Пад страхам смерці
Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
Гэта быў чалавек высокага росту, гадоў прыкладна сарака пяці — пяцідзесяці, ружовашчокі, трохі цяжкаваты. На ім быў шэры касцюм паляўнічага, на нагах — гетры. Мэгрэ падышоў да яго.
— Пан Гранмэзон? Камісар Мэгрэ, з крымінальнай паліцыі.
— Вельмі прыемна,— машынальна вымавіў мэр і паглядзеў на шынок. Потым зірнуў на Мэгрэ — і зноў на шынок, нібыта кажучы: «Дзіўнаватая кампанія для такой персоны!»
Ен ішоў да шлюза, цераз які трэба было перабрацца, каб выйсці да Жарысавага дома.
— Кажуць, Жарыс памёр?
— Кажуць,— адказаў Мэгрэ, якому мэраў тон не прыйшоўся даспадобы.
Звычайна так паводзяць сябе местачковыя «шышкі», якія ўяўляюць, што яны — пуп зямлі. Апранаюцца, як вясковыя арыстакраты, і аддаюць даніну дэмакратыі, паціскаючы на хаду, бы міжволі, рукі грамадзянам, кідаюць ім пры гэтым два-тры нязначныя словы, а зрэдку нават распытваюць збольшага пра дзяцей.
— I вы ўжо знайшлі забойцу?.. Як я разумею, гэта вы прывезлі Жарыса і... Прабачце, калі ласка...
Мэр падышоў да інспектара рыбааховы, які, відаць, прыслугоўваў яму на паляванні, бо Гранмэзон сказаў яму цяпер:
— Увесь чарот злева трэба выпрастаць... Адна з падсадных качак нікуды не вартая, сёння ўранку была ледзь жывая...
— Добра, пан мэр.
Гранмэзон вярнуўся да Мэгрэ. Па дарозе паспеў паціснуць руку начальніку порта, спытаўшыся:
— Як тут у вас?
— Нармальна, пан мэр.
— Дык пра што, камісар, мы гаварылі?.. Колькі праўды ва ўсіх гэтых расказах пра зашыты чэрап, вар’яцтва і ўсё такое?..
— Як вы ставіліся да капітана?
— Ен служыў у мяне дваццаць восем гадоў. Слаўны чалавек, бездакорны на службе.
— Сумленны?
— Яны тут амаль усе сумленныя.
— Колькі ён зарабляў?
— Па-рознаму, вайна ж усё пераварушыла... Аднак дастаткова, каб купіць дамок. Іду ў заклад, што ў банку ў яго было сама меней тысяч дваццаць пяць.
— А можа, больш?
— He думаю. Ну, хіба што тысяч на пяць, але не больш.
У гэты час адчынілі верхнія вароты шлюза, і судна выходзіла ў канал, а другое, што прыйшло з Кана, рыхтавалася заняць яго месца ў шлюзе, каб выйсці пасля ў адкрытае мора.
Стаяла цішыня. Людзі сачылі вачыма за камісарам і мэрам, 3 палубы англійскага карабля матросы абыякава пазіралі на натоўп, не забываючыся манеўраваць.
— Што вы думаеце пра Жулі Легран, пан мэр?
Пан Гранмэзон прамаўчаў, пасля адказаў:
— Дурніца, якой ускружыла галаву занадта пачцівае Жарысава далікацтва... Думае пра сябе... немаведама што...
ва ўсякім выпадку, зусім не тое, што яна ёсць на самой справе...
— А яе брат?
— Я яго ніколі не бачыў... Мне казалі, што нягодны чалавек...
Перабраўшыся праз шлюз, яны падыходзілі цяпер да агароджы Жарысавага дома, каля якой усё яшчэ ашываліся некалькі хлопчыкаў.
— А чаго ён памёр?
— Стрыхнін.
Выгляд у Мэгрэ быў самы рашучы. Ен ступаў паволі, засунуўшьі рукі ў кішэні, у роце была люлька, якая пасавала яго шырокаму твару,— у яе ўваходзіла чвэрць пачка махоркі.
На нагрэтай сонцам агароджы ляжала белая кошка. Прыкмеціўшы людзей, яна ўскочыла і ўцякла.
— Вы не будзеце заходзіць? — здзівіўся мэр, убачыўшы, што Мэгрэ чамусьці спыніўся.
— Хвілінку! Як вы думаеце, ці была Жулі каханкаю ў капітана?
— He ведаю,— з раздражненнем адказаў Гранмэзон.
— Вы часта бывалі ў яго доме?
— Ніколі! Жарыс служыў у мяне, а ў такіх выпадках...
Зрабіўшы невялікую паўзу, мэр усміхнуўся — шматзначна, з годнасцю вялікага пана.
