Пахвала дурасці
Эразм Ратэрдамскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 112с.
Мінск 2006
Пахвалы мне могуць быць бясконцымі і бязмернымі, але мая прамова павінна мець завяршэнне. Таму буду падводзіць рысу. 1 олькі спачатку сцісла адзначу, што ёсць нямала даволі вядомых аўтараў, якія ўславілі мяне і ў творах сваіх і ў справах. Ато вы яшчэ, чаго добрага, падумаеце, што я толькі сама сабой і любуюся, як тая дурніца. А якія-небудзь гнюсныя крытыкі пачнуць плявузгаць, быццам мне няма на каго спаслацца. Дык вось, як яны ўсё цытуюць, так і я прывяду некаторыя выказванні і нічога пабочнага.
62. Па-першае, усе, бадай, згодныя з шырока вядомаю прымаўкай: «Як не маеш — не май, а выгляд эрабі». Той самы сэнс закладзены і ў радку з верша, якім у нас павучаюць дзетак:
«Наймудрэйшы той, хто ўмее своечасова прыкінуцца дурнем».
Цяпер самі мяркуйце, якое гэта вялікае дабрадзейства — дурасць, калі ўжо адзін толькі яе цень і прывід заслугоўвае пахвалы вучоных. У гэтым сэнсе яшчэ больш шчыра выказаўся той сыты і ўкормлены парсюк з Эпікурава статку, які настойліва рэкамендаваў «у думку разумную дамешваць дурасць», хоць і зусім недарэчна дадаваў пры гэтым: «зрэдку». У другім месцы ён казаў: «Часам і мне падурэць так прыемна». А потым яшчэ прызнаваўся, што, на яго думку, лепш «лічыцца за дурня і кепа, а не мудраца з хмурай пысай».
Дый у Гамэра Тэлемах, якога паэт так прыўзносіць, не раз называўся неразумным дзійём. Дарэчы, гэты эпітэт як сімвал шчасця трагікі ахвотна ўжываюць, апісваючы сваіх герояў-хлоп-
чыкаў і падлеткаў. А пра што апавядае свяшчэнная «Іліяда», як не пра звады шалёных цароў і звар’яцелых народаў? I ўрэшце, якую высокую ацэнку дае мне Цыцэрон, калі піша: «Усё поўніцца дурнямі». А хто не ведае, што чым больш дабро вартаснае, тым лепш, калі яго больш.
63. Зрэшты, можа быць, хрысціянам усе гэтыя паганскія аўтары — не аўтарытэт. У такім разе дазвольце падмацаваць, або, як кажуць вучоныя, абгрунтаваць належную мне пахвалу пэўнымі сведчаннямі са Святога Пісання. Дзеля гэтага загадзя прашу прабачэння ў нашых тэолагаў і прыступаю да справы, спадзеючыся на іхнюю згоду. А справа мая даволі складаная. Аднак, выпраўляючыся ў такую дарогу, было б, мусіць, не зусім прыстойна зноў заклікаць гэліконскіх Музаў, тым больш што яны да гэтай тэмы вельмі далёкія. Ужо калі я вырашыла ўзяць на сябе ролю багаслова і прадрацца скрозь церні тэалогіі, дык лепш, мусіць, паклікаць душу Скота — штуку, зрэшты, яшчэ больш калючую, чым іголкі дзікабраза ці вожыка,і папрасіць, каб яна хоць ненадоўга перасялілася з сваёй любай Сарбоны да мяне ў грудзі, а пасля ўжо няхай ляціць, куды ёй больш собіць, хоць да самога чорта. Было б няблага яшчэ і змяніць аблічча ды паявіцца ў тэалагічных строях, але ж, баюся, мяне абвінавацяць у крадзяжы: сёй-той, крый божа, заявіць, што ў мяне такі богаўгодны выгляд няйначай таму, што я цішком апустошыла скрыні «нашых настаўнікаў». А між тым, нічога дзіўнага ў гэтым факце няма: я так доўга сябрую з тэолагамі (прычым сяброўства ў нас вельмі моцнае), што магла ад іх сяго-таго і прыўласціць — хоць бы як той фігавы бог Прыап, што, слухаючы, як яго гаспадар чытае ўголас кнігу, урэшце пачаў разбіраць і нават вывучыў напамяць некалькі грэцкіх словаў; ці як Лукіянаў певень, які так доўга жыў сярод людзей, што і сам загаварыў па-чалавечы.
