Пад страхам смерці
Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
— Угу. Потым ён зрэдку заходзіў да мяне. I кожны раз прыносіў які-небудзь падарунак, цукеркі маме.
Толькі цяпер Мэгрэ здагадаўся, чаму старая ўвесь час глядзела на яго з расчараваннем. Госці, напэўна, прыносілі ёй салодкае, а ён прыйшоў з пустымі рукамі. Наступным разам трэба будзе прыйсці з цукеркамі, падумаў ён.
— Ен не гаварыў пра сваіх новых знаёмых?
— Якіх новых знаёмых?
— Па працы.
— He.
— А не казаў, у якім квартале працуе?
— 3 усіх вуліц ён згадваў толькі адну — Бондзі. Ен туды часта заходзіў. Паглядзець, ці не разбурылі яшчэ наш дом. Дом стаяў, як і раней, і пан Луі ўсё шкадаваў: мы маглі б яшчэ й дагэтуль працаваць там.
Пазванілі. У краму ўвайшла жанчына. Панна Леон, выцягнуўшы шыю, паглядзела на яе.
— He хачу вас болей затрымліваць,— узняўся Мэгрэ.
— Заўсёды буду вам радая.
— Дзякую.
Мэгрэ ўзяў з прылаўка свой капялюш і выйшаў.
— Куды паедзем, шэф? — спытаўся вадзіцель.
— У бліжзйшы бар.
— Дык тут зусім побач, насупраць крамы.
Але Мэгрэ было б няёмка, калі б ён адразу ж пасля сустрэчы зайшоў у бар на вачах у панны Леон.
— Праедзем куды-небудзь далей.
Цяпер яму трэба было патэлефанаваць пану Каплану і знайсці па адраснай кнізе пана Сэмброна.
А раз ужо дзень пачаўся з кальвадосу, то ён вырашыў выпіць яшчэ кілішак.
3. ЯНКА ЎСМЯТКУ
Мэгрэ паабедаў у піўной «Дэльфін», за сваім улюбёным кутнім столікам. У яго не было ніякай тэрміновай справы, і ён мог бы паесці дома, але хацелася пабыць аднаму. Як заўсёды ў гэты час тут пацягвалі аперытыў інспектары з набярэжнай Арфэўр. Яны скосу пазіралі на камісара, a ён глядзеў праз акно на Сену.
Інспектары моўчкі пераглянуліся. Яны былі з іншага аддзела, але добра ведалі камісара. Калі паходка ў Мэгрэ рабілася цяжкая, позірк — туманны, а выгляд — пануры, усе разумелі, што ён разгадвае нейкую галаваломку. Нехта мог усміхнуцца, але кожны паважаў яго, бо ведаў: рана ці позна злачынца будзе знойдзены і прызнае сваю віну.
— Цяляціна ў вас сёння добрая?
— Вядома, пан Мэгрэ. Хочаце піва?
— He. Паўбутэлькі чырвонага бардо.
Ен заказаў віно толькі таму, што прапанавалі піва. Калі б яму прапанавалі віно, ён пэўна папрасіў бы піва. Мэгрэ быў раздражнёны пасля наведвання Сэмброна.
А было ўсё так.
Спачатку ён патэлефанаваў Максу Каплану, але яму адказалі, што той паехаў у Анціб, на сваю прыморскую вілу, і калі вернецца ў Парыж, невядома. Тады Мэгрэ і накі-
раваўся да Сэмброна, на набярэжную Межысэры. Каб прайсці ў дом, дзе жыў стары бухгалтар, камісару прыйшлося праціснуцца паміж клеткамі з выстаўленымі на продаж птушкамі, што займалі амаль увесь тратуар.
— Дзе жыве пан Сэмброн? — запытаўся ён у кансьержкі.
— На самым версе. Вы не памыліцеся.
Дарэмна ён шукаў ліфт. Яго не было. Прыйшлося ўздымацца пешшу. Дом быў стары і брудны. На апошнім, сёмым паверсе слаба свяціла лямпачка. Побач з адзінымі на пляцоўцы дзвярыма вісеў шнур. Мэгрэ пацягнуў за яго, і з кватэры пачулася слабае дзіньканне званочка, потым — крокі. Дзверы адчыніліся, і камісар убачыў амаль прывідны твар — неверагодна худы і бледны, зарослы белым шчаціннем. Вочы ў старога слязіліся.
— Пан Сэмброн?
— Ен самы. Будзьце ласкавы, заходзьце.
Нават такую кароткую фразу ён не змог прамовіць як след: пачаўся прыступ кашлю, які глуха аддаваўся ў яго ў грудзях.
— Выбачайце. У мяне бранхіт...
У кватэры стаяў нейкі непрыемны саладжавы пах. Чулася, як шыпіць газавая гарэлка, кіпела вада.