— Пакончым з гэтым хутчэй,— дадаў ён,— калі вы не пярэчыце. Неўзабаве абед, у мяне будуць госці...
— Вы жанаты?
Мэгрэ ўпарта распытваў мэра, паклаўшы рукі на клямку брамкі.
Гранмэзон паглядзеў на яго зверху ўніз (ён быў вышэйшы — прыкладна метр восемдзесят пяць). Камісар заўважыў, што мэр крыху касавокі.
— Мушу вас папярэдзіць, што калі вы і далей будзеце гаварыць са мною такім тонам, то для вас гэта можа скончыцца непрыемнасцю... Пакажыце мне тое, што вы павінны паказаць.
Мэр сам адчыніў брамку. Калі ён ступіў на ганак, палявы вартаўнік, які ахоўваў дом, пачціва адышоўся ўбок.
Праз зашклёныя дзверы кухні Мэгрэ кінулася ў вочы, што ў пакоі сядзелі абедзве жанчыны, але Жулі не было.
— Дзе яна? — спытаўся камісар.
— Паднялася да сябе... Зачынілася і не хоча выходзіць...
— Чаму гэта раптам?..
Жонка дазорцы з маяка растлумачыла:
— Ей стала лепш... Праўда, яна яшчэ плакала, але ўжо меней, толькі калі гаварыла... Я прапанавала ёй з’есці штонебудзь, і яна адчыніла шафу...
— Ну і што?
— He ведаю... Мне здалося, яна спалохалася... Кінулася адразу ж па лесвіцы, мы і пераглянуцца не паспелі, як яна зачынілася на ключ...
У шафе не было нічога асаблівага: посуд, кошык з яблыкамі, талерка з марынаванымі селядцамі, дзве міскі з рэшткамі лою — мусіць, нядаўна там было мяса.
— Я чакаю, пакуль вы зробіце ласку заняцца справаю,— нецярпліва сказаў мэр з калідора.— Ужо ж палова дванаццатай... Мне здаецца, што паводзіны гэтай Жулі...
Мэгрэ замкнуў шафу, паклаў ключ у кішэню і, цяжка ступаючы, рушыў да лесвіцы.
III. КУХОННАЯ ШАФА
— Адчыніце, Жулі!
Hi слова адказу. Чуваць адно, як дзяўчына кінулася на ложак.
— Адчыніце!
Зноў маўчанне. Тады Мэгрэ ўдарыў плячом у дзверы, і замок вылецеў.
— Чаму вы не адчынялі?
Яна не плакала. На твары — ніякага хвалявання. Больш таго, яна спакойна скурчылася на ложку і, застылая, глядзе-
ла на шклянку вады на крэсле. Калі камісар падышоў да дзяўчыны, яна ўскочыла і кінулася да дзвярэй.
— Пакіньце мяне адну! — вымавіла яна.
— Добра. Толькі аддайце мне запіску, Жулі.
— Якую запіску?
Дзяўчына, пэўна, спадзявалася, што як будзе дзёрзкая, дык не выдасць сябе, што маніць.
— Капітан дазваляў вашаму брату наведваць вас?
Маўчанне.
— Значыцца, не дазваляў. А ваш брат усё-такі прыходзіў! I, здаецца, прыходзіў той ночы, калі знік Жарыс.
Яна кінула на яго злосны позірк — здавалася, вось-вось выбухне нянавісцю.
— «Сэн-Мішэль» стаяў у порце, і, натуральна, брат мог зайсці да вас. Адно пытанне: калі ён прыходзіць, вы яго корміце?..
— Жывёліна! — выціснула Жулі.
Мэгрэ гаварыў:
— Ен прыходзіў сюды ўчора, калі вы былі ў Парыжы. He застаўшы вас тут, пакінуў запіску. А для ўпэўненасці, што вы яе знойдзеце, паклаў у кухонную шафу... Дайце мне гэтую запіску.
— У мяне яе ўжо няма!
Мэгрэ паглядзеў на халодны камін, на зачыненае акно.
— Дайце мне яе!
Жулі ўся сціснулася і была цяпер падобная не на дарослую дзяўчыну, а на раззлаванае дзіця. Злавіўшы яе позірк, Мэгрэ зычліва сказаў:
— Дурніца!
Запіска была пад падушкаю, на якой Жулі толькі што ляжала. Але замест таго, каб прыціхнуць, упартая дзяўчына зноў пачала наступаць на Мэгрэ, спрабуючы вырваць запіску. Яго ж такія паводзіны проста пацяшалі.
— Ну, годзе! — нарэшце пагрозліва вымавіў ён, перахапіўшы руку дзяўчыны.
Запіска была кароткая. Адразу ж кінуліся ў вочы ня-
зграбныя літары і мноства памылак: «Калі вернешся з гаспадаром, глядзі за ім, бо ёсць чалавек, які мае на яго зуб. Я вярнуся з суднам праз два-тры дні. Катлет не шукай, я іх з’еў. Твой брат навек».
