Пад страхам смерці  Жорж Сімянон

Пад страхам смерці

Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
100.65 МБ
I нарэшце, у палатнянай папцы — дакументы, ад школьнага атэстата да дыплома капітана гандлёвага флоту... Розныя афіцыйныя паперы, метрыка, ваенны білет, пашпарт...
На падлогу ўпаў канверт — ужо крыху пажаўцелы. Marpa падняў яго, выняў аркуш паперы.
— Завяшчанне? — спытаўся доктар, які, закончыўшы тут свае справы, чакаў прадстаўнікоў пракуратуры.
Мусіць, капітан поўнасцю давяраў Жулі: канверт нават не быў запячатаны. На аркушы было напісана прыгожым почыркам натарыуса:
♦ Я, што ніжэй падпісаўся, Іў-Антуан Жарыс, нарадзіўся ў Пэнполі, марак па прафесіі, пакідаю ўсю рухомую і нерухомую маёмасць маёй ахмістрыні Жулі Легран, у знак удзячнасці за шматгадовую верную службу.
Абавязваю яе перадаць:
кацер — капітану Дэлькуру; кігайскі фарфоравы сервіз — яго жонцы; кульбаку з разьбянай слановай косці...»
He быў забыты амаль ніхто з партовых служачых, якіх Мэгрэ сустрэў ноччу. Нават шлюзаўшчык, якому капітан адпісаў «трайную рыбацкую сетку, што пад адлевам».
У гэты момант Жулі, скарыстаўшыся тым, што жанчыны пакінулі яе адну, каб згатаваць ёй для падтрымання сілы грог, узбегла па лесвіцы, адчыніла дзверы ў капітанаву спальню, кінулася да ложка, выдаючы ўсім сваім выглядам на вар’ятку, і адразу ж адступілася, спалохаўшыся мерцвяка, грымнулася на дыван і стала крычаць нешта неразборлівае.
Можна было ўгадаць: «немагчыма... Мой бедны гаспадар... м о й... м о й...»
Мэгрэ паволі падышоў да яе, дапамог устаць і адвёў дзяўчыну, як тая ні супраціўлялася, у яе пакой. Там усё было ў беспарадку: на ложку валялася адзежа, на падлозе стаяў тазік з мыльнай вадою.
— Хто наліваў капітану ваду ў графін на начным століку?
— Я... Учора раніцай... Калі ставіла ў вазу кветкі.
— Вы ў доме былі адна?
Жулі цяжка дыхала, але патроху прыходзіла да памяці — і тут такія вось пытанні камісара.
— Што гэта вам прыйшло ў галаву? — ускрыкнула яна раптам.
— Нічога. Супакойцеся. Я толькі што прачытаў Жарысава завяшчанне.
— Ну і што?
— Ен пакінуў вам усю сваю маёмасць. Цяпер вы багатая...
У адказ Жулі толькі разрыдалася.
— Капітана атруцілі вадою з графіна.
Дзяўчына кінула на Мэгрэ поўны нянавісці позірк і літаральна завыла:
— Што вы хочаце гэтым сказаць, га? Што вы хочаце сказаць?
Яна была ў такім стане, што схапіла Мэгрэ за рукаў і ліхаманкава трэсла яго. Яшчэ трохі — і ўчапілася б пазногцямі, так раз’юшылі яе камісаравы словы.
— Цішэй. Супакойцеся. Расследаванне толькі пачынаецца. Я ні на што не намякаю, а толькі спрабую разабрацца, што здарылася.
У дзверы пастукалі. Гэта быў палявы вартаўнік.
— Пракурор зможа прыйсці толькі пасля абеду,— паведаміў ён.— Пан мэр вярнуўся раніцаю з палявання і яшчэ не ўстаў. Ен прыйдзе, як толькі будзе гатовы.
Усе ў доме былі ўзнерваваныя. А людзі на дварэ, якія самі не ведалі, чаго тут чакалі, толькі нагняталі гэтую ўзнерваванасць.
— Вы застанецеся тут? — спытаўся Мэгрэ ў дзяўчыны.
— Вядома. А куды мне яшчэ дзецца?
Мэгрэ папрасіў доктара выйсці з пакоя і замкнуў дзверы на ключ. Ен пакінуў з Жулі толькі дзвюх жанчын, жонку дазорца з маяка і жонку аднаго шлюзаўшчыка.
— He пускайце нікога,— сказаў ён палявому вартаўніку.— Калі спатрэбіцца, паспрабуйце збыць занадта цікаўных.
Мэгрэ вышаў з дома, прайшоў праз натоўп і накіраваўся да моста. Удалечыні па-ранейшаму выў гудок, але цяпер ён ужо быў ледзь чутны, бо вецер дзьмуў на мора. Было цёпла, сонца свяціла ўсё ярчэй. Пачынаўся прыліў.
