Пахвала дурасці
Эразм Ратэрдамскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 112с.
Мінск 2006
64. Але чаго я так доўга важдаюся ўсяго з адным прыкладам? Тэолагі, вунь, увогуле маюць права на свой одум разапнуць хоць само неба разам з Святым Пісаннем, як тую шкуру! IІават у апостала Паўла трапляюцца сумніўныя сцверджанні, але, калі хоць трошкі верыць св. Гіероніму, які валодаў ажно пяцйю мовамі, ужытыя ў адпаведным месцы, яны трацяць усю сваю сумніўнасць, напрыклад: дзеля падтрымкі хрысціянскай веры апостал перайначыў надпіс, выпадкова ўбачаны ім на ахвярніку ў Афінах, прапусціўшы ў ім словы, якія не стасаваліся з яго намерам, і працытаваўшы ўсяго толькі два, якія, зрэшты, таксама крыху перакруціў: «Невядомаму Богу». А між тым цалкам надпіс на ахвярніку быў такі: «Багам Азіі, Еўропы і Афрыкі, багам невядомым і чужаземным». Я думаю, гэты прыём паслужыў добрым узорам усім цяперашнім дзей,ям тэалогіі, якія, панаскубаўшы адкуль папала з паўтузіна выслоўяў, а пры патрэбе яшчэ і перакруціўшы іх на свой капыл, потым на іх спасылаюцца, выкарыстоўваючы ў сваіх мэтах; пры гэтым іх зусім не бянтэжыць, што ні папярэдні. ні наступны кантэкст не маюць ніякага дачынення да прадмета абмеркавання ці нават супярэчаць яму. I багасловы робяць гэта з такой самазадаволенай бессаромнасцю,
што нярэдка ім зайздросцяць нават юрысты.
Ды ў чым яны ўвогуле могуць не дастаць поспеху пасля таго, як той, вялікі... — ледзь не збалбатнула яго імя, але зноўку з бояззю прыгадала грэцкую прымаўку,— вывеў з выслоўяў Лукі такую сентэнцыю, якая стасуецца з вучэннем Хрыста, як вада з агнём? Маўляў, у момант найвышэйшае небяспекі верныя слугі мусяць збірацца вакол свайго гаспадара і біцца за яго, колькі стае моцы, бо і Хрыстос, які некалі хацеў вызваліць сэрцы вучняў ад надзеі на ўсялякую такую дапамогу, потым аднойчы ў іх спытаўся, ці мелі яны ў чым нястачу, калі ён паслаў іх прапаведаваць, не даўшы ў дарогу ні абутку, каб абараніць ногі ад шыпоў і камення, ні торбы з ядою, каб наталіць голад. А калі яны сказалі, што ні ў чым не мелі нястачы, Хрыстос прамовіў: «Але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч». Але ж паколькі ўсё хрысціянскае вучэнне грунтуецца на лагодзе, цярпенні і пагарджанні жыццём, каму можа быць няясна, што ён меў тут на ўвазе? Ен хацеў яшчэ больш пазбавіць сваіх пасланцоў ад усяго тленнага і зямнога, каб яны не толькі адмовіліся ад абутку і торбы з ядою, але і адкінулі прэч сваю вопратку і аголеныя, не абцяжараныя нічым прыступілі да пропаведзі Евангелля. I дзеля гэтага ім не патрабавалася нічога, апроч меча, але ж, вядома, не таго, з якім паўсюль шастаюць рабаўнікі й душагубы, а меча духоўнага, які пранікае ва ўсе таемныя глыбіні душы і адным ударам нішчыць нізкія чалавечыя жарсці, так што ў сэрцы застаецца толькі любоў да Бога. Але паглядзіце, калі ласка, як выкручвае хрысціянскае вучэнне гэты знакаміты багаслоў. Паводле ягонай інтэрпрэтацыі, меч — гэта зброя дзеля абароны ад пераследу; а мяшок — увасабленне дастатковага запасу харчоў на выпадак рушэння. Такое ўражанне, нібы Хрысту падалося, што ён не зусім пацарску забяспечыў сваіх прапаведнікаў на дарогу, а таму, перадумаўіпы, адмяніў папярэдні наказ. Выходзіць, ён забыў, што зусім нядаўна называў шчаслівымі тых, каго зневажаюць, ганьбуюць і катуюць, што ён забараняў супраціўляцца злу, бо шчаслівымі
будуць пакорлівыя, а не свавольнікі, што ён раіў жыць, як жывуць вераб’і ды лілеі? Яго раптам апанавала моцнае жаданне адправіць сваіх вучняў са зброяй! I таму ён адразу загадаў ім прадаць адзенне ды купіць кожнаму меч, бо хацеў бачыць апосталаў хутчэй голымі, чым бяззбройнымі. Пад мечам наш тэолаг разумее ўсё, што служыць абароне ад нападу; а пад торбай — усё дзеля забеспячэння жыццёвых патрэб. Такім чынам, гэты тлумачальнік божых запаведзяў узбройвае апосталаў дзідамі, балістамі, прашчамі, бамбардамі і ў такім выглядзе выводзіць на пропаведзь крыжа, а каб яны, чаго добрага, не выйшлі з карчмы, як след не падсілкаваўшыся, ён у дадатак абвешвае іх торбамі, кашамі ды хатулямі. Тэолага не ўражвае той факт, што крыху ніжэй Хрыстос зноў ахайвае меч, які нібыта эаклікаў купіць за такое купіла, і загадвае неадкладна схаваць яго ў похву. Дый апроч таго, нешта ніколі не было чуваць, каб апосталы бараніліся ад лютых паганцаў шчытом і мячом, а яны ж зрабілі б гэта, калі б Хрыстос думаў так, як той інтэрпрэтатар.