Аднак да справы і ў добры час! Эклезіяст у раздзеле першым напісаў: «Мноства дурняў бясконцае». А хіба гэта не значыць, што, называючы яго бясконцым, ён адносіць у тое мноства ўсіх
смяротных, за выключэннем хіба вельмі нямногіх, якіх і бачыць наўрад ці каму выпадала. 3 яшчэ большаю шчырасцю наконт гэтага выказаўся Ерамія ў раздзеле дзесятым, сказаўшы: «Вар’яцее кожны чалавек у сваім веданні». Мудрасць ён прызнае толькі за Богам, а на долю астатніх пакідае дурасць. Крыху раней ён таксама кажа: «Хай не хваліцца мудры мудрасцю сваёю». Але чаму ж, найдабрэйшы наш Ерамія, ты не хочаш, каб ён хваліўся сваёю мудрасцю? А таму, скажа ён, што ніякай мудрасцю ён зусім не валодае. Але вярнуся да Эклезіяста. Калі ён усклікае: «Наймарнейшая марнасць, ўсё марнасць!» — як вы думаеце, ці не разумее ён пад гэтым, што чалавечае жыццё, як я ўжо казала, ёсць нішто іншае, як гульня Дурасці? 1 гэтым ён яшчэ раз падкрэслівае справядлівасць пахвалы, выказанай на мой адрас Цыцэронам ва ўжо працытаваным крылатым выслоўі: «Усё поўніцца дурнямі». А калі другі прапаведнік кажа: «Дурні мяняюцца, як месяц на небе, а мудрэц пастаянны, як сонца»,— ці не мае ён гэтым на ўвазе, што ўвесь род чалавечы — дурны, а званне «мудры» ўласцівае толькі Богу, бо пад месяцам інтэрпрэтатары разумеюць чалавечую прыроду, а пад сонцам — Бога, адзіную крыніцу ўсякага святла. 3 гэтым стасуюцца і словы самога Хрыста, які адмаўляецца ў Евангеллі назваць каго-небудзь добрым, апроч Бога. Адсюль, улічваючы, што той, хто дурныне мудры, а кожны дабрадзей, на думку стоікаў,— мудрэц, робім выснову, што ўсё чалавецтва спачывае ў абдымках дурасці. У раздзеле дзесяты.м «Прытчаў Саламонавых» гаворыцца: «Дурнота — радасць недавумку». Саламон ясна дае зразумець, што без дурноты няма ў жыцці нічога прыемнага. Вось яшчэ падобнае выказванне: «Пры многасці мудрасці, множыцца й скруха; і хто памнажае спазнанне, той памнажае і боль». Такую самую думку славуты прапаведнік выказвае ў раздзеле сёмым: «Сэрца мудрых — у доме жалобы, а сэрца бязглуздых — у доме вясёлым». Та.му ён і не задаволіўся пазнаннем адной толькі мудрасці, а рашыў дапоўніць свае веды, пазнаёміўшыся і са мной. Калі вы сумняваецеся — вось яго
ўласныя словы ў раздзеле першым: «I паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасць уведаць, спасцігнуць шаленства і неразумнасць». Тут варта звярнуць вашую ўвагу, што мяне Эклезіяст паставіў на апошняе месца, а гэта не што іншае, як знак пашаны, бо, як вы самі ведаеце, паводле царкоўнай герархіі, хто першы па сваёй годнасці, той згадваецца заўсёды апошнім,— так яно робіцца паводле Евангельскага настаўлення, якое, ужо не ведаю як у іншых выпадках, але ў гэтым, прынамсі, вытрымана абсалютна слушна. Дурасць напраўду мае большую вартасць, чым мудрасць, і пра гэта яскрава сведчыць ў сваім раздзеле сорак чацвёртым сын Сірахаў, хто б ён сам ні быў. Зрэшты, ягоныя словы, клянуся Гераклам, я працытую вам не раней, чым вы дасцё правільны адказ на маё ўводнае пытанне,— на ўзор таго, як гэта робіць у Плятона кожны, хто ўступае ў спрэчку з Сакратам. Што трэба хаваць старанней — рэчы каштоўныя і рэдкія ці рэчы танныя і агульнадаступныя? Ну, чаго маўчыце? Ды нават калі вы надумаеце хітрыць, за вас адкажа грэцкая прымаўка: Гліняны збан пакідаюць у парозе. А хто ўздумае бязбожна яе аспрэчваць, таму я нагадаю: гэтае выслоўе згадваў нават бог нашых настаўнікаў Арыстоцель. 