— Камісар Мэгрэ. Крымінальны вышук.
— Я ведаў, што вы прыйдзеце да мяне. Вы ці хто-небудзь з вашых інспектараў.
Пасярод стала, накрытага стракатым абрусам, які цяпер можна было купіць хіба што ў барахольшчыка, ляжала газета, разгорнутая на той самай старонцы, дзе было кароткае паведамленне аб смерці Турэ. Побач з газетаю стаялі талерка, шклянка з вадою, трохі падфарбаванай віном, ляжаў невялікі кавалак хлеба.
— Вы, здаецца, збіраліся абедаць?
— Нічога, я не спяшаюся.
— Я вас прашу, не звяртайце на мяне ўвагі.
— Цяпер ужо ўсё роўна: маё яйка зварылася ўкрутую.
Усё ж стары пайшоў па яго на кухню. Гарэлка перастала шыпець.
— Сядайце, пан камісар. Толькі лепш распраніцеся. 3-эа свайго бранхіту, ён у мяне застарэлы, я мушу залішне паліць грубку.
Напэўна, ён быў таго ж узросту, што і маці панны Леон, да таго ж яго ніхто не даглядаў. Можа, сюды ніхто і не заходзіў. Адзінай радасцю старога ў гэтым жытле мусіў быць від з акна на Сену і на кветкавы базар.
3-за прыступаў кашлю, дый з-за таго нават, што стары еў сваё яйка неверагодна марудна, размова з ім доўжылася сама меней паўгадзіны.
Але пра што новае даведаўся ўрэшце Мэгрэ? Стары паўтарыў усё тое, што сказалі ўжо кансьержка і панна Леон.
Закрыццё фірмы Капланаў для яго таксама стала катастрофаю, ён нават не стаў шукаць новае месца працы. Праўда, у яго былі сякія-такія грошы. Ен збіраў іх гадамі і думаў, гэтага хопіць, каб забяспечыць сабе адзінокую старасць. Але з-за інфляцыі яму іх цяпер хапала толькі на тое, каб не памерці з голаду.
— Добра яшчэ,— сказаў стары,— што ў мяне ёсць дах над галавою. Я жыву тут ужо сорак гадоў.
Ен быў удаўцом, дзяцей не меў, родных не засталося.
Яйка было, магчыма, падумаў Мэгрэ, ягонай адзінай штодзённай ежаю.
Аднак, калі пан Турэ прыйшоў да яго, ён не вагаючыся пазычыў яму грошы.
— Ен сказаў мне, што для яго гэта пытанне жыцця і смерці, і я зразумеў, што гэта сапраўды так. Праз некалькі месяцаў ён мне ўсё аддаў.
А калі б Турэ не вярнуўся? На якія грошы купляў бы тады стары сваё штодзённае яйка? Ці ж не баяўся ён гэтага?..
— Пан Луі да вас часта заходзіў?
— Два ці тры разы. Першы раз, калі прынёс грошы. Ен падарыў мне тады пенкавую люльку.
Стары ўзняўся, каб узяць люльку з паліцы і паказаць яе. Тытунь ён, мабыць, таксама эканоміў.
— А калі вы яго бачылі апошні раз?
— Тыдні тры назад, на лаўцы на бульвары Бон-Нувэль.
Мабыць, стары бухгалтар прыходзіў у гэты квартал таксама як паломнік — паўспамінаць мінулае.
— Вы з ім тады гаварылі?
— Я прысеў побач. Ен хацеў пачаставаць мяне шкляначкай у суседнім кафэ, але я адмовіўся. Помню, быў сонечны дзень. Мы пагаманілі з ім не ўстаючы.
— Скажыце, а на ім былі жоўтыя чаравікі?
— He звярнуў увагі.
— Ен не казаў вам, чым займаецца?
Сэмброн пакруціў галавою. Мэгрэ адчуваў, што стары, як і панна Леон, меў да нябожчыка вельмі цёплае пачуццё. Сімпатычны, відаць, быў чалавек гэты Луі Турэ,— камісар міжволі пачынаў шчыра яго шкадаваць, нібыта ведаў раней, а бачыў жа толькі застылы твар, здзіўлены смерцю.
— Як жа вы развіталіся?
— Мне здалося, што нехта ходзіць вакол лаўкі і робіць пану Турэ нейкія знакі.
— Мужчына?
— Мужчына. Сярэдніх гадоў.
— Што ён з сябе ўяўляў?
— Такія звычайна сядзяць на бульварах на лаўках. Нарэшце ён падсеў да нас, але не загаварыў. Тады я пайшоў. Калі я азірнуўся, яны гаварылі.
— Па-сяброўску?
— Ва ўсякім разе, мне здалося, яны не спрачаліся.
Вось і ўсё, пра што даведаўся Мэгрэ.
