Пад страхам смерці
Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
На вуліцы, ахутанай туманам, кожны пайшоў у свой бок. Чуваць быў стук абцасаў, які перакрыла раптам сірэна.
Мэгрэ, нерухомы, прыслухоўваўся нейкі час да крокаў — яны былі то цяжкія, то няўпэўненыя, то рабіліся раптам хуткія...
I камісар зразумеў, што немаведама як, але страх працяў гэтых людзей.
Яны баяліся, усе, што ішлі цяпер дамоў, баяліся ўсяго і нічога — нейкае няяснае небяспекі, нечага нядобрага, што нельга было пакуль яшчэ прадказаць, баяліся і цемры і святла.
«Што, калі гэтым не скончыцца?» — думалі, мусіць, яны.
Мэгрэ вытрас з люлькі попел і зашпіліў паліто.
IV. «СЭН-МІШЭЛЬ»
— Ну як? — занепакоена пытаўся гаспадар гатэля, як толькі Мэгрэ браўся за новую талерку.
— Нічога,— адказваў камісар, які, па праўдзе сказаць, і не заўважаў, што ён еў.
Мэгрэ сядзеў адзін у гатэльным рэстаранчыку на сорак — пяцьдзесят чалавек. Жыццё ў гатэлі віравала толькі ўлетку, калі ў Вістрэам прыязджалі адпачыць на беразе мора. Мэбля — як і ва ўсіх пляжных гатэлях. Вазачкі на сталах.
Нічога агульнага з Вістрэамам, які цікавіў камісара і які ён, адчуваючы задавальненне, пачынаў разумець.
У кожным расследаванні ён больш за ўсё не любіў менавіта пачатку: за няёмкасць першых сустрэч і розныя падманлівыя меркаванні.
Напрыклад, ужо сама назва — Вістрэам. У Парыжы яму чамусьці здавалася, што гэта — партовы гарадок, як СэнМало. А потым, у першы ўжо вечар, Мэгрэ зразумеў, што гэта — змрочны куток зямлі, населены суровымі і маўклівымі людзьмі.
Цяпер ён ведаў Вістрэам і пачуваў сябе ў ім як дома. He дужа самавіты гарадок, у які вядзе абсаджаная дрэўцамі дарога. Адзін толькі порт і заслугоўвае ўвагі: шлюз, маяк, Жарысаў дом, шынок «Марацкі прытулак». Цікава было назіраць жыццё гарадка, якое раней здалося загадкавым, цяпер рабілася ўсё больш зразумелым: два шлюзаванні на дзень, рыбакі з кашамі, жменька людзей, якія толькі тым і займаюцца, што сочаць за праходам суднаў, якія вяртаюцца з кабатажнага плавання, іх капітаны...
Ключа да разгадкі тайны пакуль не было. Усё заставалася загадкавым. Але добра было ўжо хоць тое, што цяпер ён бачыў дзейных асоб гэтай заблытанай гісторыі кожную на сваім месцы, у сваім асяродку, занятую сваёй заўсёднай справаю...
— Вы тут надоўга? — спытаўся гаспадар, падаючы каву.
— He ведаю.
— Здарылася б гэта ў сезон, былі б у мяне вялікія страты...
Цяпер Мэгрэ дакладна адрозніваў чатыры Вістрэамы: Вістрэам-порт, Вістрэам-гарадок, Вістрэам буржуазны, з некалькімі віламі, як у мэра, уздоўж дарогі, і, нарэшце, Вістрэам курортны, які часова не існуе.
— Пойдзеце куды-небудзь?
— Пайду пагуляю крыху перад сном.
Пачынаўся прыліў. Было халадней, чым напярэдадні, бо туман, не радзеючы, ператвараўся ў кропелькі ледзяной вады.
Усё наўкол было чорнае, вокны і дзверы зачыненыя. Віднелася толькі вільготнае вока маяка. Са шлюза даносіліся галасы.
Кароткі гудок карабля. Набліжаліся два агні — чырвоны і зялёны. Уздоўж шлюза плыла нейкая велізарная маса.
Цяпер Мэгрэ зразумеў, што з мора ішоў параход. Камісар убачыў чалавечую постаць. Зараз марак прыме з судна швартоў і замацуе яго на першым кнехце. Потым капітан загадае даць задні ход, каб судна спынілася.
Міма Мэгрэ, неспакойна гледзячы на пірсы, прайшоў Дэлькур.
— Што здарылася?
— He ведаю...
Ен хмурыў бровы, з усёй сілы ўзіраючыся ў мора, нібыта можна было, напружыўшы волю, разгледзець што-небудзь у гэтай непрагляднай цемрадзі. Двое рабочых ужо збіраліся зачыняць вароты шлюза. Дэлькур крыкнуў ім:
— Пачакайце крыху!
I раптам вымавіў здзіўлена:
— Гэта ён...
У той самы момант метраў за пяцьдзееят ад іх пачуўся голас:
— Гэй, Луі! Стаў фок і падыходзь левым бортам.
Голас даносіўся знізу, з цёмнай дзіркі, ад пірсаў. Светлячок набліжаўся. Цяпер можна было ўжо разгледзець збольшага чалавека на палубе. Зазвінелі колцы ветразей, якія са звонам упалі на леер.
Потым міма Мэгрэ праплыў, як выцягнуць руку, разгорнуты грот-парус.
— Ну і ну! — прабурчаў капітан.— Злаўчыліся ж!
Павярнуўшыся да парусніка, Дэлькур крыкнуў:
— Дайце наперад! Носам да левага борта парахода, інакш не зачыніць вароты...