А ёсць яшчэ адзін ды не абы які тэолаг, чыйго імя я называць не буду з прычыны глыбокай маёй да яго пашаны. Дык вось ён нечакана перарабіў палаткі, якія згадваў прарок Абакум, кажучы: «Патрэсліся палаткі зямлі Мадыямскай»,— у скуру святога Барталамея! А нядаўна я прысутнічала на адным багаслоўскім дыспуце — я на іх часцяком завітваю,— і там нехта спытаў, дзе ў Святым Пісанні гаворыцца, што ерэтыкоў трэба хутчэй паліць на вогнішчах, чым перамагаць аргументамі ў спрэчцы. Тады падняўся нейкі строгі дзед — тэолаг, калі меркаваць па яго змрочным выглядзе,— і з імпэтам пачаў даводзіць, што гэта было ўзаконена апосталам Паўлам, які сказаў: «Ад ератыка, пасля першага і другога настаўлення на розум, цурайся». Пасля таго, як ён некалькі разоў з напорам прамовіў гэтую фразу, прысутныя пачалі дзівіцца ды падумваць, мо з чалавекам штось здарылася? Але ўрэшце тэолаг растлумачыў: «Ад ератыка цурацца» азначае тое самае, што «ад яго ўхіляцца» ці «яго ўхіляць», або «пазбаўляць ератыка жыцця»! Некаторыя заўсміхаліся, але знайшл-
іся і тыя, хто палічыў гэтае тлумачэнне досыць тэалагічным, і калі апаненты пачалі гучна спрачацца, раптам над імі ўзвысіўся страшны і суровы абаронца і аўтар неабвержных ісцін і кінуў: «Паслухайце мяне. Напісана: «А ліхадзея таго трэба аддаць смерці». Усякі ж ератык — ліхадзей. Адсюль вынікае — і да т. п.». Прысутныя былі ў захапленні ад эрудыцыі тэолага і перайшлі на яго бок, так бы мовіць, нагамі, хоць і абутымі ў чобаты. Нікому з іх не прыйділо ў галаву, што гэты закон тычыцца толькі варажбітоў, чарадзеяў і магаў, якіх габрэі на сваёй мове называлі мэхашэфім, што літаральна перакладаецца як «ліхадзеі». Іначай давялося б караць смерцю яшчэ і за распусту і п’янства.
65. Было б аднак неразумным старацца пералічыць усе падобныя ўзоры, бо ім няма ні канца, ні краю, і нават усіх тамоў, напісаных Хрысіпам і Дзідымам аказалася б мала, каб іх туды ўціснуць. Адзінае, чаго я хацела,— гэта пераканаць вас быць да мяне спагадлівейшымі, бо калі такія вольнасці дазваляюцца высокім боскім настаўнікам, дык ужо мне, тэолагу ліпаваму, і пагатоў можна дараваць, калі я цытую што-небудзь не зусім дакладна. Але ж вернемся да апостала Паўла. «Вы, людзі разумныя, ахвоча церпіце неразумных»,— гаворыць ён, да апошніх залічваючы і сябе. I далей: «Дык прымеце мяне, хоць якога неразумнага» і «Што скажу, тое скажу не ў Госпадзе, а як бы ва ўтрапёнасці». I яшчэ: «Мы неразумныя дзеля Хрыста». Вы чулі, якая пахвала дурасці гучыць з вуснаў такога знакамітага аўтара? Ды ён увогуле лічыць, што дурасць — рэч найпатрэбнейшая і найкарыснейшая: «Калі хто з вас думае быць мудрым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым». I ў Лукі Хрыстос называе «няцямнымі» двух вучняў, да якіх далучаецца па дарозе. Я нават не ведаю, ці трэба здзіўляцца, што святы Павал надзяляе пэўнай крыхаю дурасці і Бога. «Буянае Божае,— кажа ён,— мудрэйшае за людзей». Зрэшты, Арыген у сваіх тлумачэннях пярэчыць таму, што «буянае Божае» можа ўвогуле суадносіцца з меркаваннямі чалавека. Такі самы сэнс укладае і апостал Павал
у сваё выказванне: «Слова пра крыж для пагібельных — юродства ёсць». Але навошта мне так завіхацца, шукаючы ўсякіярозныя сведчанні, калі сам Хрыстос у сваіх святых псальмах гаворыць Айцу: «Ты ведаеш неразумнасць маю».