Мэгрэ апусціў галаву, настолькі збіты з панталыку, што забыўся ўжо зусім на дзяўчыну.
Праз чвэрць гадзіны начальнік порта сказаў яму, што «Сэн-Мішэль» цяпер, мабыць, у Фекане і прыйдзе сюды, калі не пераменіцца вецер, ноччу.
— Вы ведаеце, дзе якое судна ў які час?
Мэгрэ занепакоена паглядзеў на зіхоткае мора — недзе ўдалечыні віднеўся адзінокі дымок.
— Паміж портамі існуе сувязь. Паглядзіце, вось спіс суднаў, якія мы чакаем сёння,— паказаў капітан Дэлькур на чорную дошку, што вісела на сцяне партовай канторы: там былі напісаны крэйдаю назвы суднаў.
— Знайшлі што-небудзь?.. He верце надта таму, што расказваюць... Нават калі гэта людзі сур’ёзныя!.. Ведалі б вы толькі, колькі тут можа быць розных дробных разлікаў!.. Зайздрасць, якая-небудзь крыўда,— сказаў Дэлькур, памахаўшы рукой капітану судна, што выходзіла ў мора. Потым, зірнуўшы ў бок шынка, уздыхнуў.— Убачыце самі!
Гадзіны ў тры дня прадстаўнікі пракуратуры закончылі агляд дома нябожчыка, выйшлі на двор, адчынілі садовую брамку і накіраваліся да сваіх машын, каля якіх сабралася нямала вістрэамцаў.
— Мабыць, тут багата качак! — сказаў пракурораў намеснік мэру, акінуўшы позіркам наваколле.
— Сёлета не вельмі... А вось летась...
Мэр кінуўся да першае машыны, якая кранулася з месца.
— Спынімся на хвілінку ў мяне, добра? Жонка чакае нас...
Мэгрэ застаўся на вуліцы адзін, і мэр, хочучы здавацца ветлівым, сказаў яму:
— Едземце з намі. Вам трэба пабыць трохі з гэтымі людзьмі.
У капітанавым доме засталіся толькі Жулі і дзве жанчыны, а каля дзвярэй палявы вартаўнік чакаў фургон, які павінен быў забраць нябожчыка ў Кан.
У машынах размовы ўжо дужа выдавалі на тыя, што нярэдка здараюцца пасля пахавання і заканчваюцца ў люднай кампаніі вельмі і вельмі весела. Мэгрэ ўладкаваўся не лепшым чынам: сядзеў на адкідным крэсле. Мэр гаварыў з пракуроравым намеснікам:
— Калі б гэта залежала ад мяне аднаго, я жыў бы тут увесь год. Але жонцы вёска не вельмі даспадобы, таму і жывём больш у нашым доме ў Кане... Цяпер яна вярнулася з Жуан-ле-Пэн, дзе адпачывала месяц з дзецьмі...
— Колькі гадоў старэйшаму?
— Пятнаццаць.
Партовыя служачыя глядзелі на машыны, што праехалі акурат міма іх, з відавочнай цікаўнасцю.
Неўзабаве пад’ехалі да мэравай вілы. Стаяла яна каля дарогі на Ліён-сюр-Мэр. Гэта быў вялікі дом, пабудаваны ў нармандскім стылі. Вакол яго былі газоны з белымі агароджамі і фаянсавымі фігуркамі звяркоў.
У вялікай прыхожай гасцей сустрэла пані Гранмэзон, у сукенцы з цёмнага шоўку. Яна стрымана ўсміхалася, як і належыць даме з вышэйшага свету. Дзверы ў гасцёўню былі адчыненыя. На стале было поўна лікёраў і скрыначак з цыгарамі.
Усе добра ведалі адно аднаго: тут сабралася цяпер ці не ўся канская эліта. Служанка ў белым фартуху прымала паліто і капелюшы.
— Пан суддзя, вы напраўду не былі ні разу ў Вістрэаме, хоць і жывяце ў Кане столькі гадоў?..
— Дванаццаць гадоў, пані... Бог ты мой, а вось і мадэмуазель Жызэль...
Да гаецей выйшла пакланіцца дзяўчынка гадоў чатырнаццаці, якая здавалася ўжо дзяўчынаю, асабліва манераю трымацца, вельмі свецкай, як і ў яе маці. Між тым пазнаёміць Мэгрэ з гаспадыняю дома забыліся.
— Мяркую, пасля таго што вы ўбачылі, вы ахвотней вып’еце чарачку лікёру, а не чаю... Трошкі каньяку, пан намеснік пракурора? Ваша жонка ўсё яшчэ ў Фантэнбло?..