Пад страхам смерці
Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
Мэгрэ і паварухнуцца не мог. Ляжаў у лужыне, на краі бясконцага прасцягу...
Напэўна, яны разап’юць цяпер там, на шхуне, бутэльку джыну — для настрою. Хто-небудзь падкіне ў печ пару брыкецін.
Адзін стаіць каля руля... Астатнія ляжаць у сырых ложках.
Чамусьці здавалася, што сярод кропляў, якія сцякалі па твары, адна была саланейшая за іншыя.
Вялікі і дужы чалавек, бадай, самы мужны ва ўсёй крымі-
нальнай паліцыі Францыі, ляжаў каля кнехта, на краі пірса — і разумеў, што знайсці яго змогуць, відаць, толькі раніцай.
Калі б ён мог павярнуцца, дык убачыў бы маленькі драўляны будыначак «Марацкага прытулку», у якім нікога ўжо не было.
XI. ВОДМЕЛЬ «ЧОРНЫЯ КАРОВЫ»
Мора хутка адступала. Мэгрэ чуў, як біліся хвалі — спачатку ў канцы пірсаў, потым далей, на пясчаным беразе, з якога сплывала вада.
Як заўсёды, з адлівам аціхаў і вецер. Стрэлы дажджу радзелі, і калі на досвітку пачалі святлець самыя нізкія хмары, начны лівень ператварыўся ў імжысты дождж, яшчэ больш халодны.
Пакрысе з цемры выступала ўсё, што патанула ў ёй ноччу. Угадваліся касыя мачты рыбацкіх лодак, што ляжалі цяпер, у адліў, на прыбярэжнай ціне.
Дзесьці вельмі далёка ад берага мыкалі каровы. Царкоўны звон нягучнымі ўдарамі сціпла заклікаў да ютрані — значыць, было ўжо сем гадзін.
Але трэба было яшчэ чакаць: дарога ў царкву праходзіла не цераз порт. Шлюзаўшчыкам да пачатку прыліву няма чаго тут рабіць. Хіба што мог завітаць выпадкова які-небудзь рыбак... Ды толькі наўрад ці нават і рыбакі вылазяць з ложка ў такое надвор’е...
Цяпер, думаў Мэгрэ, ён, мусіць, падобны на мокрую груду ануч... Камісар уяўляў сабе ўсе ложкі Вістрэама, самавітыя драўляныя ложкі з вялізнымі пухавікамі, у якіх пад цёплымі коўдрамі ляніва песцяцца жыхары гарадка, непрыязна паглядаючы на бледны прамавугольнік акна. I, бадай што, кожны з вістрэамцаў усё адцягвае і адцягвае той момант, калі прыйдзецца ўсё ж нарэшце ступіць на халодную падлогу босымі нагамі.
Цікава, ці спіць яшчэ Люка? Можа быць, яго таксама звязалі?.. Інакш як растлумачыць тое, што ўначы на борце 114
«Сэн-Мішэля» з’явіўся нейкі іншы чалавек — напэўна, Марціно?.. Або... мэр?!. Ці ёсць яшчэ які-небудзь удзельнік гэтай заблытанай гісторыі?..
Пакуль што камісар абмалёўваў сабе сітуацыю так: Жану Марціно ўдалося нейкім чынам вызваліцца з-пад нагляду інспектара. Пасля Марціно падышоў да «Сэн-Мішэля» і пачуў яго, Мэгрэ, голас. Цярпліва чакаў, калі хто-небудзь выйдзе на палубу. А калі Вялікі Луі высунуў галаву з люка, нарвежац даў яму знак — можа, шапнуў, можа, перадаў запіску — як паводзіць сябе далей.
Зрабіць астатняе было няцяжка. Шум на палубе. Пасылаюць наверх Сэлестэна. Той перагаворваецца з Марціно. А пачуўшы галасы, нельга было не выбрацца з кубрыка.
I як толькі ён высунуўся з люка, двое наверсе заткнулі яму рот, а Ланэк і Луі звязалі рукі і ногі.
Цяпер шхуна, пэўна, далёка ад зоны тэрытарыяльных водаў, якую аддзяляюць ад берага толькі тры мілі. Калі толькі яны не зойдуць у якісьці французскі порт, што малаверагодна, затрымаць іх будзе ўжо немагчыма.
Мэгрэ не варушыўся, бо пры кожным руху пад паліто цякла вада.
Прыціснуўшы вуха да зямлі, ён чуў розныя гукі, пазнаваў іх адзін за адным. Так ён пазнаў шум помпы ў Жарысавым садзе.
Значыць, Жулі ўстала. Надзела сабо і пайшла пампаваць ваду, каб памыцца. Але ўсё роўна дзяўчына нікуды не пойдзе з дому.
