Пад страхам смерці
Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
— I яна паверыла?
— Ды яна, здаецца, проста малілася на яго.
— А газеты яна чытае?
— Я ёй сказаў, што яго забілі. Паверыць не магла... А ведаеце, рэстаран хоць і сціплы, але і не дужа танны. А Турэ кожны раз заказваў паўбутэлькі марачнага віна.
— Ці ёсць яшчэ ў квартале людзі, якія б ведалі яго?
— Чалавек дзесяць. Адна прастытутка сустракала яго амаль штодня. Першы раз яна паспрабавала завесці яго да сябе, але ён пачціва адмовіўся. А потым, калі яна бачыла яго, то крычала: «Дык што, сёння?» Гэта ўвайшло ў іхнюю звычку і вельмі іх весяліла. Калі яна знікала з кліентам, ён падміргваў ёй.
— I ён ні разу не быў ні ў адной?
— He.
— А з якой-небудзь іншай жанчынай яго бачылі?
— Яны — не. Але адзін з прадаўцоў ювелірнага магазіна бачьіў.
— Таго самага магазіна, каля якога яго забілі?
— Таго самага. Я там усім паказваў яго фатаграфію, і адзін яго прызнаў. «Ды гэта ж той, што купіў у нас пярсцёнак на тым тыдні!» — адразу ж усклікнуў ён.
— А жанчына была маладая?
— He надта. Прадавец не звярнуў на яе асаблівай увагі. Вырашыў, што гэта муж з жонкаю. Ен толькі заўважыў, што на ёй была гаржэтка з серабрыстага ліса, а на шыі вісеў ланцужок з пазалочаным медальёнам-чатырохлістнікам, рыхтык такія ж, што прадаюць у іхнім магазіне.
— Дарагі прясцёнак?
— Пазалочаны, з падробленым каменем.
— Пра што ж яны гаварылі? Прадавец нічога не чуў?
— Ен не памятае. Кажа, гаварылі як муж з жонкаю. Нічога асаблівага.
— А ён змог бы пазнаць гэтую жанчыну?
— Ен не ўпэўнены. Яна была ў чорным і ў пальчатках. Адну пальчатку забыла на прылаўку. Турэ вярнуўся, а яна чакала яго на вуліцы. Яна вышэйшая за яго. На вуліцы ўзяла яго пад руку, і яны пайшлі да станцыі метро «Рэспубліка».
— Больш нічога не ўведаў?
— I гэта з’ела ў мяне ўвесь час: я ж пачаў з Манмартра. Але там нічога не ўведаў. За вылікам адной драбніцы. Ведаеце кіёск на вуліцы Акацый, дзе прадаюць пышкі?
— Ведаю. Іх пякуць там пад адкрытым небам, як на кірмашы.
— Дык вось, прадаўцы пышак памятаюць Турэ. Ён часта купляў у іх, заўсёды па тры штукі і ніколі не еў на вуліцы, а забіраў з сабою. Гэтыя пышкі, як вам вядома, вельмі вялікія, ва ўсякім разе, рэклама сцвярджае, што яны самыя вялікія ў Парыжы. Наўрад ці пасля сытнага абеду ў рэстаране Турэ еў бы іх адзін. He еў бы ён іх і на лаўцы — не такі гэта чалавек. Відаць, ён браў іх той самай жанчыне. Значыцца, яна жыве недзе непадалёк.
А можа, падумаў Мэгрэ, ён частаваў таго чалавека, якога бачыў бухгалтар Сэмброн?
— Ну што, шэф, казаць далей?
— Вядома.
— Куды вы?
— Хачу зазірнуць у тупічок.
Тупічок быў зусім побач, і Мэгрэ вырашыў яшчэ раз агледзець месца злачынства.
Час цяпер быў такі самы. Туману сёння не было, але цемната такая ж непраглядная.
А можа, Турэ зайшоў сюды проста да ветру?.. He, насупраць ёсць прыбіральня...
Нэвэ ўздыхнуў:
— Толькі б знайсці тую жанчыну...
А камісару хацелася знайсці таго чалавека, які на мігах прасіў у Турэ дазволу прысесці побач, пакуль той гаварыў з Сэмбронам.
Камісар пачаў уважліва прыглядацца да людзей на лаўках. Ен ведаў, што ў кожнай лаўкі ёсць свае заўсёднікі, якія зазвычай прысаджваюцца ў адзін і той самы час. Праходжыя не зважаюць на іх. Але самі заўсёднікі добра ведаюць адно аднаго. Камісар згадаў, як аднойчы пані Мэгрэ, седзячы на лаўцы ў скверы Анвэр, зусім выпадкова навяла яго на след аднаго забойцы.