3 іншага боку, ці знойдзецца сярод вас дурань, які пакіне на вуліцы каштоўнае каменне і золата? Клянуся Гераклам, не знойдзецца. Больш за тое, вы пакладзяце каштоўнасці ў самыя патаемныя спраты ў акаваных жалезам скрынях, а розную дрэнь пакінеце навідавоку. Вось і выходзіць, што ўсё каштоўнае людзі трымаюць у схове і ўсё кепскае выстаўляюць напаказ. Дык ці ж не ясна, што мудрасць, якую той прапаведнік забараняе таіць ад іншых, таннейшая за дурасць, якую ён настойліва раіць хаваць?! Добра, а цяпер паслухайце сведчанне самога аўтара: «Лепшы той чалавек, які хавае сваю дурасць, чым той, які хавае сваю мудрасць». Паводле Святога Пісання, дурань вызначаецца прастадушнасцю, тым часам як мудрэц нікога не лічыць падобным да сябе. Так менавіта я разумею выказванне Эклезіяста ў раздзеле дзесятым: «Па якой бы дарозе дурань ні ішоў, ён, будучы сам дурны, лічыць, што і
другія — такія самыя дурні». Ці ж гэта не ўзор найвыдатнейшай прастадушнасці, калі ў асяродку, дзе ўсякі лічыць сябе выключнай асобай, чалавек прызнае за іншымі такую самую вартасць, як за сабой, і шчыра дзеліць сваю славу з астатнімі. Нават цар Саламон — і той не пасаромеўся менавацца дурнем, сказаўшы пра сябе ў раздзеле трыццатым: «Я болывы невук, чым хто з людзей». Дый Павал, вялікі апостал язычнікаў, таксама ў сваім «Пасланні да Карынфянаў» ахвотна прызнаецца: «У неразуменні кажу: я больш». Нібы гэта такая ўжо ганьба — быць у дурасці большым за іншых.
Але зараз на мне зашумяць грэканісты, якім карціць павыдзёўбваць вочы крумкачам-багасловам (у сэнсе — сучасным тэолагам), ды ачмурыць усіх чадам сваіх каментараў. Да гэтай зграі, займаючы ў ёй калі не першае, дык ужо, бясспрэчна, другое месца, належыць і мой дарагі Эразм, чыё імя, дзеля павагі да яго, я згадваю тут даволі часта. Дык вось, грэканісты закрычаць: «Прыведзеная цытата абсалютна дурная і цалкам дастойная Морыі! Апостал Павал меў на ўвазе зусім не тое, што табе мроіцца. Ен зусім не збіраўся даводзіць, што дурнейшы за астатніх. Апостал проста сцвярджаў: «Яны Хрыстовыя слуті, і я ». Але ж, адчуваючы сябе не толькі роўняй астатнім апосталам у сваім служэнні Евангеллю, але і крыху вышэйшым за іх, Павал дадаў: «Я больш». А каб гэтыя праўдзівыя словы не ўспрымаліся як самахвальства і нікога не прыніжалі, ён прыкрыўся нібыта дурасцю і папярэдзіў: «У неразуменні кажу»,— бо ведаў, што ў гэтым заключаецца прывілей дурняў: казаць, што хочаш, і пры гэтым нікога не крыўдзіць». Ну ды няхай,— пра што ён думаў, калі пісаў тыя радкі, я пакідаю спрачацца грэканістаў, а сама пайду следам за тлустымі, укормленымі і агульнапрызнанымі тэолагамі, з якімі болыйасць вучоных, клянуся Зеўсам, гатовыя нават падзяліць іх аблуды, абы не пагаджацца з трохмоўнымі разумнікамі, нават калі яны і маюць рацыю. Аўтарытэт грэканістаў для гэтых вучоных не большы за аўтарытэт гракоў. Асабліва гэта тычыцца аднаго слаўнага тэолага, імя якога я свядома
змоўчу, каб не даць нашым гракам падставы зноў згадаць ужо цытаваную мной грэцкую прымаўку пра асла і ліру. Камеятуючы разгляданае намі выслоўе: «У неразуменні кажу: я больш»,— гэты багаслоў дзейнічае па ўсіх правілах магістральнай тэалагічнай навукі і прысвячае яму цэлы раздзел, у якім дасягае вяршыняў дыялектыкі і прапануе новае чляненне матэрыялу. Але прывяду словы самога аўтара, аднолькава арыгінальныя як па форме, так па змесце: «Фраза “у неразуменні кажу” азначае, што, калі я, параўноўваючы сябе з псеўдаапосталамі, уяўляюся вам дурным, то буду здавацца яшчэ дурнейшым, калі пастаўлю сябе паперадзе іх». Зрэшты, праз некалькі радкоў гэты тэолаг раптам пераскоквае на іншую тэму, нібыта забыўшыся, пра што сам казаў.