Пахвала дурасці
Эразм Ратэрдамскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 112с.
Мінск 2006
імёны і слаўныя прозвішчы, а боскія ўшанаванні, якімі адорваюць самых нікчэмных вылюдкаў, а публічныя ўрачыстасці, на якіх тыраны, што чыняць найгнюснейшыя зладзействы, узводзяцца ў ранг багоў? Гэта ж суцэльная дурасць! Каб такое высмеяць, патрэбен не адзін, а некалькі Дэмакрытаў.
Ці наважыцца хто аспрэчваць мае словы? I разам з тым, ці ж не з гэтай крынічкі нараджаюцца гераічныя подзвігі, якія аж да нябёсаў услаўляюць у сваіх пісаннях шматлікія красамоўныя мужы? Дурасць утварае дзяржавы і нават цэлыя імперыі. На грунце дурасці стаіць улада, рэлігія, урад і суд. Дый жыццё чалавека таксама — хіба гэта не своеасаблівая гульня ў дурня?
28. Пагаворым цяпер пра навукі і мастацтвы. Што іншае, калі не прага да славы натхніла галовы людзей панавыдумляць столькі велекарысных, як іэта лічаць, навук ды яшчэ перадаць іх нашчадкам? Толькі сапраўдныя дурні думаюць, што нейкая пустая славутасць вартая таго, каб дзеля яе праводзіць бяссонныя ночы і траціць усю сваю энергію і сілу. Так што менавіта дурасці вы абавязаныя тым, што маеце ўсе гэтыя шматлікія выгоды ў жыцці, — і самае прыемнае ў тым, што вы цешыце сябе плёнам тупой утрапёнасці іншых.
29. Усхваліўшы сваю магутнасць і працавітасць, я пахвалю сябе цяпер за разважлівасць. Нехта, мабыць, скажа піто дурасць і разважлівасць стасуюцца між сабой, як агонь і вада, але я, спадзяюся, і тут з поспехам давяду іншае. Галоўнае, каб вашыя вушы і галовы па-ранейшаму ўспрымалі мяне добразычліва.
Калі разважлівасць заключаецца ва ўменні карыстацца рэчамі, іначай кажучы — ва ўменні дзейнічаць практычна і плённа,— дык каму ў большай ступені падыходзіць ганаровы тытул разважлівага чалавека? Мудрацу, які то праз празмерную сарамлівасць, то праз залішнюю нерашучасць так у выніку нічога і не адважваецца зрабіць, ці дурню, якога не стрымлівае ні сорам, ні небяспека, бо ён ні аднаго, ні другога ніколі не адчувае? Муд-
рэц важдаецца са старажытнымі кнігамі, з якіх чэрпае хіба толькі вычварнае словаблудства. А дурань адразу кідаецца ў вір жыцця і такім чынам, я ўпэўненая, набывае самую сапраўдную разважлівасць. Нават Гамэр, хоць быў і сляпы, гэта заўважыў. Таму ён і сказаў, што «падзеі і шаленец бачыць».
На шляху да пазнання рэчаў ёсць, па меншай меры, дзве перашкоды: сорам, які затуманьвае чалавечы розум, і страх, які пры яўнай небяспецы змушае адмовіцца ад неабходных дзеянняў. Дурасць на дзіва лёгка пазбаўляе чалавека гэтых заганаў. Але нямногія смяротныя ўсведамляюць, колькі выгод прыносіць бессаромнасць і бясстрашнасць.
Знаходзяцца, аднак, людзі, якія мяркуюць, што разважлівасць — гэта правільнае разуменне пэўных абставінаў. Ну дык тады, калі ласка, пераканайцеся самі, наколькі яны далёкія ад гэтай разважлівасці, якою так выхваляюцца. Вядома, што ўсе рэчы, як Алківіядавы сілены, маюць два розныя абліччы. Так, звонку ты бачыш смерць, а загляні ўсярэдзіну — там жыццё. I наадварот: жыццё аказваецца, па сутнасці, смерцю. У неразлучным адзінстве існуюць прыгажосць і агіднасць, багацце і беспрасветная галеча, ганьба і слава, вучонасць і невуцтва, сіла і немач, высакароднасць і нізасць, весялосць і смутак, удача і нядоля, сяброўства і варожасць, карысць і шкода. Словам, скінеш маску з сілена і ўбачыш адваротнае таму, што бачыў спачатку. Можа, камунебудзь такое маё выказванне здаецца надта ўжо хітрамудрым? Што ж, паспрабую гаварыць больш проста і даходліва. Наўрад ці хто будзе сцвярджаць, што кароль не мае багацця і ўлады. Здараецца, аднак, што трымальнік улады грэбуе духоўнымі скарбамі, а вось на астатняе ўсё квапіцца яшчэ больш. I тады ён застаецца бедняком з беднякоў. Калі яго дух схільны да распусты і іншых заганаў — ён ужо не ўладар нават самому сабе, а нікчэмны раб. Тое самае можна сказаць і пра іншых. Ды хопіць, бадай, і гэтага прыкладу.