Цяпер на адной лаўцы сядзеў якраз відавочны заўсёднік: стары бадзяга з пастаўленай побач пляшкай віна.
Трохі далей прымасцілася мажная жанчына, напэўна, правінцыялка. Чакаючы свайго чалавека, які зайшоў у прыбіральню, яна выпрастала, каб хоць трохі адпачылі, ногі — па ўсім відаць, апухлыя ад нязвыклае хаданіны па горадзе.
Але гэта, ведама ж, былі зусім не тыя людзі, якіх трэба было знайсці.
— На тваім месцы,— сказаў Мэгрэ,— я меней бы займаўся магазінамі, а болей людзьмі на лаўках. Пасядзі, пазнаёмся з заўсёднікамі.
— Добра, шэф,— зноў уздыхнуў Нэвэ. Такая перспектыва не радавала, хадзіць цікавей, хоць і ногі ўжо балелі ад гэтых няспынных бадзянняў.
Ен ніколі не паверыў бы, што камісар з радасцю згадзіўся б апынуцца на ягоным месцы: і хадзіў бы, і сядзеў бы — Мэгрэ з задавальненнем згадваў той час, калі служыў простым інспектарам.
4. ПАХАВАННЕ
Назаўтра камісар змарнаваў паўдня: яго выклікалі на судовае пасяджэнне. Некалькі гадзін ён праседзеў у змрочным пакойчыку для сведкаў. Нехта забыўся ўключыць атапляльныя батарэі, і спачатку ў пакойчыку стаяў жудасны холад. Потым, калі радыятары нарэшце нагрэліся, стала невыносна спякотліва і засмярдзела потам і выпарэннямі мокрае адзежы.
Судзілі нейкага Рэнэ Лекэра, які сем месяцаў назад забіў ударам бутэлькі па галаве сваю цётку. Злачынцу было толькі дваццаць два гады, ён быў здаравенны, што грузчык, але выраз твару меў усё роўна як у вінаватага школьніка.
I чаму толькі дагэтуль ніхто не дадумаўся хоць трохі палепшыць асвятленне судовае залы? Цьмянае шэраватае святло проста прыгнятала Мэгрэ, які і так быў — праз марнаванне часу ды недарэчнасць пасяджэння — не ў гуморы.
Адвакат, яшчэ зусім малады, але ўжо вядомы — дзякуючы сваім пастаянным нападам на сведкаў ды суддзяў, намагаўся пераканаць усіх, што злачынца прызнаў сваю віну толькі ў выніку націску на яго і кепскага з ім абыходжання на допыце. Відавочная хлусня, і адвакат гэта добра ведаў.
— Можа, пан сведка скажа суддзям, колькі гадзін доўжыўся першы допыт майго падабароннага? — дэкламаваў ён.
Камісар чакаў менавіта гэтага пытання.
— Семнаццаць гадзін,— адказаў ён.
— Семнаццаць гадзін без ежы?!
— Лекэр адмовіўся ад бутэрбродаў, якія мы яму прапаноўвалі.
Усім сваім выглядам адвакат казаў прысяжным: «Глядзіце, панове! Семнаццаць гадзін у нябогі ў роце і хлебнай крошкі не было!»
Сам Мэгрэ за ўвесь допыт з’еў толькі два бутэрбороды. А ён жа нікога не забіваў.
— Пан сведка,— па-ранейшаму надрываўся напорысты
абаронца,— ці прызнаяце вы, што сёмага сакавіка, а трэцяй гадзіне раніцы, вы ўдарылі абвінавачанага без якіхсьці на тое падстаў — дзеянняў з яго боку, прычым тады, калі ў бедалагі былі наручнікі на руках?
— He прызнаю.
— Дык сведка адмаўляе, што ўдарыў абвінавачанага?
— Быў момант, калі я даў яму поўху: усё роўна як бацька сыну.
Адвакат памыліўся — пачаў не з таго канца. Але ён, відаць, клапаціўся толькі пра тое, каб уразіць публіку ды журналістаў.
Потым, парушаючы ўсе правілы, ён з’едліва-саладжава запытаўся ў Мэгрэ:
— А ў вас ёсць сын, пан камісар?
— He...
— У вас ніколі не было дзяцей?.. Даруйце, я недачуў, што вы сказалі...
Мэгрэ быў вымушаны паўтарыць на ўвесь голас, што ў яго была дачка, але яна памерла маленькая.
Вось і ўсё. Мэгрэ нарэшце пакінуў судовую залу і, перш чым вярнуцца ў сваё бюро, выпіў шкляначку каньяку ў буфеце ў Палацы правасуддзя.
Прыйшоўшы ў аддзяленне, Мэгрэ адразу ж запытаўся ў Сантоні, які займаўся сябрам Монікі Турэ:
— Ніякіх навін пра Альбэра Жарьіса?