Крокі... Нейкі чалавек перайшоў мост і ступіў на мураваны пірс... Ішоў ён павольна... Кінуў нешта ў лодку, мусіць, звязку вяровак...
Рыбак?.. Мэгрэ з цяжкасцю павярнуў галаву і ўбачыў яго метраў за дваццаць ад сябе. Чалавек збіраўся спусціцца па жалезнай лесвіцы, што вяла ў мора. Нягледзячы на кляп, камісару ўдалося ціха прастагнаць.
Рыбак азірнуўся, убачыў чорную груду, доўга і недаверліва пазіраў на яе, нарэшце рашыўся падысці.
— Што вы тут робіце?
Ен, відавочна, чуў пра меры засцярогі, неабходныя пры выяўленні злачынства, бо памяркоўна сказаў:
— Мусіць, трэба спачатку пашукаць паліцыю.
Але кляп усё ж такі выняў. Камісар пачаў тлумачыць, што з ім здарылася, і рыбак не надта ўпэўнена стаў развязваць вяроўкі, лаючы таго, хто завязаў такія мудрагелістыя вузлы.
У шынку служанка расчыніла аканіцы. Мора па-ранейшаму было неспакойнае, хоць вецер і сціх. Але яно ўжо не шумела так раз’юшана, як ноччу. Хвалі з адкрытага мора дасягалі на пясчаных водмелях трох метраў вышыні і разбіваліся з глухім грукатам — стваралася ўражанне, што трасецца зямля.
Рыбак, невысокі, зарослы барадою стары, усё яшчэ глядзеў на Мэгрэ з недаверам, не ведаючы, што рабіць.
— Трэба было б усё ж паведаміць пра вас у паліцыю.
— Ды кажу ж вам, што я сам паліцыя — толькі ў цывільным!
— Жандар у цывільным? — перапытаў стары.
Яго позірк слізнуў па паверхні мора, прабег па лініі гарызонта і спыніўся раптам на нейкай кропцы справа ад пірса, у кірунку Гаўра. Праз якую хвілінку стары перавёў спалоханыя вочы на Мэгрэ.
— Ну, што там такое?
Рыбак быў такі ўсхваляваны, што не адказваў. Камісар усё зразумеў, як толькі глянуў на небакрай.
Вістрэамская бухта абязводнела. На адлегласці больш чым мілі скрозь віднеўся пясок, колеру спелага жыта, і толькі недзе ўдалечыні бушавалі яшчэ белыя ад шуму хвалі.
Справа ад пірса, прыкладна з кіламетр, сядзела на мелі нейкае судна. Адна яго палова ляжала на пяску, другая заставалася ў вадзе. Хвалі з сілаю разбіваліся аб яго корпус.
Дзве мачты, адна з якіх — квадратная. Шхуна з Пэнполя. Відаць, «Сэн-Мішэль».
У тым баку ўсё было мярцвяна-бледнага колеру: мора і неба зліваліся.
У гэтай шэрані вылучалася чорнаю кропкаю судна, якое села на мель.
— Надта позна выйшлі ў мора пасля прыліву,— заўважыў уражаны відовішчам рыбак.
— Такое часта бывае?
— Здараецца! Вада ў праходзе стаяла нізка. Вось іх і выкінула цячэннем ракі на водмелі «Чорных кароў»...
Наўкол — панурая цішыня. У імжыстым дажджы паветра здавалася ватным. Гледзячы на судна, якое выступала з вады, цяжка было ўявіць, што яго экіпажу пагражала якаясьці небяспека.
Але калі яно села на мель, мора яшчэ даставала да дзюнаў. He менш дзесяці радоў раз’юшаных хваляў!
— Трэба папярэдзіць начальніка порта...
Дробная дэталь: рыбак машынальна павярнуўся да Жарысавага дома, пасля паволі вымавіў:
— Праўда што...
I пайшоў у другі бок. Шхуну, мабыць, прыкмецілі з іншага месца, хутчэй за ўсё з царкоўнага цвінтара, бо да іх набліжаліся капітан Дэлькур і яшчэ трое. Начальнік порта паціснуў камісару руку, не прыкмеціўшы нават, што той прамок да ніткі.
— Я ж ім казаў!
— Яны папярэдзілі, што выходзяць?
— He. Але калі я ўбачыў, як яны тут швартуюцца, дык падумаў, што яны не будуць чакаць прыліву. Ну, і параіў Ланэку сцерагчыся цячэння...
Ішлі па пяску, па лужынах, ногі загразалі па шчыкалаткі. Дабраліся з цяжкасцю, страціўшы шмат часу.
— Гэта ім небяспечна? — спытаўся Мэгрэ.
