• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пахвала дурасці  Эразм Ратэрдамскі

    Пахвала дурасці

    Эразм Ратэрдамскі

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 112с.
    Мінск 2006
    26.13 МБ
    54.	Са шчасцем тэолагаў мяжуе не меншае шчасце тых, хто называе сябе святымі пустэльнікамі, або манахамі. Але гэтыя назовы — наскрозь ілжывыя, бо ў сваёй большасці манахі вельмі далёкія ад святасці, і ніхто так часта, як яны, не сустракаецца нам паўсюль у самых людных месцах. Мне думаецца, што манахі былі б самымі няшчаснымі, калі 6 я не падтрымлівала іх. Гэтую пароду ўсе праклінаюць. Бытуе павер’е, што і выпадковая сустрэча з манахам прыносіць бяду. Але самі манахі пачуваюць сябе анігадкі. Паводле іх меркавання, вяршыняў пабожнасці дасягае той, хто так далёка трымаецца ад вучоных кніг, што ён нават не навучыўся чытаць. Яны таксама ўпэўненыя, што нясуць вялікую асалоду вушам святых, калі асліным голасам пяюць у храмах некалькі псальмаў, не ўсведамляючы іх сутнасці. Некаторыя манахі, апранутыя ў каравае рыззё, гугнявым каньканнем пад чужымі дзвярыма патрабуюць хлеба. Плоймы гэтай крыклівай браціі запаўняюць гасцёўні, абозы, караблі, наносячы істот-
    ны ўрон іншым жабракам. Сваімі бруднасцю, невуцтвам, нахабствам ялейныя святошы хочуць, як сцвярджаюць самі, прыпадобніцца да апосталаў.
    Вельмі цікавы распарадак жыцця ў манахаў. Усё ў іх робіцца па статуце і выконваецца ледзь не з матэматычнаю скрупулёзнасцю, а ўсякае парушэнне статута — вялікі грэх. Усё загадзя вызначана і прадугледжана: колькі вузлоў павінен мець чаравік, якога колеру мусіць быць габіт і чым ён павінен адрознівацца ад аблачэння іншых, з якой тканіны яго трэба шыць, якімі павінны быць шырыня пояса, форма і памер капюшона, велічыня танзуры. Устаноўлена і колькасць гадзінаў, адведзеных манаху на сон. Калі ўлічыць, якім разнастайным бывае склад цела і розуму ў розных людзей, уся несправядлівасць такой роўнасці адразу робіцца відавочнай. Але якраз гэтая несправядлівасць, гэтае глупства даюць манахам падставу лічыць іншых людзей за нішто, а таксама ненавідзець адзін аднаго. Пакляўшыся ў апостальскай любові да бліжняга, крывадушныя святошы гатовыя змяшаць з граззю таго, хто не так аперазаўся ці надзеў габіт крыху цямнейшага колеру. У сваіх рэлігійных прынцыпах манахі вельмі катэгарычныя: адны абавязкова носяць зверху толькі ваўняную вопратку, а сподняе ў іх палатнянае; у другіх — наадварот, звонку заўжды палатно, а спадыспаду воўна. Некаторыя баяцца дакрануцца да грошай, нібы гэта атрута,. а вось дакрануцца да бутэлечкі з віном ці да жанчыны — тут іх нішто не ўтрымлівае.
    Але больш за ўсё ім рупіць зберагчы самабытнасць свайго жыццёвага ладу. Зрэшты, клопат у іх не аб тым, каб прыпадобніцца да Хрыста, а каб унікнуць падабенства паміж сабою. Значнае месца ў манаскіх забавах займаюць іхнія найменні. Адны называюць сябе «матузочнікамі» і вельмі задаволеныя сваім назовам. У склад «матузочнікаў» уваходзяць «калеты», «мінарыты», «мініміты», а таксама «булісты». Есць яшчэ «бенедыктынцы», «брыгантынцы», «аўгустынцы», «вільгельміты», «якубіты» — нібыта мала проста называцца хрысціянамі. Многія манахі ўраслі ў свае цырымоніі ды людскія забабоны настолькі,
    што ўжо і неба лічаць малой узнагародай за свае заслугі. Яны не думаюць, што Хрыстос, адкінуўшы ўсё астатняе, спытае пра выкананне ўсяго адной сваёй запаведзі, то бок — любові. I ады адзін выставіць сваё чэрава, раэдзьмутае ад усялякай рыбы; друі’і адчэша сто мерак псальмаў, трэці пачне пералічаць процьму пастоў, хоць сам за адну трапезу нашпігуе сваё бруха так, што ледзь не лопне. Яшчэ адзін вываліць столькі абрадаў, што іх ледзь вывезуць сем караблёў. Той пачне выхваляцца, што ажно шэсцьдзесят год не дакранаўся да грошай інакш, як папярэдне нацягнуўшы на руку падвойную пальчатку. А гэты выставіць свой да таго брудны і зашмальцаваны габіт, што яго нават матрос не згадзіўся б надзець. Хтосьці прыгадае, што пражыў, як губка,— ііяцьдзесят пяць гадоў у адным закутку. А хтосьці спашлецца на свой хрыпаты голас, надарваны няспыннымі песнаспевамі. Той вунь ужо і заснуў летаргічным сном ад сваёй самоты, a ў гэтага ад доўгага маўчання адубеў язык.
