Пад страхам смерці
Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
Мэгрэ распальвае люльку і хмурыцца: яму непрыемна адчуваць сябе тут няўклюдным, нязграбным сухапутнікам, якога палохае і хвалюе ўсё, што мае дачыненне да мора.
Вароты шлюза адчыняюцца. Судна выходзіць у канал, толькі троху вузейшы за Сену ў Парыжы.
— Прабачце, вы — начальнік порта? Камісар Мэгрэ з крымінальнай паліцыі... Я толькі што прывёз дадому вашага калегу.
— Жарыса?.. Значыць, гэта праўда ён?.. Сёння раніцай мне расказвалі... Праўда, што ён?..— кранае начальнік порта пальцам скроню.
— У гэты момант... Звычайна вы ўсю ноч праводзіце ў порце?
— He, не больш пяці гадзін запар: толькі ў прыліў. У гэты час узровень вады даволі высокі, каб судны маглі ўвайсці ў канал або выйсці ў мора. Час прыліву непастаянны... Сёння, напрыклад, ён толькі што пачаўся і закончыцца недзе а трэцяй гадзіне ночы...
Чалавек трымаецца проста, размаўляе з Мэгрэ як з роўным: урэшце ён — такі ж самы чыноўнік на службе.
— Прабачце...
Ен глядзіць у мора, дзе і не відаць нічога, аднак адразу ж аб’яўляе:
— Паруснік з Булоні. Ашвартаваўся каля пірса, чакае, калі адкрыюць шлюз.
— Вам паведамляюць пра судны, якія прыбываюць?
— Часцей паведамляюць. Асабліва пра параходы. Амаль усе яны ходзяць па раскладзе: з Англіі вязуць вугаль, з Кана — руду...
— Давайце пойдзем вып’ем чаго-небудзь,— прапануе Мэгрэ.
— Пакуль не магу: мушу быць тут да канца прыліву...
Начальнік порта аддае каманды падначаленым, якіх не бачыць, але хто з іх дзе, ведае выдатна.
— Вы расследуеце справу Жарыса?
3 боку гарадка набліжаюцца крокі. Па варотах шлюза праходзіць мужчына. Ён аказваецца пад ліхтаром, і тут Мэгрэ прыкмячае за яго спінаю дула стрэльбы.
— Хто гэта?
— Мэр. Ідзе паляваць на качак... У яго ёсць будан на беразе Орны. Яго памочнік, мусіць, ужо там, рыхтуецца да начлегу...
— Як вы думаеце, гатэль яшчэ адкрыты?
— «Універсаль» ? Вядома. Але спяшайцеся: гаспадар хутка закончыць гуляць у карты і пойдзе спаць... Тады ўжо не падымецца нізашто на свеце...
— Да заўтра,— кажа Мэгрэ.
— Бывайце. Буду ў порце з дзесяці раніцы, з пачаткам прыліву.
Яны паціскаюць адзін аднаму рукі, хоць практычна яшчэ і не знаёмыя. А ў тумане, у якім Мэгрэ раз-пораз на кагонебудзь наскоквае, па-ранейшаму віруе жыццё.
Камісара разбірае нейкі неспакой, наплывае трывога, ён прыгнечаны. Нібыта побач — чужы свет, які жыве сваім зусім асаблівым жыццём. У цемры — людзі або, напрыклад, паруснік, які чакае сваёй чаргі за два-тры крокі ад вас,— а знаку ніякага.
Мэгрэ зноў праходзіць міма рыбака, што застыў пад ліхтаром. Камісару хочацца сказаць яму што-небудзь.
— Бярэ?
Замест адказу чалавек сплёўвае ў ваду, а Мэгрэ ідзе далей, злуючы на сябе: ну нашто ён гэта ляпнуў?
Шум аканіц, якія зачыняюць у Жарысавым доме,— вось апошняе, што ён чуе, уваходзячы ў гатэль. Страшна, мусіць, Жулі: ніяк не забудзе пра кошку, што выскачыла з дому, як толькі адчынілі дзверы...
— Гэты гудок так і будзе выць усю ноч? — незадаволена пытаецца Мэгрэ, убачыўшы гаспадара гатэля.
— Пакуль туман... Але да гэтага прывыкаеш...
* * *
Спаў камісар неспакойна, як спяць, калі баліць страўнік, або ў дзяцінстве, калі чакаюць якой-небудзь важнай падзеі.. Двойчы падымаўся, падыходзіў да акна, прыціскаўся тварам да халоднага шкла, але не бачыў нічога, апроч пустыннай дарогі і промня маяка, які, здавалася, шукаў у заслоне туману месца,*аб праткнуць гэтую сцяну. I ўсё выў і выў гудок, нават гучнеў і яшчэ больш халадзіў кроў.