Два шлюзаўшчыкі былі ўжо на сваіх месцах. На мосце Мэгрэ сустрэў капітана Дэлькура, з якім гаварыў ноччу. Той падышоў да яго.
— Дык гэта праўда? — спытаўся капітан.
— Але. Жарыса атруцілі.
— Хто?
Натоўп каля Жарысавага дома пачаў раставаць. Было відаць, як палявы вартаўнік, жэстыкулюючы, пераходзіў ад аднае групкі да другой і нешта казаў. Людзі азіраліся на камісара. Цяпер іх цікавіў толькі ён.
— Ну што, пачынаецца шлюзаванне?
— Яшчэ не. Трэба, каб вада ўзнялася на тры футы. Вунь тое судна на рэйдзе чакае з шасці раніцы.
Іншыя служачыя — таможнікі, механік, гаспадар вартавога кацера, інспектар рыбааховы — не рашаліся падысці да капітана з камісарам. Кідаючы ў іх бок позіркі, яны рыхтаваліся да працы.
Урэшце, гэта і былі тыя самыя людзі, постаці якіх Мэгрэ ледзь распазнаваў у начным тумане і якіх мог цяпер добра разгледзець.
«Марацкі прытулак» быў зусім побач. 3 яго вокнаў, прыгледзеўся Мэгрэ, можна было ўбачыць і шлюз, і мост, і пірс, і маяк, і Жарысаў дом.
— Хадзем вып’ем па шклянцы? — прапанаваў камісар.
Ен здагадаўся, што ў час дзяжурства, калі можна было, увесь невялікі персанал порта збіраўся ў шынку.
Капітан паглядзеў на ўзровень вады.
— Паўгадзіны ў мяне ёсць,— сказаў ён.
Яны ўвайшлі ў шынок — за імі нерашуча прасунуліся і астатнія. Мэгрэ запрасіў усіх за свой столік.
Трэба было пазнаёміцца з людзьмі, знайсці да іх нейкі ключ, заваяваць іх давер і нават стаць тут, наколькі гэта было магчыма, сваім.
— Што будзеце ліць?
Усе пераглянуліся. Людзі яшчэ пачувалі сябе няёмка.
— Звычайна гэтай парой мы п’ём каву з ромам,— адказаў нехта.
Афіцыянтка прынесла каву. Людзі, якія, ідучы ад Жарысавага дома, пераходзілі мост, так і стараліся зазірнуць у вокны шынка. Відаць было, што разыходзіцца па дамах ім не хацелася — цікавей было бадзяцца ў порце, чакаючы, што там будзе далей.
Набіўшы люльку, Мэгрэ пусціў капшук па крузе. Капітан Дэлькур адмовіўся: ён курыў цыгарэты. Але механік, пачырванеўшы, прамармытаў: «3 вашага дазволу» — і паклаў у рот каліва тытуню.
— Дзіўная гісторыя, згадзіцеся,— вымавіў нарэшце Мэгрэ.
Усе ведалі, што ён пачне размову пра гэта,— і ўсё-такі над столікам запала маўчанне.
— Здаецца, капітан Жарыс быў слаўны чалавек...
Сказаўшы гэта, Мэгрэ ўпотайкі зірнуў на твары партавікоў.
— I не кажыце,— сказаў Дэлькур.
Ен быў крыху старэйшы за свайго папярэдніка, не такі акуратны, як той,— можна было меркаваць па адзежы, і, здаецца, не грэбаваў спіртным.
Аднак ён не забываўся, паглядваючы раз-пораз у акно, назіраць за ўзроўнем вады і за суднам, якое якраз падымала якар.
— Рана пачынаюць! Цячэнне Орны можа знесці іх на водмель...
— Ваша здароўе... Урэшце, ніхто не ведае, што здарылася шаснаццатага верасня...
— Ніхто... Ноччу быў туман, як і сёння ноччу... Я тады не дзяжурыў. Праўда, прабыў тут да дзевяці гадзін — гуляў у карты з Жарысам і з сябрамі, якіх вы тут бачыце...
— Вы сустракаліся кожны вечар?
— Амаль што... У Вістрэаме не дужа дзе адпачнеш, хіба што ў гэтым шынку... У той вечар Жарыс некалькі разоў выходзіў, каб паглядзець, як праходзілі судны... А палове
дзесятай прыліў скончыўся... Жарыс знік у тумане — думалі, што пайшоў дамоў...
— Калі вы даведаліся, што яго тут няма?
— На раніцу... Жулі прыйшла ў порт спытаць, дзе ён... Яна заснула да таго, як капітан мусіў вярнуцца дамоў, і здзівілася, калі не застала яго ў спальні...
