Пахвала дурасці
Эразм Ратэрдамскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 112с.
Мінск 2006
А існуе безліч іншых, яшчэ болыц рафінаваных тонкасцяў, такіх, скажам, як часавыя адпаведнасці, канцэптуальныя адметнасці, узаемаадноснасці, фармальныя прыкметнасці, і гэтак-далейнасці, і да-таго-падобнасці, угледзець якія не можа ніхто, апроч хіба што Лінкея, здольнага бачыць скрозь непраглядную цемру тое, чаго нідзе няма. Дадамо сюды гномы, настолькі выкручастыя, што парадоксы стоікаў у параўнанні з імі здадуцца зацяганай агульнавядомай банальшчынай. Так, адна такая гнома сцвярджае, што зашыць бедняку чаравік у нядзелю — злачынства куды большае, чым забіць тысячу чалавек, ці што лепш няхай лясне цэлы свет з усім яго, як той казаў, шалупіннем, чым сказаць хоць слоўца няпраўды.
А разнастайныя па сваіх накірунках схаласты робяць гэтыя вычварныя тонкасці яшчэ вычварнейшымі. Хугчэй знойдзеш выхад з лабірынта, чым выберашся са схаластычнага нерата рэалістаў, наміналістаў, тамістаў, альбертыстаў, акамістаў, скатыстаў (і тут яшчэ пералічаныя толькі галоўныя). I ва ўсіх у іх столькі вучонасці, столькі хітрамудрасці, што самім апосталам спатрэбіўся б, мо, не святы, а які іншы дух, калі б ім выпала спрачацца з гэтай новай пародай тэолагаў. Вось і ГІавал, які сваёй чыннасцю
даў узор сапраўднае веры, тым не менш, у навуковым сэнсе акрэсліў яе недастаткова, сказаўшы, што «вера ёсць здзяйсненне чаканага і ўпэўненасць у нябачным». I наколькі выбітна ён вылучаўся сваёй міласэрнасцю, настолькі ж нелагічна ён вызначыў і акрэсліў яе ў раздзеле трынаццатым свайго «Першага паслання да Карынфянаў». Тое самае і з апосталамі, якія, вядома, вельмі пабожна служылі еўхарыстыю, але ж, каб у іх спыталіся, у прыватнасці, як у ёй пачынаецца і заканчваецца пераістненне, якім чынам адно і тое самае цела можа быць у некалькіх месцах у адзін і той самы час, у чым розніца паміж целам Хрыста на нябёсах, яго целам на крыжы і ў таемстве еўхарыстыі і ў які дакладна момант адбываецца транссубстанцыяцыя, бо словы малітвы, якая яе выклікае, прамаўляюцца пэўны адрэзак часу,— я думаю, іх адказы былі б далёка не такія бездакорныя і выкшталцоныя, як дэфініцыі, што прапануюць скатысты.
Ці яшчэ: апосталы былі знаёмыя з маці Хрыста, але хто з іх так па-філасофску, як нашыя багасловы, растлумачыў, якім чынам яна засталася ахаванаю ад першароднага грэху? А Пётра? Ен атрымаў ключы з рук Таго, хто, ясная рэч, не даверыў бы іх недастойнаму. I тым не менш, не ведаю, разумеў ён сам гэта ці не, але пэўна, што ніколі не здолеў бы дасягнуць такой дасканаласці ў тлумачэннях, як можна валодаць ключамі ад ведаў, не валодаючы самімі ведамі? Дзе толькі і каго толькі апосталы ні хрысцілі, але ж так нідзе нікога і не навучылі ясна, у чым заключаецца фармальная, матэрыяльная, дзейсная і канечная прычына хрышчэння, дый нават ніводным словам не абмовіліся пра яго мінучыя і вечныя ўласцівасці. I яны маліліся, вядома, але ж маліліся ў духу, трымаючыся выключна Евангельскага запавету: «Бог ёсць дух, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе». На апосталаў, мабыць, не сышло адкрыццё, што вобразу, накрэсленаму вугольчыкам на сцяне, належыць пакланяцца так, як і самому Хрысту, абы толькі намаляваны меў два выпрастаныя пальцы, доўгія нястрыжаныя валасы і тры рыскі ў німбе вакол галавы. Дый хто такое здольны спасцігнуць, калі не