Калі ён вярнуўся ў камісарыят, яму пазваніў суддзя Камельё:
— Сёння ўранку пракурор перадаў мне справу Турэ і сказаў, што расследаваннем займаецеся вы. За што-небудзь ужо зачапіліся? Рабаўніцтва, я мяркую?
— Магчыма.
— Сям’я патрабуе выдачы цела. Я не магу гэтага дазволіць без вашай згоды.
— Доктар Поль ужо агледзеў труп?
— Я толькі што гаварыў з ім. Нож прайшоў наскрозь і прабіў левы жалудачак сэрца. Смерць была імгненная.
— Ніякіх іншых раненняў ці слядоў ад удараў?
— Ніякіх.
— He бачу неабходнасці замінаць таму, каб сям’я атрымала цела. Толькі няхай адзежу забітага адправяць у лабараторыю.
— Добра. Трымайце мяне ў курсе.
Камельё рэдка быў такі мяккі. Прэса амаль нічога не паведаміла пра забойства, і суддзя меркаваў, што гэта простае рабаўніцтва. Справа не выклікала ў яго цікавасці, як, відаць, не выклікала і ў іншых.
Мэгрэ падышоў да каміна, дастаў абцугамі вугалёк, запаліў люльку і з гадзіну займаўся нуднай канцыляршчынай: падпісваў акты, рабіў на іх заўвагі.
— Можна, шэф?
Гэта быў, як заўсёды расфранчаны, наадэкалонены, быццам толькі што выйшаў з цырульні, Сантоні. «Ад цябе парфумаю, як ад бабы нясе»,— казалі яму таварышы.
Сантоні ззяў:
— Я, здаецца, напаў на след.
Мэгрэ паглядзеў на яго затуманенымі вачыма.
— Спачатку хачу далажыць вам, што кантора «Жэбер і Башэлье», дзе служыць наша панна, займаецца перапродажам акцый. Справы там дробязныя. Яны за бясцэнак скупляюць безнадзейныя акцыі, а потым прадаюць іх крыху даражэй. Уся іхняя праца — бадзяцца па дамах, шукаючы дурняў-пакупнікоў. Панна Турэ сядзіць у канторы толькі ўранку, а пасля абеду шукае кліентаў.
— Зразумела.
— Іх кліенты — пераважна дробныя службоўцы. Іх трэба чым-небудзь уразіць, і тады яны раскашэльваюцца. Сур’ёзных дзялкоў я не бачыў. У абедзенны перапынак я пачакаў, пакуль усе выйдуць, і непрыкметна падышоў да адной сакратаркі не першай маладосці. Я не памыліўся ў выбары: яна не любіць сваю маладую каляжанку і расказала мне ўсё.
— Ну і што?
— У Монікі ёсць сябар.
— Хто ён?
— Усё па парадку, шэф. Яны знаёмыя прыблізна чатыры месяцы. Штодня абедаюць разам у рэстаранчыку на Севастопальскім бульвары. Ен зусім малады, яму дзевятнаццаць гадоў, працуе прадаўцом у кнігарні на бульвары Сэн-Мішэль.
Мэгрэ перабіраў свае люлькі, раскладзеныя на стале. He заўважыўшы, што адна з іх недакураная, пачаў набіваць іншую.
— Хлопца завуць Альбэр Жарыс. Я вырашыў зірнуць на яго і пайшоў у рэстаранчык. Там была процьма народу. Нарэшце знайшоў Моніку, яна сядвела за столікам адна. Сам я сеў насупраць у куце і паабедаў, скажу шчыра, вельмі блага. Дзяўчына здалася мне ўзнерваванай, увесь час паглядала на дзверы.
— Ен так і не прыйшоў?
— He. Яна расцягвала свой абед, як толькі магла. У такіх установах абслугоўваюць хутка і не любяць марудлівых наведнікаў. Урэшце яна выйшла і хвілін пятнаццаць чакала яго на вуліцы.
— А потым?
— Яна так выглядала сябра, што нават не заўважыла мяне. Потым пайшла да бульвара Сэн-Мішэль. Вы ведаеце вялікую кнігарню на рагу?
— Ведаю.
— Яна зайшла туды, загаварыла з прадаўцом, пасля падышла да касіра. Выгляд у яе быў расчараваны, і яна пайшла з крамы.
— Ты зноў пайшоў за ёю?
— Я вырашыў, што лепш заняцца яе сябрам. У кнігарні я спытаўся ў адміністратара, ці ведае ён пана Альбэра Жарыса. Ен адказаў, што ведае, але Жарыс працуе толькі да абеду. Я быў здзіўлены, і адміністратар растлумачыў мне, што ў іх працуюць пераважна студэнты, а яны не могуць стаяць за прылаўкам увесь дзень.