    Хрыстос прыпыніць іх бясконцае выхвалянне і спытае: «Адкуль гэтая парода новых юдэяў? Я толькі адзін закон прызнаю за свой, але якраз пра яго нічога не чую. Калісьці я адкрыта, без ніякіх іншасказанняў, абяцаў айцоўскую спадчыну не за габіты, не за малітвы і ўстрыманне ад ежы, а за міласэрнасць. Я не ведаю тых, хто быў бы надта добра абазнаны ў сваёй жа чыннасці. Каму карціць здавацца свяцейшым за мяне, хай зойме нябёсы абраксасіяў ці загадае людзям, чые забабоны ён паставіў вышэй за мае запаведзі, каб яны збудавалі сабе новае неба».
    Падумайце, як скрывяцца абліччы манахаў, калі яны пачуюць і пабачаць, што людзі ахвотней водзяцца не з імі, а з матросамі ды рамізнікамі. А пакуль святулі, не без маёй, вядома, дапамогі, шчасліва пачуваюцца ва ўлонні добрых надзеяў. Хоць манахаў аддалілі ад дзяржаўнае справы, але ніхто не адважыцца пагарджаць імі, і ў першую чаргу манахамі-старцамі, якія дзякуючы так званым споведзям ведаюць усе чалавечыя таямніцы. Зрэшты, выдаваць гэтыя таямніцы яны лічаць справай грахоўнай і выключэнне могуць сабе дазволіць хіба толькі на добрым падпітку,
    калі манаху хочацца павесяліць кампанію забаўнымі гісторыямі. Але і тады імёнаў весялун не называе, і толькі дае зразумець, пра каго ідзе гаворка, цьмянымі намёкамі. Аднак кепска прыйдзецца таму, хто раззлуе гэтых шэршняў. У сваіх казанях яны адпомсцяцца чалавеку напоўніцу. Праўда, і тут мсціўцы апісваюць сваіх ворагаў іншасказаннямі, прычым такімі адмысловымі, што пачутага не зразумее толькі зусім пустагаловы. I брахаць яны будуць да таго часу, пакуль не сунеш ім у зяпу смачны кавалак.
    Пакажыце мне камедыянтаў і базарных крыкуноў, якія болей за гэтых здатныя так пацешна і з такой асалодаю імітаваць красамоўства старажытных рытараў. Божа ты мой несмяротны! Як яны жэстыкулююць, як спрытна мяняюць голас, які звонкі выдаюць пошчак, як самаўпэўнена выхваляюцца, як часта мяняюць міну, як ашалела лямантуюць! I гэтыя штукі красамоўства, бы запаветныя таямніцы, перадаюцца ад аднаго браточка-манаха да другога. Мне не дадзена знаць усе гэтыя выкшталцонасці, але я буду расказваць, грунтуючыся на сваіх назіраннях. Найперш, на ўзор паэтаў, манахі звяртаюцца да муз, пасля дудукаюць пра міласэрнасць, пачынаючы пры гэтым ад вытокаў Ніла — ракі, што ў Егіпце. Разважаючы пра таемства крыжа, яны спачатку даволі памысна прыгадваюць вавілонскага дракона Бэла. Мерачыся спрачацца аб пастах, заводзяць найперш размову пра дванаццаць сузор’яў Задыяка. Неяк на адным аўтарытэтным форуме я слухала дурня — прабачце, я хацела сказаць «вучонага»,-дык той муж, жадаючы паказаць сваю эрудыцыю і ўлагодзіць тэалагічныя вушы прысутных, рашыў пайсці зусім новаю пуцявінай. Ен пачаў прамову з таго, што загаварыў пра сутнасць складоў і літар, потым пра дапасаванне назоўніка і дзеяслова. У большасці слухачоў такі аповед выклікаў здзіўленне. Некаторыя нават прыгадалі радок з Гарацыя: «Дзеля чаго ты развёў нудную гэту размову?» Але ўрэшце вучоны прыйшоў да высновы, што правобраз Святой Тройцы заключаны ў граматычных элементах, пра якія пісалі граматыкі. Даказаў ён усё настолькі пераканаўча, што ніякі матэматык не здолеў бы зрабіць
    лепш. Пры складанні прамовы звыштэолаг карпеў над ёю месяцаў восем, ён праз гэта амаль аслеп і ўжо бачыў не болей, чым крот. Вастрыню зроку ён ахвяраваў, каб набыць вастрыню думкі, але аб сваёй слепаце ён не шкадаваў — ён нават лічыў, што набыў сваю славу зусім затанна.
