Пад крыжам  Віктар Карамазаў

Пад крыжам

Віктар Карамазаў

Выдавец: Кнігазбор
Памер: 144с.
Мінск 2017
29.41 МБ
Спяшаўся, а сэрца зусім не тое, што было, каб спяшацца, хвалявацца. Задыхаюся.
Фердынанд параіў:
А гэтак не трэба. Хай вучні вас шукаюць. Іх тут, у сталіцы, шмат. Наша майстэрня ўся, мабыць. Да ўсіх не набегаецеся.
Усе тут. Акрамя вас. Але не ўсіх я бачу.
Працуюць?
Гэтаю думкай суцяшаюся. Як серада, свае дзверы адчыняю для ўсіх. Хтосьці прыходзіць. I вы, пакуль тут будзеце, прыходзьце. Буду рады. А цяпер паказвайце, што прывезлі.
Пачнем творчую справаздачу за... год?
Хай будзе так. Калі вы не супраць.
Фердынанд выставіў «Лістападаўскі світанак». Прыгледзеўшыся да карціны, Куінджы параіў зрабіць больш выразным лёд на дарозе, астатняе не чапаць. Па стрыманай рэакцыі не цяжка было здагадацца, што захаплення работа не выклікала і дапрацоўкамі яе не палепшыш, бо недахопы не ў тэхніцы, а ў матыве, мала цікавым. Весці размову далей сэнсу не мела, і Фердынанд прынёс «Зямлю», паставіў побач. На
гэтую карціну Куінджы зрэагаваў адразу, нібыта іншым сэрцам: падхапіўся з крэсла, адышоў далей, як дазваляў пакой, зноў наблізіўся, зноў адышоў. Вочы заблішчэлі, кожны крок і рух былі рашучыя, хуткія. Рукой схапіўся за бараду, нервова пацерабіў, прыгладзіў, як перад люстэркам. Цяпер усё ў ім выдавала задаволенасць.
Рэакцыя на «Світанак», якая б ні была, аўтара не вельмі хвалявала, бо і тады, калі пісаў, не хваляваўся, выпадкова выбраўшы матыў, а тут, ведаючы, як і калі, з якой нагоды ўспыхваў агонь у вачах настаўніка, калі і як хапаўся ён за бараду, сачыў, хвалюючыся, за кожным яго рухам, перажываў і здзіўляўся: чаму маўчыць?
He, вось нарэшце вырвалася:
Ну-у!.. Ма-лай-чы-на!... бліснуў вачмі на вучня, бадзёра, заклаўшы рукі за спіну, прайшоў па пакоі і зноў спыніўся ля карціны. Тая работа мяне, прызнаюся, не сагрэла, а гэтая!.. Ух, горача!.. Я адчуваў заўсёды, што вы шукаеце ў вёсцы. Тут, дзе наш цар жыве, гэтакіх валоў не знойдзеце і не напішаце. У вашым полі, у валах, у мужыку ваша зямля і ваш народ! Ды і не толькі вашы. Адсюль усе мы. Я гэтага ад вас чакаў. Зноў рэзка павярнуўся да Фердынанда, аберуч абхапіў, увесь здрыгануўся, адхіснуўся, раскінуў рукі ўбакі, нібы зноў вучня абдымаючы, ужо разам з яго карцінай. Вось што такое Рушчыц! Зарагатаў, нібы і сапраўды той, на Алімпе, усёмагутны Зеўс, не стрымліваючы агню ў грудзях і голасу.
Нарэшце, даўшы волю сваім захапленням і раптам ад іх стаміўшыся, супакоіўся, сеў і ўжо, адпачываючы, без слоў і ўсялякіх рухаў углядаўся ў карціну.
Фердынанду падалося, што Куінджы чакае ад яго іншых работ. Выйшаў у прыхожую, дзе стаялі эцюды, пейзажныя матывы вясны ды восені, але стрымала думка: кожны прагляд работ вучняў настаўнік любіў спыняць на высокай ноце, а тут, пасля валоў, хоць і прыстойныя па тэхніцы, але звычайныя, нічым не новыя пейзажы, якія маглі збіць з высокай, ад валоў, ноты. Без эцюдаў вярнуўся ў пакой. Куінджы сядзеў у тым самым настроі, углядаючыся ў карціну. Што думаў ён? Можа, усё ж, чакаў штосьці яіпчэ?
Успомніў «Крэва»: а раптам якраз тое, што трэба? Зноў выйшаў, узяў у рукі эцюд: не на выставу вёз сюды, вёз для сябе, каб у вольны час папрацаваць, камусьці блізкаму паказаць, параіцца, што з ім далей рабіць. А хто бліжэйшы, хто можа даць параду лепшую, як Зеўс?