праседзеў гадкоў гэтак трыццаць шэсць над фізікай ды метафізікай Арыстотэля ды Дунса Скота? Адорвалі апосталы і мілатою, але хто з іх адрозніваў мілату дабрачынную ад мілаты дабрадзейнай? Настаўлялі яны і на добрыя дзеі, але ж таксама не праводзілі розніцы паміж дабрадзействам дзейсным і дабрадзействам здзейсненым. Яны паўсюль прапаведавалі хрысціянскую любоў, але так і не адасобілі любоў дараваную ад любові набытай, як і не вызначылі, ёсць любоў акцыдэнцыяй ці субстанцыяй, рэччу створанаю ці нястворанаю. Апосталы асуджалі грэх, але хай мяне заб’юць, калі яны былі здольныя даць граху навуковую дэфініцыю, папярэдне не павучыўшыся як след у скатыстаў. I ніхто не зможа мяне пераканаць, што ІІавал, няхай ён і паважаецца ўсімі за сваю непараўнальную вучонасць, не быў бы шмат разоў прысаромлены, удзельнічаючы ў сучасных дэбатах, дыспутах, абмеркаваннях радаводаў ды іншых, як ён сам называе, слоўных баталіях, не будучы абазнаны ва ўсіх іх хітрамудрасцях, бо за яго часам падобныя спрэчкі вяліся даволі прымітыўна і нагадвалі, хутчэй, вясковыя звады, асабліва калі параўнаць іх з больш як Хрысіпавымі тонкасцямі нашых магістраў. Але ж нашыя магістры — людзі сціплыя і, знайшоўшы ў выказваннях апосталаў штось не зусім дасканалае ці не надта вучонае, яны не кідаюцца гэта ахайваць, а проста ператлумачваюць на свой капыл,— гэтым яны, несумненна, праяўляюць павагу да старажытнасці і, адначасова, шануюць апостальскае імя. Дый, далібог, было б несправядліва, патрабаваць ад апосталаў той вучонасці, пра якую яны ніводнага слова не чулі з вуснаў свайго Настаўніка! А вось калі нешта такое раптам сустрэнецца ў Хрызастома, Васіля ці Гіероніма, дык нашыя абавязкова мімаходзь адзначаць: «Не прымаецца». Праўда, апосталы і айцы царквы абвяргалі паганскіх філосафаў і іўдзеяў, народ па сваёй натуры вельмі зацяты, але ж збольшага яны абвяргалі іх чыннасцю свайго жыцця ды цудамі, чым сілагізмамі, бо тыя ўсё адно не змаглі б спасцігнуць нават «Кводлібетум» Скота. А сёння — які паганец, які ерэтык не схіліць адразу голаў пад націскам
шматлікіх вытанчаных хітрамудрасцяў? На гэта здольны хіба што абэлтух, які проста не цяміць, пра што яму кажуць, ці нахабнік, гатовы ўсё асвістаць, ці ўзброены такімі самымі выкрутасамі апанент, які зможа змагацца на роўных, але тады іх змаганне будзе нагадваць двубой мага з магам ці бойку двух ваяроў, уэброеных аднолькавымі зачараванымі мечамі, якая не дасць ніякага выніку, як і Пэнэлопіна ткацтва. А вось маю думку, дык хрысціяне зрабілі б разумней, калі б замест тых няўклюдных кагортаў, якія даўно ўжо не могуць узяць верх ні ў якай вайне, яны паслалі супраць туркаў і сарацынаў сваіх крыклівых скатыстаў, упартых акамістаў ды непераможных альбертыстаў разам з усімі сафістамі: тады, я мяркую, яны былі б сведкамі самай чароўнай бітвы і дагэтуль не бачанай перамогі. Ну сапраўды, скажыце мне, хто будзе да такой ступені халодны, каб не запаліцца ад іхніх дасціпнасцяў? Да такой ступені тупалобы, каб не ўзбудзіцца ад іх вастраслоўя? Да такой ступені зоркі, каб нешта ўгледзець у напушчаным імі тумане?