Сёй-той, напэўна, спытае: «Навошта ўсё гэта?» Зараз пачуеце, куды я вяду размову. Уявіце сабе, што нехта пазрываў маскі з
актораў, якія іграюць на сцэне, і паказаў іх сапраўднае аблічча. Ці не зглуміў бы ён гэтым усю камедыю? Ці не прагналі б яго з тэатра, пабіўшы каменнем, нібыта юродзівага? Бо ўсё на сцэне прыняло б зусім іншы выгляд: замест жанчыны раптам аказаўся б мужчына, замест юнака — стары дзед, замест нядаўняга цара — нікчэмны галадранец, замест бога — лядашчы заморак. Выходзіць, што зняць маскі — значыць сапсаваць спектакль. Фальш і падман якраз і прывабліваюць гледачоў. Ды зрэіпты, ці не ёсць і жыццё смяротных нейкай камедыяй, у якой людзі, пачапіўшы маскі, граюць кожны сваю ролю, пакуль харэг не выдаліць іх са сцэны? Аднаму і таму ж выканаўцу харэг даручае розныя ролі. Напрыклад, учора акцёр быў пурпураносным царом, а сёння ён ужо — нізкі раб. Праўда, у тэатры ўсё падкрэслена больш выразна. Але ж граць стараюцца, як у жыцці.
Ну і што, калі цяпер нейкі мудрэц, як з неба зваліўшыся, пачне крыкліва даказваць, быццам той, каго шануюць, як бога і свайго ўладара, зусім не варты павагі і што гэта нават не чалавек зусім, а быдла, якое кіруецца толькі сваімі жывёльнымі памкненнямі? Што, калі б той самы мудрэц возьмецца з.мушаць чалавека, які смуткуе з прычыны смерці бацькі, не бедаваць, а смяяцца, даводзячы, што пасля смерці нябожчык нарэшце пачаў жыць пасапраўднаму, бо жыццё зямное — толькі падабенства смерці? Што, калі гэты мудрэц надумае абазваць чалавека, які ганарыцца і хваліцца сваімі продкамі, мізэрным байструком з той прычыны, што сам хвалько не вызначаецца ніякаю дабрачыннасцю, a толькі яна ёсць крыніца ўсякага высакародства? Што, калі наш мудрэц будзе разважаць у такім самым духу з усякім і кожным? Ды, вядома, людзі прымуць яго за шалёнага вар’ята! Бо няма нічога дурнейшага за няпрошаную мудрасць і нічога бязглуздзейшага за недарэчную разважлівасць. I ўсякі, хто не лічыцца з прынятымі ўмовамі і не жадае дастасоўвацца да наяўных акалічнасцяў, дзейнічае бязглузда і па-дурному. Асноўнае правіла застолля патрабуе: альбо пі, альбо ідзі прэч. Чалавек, які забы-
вае пра гэтае правіла і які дамагаецца, каб камедыю раптам замянілі на некамедыю, будзе заўсёды выглядаць, проста як недарэка. Намнога разважлівейшы той, хто кіруецца якраз адваротным, хто, будучы смяротным, не стараецца быць мудрэйшым, чым яму наканавана лёсам, а следам за большасцю паблажліва з ёй пагаджаецца і ўгодліва падзяляе яе аблуды. «Дык гэта ж і ёсць дурасць!» — скажуць мне. Пярэчыць не буду. Але няхай і мае апаненты прызнаюць, што менавіта такім чынам і дзеецца камедыя нашага жыцця.
30. Несмяротныя багі! Гаварыць мне дале.й ці адразу ўжо змоўкнуць? Але нашто маўчаць, калі мае словы праўдзівейшыя за саму праўду?! Але калі ўжо на тое пайшло, варта было б запрасіць гэліконскіх Музаў,— паэты ж часта іх клічуць, выдумляючы ўсякае глупства. Дык падтрымайце мяне, дочкі Юпітэра, у тым, што я буду сведчыць! А я зараз пакажу, што ўзняцца да вяршыняў мудрасці, або, як гэта яшчэ называюць,— трапіць у храм найвышэйшага шчасця, можна толькі, калі за праважатую вам будзе Дурасць.
