні ніякіх навук і паводзілі сябе так, як падказвала прырода. Нашто ім была тая граматыка? Усе ж мелі адзіную мову і карысталіся словамі толькі, каб паразумецца паміж сабою. Нашто дыялектыка? Ніхто ж ні з кім не спрачаўся. А рыторыка? Ніхто нікому не пагражаў і не збіраўся. А юрыспрудэнцыя? Дрэнных нораваў тады ўвогуле не было
(і як цяпер робіцца ясна, менавіта ўзнікненне дрэнных нораваў прывяло да ўзнікнення добрых законаў), Людзі былі надта богабаязныя і страшыліся з нясціплай цікаўнасцю лезці ў таямніцы прыроды, вымяраць велічыню, рух і ўплыў нябесных свяцілаў і вызначаць першапрычыны рэчаў. Яны лічылі за грэх, калі смяротны імкнуўся даведацца больш, чым яму абумоўлена лёсам. А вар’яцкая думка пазнаць, што знаходзіцца па-за межамі небакраю, нікому нават у галаву не прыходзіла. Па меры таго, як першабытная чысціня залатога веку пачала каламуціцца, злыя геніі, як ужо згадвалася, выдумалі навукі і мастацтвы. Праўда, спачатку іх было вельмі няшмат, дый авалодвалі імі зусім нямногія. Але потым халдзеі праз свае прымхі ды грэкі праз сваю ляноту і легкадумнасць значна павялічылі іх колькасць. У выніку навукі зрабіліся сапраўднымі катавальнямі розуму. Цяпер адной граматыкі дастаткова, каб ператварыць чалавечае жыццё ў суцэльную пакуту.
33. Дарэчы, с.ярод навук найбольш цэняцца тыя, у якіх кожны хоць нешта ды цяміць, а гэта значыць — тыя, што найбольш збліжаюцца з дурасцю. Нездарма пакутуюць ад бяскорміцы тэолагі, мерзнуць ад холаду фізікі, церпяць з’едлівую насмешку астролагі, натыкаюцца на людскую пагарду дыялектыкі. А вось медыкі... Муж-эскулап многіх адзін пераважыць. Але і паміж медыкамі найменш вучоныя ды найбольш пралазлівыя і падмазлівыя цэняцца вышэй, нават у венцаносных уладароў. Дый сама медыцына, асабліва ў тым выглядзе. у якім ёю займаецца сёння цэлая зграя лекараў,— нішто іншае, як наскрозь падхалімскае майстэрства дурыць людзей,— акурат, як рыторыка.
Другое месца пасля медыкаў у гэтай іерархіі займаюць кручкатворы-юрысты. Хоць, можа, іх варта паставіць і на першае месца,— сама я рашаць не бяруся, але многія філосафы ў адзін голас насмешліва называюць гэтае рамяство асліным. Дык вось ад такіх аслоў і залежыць рашэнне як самых нязначных, так і
самых важнейшых справаў. У выніку гэтыя чарнільныя душы ўвесь час абрастаюць новымі латыфундыямі, а тэолагі, якія спасцігаюць боскія таямніцы, грызуць боб і ўпарта змагаюцца з клапамі ды вошамі.
I акім чынам, найбольш выгадныя навукі — тыя, якія бліжэй за іншыя сыходзяцца з Дурасцю. Адпаведна і самы шчаслівы чалавек — той, хто не мае да навук ніякага дачынення і кіруецца заўсёды выключна поклічам прыроды. А прырода — яна заўжды дасканалая, хай бы толькі людзі не пераступалі вызначаныя ім межы. Прырода не любіць фальшу, а таму ўсё, што не згвалтавана навукай, развіваецца шчасліва і гарманічна.
34. Дый хіба не відаць кожнаму: сярод усіх жывых стварэнняў лепш за іншых жывецца тым, якія не ведаюць ніякай навукі, ані прынукі і гадуюцца толькі па законах прыроды. Якое цудоўнае і вартае ўхвалы жыццё ў пчол, хоць яны не маюць нават усіх чалавечых пачуццяў. Але які дойлід збудуе што-небудзь падобнае да пчаліных сотаў? Які філосаф усталюе такую дасканалую рэспубліку? А возьмем каня. Яго пачуцці не надта розняцца з чалавечымі. 1 аму ён, мусіць, і прывандраваў да людзей і цяпер падзяляе з імі ўсе іх нягоды. Каню ўжо сорамна быць пераможаным, на скачках ён аж са скуры вылузваецца, абы толькі прыйсці першым. I на вайне таксама імкнецца да славы, пакуль не зарыецца, паранены, храпай у зямлю, рухнуўшы разам са сваім седаком. Я ўжо не кажу пра цуглі з жалезным зуб’ем, пра калючыя шпоры, канюшні-вязенні, бізун, палку, пута, цяжар вершніка, якога даводзіцца цягаць на хрыбце,— словам, пра ўсю трагедыю рабства, якое добраахвотна ўзвальвае на сябе конь толькі таму, што разам з адважным гаспадаром прагне любою цаной расквітацца з ворагам.
Куды як прывабнейшае і лягчэйшае жыццё ў мушак ды птушак, якія не маюць іншага настаўніка, апроч прыроды. Абы толькі людзі не даймалі іх сваімі пасткамі ды сіламі. Птушкі, напрыклад, трапіўшы ў клетку, досыць хутка авалодваюць іукамі
чалавечай мовы, але ўрэшце трацяць праз гэта ўсю сваю першародную прыгажосць і ўвогуле выраджаюцца. Наколькі ж стварэнне прыроды прывабнейшае за ўсякую — няхай майстэрскую, але штучную падробку! He магу ўстрымацца, каб яшчэ і яшчэ раз не пахваліць пеўня Піфагора, які, пабыўшы філосафам, жанчынай, мужчынам, царом, прасталюдзінам, рыбай, канём, жабай і, калі не памыляюся, нават губкай, урэшце прыйшоў да высновы, што чалавек — найняшчаснейшы сярод усіх іншых істотаў, бо калі іншым стварэнням дастаткова таго, што дадзена ім прыродай, дык чалавек увесь час імкнецца вырвацца з межаў наканаванага яму існавання.
35. На думку таго ж пеўня, ідыёты стаяць значна вышэй за славутых вучоных. Так Грыл, напрыклад, аказаўся нашмат празорлівейшы за велемудрага Адысея, палічыўшы за лепшае застацца рохкаць у свінарніку, чым цярпець новыя ліхоцці і беды са сваім спадарожнікам. Дый сам Гамэр, прабацька і зачынальнік усялякай лухты, у гэтым, здаецца, са мною згодзен. Ен увесь час называе людзей бедалагамі, вартымі жалю. А свайго Адысея, які ёсць нібыта ўзорам чалавечай мудрасці, часцяком называе гаротнікам. Але ні Парысу, ні Аяксу, ні Ахілу такой мянушкі ён не дае. 3 чаго б гэта яно так? Ці не з таго, што хітры штукар Адысей нічога не робіць, не параіўшыся з Паладай, і ўвесь час нешта надта мудруе, не жадаючы прымаць таго, што яму падказвае прырода?