Пахвала дурасці  Эразм Ратэрдамскі

Пахвала дурасці

Эразм Ратэрдамскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 112с.
Мінск 2006
26.13 МБ
42.	Як бы я ні спяшалася, а ўсё-ткі не магу не сказаць хоць некалькі словаў пра тых, хто, нічым не адрозніваючыся ад апошняга прасталюдзіна, тым не менш выхваляецца сваім пустым знатным тытулам. Адзін нібыта вядзе свой род ад Энэя, другі — ад Брута, трэці — ад Артура. Яны паўсюдна выстаўляюць напаказ скульптурныя і жывапісныя выявы сваіх продкаў, пералічваюць прадзедаў і прапрадзедаў, прыгадваюць старадаўнія радзінныя імёны, хоць самі не вельмі адрозніваюцца ад тых бязмоўных балванаў, якімі так хваляцца. Зрэшты, нашто пісаць пра ўвесь гэты статак — дзякуючы Філаўтыі высакародныя нашчадкі пачуваюць сябе проста цудоўна. Але ж яшчэ хапае і дурняў, гатовых шанаваць гэтае племянное быдла, нібыта багоў.
Дый нашто ўвогуле я апісваю тут разнастайныя гатункі балванаў? Пры садзейнічанні Філаўтыі гэтыя дурні ва ўсіх галінах і растуць вельмі спорна. Бывае, дурань — брыдчэйшы за малпу, а ўяўляе сябе Нірэем. Другі ледзь правядзе з дапамогаю цыркуля тры крывуліны, а ўжо лічыць сябе Эўклідам. 3 гэтага музыкант — што з асла лірнік, і той спявае не лепш за курыцу, якую топча певень, а вунь — таксама думае, што ён выліты Гэрмаген. А ёсць яшчэ адзін, вельмі прыемны гатунак вар’яцтва,— калі гаспадар хваліцца талентамі слуг быццам сваімі ўласнымі дараваннямі. Такім вар’ятам быў, напрыклад, не менш як двойчы шчаслівы багацей, якога згадваў Сэнэка. Калі гэты шчаслівец браўся распавядаць якую-небудзь гісторыю, побач заўсёды стаялі слугі, якія падказвалі ўсё, што ён сам забыў, і хоць з гадамі ён стаў зусім лядашчы і драхлы, так што нават ледзьве ногі цягаў, але не баяўся ўдзельнічаць у палачных баях, спадзеючыся, вядома, на сілу сваіх прыгонных дзецюкоў.
А ці варта тут згадваць служак высокіх мастацтваў? 3 Філаўтыяй яны ўсе настолькі блізкія, што некаторы ахвотней адмовіцца ад бацькавай спадчыны, чым паменшыць прэтэнзіі на сваю таленавітасць. Асабліва вылучаюцца ў гэтым акторы, спевакі, прамоўцы, паэты, і хто большы бездар, той паводзіць сябе з большым нахабствам: сам сабою любуецца, паказушна хваліцца і напышліва фанабэрыцца. Але як кажа народная прымаўка: «Сарока сароку бачыць здалёку». Таму і колькасць паклоннікаў у бездара павялічваецца адпаведна велічыні яго дурасці. Самая нікчэмная няздара выклікае і найбольшае захапленне ў натоўпу, бо, як ужо адзначалася, пераважнае мноства людзей ачмураныя Дурасцю. Невук падабаецца не толькі сабе, але і сваім пабрацімам. Дык навошта яму сапраўдная вучонасць, якая здабываецца дарагімі высілкамі? Апроч таго, вучонасць спараджае абачлівасць і нерашучасць, а галоўнае — асалоду ў ёй знаходзіць зусім мізэрная жменька людзей.
43.	Але прырода надзяліла Філаўтыяй не толькі асобных людзей, але і цэлыя нацыі і дзяржавы. Акурат з гэтай прычыны брытанцы выстаўляюць свае прэтэнзіі на ўласцівую, маўляў, толькі ім цялесную прыгажосць, музычнасць і шчодрую гасціннасць. Шатландцы цешацца сваёю высакароднасцю, блізкім сваяцтвам з каралеўскім родам, а таксама дыялектычным ладам мыслення. Французы прыўласцілі сабе прыярытэт у галантным абыходжанні, а парыжане лічаць, што толькі яны — найбольш дасведчаныя тэолагі. Італьянцы ўпэўненыя, што з’яўляюцца непераўзыдзенымі майстрамі прыгожага пісьменства і красамоўства і, пагалоўна ўпіваючыся салодкімі мроямі аб сваёй дасканаласці, на ўсіх астатніх смяротных глядзяць, як на варвараў. Але нават сярод іх пяршынства трымаюць рымляне, якія дагэтуль сняць прыемныя сны аб старажытным Рыме. Вэнецыянцы шчаслівыя ўсведамленнем знатнасці свайго паходжання. Грэкі абвяшчаюць сябе стваральнікамі ўсіх навук і нашчадкамі славугых герояў антычнасці. Туркі, гэтае зборышча варвараў, выхваляюцца
сваёю рэлігіяй і высмейваюць хрысціян за іх прымхі. Але яшчэ больш цешацца сваёй рэлігіяй іудзеі, якія дагэтуль упарта чакаюць Месію і зубамі трымаюцца за Майсея. Іспанцы нікому не хочуць саступаць ратную славу. А немцы вельмі ганарацца высокім ростам і пазнаннем сакрэтаў магіі.