Дурні ўвогуле не выпадкова так падабаюцца Богу. Я мяркую, прычына тут тая самая, па якой усе ўладары з падазронасцю ставяцца да занадта разумных і нават іх ненавідзяць. Так Юлій Цэзар апасаўся Брута і Касія, але зусім не баяўся прапойцу Антонія, Нэрон ненавідзеў Сэнэку, а Дыянісій — Плятона. Затое ў атачэнні тупіц і невукаў ім было весела. Гэтаксама і Хрыстос асуджае і ўшчувае ўсялякіх мудрауоў, якія надта ганарацца сваёй вучонасцю. Досыць яскрава пра гэта сведчыць Павал: «Бог выбраў буянае свету, каб пасароміць мудрых». Апостал гаворыць, што Бог пажадаў выратаваць сусвет юродствам, бо выправіць яго мудрасцю было немагчыма. Дый Бог сам вуснамі прарока заяўляе: «Я знішчу мудрасць мудрацоў, і розум разумных адкіну». I Хрыстос вельмі Яму ўдзячны за тое, што Ен схаваў тайну выратавання ад мудрацоў, але адкрыў яе дзецям, то бок — неразумным, бо ў грэцкім арыгінале дзеля пазначэння дзяцей якраз ужываецца слова неразумныя, як супрацьпастаўленне мудрайам. Апроч таго, трэба дадаць, што Хрыстос паўсюль у Евангеллі ганіць фарысеяў і кніжнікаў і бароніць цёмны і неадукаваны натоўп. Што яшчэ могуць азначаць ягоныя словы: «Гора вам, кніжнікі і фарысеі», калі не «Гора вам, разумнікі»? Затое ён больш за ўсё цешыўся ў кампаніі з дзецьмі, жанчынамі ды рыбакамі. 1 сярод бязмоўных жывёл яму падабаліся пераважна тыя, якія стаяць як мага далей ад лісінай кемнасці. Таму ён і любіў ездзіць на асле, хоць, калі б захацеў, мог бы асядлаць і льва без ніякай для сябе рызыкі. Дух Святы спусціўся долу ў вобразе голуба, а не арла ці коршака. У Святым Пісанні часта прыгадваюцца ягняты, маладыя алені, лашакі. Дый сваіх верных прыхільнікаў, якім было абяцанае вечнае жыццё, Хрыстос называў «авечкамі», хоць пагадзіцеся, жывёлы дурнейшай за авечку, бадай, не знайсці. 1 ое самае піша і Ары-
стотэль, які тлумачыць выслоўе «авечая галава» надзвычайнай дурасцю гэтай жывёліны і лічыць, што менавіта таму яе імем абзываюць някемных і тупых людзей. Тым не менш, Хрыстос абвясціў сябе пастырам менавіта авечага статку і любіў, нават калі і яго самога называлі «ягнём». У прыватнасці Ян, паказваючы на свайго настаўніка, сказаў: «Вось Ягня Божае». Асабліва ж часта «ягня» згадваецца ў Апакаліпсісе. Дык ці не даказвае гэта, што ўсе смяротныя, у тым ліку і людзі пабожныя, з’яўляюцца дурнямі?
I каб хоць трошкі палегчыць людскую дурасць, Хрыстос сам пагадзіўся прыняць на сябе пэўную яе частку, хоць быў увасабленнем мудрасці Айца. З’явіўшыся ў вобразе чалавека, ён і паводзіў сябе як чалавек. Гэтак сама ён зрабіўся грэшнікам, каб вылечыць людскія грахі, і лячыў іх нічым іншым, як юродствам крыжа, паклікаўшы ў дапамогу няўкліодных і недасведчаных дурняў — апосталаў, якім увесь час настойліва раіў трымацца дурасці і ўсяляк засцерагаў супраць мудрасці. Ен казаў сваім вучням браць прыклад з дзяцей, лілеяў, зерня гарчыцы, вераб’ёў — словам, з таго, што няздольна разумна мысліць і разважаць, што жыве без ніякага клопату, ані ўмельства,— выключна так, як наканавана прыродай. Хрыстос не дазваляе апосталам загадзя абдумваць тое, што яны збіраюцца казаць валадарам; забараняе ім турбавацца за будучы час і момант ці пакладацца на сваю празорлівасць, а патрабуе, каб яны цалкам давяраліся толькі яму аднаму. Т ак колісь і Бог, Творца сусвету, забараніў каштаваць ад дрэва пазнання, нібыта пазнанне атручвае чалавеку ўсё шчасце. He дзіва, што апостал Павал адкрыта ганіць навуку як нешта такое, што вядзе толькі да пагібелі ды фанабэрыі. Мне здаецца, што менавіта пад яго ўплывам св. Бернард і назваў гару, на якой сядзіць Аюцыпар, Гарою Пазнання. У якасці аргумента не лішне таксама прыгадаць, што на нябёсах да дурасці ўвогуле ставяцца заўсёды прыхільна, даруючы ёй любыя аблуды, і вось мудрацу нічога такога не папускаюць ніколі. Таму, саграшыўшы, людзі, нават калі саграшылі сумысля, адразу пачынаюць спасылацца на