Прачнуўшыся другі раз, Мэгрэ паглядзеў на гадзіннік. Было чатыры гадзіны раніцы. У порт, стукаючы па асфальце сабо1, ішлі з кашамі за плячыма рыбакі.
А неўзабаве нехта загрукатаў у дзверы і расчыніў іх, не чакаючы дазволу. Мэгрэ ўбачыў збянтэжаны твар гаспадара гатэля.
У акно ўжо свяціла сонца, але, нягледзячы на гэта, гудок усё яшчэ выў.
— Хутчэй! Капітан памірае!..
— Які капітан?
— Капітан Жарыс. Жулі прыбегла ў порт, каб тэрмінова выклікалі вас і доктара.
Мэгрэ, не прычэсваючыся, нацягнуў штаны, надзеў, не
1 С а б о (фр.) — чаравікі на драўлянай падэшве або выдзеўбаныя з дрэва.
зашнуроўваючы, чаравікі, схапіў пінжак, а пра накладны каўнерык і зусім забыўся.
— Што-небудзь глынулі б?.. Кубак кавы?.. Шкляначку рому?..
Дзе тут ужо да гэтага! Няма калі. На вуліцы, нягледзячы на сонца, было даволі холадна, вільготна. Праходзячы цераз шлюз, камісар убачыў мора, зусім спакойнае, бледна-блакітнае. Віднелася, праўда, толькі вузенькая палоска: каля берага доўгі шлейф туману размыў небакрай.
На мосце да Мэгрэ падышоў нейкі чалавек.
— Вы — камісар з Парыжа? Я палявы вартаўнік. Рады пазнаёміцца. Вам ужо расказалі?
— Што?
— Кажуць, гэта проста жахліва!.. А вось і доктарава машына.
Рыбацкія лодкі ў порце ляніва пагойдваліся на вадзе, па якой прабягалі каляровыя блікі. Ветразі былі ўзнятыя, мабыць, на прасушку. На кожным напісаны чорнаю фарбаю нумар.
Перад капітанавым домікам, побач з маяком стаяла некалькі жанчын. Дзверы былі адчыненыя. Мэгрэ абагнала доктарава машына.
— Кажуць, яго атруцілі... Нібыта ён пазелянеў,— не адставаў ад камісара палявы вартаўнік.
Мэгрэ ўвайшоў у дом якраз у той самы момант, калі заплаканая Жулі, з прыпухлымі павекамі і чырвоным тварам, паволі спускалася з другога паверха. Яе толькі што выставілі з пакоя, дзе доктар аглядаў капітана. На ёй было накінута паліто, з-пад якога віднелася доўгая белая начная кашуля, на нагах — пантофлі.
— Гэта жудасна, пан камісар!.. Вы не можаце сабе ўявіць... Падымайцеся хутчэй!.. Можа быць...
Калі Мэгрэ ўвайшоў у спальню, доктар, які нахіліўся над ложкам, выпрастаўся. Па яго твары было ясна відаць, што капітану ўжо нічым не паможаш.
— Я з паліцыі...
— А, добра... Усё скончана. Магчыма, яшчэ дзве-тры хвіліны можа... Пэўна, гэта стрыхнін, калі я не памыляюся...
Ен падышоў да акна і расчыніў яго: капітану, здавалася, не хапала паветра. А за акном — усё тая ж карціна: сонца, порт, лодкі з узнятымі ветразямі, рыбакі, якія перакладвалі рыбу, што так і зіхацела луской, з перапоўненых кашоў у скрыні.
На гэтым фоне Жарысаў твар здаваўся яшчэ больш жоўтым, бадай, нават зялёным — немагчыма было разабраць, што гэта за колер, настолькі ён не адпавядаў звычайным уяўленням пра чалавечае цела.
Рукі і ногі ў капітана выгіналіся і торгаліся, у той час як твар заставаўся спакойны і нерухомы, вочы нібы застылі, утаропіўшыся ў сцяну.
Доктар трымаў руку на капітанавым запясці, сачыў, як слабеў пульс. Нарэшце ён вачыма даў знаць Мэгрэ: «Зараз... зараз...»
У гэты момант здарылася нешта зусім нечаканае.
Пэўна, няшчасны апрытомнеў на якоесь імгненне. Твар у яго зморшчыўся, усё адно як у дзіцяці, што зараз заплача, склаўся ў жаласную грымасу пакутніка, які не можа больш цярпець невыноснага болю... Па шчоках каціліся дзве буйныя слязіны...
I тут — прыглушаны доктараў голас:
— Усё. Кончана.
Неверагодна, але слёзы цяклі па твары ў самы момант смерці.
Яны яшчэ жылі, гэтыя слёзы, сцякалі на падушку, а капітан ужо быў мёртвы.