44.	He буду прыводзіць яшчэ факты. Думаю, вы і так ужо бачыце, колькі асалоды прыносіць кожнаму чалавеку паасобку і ўсім людзям разам Філаўтыя, да якой, між іншым, вельмі падобная яе сястра Ліслівасць. Урэшце Філаўтыя і ёсць ліслівасць, толькі перад самім сабой. А калі будзеш ліслівіць перад іншымі, дык гэта ўжо — Калакія. У нашыя дні ліслівасць і падхалімства ганяць, але ж ганяць іх людзі, для якіх словы значаць больш, чым тое, што гэтыя словы абазначаюць. Лічаць таксама, што ліслівасць несумяшчальная з вернасцю. Аднак паводзіны жывёлаў пераконваюць нас у адваротным. Хто параўнаецца ў ліслівасці і вернасці з сабакам? А хто робіцца чалавеку сябрам прасцей, чым ласкавая вавёрка? Можа, з людзьмі лепш ужываюцца драпежныя львы, лютыя тыгры ці злосныя леапарды? Есць, праўда, і шкодны гатунак ліслівасці. 3 яго дапамогай каварныя лісліўцы могуць загнаць якога-небудзь бедалагу проста ў магілу. Але ж мая Калакія вядзе сваё паходжанне ад дабрыні і шчырасці і вельмі блізка суседзіць з дабрадэейнасцю. Яна несумяшчальная з панурасцю ці суровасцю, якія, па словах Гарацыя, «і несугучныя, і гнятлівыя». Калакія ўзбадзёрвае ўпалых духам, разганяе сум замаркочаных, падтрымлівае кволых, раскатурхвае знямелых, падымае хворых, улагоджвае раз’юшаных, мірыць закаханых і, замірыўшы, забяспечвае іх паяднанасць. Яна заахвочвае да вучобы маладых, забаўляе старых, тактоўна, пад выглядам пахвалы, дае парады і павучэнні князям. Калакія робіць усё, каб чалавек мацней падабаўся сабе і вышэй цаніў сваю асобу. Для ўласнага шчасця гэта самае галоўнае. Прыгадаем, як старанна два мулы пачэсваюць адзін аднаму спіны. А сярод людзей дасягненню той самай мэты ў вялікай ступені служыць
красамоўства, у яшчэ большай — медыцына, а болей за ўсё — паэзія. Ліслівасць — гэта мёд і закраса ва ўсякіх дачыненнях паміж людзьмі.
45.	«Але жыць у падмане — гэта няшчасце»,— запярэчаць мне. А па-мойму, найбольшае няшчасце якраз у тым, калі жывеш без падману. Самыя вялікія кепы — тыя, хто лічыць, быццам шчасце ляжыць у саміх рэчах, тым часам як шчасце чалавека залежыць ад таго, як ён успрымае тую ці іншую рэч. Людзі жывуць сярод такой безлічы ўсякага рознага, што дакладна разабрацца ва ўсім гэтым ніяк немагчыма. Гэта пацвярджаюць і мае акадэмікі, самыя сціплыя і разважныя сярод усіх філосафаў. А калі нешта і ўдаецца пазнаць, дык гэта нярэдка толькі псуе асалоду жыцця. Дый галава ў чалавека створаная так, што горнецца болыіі да фальшу, чым да праўды. Хто хоча мець наглядныя, фактычныя довады, няхай наведае храмы або іншыя зборні. Там людзі дрэмлюць, пазяхаюць, нудзяцца, калі гаворка ідзе пра нешта сур’ёзнае. Варта гарлапану (прабачце, я хацела сказаць — аратару) прыгадаць якую бабуліну казачку (што бывае часта), як усе адразу абуджаюцца, натапырваюць вушы, разяўляюць рот. Такія ж адносіны і да святых. Чым больш казачная і паэтычная показка аб святым угодніку, тым старанней ушаноўваюць яго вернікі. Так, Георгія, Хрыстафора, Варвару праслаўляюць нашмат гаварлівей, чым Пятра, Паўла ці нават Хрыста. Ды тут не месца для падобнай размовы.