Вы ўжо прызналі, што ўсякія пачуцці належаць парафіі Дурасці. Дурань тым і адрозніваецца ад мудраца, што кіруецца сваімі пачуццёвымі парываннямі, а мудраца вядзе розум. Гаму стоікі ўвогуле хацелі зрабіць свайго мудраца глухім да ўсякіх душэўных турботаў. На іх думку, ён мусіў пазбягаць хвалявання, як той заразы. Але ж душэўныя памкненні і парыванні не толькі спрыяюць кожнаму, хто спяшаецца дасягнуць гавані мудрасці, але і стымулююць ды падахвочваюць яго да мужных і высакародных учынкаў. Я ўжо адчуваю, што мне зараз запярэчыць зацяты стоік Сэнэка, які не дапускае ў мудраца ніякіх душэўных узрушэнняў. Але тым самым ён замест чалавека стварае ўжо нейкае новае боства, якога ніколі не было і не будзе. Гаворачы ясней, замест чалавека ён узводзіць нейкую чалавекападобную мармуровую статую. Зразумела, што такому застыламу ідалу чалавечыя пачуцці зусім не ўласцівыя.
Ну дык няхай філосафы і цешацца з ім, калі ён ім так даспадобы, і няхай больш нікога на любяць ды жывуць са сваім мудрацом у дзяржаве Плятона, ці ў царстве ідэй, ці хоць бы ў садах Тантала! Але сярод звычайных людзей — хто не спалохаецца такога стварэння, падобнага на здань? Хто не пабяжыць ад гэтага прывіду, глухога да натуральных пачуццяў, абыякавага да любові і горычы «больш, чым камень-валун ці знямелыя скалы Марпеса»? Мудрэц заўважае кожную рэч і ніколі не памыляецца. Ен, нібы той Лінкей, усё бачыць наскрозь, улічвае кожную дробязь і не прапускае па-за ўвагай нічога. Ен заўсёды задаволены сабой і толькі сабой. Ен адзін багаты, адзін здаровы і адзін свабодны. Ен адзін і цар і ... словам, адзін — УСЕ! Праўда, толькі ў сваім уяўленні. 3 ім ніхто не дружыць, і ён не дружыць ні з кім. Ен пагарджае нават багамі, а ўсё, што дзеецца ў будзённым жыцці, асуджае і высмейвае. Вось такая гэта жывёліна — гэты дасканалы мудрэц.
Цяпер скажыце, калі ласка, у якой дзяржаве такога мудраца выбралі б у магістрат, якое войска захацела б мець такога мудрагеля за ваяводу, якая жанчына сышлася б з такім мужыком, які госць у застоллі сеў бы побач з такім суседам і які раб трываў бы гаспадара з такім норавам? Ды вядома, што кожны аддасць тут перавагу любому дурню з простанароддзя, які здольны і загадваць, і падпарадкоўвацца, які ўмее дагадзіць да сабе падобным (а такіх заўжды болынасць), які песціць і нялегуе жонку, заўжды свой у коле сяброў, прыемны сабутэльнік, вясёлы дружбак і наогул чалавек, якому нішто чалавечае не чужое? Але мяне ўжо верне ад гэтага мудраца. Давайце лепш пагаворым пра іншыя выгоды, якія нясе вам Дурасць.
31. Калі паглядзець на людзей з нябеснае вышыні, як гэта робіць Юпітэр у песнях паэтаў, то акажацца, што чалавечае жыццё поўнае ўсякай брыды і паскудства. Якія непрыемныя і пакутлівыя бываюць роды, якога клопату вымагае выхаванне дзяцей, колькі крыўды выпадае на долю дзяцінства, колькі не-
справядлівасці вымушанае цярпець юнацтва, якую немач прыносіць старасць, з якою жорсткай непазбежнасцю набліжаецца смерць!
А пры жыцці ж яшчэ столькі хвароб, няшчасных выпадкаў і самых розных нягодаў! Ва ўсім ёсць хоць нейкая лыжка дзёгцю. Я ўжо не кажу, колькі зла чалавеку прычыняе сам чалавек. Тут і беднасць, і турма, і знявага. Тут і адсутнасць сумлення, катаванне, інтрыгі, здрада, знявага, суцяжніцтва, падман. Ды ўсё назваць — тое самае, што пералічыць марскі пясок.