Вам, пэўна, здаецца, што я ўсё гэта кажу ці не дзеля жарту? Што ж, гэта не дзіўна, бо і сярод тэолагаў ёсць людзі, знаёмыя з сапраўднай навукай, і якія прызнаюцца, што іх саміх верне ад такога баламутнага тэалагічнага вычварэнства. Некаторыя пагарджаюць ім, лічачы ці не за блюзнерства, бо, на іх погляд, найвялікшае блюзнерства якраз і ёсць — так непачціва гаварыць пра свяшчэнныя таямніцы, якія належыць хугчэй уіпаноўваць, чым тлумачыць, так легкадумна пра іх разважаюць, карыстаючыся нейкай і пошлай паганскай аргументацыяй, так нахабна даваць ім свае дэфініцыі і так нізка ганіць веліч боскай тэалогіі сваім словаблудствам ды бязглуздымі думкамі. А між тым нашыя словаблуды шчасліва пляскаюць самі сабе ў ладкі, дзень і ноч займаючыся сваёй салодкай бязглуздзіцай так, што ім не стае часу, нават каб хоць аднойчы раскрыць і пачытаць Евангелле ці пасланні апостала Паўла. Пустасловячы ў сваіх школах, гэтыя лухтавержцы ўпэўненыя, што ўся царква адразу абрынецца без іх сілагістычных падпорак, якія адыгрываюць тую ж
ролю, што ў паэтаў Атлант, які трымае на сваіх плячах небасхіл. А ўжо з якой радасцю яны месяць і перамешваюць на свой капыл Святое 1 Іісанне, бы яно зроблена з цеста, пры гэтым ставячы свае канклюзіі, падмацаваныя выказваннямі парачкі схаластаў, вышэй нават за Салонавы законы ды папскія дэкрэты; з якой асалодай, уяўляючы сябе за цэнзараў усёй зямной кулі, яны патрабуюць адступіцца ад чаго-кольвечы, што хоць на ёту не супадае з іх экспліцытнымі ці імпліцытнымі высновамі, і з якой катэгарычнасцю аракула яны заяўляюць: «Гэта выказванне ўводзіць у спакусу, гэтае — не надта пачцівае, ад гэтага — патыхае ерассю, а гэтае — кепска гучыць». Так што ні хрышчэнне, ані Евангелле, ні Павал, ані Пётра, ні святы Гіеронім, ні Аўгустын, ані нават «найвялікшы арыстотэлевец» Тамаш не зробяць чалавека хрысціянінам, калі гэтую справу не ўхваляць нашыя бакалаўры. Такое ўжо тонкае ў іх мысленне! Ну хто мог бы падумаць, што, аказваецца, не па-хрысціянску — сцвярджаць, што ўсё адно, маўляў, як казаць: «начны гаршчок смярдзіць» ці «з начнога гаршчка смярдзіць» або «каструля кіпіць» ці «у каструлі кіпіць»,— калі б нашыя вучоныя мужы не давялі гэтага? Хто вывеў бы царкву з непрагляднага мораку незлічоных аблудаў,якіх, праўда, ніхто да іх ніколі не заўважаў,— калі б яны не закляймілі іх сваімі вялікімі пячаткамі? Ну дык хіба ж яны не найшчаслівейшыя, калі могуць дзейсніць такія справы? Калі могуць так падрабязна апісаць апраметную, што здаецца, нібы яны самі шмат гадоў прабавілі ў тым гаспадарстве? А якую волю гэтыя шчасліўцы даюць сваёй фантазіі, майструючы новыя нябесныя сферы, асабліва самую прасторную, самую прыгожую, дзе душы, ясная рэч, найбольш шанцоўных могуць і пагуляць, і пабанкетаваць, і нават паганяць мячык. Усёй гэтай і незлічонай іншай лухтой мазгі багасловаў набітыя і напакаваныя да такой ступені, што нават голаў Юпітэра быў не такі цяжкі, калі той, цяжарны на Паладу, маліў Вулкана дапамагчы яму абрадзініцца. Таму не здзіўляйцеся, што, удзельнічаючы ў публічных дыспутах, яны ў некалькі столак спавіваюць сваю галаву павяэкай:
каб яны не зрабілі гэтага, дык трэснулі б іхнія чарапкі. Часам я смяюся з тэолагаў, якія ўяўляюць сябе вялікімі, калі гавораць нячыстай, паганскаю мовай ды пры гэтым так балабоняць, што зразумець іх могуць толькі такія самыя балабоны. Затое ж калі просты люд нешта з іх балбатні не спасцігае — яны лічаць гэта за вяршыню мыслення! На іх думку, законы граматыкі занадта вузкія, а таму, маўляў, несумяшчальныя з веліччу святой навукі. Зрэшты, было б дзіўна, каб гаварыць не па правілах было прэрагатывай выключна тэолагаў,— гэты прывілей яны шчодра дзеляць з неадукаванаю чэрню. Тым не менш, багасловы ўяўляюць сябе ледзь не багамі, калі, вітаючыся, людзі называюць іх «magister noster» — насгаўнік наш, бо ў гэтым найменні ім мроіцца не меншы сэнс, чым іудзеям — у іхнім Ягве. 1 таму яны лічаць за вялікі грэх пісаць Magister Noster іначай, як толькі з вялікай літары, а калі нехта яшчэ агаворыцца ды скажа выпадкам «noster magister», дык гэтым ён увогуле збэсціць адразу ўсю іх багаслоўскую веліч!