Дасягненне шчасця ў сваім уяўленні чалавеку абыходзіцца значна прасцей, чым авалоданне рэччу, хоць бы й такой малой вартасці, як граматыка, якая патрабуе вялікай працы. А вось уяўленне ўтвараецца вельмі лёгка. Для шчасця многім яго хапае ўдосталь і з гакам. Вось прыклады. Адзін уплятае тухлую вяндліну, а другі нават ейнага паху трываць не змог бы. Дык хіба далёкі ад шчасця першы, калі тая вяндліна яму здаецца амброзіяй? I наадварот, калі чалавека верне ад асятрыны, хіба ён можа атрымаць асалоду ад такога ласунку? А калі закаханы муж лічыць
сваю пачварную жонку саперніцаю Вэнэры, ці гэта для яго не тое самае, што мець сапраўдную красуню? Ці вось чалавек разглядае палатно нейкага пэцкаля і ў захапленні верыць, што перад ім карціна Апэлеса або Зэўксіда. Хіба ён не шчаслівейшы за таго разумніка, які, за вялікія грошы купіўшы творы гэтых мастакоў, адчувае, можа быць, куды меншае задавальненне ад свайго набытку? Адзін мой знаёмы, цёзка па прозвішчы, падарыў сваёй нявесце фалыпывыя брыльянты. Пустамеля кляўся і бажыўся, што брыльянты не толькі сапраўдныя, але і вельмі дарагія. Дык ці такая ўжо важная яго нарачонай сапраўдная якасць дарунка, калі яна не можа налюбавацца на шкляныя каменьчыкі і захоўвае іх у сваім куфэрку як найкаштоўнейшы скарб? А муж і не надта разарыўся, і сваю наіўную каханую змог пацешыць. I тая аддзячыла яму любоўю, якую была згодная прадаць толькі па высокай цане.
А што сказаць пра вязняў Плятонавай пячоры, якія бачаць толькі цені ды выявы ўсялякіх рэчаў, але не маюць ніякіх жаданняў і цалкам задаволеныя сваім лёсам? Чым яны адрозніваюцца ад таго мудраца, які выйшаў з пячоры і ўбачыў сапраўдныя рэчы? Калі Лукіянаву Мікілу, які марыў быць багачом, увесь час снілася золата ды іншыя скарбы, што яшчэ яму трэба было для шчасця? Такім чынам, дурні або нічым не адрозніваюцца ад мудрацоў, або адрозніваюцца тым, што пачуваюць сябе значна выгодней. Па-першае, шчасце каштуе ім значна менш, бо ім дастаткова аднаго ўяўлення. А па-другое, яны могуць цешыцца сваім шчасцем, дзелячыся ім з многімі іншымі.
46.	Валодаць багаццем, не маючы прыяцеля, з якім можна было б падзяліцца ім хоць бы на словах, не прыносіць задавальнення. А хто ж не ведае, як мала на свеце мудрацоў? За доўтія стагоддзі грэкі налічылі іх усяго сем. Дый з тых семярых, клянуся Гераклам, калі іх добра патрэсці, наўрад ці застанецца і палавіна, ато нават і траціна сапраўднага мудраца. Г Іраваліцца мне, калі гэта не так!
Шматлікія пахвалы ўзносяцца Вакху. Асабліва яго славяць за тое, што ён здымае з душы цяжкі клопат. Але ж на кароткі час. Ледзь абудзішся ад пахмелля, і адразу душэўная немач вяртаецца да цябе на белым, як гаворыцца, чацверыку. А мая дабрачыннасць — і больш поўная, і больш дзейсная. Напаіўшы розум людзей вечным хмелем, я весялю і забаўляю іх, прытым без усялякага высілку. Я не абдзяляю сваімі дарамі ніводнага смяротнага, тым часам як іншыя багі размяркоўваюць свае шчадроты вельмі нераўнамерна. He ўсюды родзіць адменнае, далікатнае віно, якое праганяе турботы і ўсяляе надзеі. Далёка не ўсе атрымліваюць такі дар Вэнэры, як прыгажосць. Нямногія надзеленыя красамоўствам, якое дорыць Меркурый. He ўсім Геракл дапамагае разбагацець. He кожнаму дае ўладу Гамэраў Юпітэр. Марс надта ўжо часта не хоча пасадзейнічаць у перамозе ніводнаму з двух варагуючых воінстваў. Шмат хто, прыйшоўшы да трыножніка Апалона, адыходзіць ад яго ў панылым настроі. Без меры бліскае маланкамі сын Сатурна. Фэб сваімі стрэламі зноў і зноў насылае чуму. Нептун болей губіць людзей, чым ратуе. Я ўжо не буду згадваць розных там Вэёвісаў, Плутонаў, Атаў, Панаў, Фэбраў ды іншых багоў такога кшталту. Толькі я, Дурасць, з аднолькаваю гатоўнасцю агортваю ўсіх маім дабрадзействам.