Паставіў «Крэва» з «Зямлёю» побач і адышоў убок.
Эцюд настаўнік заўважыў адразу, але, доўга не разглядаючы, адвярнуўся. Падняўся з крэсла, зашпіліўся на ўсе гузікі, надзеў шапку, руку падаў на развітанне.
Дзякуй. Валоў нікому пакуль што не паказвайце. Прывозьце на развеску.
Застаўшыся адзін у майстэрні, Фердынанд падышоў да крэсла, паклаў рукі на спінку і доўга глядзеў на «Крэва» з той кропкі, з якой глядзеў настаўнік, спрабуючы хоць у нейкай меры адчуць яго нявыказаныя ўражанні. Чаму нічога не сказаў? Эцюд не выклікаў эмоцый, думак?
Радасць ад пачутага пра валоў змяшалася з роспаччу пасля незразумелых уражанняў Куінджы ад эцюда, і ў гэтым стане, блізкім да разгубленасці, Фердынанду падалося, што хтосьці зноў пастукаў у дзверы. Вярнуўся Зеўс, як бывала неаднойчы, калі, чымсьці ўсхваляваны, выходзіў з майстэрні і ў хуткім часе з’яўляўся зноў, каб штосьці яшчэ сказаць або яшчэ раз паглядзець на нейкую работу вучня? Фердынанд паспяшаўся адчыніць дзверы: за парогам стаяў мужчына ў блішчастым футры, нібы святлом ад месяца аблітым, пад высокай, часоў Івана Грознага, шапкаю баярына з тым самым срэбным бляскам. Ён шапку падкрэслена-ўрачыста зняў, пакланіўся, стрымана ўсміхнуўся і сказаў:
Мяне вы, бачу, не пазнаяце?.. Я Дзягілеў.
Ах!.. спахапіўся Фердынанд. Вы ўжо тут? Я атрымаў ваш ліст. Удзячны за прапанову.
I я таксама вам удзячны, што пагадзіліся, як бачу, прыняць удзел у нашай выставе. 3 дарогі адпачываеце? Калі я тут не ў самы спрыяльны час, прашу дараваць. Выстава гатовая да адкрыцця. Спяшаўся ўбачыць вас і вашы новыя работы.
Пераступіўшы парог і, як не пачуўшы прапановы зняць футра, госць адразу, нібы ў знаёмай яму кватэры, прайшоў
у майстэрню, дзе на падлозе ля сцяны стаялі карціны, якія Фердынанд паказваў Куінджы. Знаёміць з «Зямлёю» не хацеў, падрыхтаваўшы яе на галоўную для сябе акадэмічную выставу, тым болып, што Куінджы не толькі бачыў, але і блаславіў. Ды госць ужо спыніўся ля карціны. Прыбраць з вачэй спазніўся, і выйсце з непрыемнага становішча цяпер было адно: хутчэй звярнуць уваіу на «Лістападаўскі світанак», што і зрабіў, паставіўшы работу бліжэй да «Зямлі». Углядаючыся то ў адну карціну, то ў другую, госць не спяшаўся выказацца пра іх і пацікавіўся, ці ёсць зімовыя матывы, успомніўшы ды ўхваліўшы леташні заледзянелы «Млын». Фердынанд паказаў на «Крэва». Госць слізгануў па ім вачыма, не зачапіўся і зноў павярнуўся тварам да карцін.
Поле з валамі? Арыгінальна. Але, прызнаюся, я гэтакага не бачыў ні ў натуры, ні ў мастацтве. Магчыма, што тэма для кагосьці значная, але... Яшчэ нібы меў штосьці пра валоў сказаць, ды не адважыўся, загаварыў пра «Лістападаўскі світанак»: Ёсць рух паветра. Падабаецца карэта. Але дарога, снег... Тут шмат алеаграфічнага, невыразнага. Хацелася б убачыць матыў цалкам зімовы.
Былі яшчэ ў Фердынанда тры эцюды, якія не паказаў Куінджы, каб не псаваць яму настрою ад валоў, але з Дзягілевым размова ладзілася іншая прынёс, і госць павесялеў адразу:
Ну што ж вы ад мяне хавалі гэты цуд? Вось тое, што трэба. Прырода ў маім настроі. Бяру. Усе тры. Іх пастарайцеся прывезці сёння або заўтра як раней.
Работы Фердынанд развёз, што у Акадэмію, што да Дзягілева, пакінуўшы ў сваёй майстэрні «Крэва». Праз дзень адкрыўся вернісаж у Дзягілева, але быць там не змог: прастудзіўся на пранізлівым гарадскім ветры і да вечара вымушаны быў дома лячыцца гарачым малаком з содай. Праўда, пазней прыехаў знаёмы лекар, забраў да сябе і ў яго, пад доктарскім наглядам ды яшчэ і пад музыку Шуберта, з прыемнасцю і карысцю правёў увесь вечар.