— Я не хачу сказаць пра яго нічога благога, толькі ён быў нейкі не такі, як усе... He тое каб ганарлівы, не!.. Але надта ўжо глядзеў за сабою, разумееце!.. Ен ніколі не прыйшоў бы на працу ў сабо, як Дэлькур. Гуляў тут у карты, па вечарах, але ўдзень не заходзіў сюды ніколі... Са шлюзаўшчыкамі быў на «вы»... He ведаю, ці разумееце вы, што я хачу сказаць...
Мэгрэ выдатна яго разумеў. Ен правёў у чысцюткім доме Жарыса, дзе ўсё так і патыхала добрым буржуазным парадкам, некалькі гадзін. А цяпер бачыў заўзятых наведнікаў шынка, людзей нашмат прасцейшых за нябожчыка. Яны, напэўна, прапускалі тут чарку за чаркаю. Гамонка рабілася ўсё больш гучная, вольная, нязмушаная.
— Жарыс шмат выпіў у той вечар?
— Ен ніколі не піў больш аднае чаркі,— сказаў таможнік, якому, як было відаць, не цярпелася далучыцца да гаворкі.— I не курыў!
— Ну, а... скажыце... у яго з Жулі...
Усе пераглянуліся. Некаторыя нерашуча заўсміхаліся.
— Цяжка сказаць... Жарыс кляўся, што не... Толькі...
У гаворку зноў уступіў таможнік:
— Жарыс заходзіў сюды толькі, каб пагуляць трохі ў карты. Ніколі не расказваў пра сваё прыватнае жыццё і ішоў дамоў пасля першай чаркі.
— Жулі ўжо каля васьмі гадоў жыве ў яго доме... Тады, як ён яе ўзяў да сябе, ёй было шаснаццаць... Была простая вясковая дзяўчына, лічы, смаркатая, кепска адзетая...
— А цяпер...
Падышла афіцыянтка, хоць яе ніхто і не клікаў, і зноў
наліла рому ў шкляначкі, на дне якіх засталося крыху кавы. Мабыць, гэта таксама ўваходзіла ў рытуал.
— А цяпер вунь яна якая... Ну, вось... На вячорках яна ніколі не танцуе абы з кім... Калі хто ў краме з ёй па-простаму, дык яна ўжо сярдуе... А хто ты такая, калі ўжо на тое пайшло?.. А вось брат у яе...
— Брат?..
Механік паглядзеў таможніку ў вочы. Але Мэгрэ перахапіў гэты позірк.
— Камісар усё роўна дазнаецца пра яго! — сказаў таможнік, які, відаць, прапусціў сёння ўжо каторую добрую шкляначку.— Яе брат адбыў на катарзе восем гадоў... Неяк напіўся вечарам з сябрамі ў Анфлёры, ну, і нарабілі на вуліцы гвалту... Падаспела паліцыя, і хлопец так прыклаўся да аднаго паліцэйскага, што той праз месяц памёр.
— Ен — марак?
— Раней хадзіў у дальнія рэйсы, а потым вярнуўся сюды. Плавае цяпер на шхуне «Сэн-Мішэль» з Пэнполя.
Капітан Дэлькур занерваваўся.
— Хадзем! — сказаў ён, устаючы.— Пара ўжо...
— Параход яшчэ ў шлюз не ўвайшоў,— уздыхнуў таможнік — гэты не надта спяшаўся.
— «Сэн-Мішэль» бывае тут хоць калі?
— Але, заходзіць...
— Ён быў тут шаснаццатага верасня?
Таможнік, усё роўна як апраўдваючыся, сказаў суседу:
— Ён бы ўсё адно даведаўся пра гэта з партовага журнала!.. Быў ён тут... 3-за туману яны нават правялі на ўваходзе ў порт ноч і адплылі толькі на золку...
— Куды?
— У Саўтхэмптан. Дакументы правяраў я... Яны везлі з Кана будаўнічы камень.
— А больш брата Жулі тут не бачылі?
Цяпер таможнік завагаўся. Уздыхнуў, дапіў ром.
— Трэба спытаць у тых, хто кажа, што бачыў яго ўчора... Асабіста я яго не сустракаў.
— Учора?
Таможнік паціснуў плячыма. У акно было відаць, як праходзіць паволі між муроў шлюза, узвышаючыся над усім портам, велізарны чорны параход — яго труба плыла над старымі дрэвамі ўздоўж канала.
— Мне трэба ісці...
— Мне таксама...
— Колькі з нас, прыгажуня? — спытаўся Мэгрэ.
— Заплаціце другім разам. Гаспадыні цяпер няма...
Людзі, якія ўсё яшчэ чакалі, ці не здарыцца што-небудзь цікавае каля Жарысавага дома, назіралі цяпер за англійскім параходам, што стаяў ужо ў шлюзе. Мэгрэ выйшаў з шынка. У гэты момант да порта падыходзіў нейкі мужчына, і камісар здагадаўся, што гэта мэр, якога ён бачыў ноччу здалёк.