— Ніякіх.
Хлопец так і не прыйшоў дадому. У кнігарню ён сёння таксама не прыходзіў, не быў і ў рэстаране, дзе звычайна абедаў з Монікай.
Цяпер Сантоні займаўся хлопцам разам з Люка, які закончыў учора працу па іншым расследаванні. Яны звязваліся з усімі паліцэйскімі пастамі. Жанв’е ўсё яшчэ шукаў краму, дзе быў набыты нож, якім забілі Турэ.
— Нэвэ не званіў?
— Паўгадзіны назад. Сказаў, што пазвоніць у шэсць.
Камісар стаміўся. Перад вачыма стаялі твары прысяжных, злачынцы, адваката. Навошта яму гэтая цяганіна?
— Лапуэнт нічога не знайшоў?
Маленькі Лапуэнт абегаў усе мэбляваныя пакоі раёна, каб даведацца, ці не здымаў адзін з іх Турэ. Павінен жа ён быў недзе пераабувацца!
Цяпер у кожнага быў свой участак працы.
Памаракаваўшы, Жарыса перадалі Люка, а за Сантоні засталася адна Моніка Турэ. Што, калі Жарыс стане шукаць яе ці захоча што-небудзь паведаміць ёй пра сябе?
Тым часам прыходзілася разглядаць розныя службовыя паперы, адказваць на непатрэбныя тэлефонныя званкі. Усё ж такі дзіўна: ніхто так і не пазваніў камісару ў сувязі з забойствам...
— Алё! Мэгрэ слухае.
Гаварыў Нэвэ. Відаць, з нейкага бістро, бо з трубкі чуліся гукі музыкі.
— Нічога асаблівага, шэф. Знайшоў на лаўках трох чалавек, якія памятаюць Турэ. Усе паўтараюць адно і тое ж: Турэ быў заўсёды ветлівы, ахвотна загаворваў з імі. Адна старая кажа, што зазвычай ён ішоў адсюль да метро «Рэспубліка».
— Яна яго бачыла з кім-небудзь?
— Яна — не. Але адзін бадзяга сказаў, што аднаго разу Турэ некага чакаў, а калі той чалавек падышоў, яны разам пайшлі адсюль. Але ён так і не змог апісаць гэтага чалавека, сказаў адно, што гэта тып, якіх багата...
Заставалася толькі ўздыхнуць.
Пахаванне Турэ было назначана на заўтра. Уранку цела нябожчыка забралі ў Жувізі.
Мэгрэ патэлефанаваў жонцы і сказаў, што вернецца позна.
Па дарозе ў Жувізі дзьмуў моцны вецер. Хмары нізка навіслі над зямлёю, збіралася навальніца. Шафёр з цяжкасцю знайшоў вуліцу Таполяў. Ва ўсіх вокнах дома Турэ гарэла святло.
Але званок не званіў. Яго, відаць, выключылі ў знак
жалобы. Нехта ўбачыў, як да дома пад’ехала машына, і дзверы адчыніла жанчына, яшчэ не знаёмая камісару, гадоў на пяць старэйшая за пані Турэ і вельмі падобная да яе.
— Камісар Мэгрэ.
Жанчына паклікала сястру з кухні:
— Эмілія!
— Чую. Запрасі яго ў дом.
Мэгрэ прынялі на кухні, бо ў сталовай стаяла труна. У вузкім калідоры пахла кветкамі і свечкамі.
— Выбачайце, што я вас турбую...
— Пазнаёмцеся: пан Маньен, мой швагер. Кантралёр на чыгунцы.
— Вельмі прыемна.
— Вы ўжо знаёмыя з маёй сястрой Жаннай, а гэта Сэліна...
Адна Моніка не ўстала, каб павітацца з Мэгрэ. Яна пільна ўзіралася ў яго і, напэўна, думала, што камісар прыехаў дапытваць яе наконт Жарыса, і была скаваная страхам.
— Прысядзьце, калі ласка.
Мэгрэ пакруціў галавою.
— Хочаце глянуць на яго?
Удаве было прыемна паказаць камісару, што яна не паскупілася на аддзелку труны.
— Нібыта спіць...
Мэгрэ зрабіў усё належнае.
— Ён і зразумець не паспеў, што здарылася,— уздыхнула жанчына.— А як ён любіў жыццё!
Яны ціха выйшлі, і пані Турэ зачыніла дзверы.
— Вы будзеце на пахаванні, пан камісар?
— Буду. Таму і прыйшоў.
Моніка па-ранейшаму сядзела нерухомая. Пачуўшы, што сказаў камісар, яна адразу ж уздыхнула.