Выставу Дзягілева наведаў на другі дзень. Свае работы нечакана ўбачыў паміж работ вядомых у Еўропе майстраў
жываііісу нарвежца Таўлава і француза Менарда. Вочы кідаліся то да свайго, то да чужога, сваё з чужым параўноўваў і спачатку хваляваўся, як сціплы вучань перад строгімі настаўнікамі, а пасля, калі чужымі работамі надакучыла экзаменаваць свае, супакоіўся, нават сабою задаволены. Гледачоў было не вельмі, але знаёмых мастакоў, былых калегаў па Акадэміі, заўважаў, здзіўляўся, што нібы не пазнаюць, не падыходзяць.
Едучы сюды, амаль год не быўшы ў сталіцы, уяўляў, якія шчырыя размовы будуць з калегамі па мастацтве. А што даў хоць і гэты, на выставе, дзень? Вастрэй, чым нават у вёсцы, адчуў, што тут цябе забылі, ты ўжо нікому не патрэбны. З’явілася ў галаве нават і помслівая думка ў адказ: ну дык і мне ніхто тут не патрэбны. Але адразу спахапіўся: як гэта ніхто? А Куінджы? А Пурвіт? Зеўс у сэрцы непахісны. I Пурвіт. Яго цяпер у сталіцы не было ад Зеўса ведаў. Але прыедзе. Без яго акадэмічная выстава не адкрыецца.
Апошняя думка крыху суцешыла. А тут і запрашэнне прыйшло на польскі баль. Візіты па гэтакіх запрашэннях рабіў раней, студэнтам Акадэміі, ад іх меў немалую асалоду, бо там заўсёды бачыў даволі шмат паненак, быў сярод іх у фуроры як малады мастак, па густу ім і з выгляду, і вольнымі манерамі, і вострым словам. 3 прыемнасцю, забыўшы на сваю самоту, пайшоў на баль, як у тыя маладыя дні. Але...
Таго, што было раней, і там таксама не ўбачыў, не адчуў. Цяпер усе былі чужыя па думках, па настроях, нават знаёмыя былыя, і ён зрабіўся ім чужы. Былі, як і раней, паненкі, але ўвага іх цяпер была да афіцэраў, да маладых банкіраў і чыноўнікаў, мастак нікога не цікавіў. Вярнуўшыся дадому, сказаў сабе: усё тое не маё, мяне там больш не будзе.
А раніцай прачнуўся і не адразу нават успомніў, дзе бавіў надоечы свой вольны вечар. Ляжаў, пакуль увагу не звярнуў на дзіўнае, нібы ад навагодняй ёлкі, святло ў акне. 3 ложка ўсхапіўся. Снег ціха сыпаў за акном на маставую, і ад яго паветра ў майстэрні зыбалася, як жывое. Вочы натрапілі на «Крэва». Дзіўна-празрыстыя, драбнютачкія цені гулялі па палатне ў загадкавай, без хоць якога ветру, завірусе. Бачыў як перапісаную невядома кім за ноч карціну.
Выйшаў на кухню, заварыў каву. 3 гарачым кубачкам у руках вярнуўся да акна. Снег яшчэ сыпаў. Глядзеў то на яго, на снежнае паветра, то на «Крэва» ў рухомым ранішнім святле і адчуваў паміж іх, праз акно, паразуменне. Душою адчуваў, а выказаць не мог.
Калі яшчэ раз позірк ад эцюда перакінуўся на той, што за акном, пейзаж са снегам, заўважыў зусім блізка, адразу за акном, жанчыну. У доўгім паліто, якое не магло схаваць яе прывабнай маладой фігуркі, яна стаяла прысыпаная снегам, нібы снягурка з казкі, а твар пад капялюшыкам за белаю парошай не хаваўся, быў ясны, нібыта снег яна ўвесь час з яго змятала чырвонай рукавічкай, якую трымала ў руцэ ля вуха, і ён, не толькі прывабны, але, як падалося, яшчэ і смелы, магчыма нават дзёрзкі, уважліва ўглядаўся ў акно на мастака, нібыта штосьці хацеў убачыць і сказаць.
Рукі з кубкам апусціўшы на падаконнік, вачэй не мог адвесці ад пэўна ж яшчэ паненкі. Яна яму ўсміхнулася ён адказаў усмешкай. Яе прывабнасць затрымалася на твары ён разгубіўся: твар быў знаёмы. Але раней дзе яго бачыў? Доўга не гадаючы ўпоцемку сваіх успамінаў, з кватэры пад снег выбег у адной сарочцы.