    Слухала я таксама аднаго васьмідзесяцігадовага старца. Ен аказаўся такім заўзятым тэолагам, што здавалася, у ім адрадзіўся сам Скот. Стары меў намер растлумачыць таямніцу Ісусава імя. Са здзіўляльнай вытанчанасцю думкі прамоўца даказваў, што ў саміх літарах гэтага імя тоіцца ўсё, тто магчыма сказаць пра Хрыста. Хрыстова імя мае толькі тры склонавыя формы, што з’яўляецца яскравым правобразам Боскае Тройцы. Апроч таго, пры скланенні першая форма lesus мае канчатак «s», другая lesum — канчатак «т», і трэцяя lesu — канчатак «й». Якраз тут і хаваецца глыбокая таямніца! Менавіта гэтыя тры літары азначаюць, што Хрыстос ёсць summus, medius, ultimus, што значыць пачатак, сярэдзіна і канец. Існавала і яшчэ больш глыбокая тайна, раскрыць якую сталася магчыма з дапамогаю матэматыкі. I эолаг раздзяліў імя lesus на дзве роўныя часткі, паміж якімі заставалася літара «s». Потым ён паведаміў, што ў габрэяў літара «s» пазначаецца сімвалам, які ў іх называецца syn, а на мове шатландцаў Syn азначае «грэх». Адсюль вынікае, што Ісус ёсць той, хто вызваляе сусвет ад граху. Разявіўшы раты ад здзіўлення, усе прысутныя, асабліва тэолагі, слухалі гэтае ўступленне з такою цікаўнасцю, што іх ледзь не спасціг лёс акамянелай калісьці Ніобы, ну а мяне мала не напаткала тая ж злыбяда, што здарылася ў свой час з драўляным Прыапам, калі той назіраў за таемствамі Канідыі і Саганы. Дый не дзіва: хіба калі-небудзь такі зачын можна было пачуць у эліна Дэмасфена ці лаціняніна Цыцэрона? Яны лічылі заганным усякі ўступ, які занадта далёка адыходзіць ад прадмета прамовы. Дарэчы, такога самага меркавання трымаюцца і свінапасы, якіх вучыць сама маці-прырода. А вось нашыя эрудыты ўпэўненыя, што іх прэамбула (так яны мянуюць уступ) акажацца толькі тады красамоўнай, калі яна
    нідзе не будзе мець нічога агульнага з астатняй часткай прамовы. Так што нават замілаваны слухач пачынае ўрэшце бурчаць: «Ну, і куды ён цяпер павядзе?»
    У трэцяй частцы прамовы (дзе зазвычай выкладаецца сутнасць закранутай тэмы) прамоўца згадвае невялічкі ўрывак з Евангелля і, як бы мімаходзь, дае вельмі павярхоўную яго інтэрпрэтацыю, хоць якраз тут яму і трэба было б засяродзіцца. Дайшоўшы да чацвёртай часткі, ён прымае ўжо новае аблічча і фармулюе праблему, якая не мае ніякага дачынення ні да зямлі, ні да неба. Але ж гэтага, на яго думку, патрабуюць законы красамоўства. 1 тут, ужо ўзбіўшыся на вяршыню багаслоўскай балбаталогіі, ён пачынае ўражваць вушы прысутных імёнамі знакамітых дактароў, дактароў выбітных, дактароў найвыбітнейшых, дактароў серафічных, дактароў святых, дактароў неаспрэчных ды іншымі славутымі імёнамі, а потым сыпле на галовы недасведчанаму люду вядомыя і не вельмі вядомыя сілагізмы, канклюзіі, караларыі, найтупейшыя суппазіцыі ды іншую звышсхаластычную лухту. Застаецца пятая дзея. 1 ут неабходна паказаць найвышэйшае майстэрства. I вучоны муж расказвае нейкую бязглуздую, ад навукі надзвычай далёкую байку, запазычаную з «Гістарычнага люстра» ці з «Рымскіх чыннасцяў». Потым ён дае гэтай лухце алегарычную, тропалагічную ды анагагічную інтэрпрэтацыю і такім вось манерам заканчвае сваю хімеру. Падобнае не змог прыдумаць нават Гарацый, калі пісаў: «Галаве чалавечай...» і г. д.