— Іх ужо няма на борце! Інакш яны падавалі б сігналы трывогі, узнялі б флаг бедства,— адказаў Дэлькур.
I раптам заклапочана дадаў:
— Вось толькі шлюпкі ў іх не было... Памятаеце?.. Калі параход прывёў шлюпку, яе паставілі ў шлюз... 117
— Ну і што вы думаеце?
— Значыць, дабраліся да берага плывам... Ці хутчэй за ўсё...
Дэлькур адчуваў сябе ніякавата. Яго нешта трывожыла.
— Дзіўна, што яны не паставілі шхуну на падпоры, каб яна не легла на борт... Калі толькі адразу не перавярнулася... Ну і ну!..
Падышлі бліжэй. Камісар канчаткова зразумеў, у якой бядзе апынулася судна. Бачны быў зялёны кіль, да якога прыліплі ракаўкі.
Маракі ўжо разглядвалі шхуну з усіх бакоў, шукалі пашкоджанні, але нічога не знаходзілі.
— Проста селі на мель...
— Нічога сур’ёзнага?
— 3 бліжэйшым прылівам буксір выцягне — не сумняваюся... He разумею толькі...
— Чаго вы не разумееце?
— Чаму яны пакінулі судна... Хлопцы не з баязлівых... Дый ведаюць, што шхуна многае можа вытрымаць... Вы паглядзіце толькі, што гэта за судна!.. Гэй, Жан-Баціст!.. Схадзі пашукай лесвіцу...
Без лесвіцы немагчыма было залезці на шасціметровы борт нахіленай шхуны.
— He трэба!
Са шхуны звешваўся парваны вант. Зачапіўшыся за яго, Жан-Баціст ускараскаўея па ім, нібы малпа, пагайдаўся колькі секунд у паветры і саскочыў на палубу. Праз некалькі хвілін ён спусціў уніз канец вяровачнай лесвіцы.
— На борце нікога?
-— Нікога!
На беразе за некалькі кіламетраў віднеліся дамы гарадка Дзіў, заводскія трубы. Можна было разгледзець абрысы Кабура, Улгата, скалісты выступ, за якім хаваліся Давіль і Трувіль.
Каб выканаць да канца свой абавязак, Мэгрэ падняўся па лесвіцы. Але адчуў сябе на нахіленай палубе не надта
ўпэўнена. Адчуванне небяспекі было большае, чым на маленькім судне ў час страшнага шторму!
У кубрыку — асколкі разбітага шкла, расчыненыя шафы...
Начальнік порта не ведаў, што і рабіць. Шхуна ж не была яго ўласным суднам! Пачынаць здымаць яе з мелі, выклікаць буксір з Трувіля, узяць на сябе адказнасць за ўсё, што трэба рабіць у такім выпадку?
— Калі пакінуць тут шхуну да наступнага прыліву — капцы! — змрочна сказаў Дэлькур.
— Добра, паспрабуйце зрабіць усё, што ў вашых сілах... Скажаце, што гэта я загадаў...
Ніколі яшчэ дагэтуль трывога не была такая цяжкая, не прыгнятала так, як цяпер. Людзі міжволі паглядвалі ў бок пустынных дзюнаў, усё роўна як чакалі, што адтуль з'явяцца Ланэк, Вялікі Луі, Сэлестэн...
I дарослыя і дзеці ішлі з вёскі ў порт. Калі Мэгрэ падыходзіў да Вістрэама, насустрач яму выбегла Жулі.
— Гэта праўда?.. Яны пацярпелі крушэнне?..
— He... Селі на мель... Такі дужы хлопец, як ваш брат, павінен быў выбрацца...
— Дзе ён?
Ніякавата адчуваў сябе камісар у гарадку. Толькі ён падышоў да гатэля «Універсаль», гаспадар спытаў:
— Я яшчэ не бачыў двух вашых сяброў. Будзіць іх?
— He трэба...
Мэгрэ сам падняўся ў нумар Люка, які ляжаў на ложку, звязаны гэтаксама надзейна, як і Мэгрэ якую гадзіну назад.
— Зараз усё растлумачу...
— He трэба!.. Хадзем...
— Есць што новае? Ну і змоклі вы!.. Дасталася вам, відаць...
Мэгрэ прывёў яго на пошту насупраць у верхняй частцы гарадка. Тыя, хто мог, беглі на бераг, астатнія стаялі на ганках.
— Ты што, абараніцца не змог?
— Ен мяне на лесвіцы скруціў... Падымаліся на другі
паверх... Ен ішоў ззаду... Раптам схапіў мяне за нагу — і ўсё гэта здарылася так хутка, што я і пальцам не паспеў варухнуць. Вы ж яго бачылі!