На лесвіцы пачуліся крокі. Унізе гучна ўсхліпвала Жулі. Яе абступілі жанчыны. Мэгрэ выйшаў на пляцоўку і паволі вымавіў:
— У спальню не ўваходзіць.
— Ен...— пачаў быў нехта.
— Але! — адно і сказаў камісар, перапыняючы пытанне.
I адразу ж вярнуўся ў заліты сонцам пакой. Доктар
рыхтаваў шпрыц, збіраючыся зрабіць Жарысу ўкол у сэрца,— бадай што, толькі дзеля таго, каб выканаць да канца свой абавязак.
А на садовым муры сядзела зусім белая кошка.
II. СПАДЧЫНА
Недзе ўнізе, мабыць, на кухні, у акружэнні суседак гучна рыдала Жулі.
Праз адчыненае акно Мэгрэ ўбачыў, што з гарадка ішлі і беглі людзі — жанчыны з дзецьмі на руках, мужчыны ў сабо... Хлопчыкі ехалі на веласіпедах. Гэты стракаты ўсхваляваны натоўп дасягнуў моста, пераваліў праз яго і рушыў да капітанавага дома, нібы ўсіх там чакала прадстаўленне вандроўнага цырка або аўтамабільная аварыя.
Неўзабаве на дварэ быў ужо такі гвалт, што Мэгрэ зачыніў акно. Муслінавыя шторы змякчалі сонечнае святло, і камісар адчуў сябе ў пакоі ямчэй, вальней. Агледзеўся.
Ружовыя шпалеры, светлая, начышчаная мэбля. На каміне — ваза з кветкамі.
Мэгрэ вярнуўся да доктара, які разглядваў на святло шклянку і графін, што стаялі на начным століку. Доктар памачыў палец у вадзе ў шклянцы і лізнуў яго.
— Атрута?
— Але. Мабыць, капітан меў звычку піць ноччу ваду. Калі я не памыляюся, ён піў гадзіны ў тры ночы. А чаму не паклікаў нікога — не разумею.
— Ды таму, што не мог гаварыць, нават гуку вымавіць быў няздольны,— здзіўлена паглядзеў на доктара Мэгрэ.
Ен паклікаў палявога вартаўніка і адправіў яго папярэдзіць мэра і пракурора ў Кане. Чуваць было, як унізе ўсё яшчэ ўваходзілі і выходзілі людзі. На дарозе яны збіраліся ў групкі. Некаторыя, каб было ямчэй чакаць, садзіліся на траву.
Пачынаўся прыліў, мора затапляла пясчаньія водмелі каля ўвахода ў порт. На гарызонце віднеўся дым парахода, які чакаў моманту, каб падысці да шлюза.
— У вас ужо ёсць якія-небудзь меркаванні? — пачаў быў доктар, але змоўк, убачыўшы, што Мэгрэ заняты. Камісар адчыніў сакрэтнік з чырвонага дрэва, які стаяў паміж вокнамі, і з уласцівай яму ў такія моманты засяроджанасцю разглядваў змесціва скрынак. Цяпер Мэгрэ каму хочаш здаўся бы грубым. Паволі зацягваючыся, ён курыў велізарную люльку і бесцырымонна перабіраў тоўстымі пальцамі кожны прадмет.
Больш за ўсё было фатаграфій — толькі паспявай разглядваць. На многіх — сябры ў марской форме, амаль усе Жарысавага ўзросту. Відаць было, што капітан падтрымліваў сувязь з таварышамі па марской школе ў Брэсце. Яны пісалі яму з усіх канцоў свету. Фатаграфіі ці не ўсе з паштоўку, з аднолькава банальнымі, ледзь не стандартнымі надпісамі, адкуль бы яны ні прыходзілі, з Сайгона ці з Сант’яга: «Прывітанне ад Анры!» або «Нарэшце трэцяя лычка! Салют! Эжэн!».
Большасць гэтых фотакартак высланы на адрас: «Кан. Англа-Нармандская кампанія, судна «Дыяна», капітану Жарысу».
— Вы даўно знаёмы з капітанам? — спытаўся Мэгрэ ў доктара.
— Некалькі месяцаў. 3 тае пары, як ён служыў у порце. Да таго ён дваццаць восем гадоў плаваў капітанам на судне мэра.
— Судне мэра?
— Але, пана Эрнэста Гранмэзона, дырэктара АнглаНармандскай кампаніі. I ўладальніка ўсіх яе адзінаццаці суднаў...
Яшчэ адна фатаграфія: Жарыс у дваццаць пяць гадоў. Ужо тады ён быў каржакаваты, і ўсмешка, відаць, часта з’яўлялася на яго шырокім, троху ўпартым твары. Сапраўдны брэтонец!