Нейкі чалавек саскочыў на зямлю са швартовым і, упёршыся рукамі ў бокі, выглядваў нешта ў цемры.
— «Сэн-Мішэль»? — спытаўся Мэгрэ.
— Ен самы... Яны ішлі з хуткасцю парахода...
Унізе, на палубе, гарэла толькі адна маленькая лямпачка, якая асвятляла бочку, груду канатаў, чалавека, што бег ад руля да носа шхуны.
Адзін за адным падыходзілі шлюзаўшчыкі і, не верачы вачам, глядзелі на судна.
— На месцы, хлопцы!.. Давайце!.. Гэй там, каля дзержакоў!
Калі вароты зачыніліся, вада пайшла праз засаўкі і судны пачалі падымацца. Слабы агеньчык наблізіўся яшчэ больш. Палуба была ўжо на ўзроўні прычала, і чалавек на ёй загаварыў з начальнікам порта:
— Як справы?
— Нічога,— адказаў Дэлькур.— Хутка ж вы ўправіліся!
— Вецер быў спадарожны, і Луі паставіў усе ветразі. Нават абышлі нейкі параход!
— Ты ў Кан ідзеш?
— Але, на разгрузку! Тут нічога новага?
Мэгрэ стаяў за два крокі ад капітана «Сэн-Мішэля», з якім гаварыў Дэлькур, Вялікі Луі — крыху далей, але яны амаль не бачылі адзін аднаго.
Начальнік порта павярнуўся да камісара, не ведаючы, што і сказаць.
— Праўда, што Жарыс вярнуўся? Здаецца, пра гэта пісалі ўжо ў газеце...
— Ен вярнуўся і зноў паехаў...
— Як гэта?
Засунуўшы рукі ў кішэні, Вялікі Луі падышоў крыху бліжэй. Незвычайна высокі і шырокі ў плячах, быў ён нейкі нязграбны, скасабочаны, азызлы. Праўда, у гэтакай цемрадзі ён мог здацца шмат больш непрыгожы целам, чым быў на сатлой справе.
— Ен памёр...
Цяпер Луі наблізіўся да Дэлькура ўсутыч.
— Гэта праўда? — выціснуў ён з сябе.
Толькі цяпер пачуў Мэгрэ ягоны голас. Ен быў нейкі
млявы, хрыплы, манатонны. Твар па-ранейшаму быў нябачны.
— У першую ж ноч, як вярнуўся, яго атруцілі...
Абачлівы Дэлькур паспяшаўся дадаць — з яўным намерам папярэдзіць:
— Вось камісар з Парыжа, якому даручана справа.
Дэлькуру стала лягчэй. Ен ужо даўно думаў, як ім пра гэта паведаміць. Можа, ён баяўся якой-небудзь неабачлівасці экіпажа «Сэн-Мішэля»?
— А, гэта пан з паліцыі...
Судна ўсё яшчэ падымалася. Капітан перамахнуў праз на прыстань, не ведаючы, падаваць Мэгрэ руку ці не.
— Ну і ну! — вымавіў ён, думаючы пра Жарыса.
Адчувалася, што ён таксама занепакоены — і яшчэ болып, чым Дэлькур. Велізарны нязграбны Луі тупаў на месцы. Ен усё роўна як прагаўкаў нешта зусім неразборлівае.
— Што ён кажа? — спытаў камісар.
— Балбоча па-тутэйшаму: «Свалата на свалаце!..»
— Хто — свалата? — спытаўся Мэгрэ ў былога катаржніка.
Але той толькі паглядзеў яму ў вочы. Цяпер Мэгрэ і Луі стаялі амаль побач. Відаць было, што твар у матроса азызлы, адна шчака таўсцейшая або здавалася такой, бо ён трымаў галаву набок. Вочы — вялікія, лупатыя.
— Учора вы былі тут,— сказаў яму камісар.
Шлюзаванне скончылася. Адчыніліся верхнія вароты. Параход паплыў па канале, і Дэлькуру прыйшлося бегчы за ім, каб спытаць, які ў яго танаж і адкуль ён ідзе. 3 мастка данеслася:
— Дзевяцьсот тон!.. Руан...
Але «Сэн-Мішэль» са шлюза не выходзіў. Людзі, якія стаялі на сваіх месцах, гатовыя да манеўру, адчувалі, што адбываецца нешта незвычайнае, і напружана чакалі.
Вярнуўся Дэлькур, занатоўваючы на хаду ў запісную кніжку атрыманыя звесткі.
— Ну дык як? — нецярпліва спытаўся Мэгрэ ў Луі.
— Што — як? — прабурчаў той.— Вы кажаце, што я быў тут. Ну, значыцца, быў...
Зразумець яго было нялёгка, бо ён неяк дзіўна глытаў словы, гаварыў, не разяўляючы рота, усё адно як жаваў штосьці. Да таго ж у яго было тыповае тутэйшае вымаўленне.
— Навошта вы прыходзілі?
— 3 сястрою пабачыцца...
— А раз яе не было дома, пакінулі ёй запіску.
Мэгрэ ўпотайкі разглядваў капітана шхуны, які быў апрануты гэтаксама проста, як і яго матрос. Нічога асаблівага ў ім не было. Выдаваў хутчэй на заводскага майстра, чым на капітана.
— Прастаялі тры дні на рамонце ў Фекане. Вось Луі і скарыстаўся выпадкам, каб праведаць Жулі! — умяшаўся ён.
Людзі, што стаялі вакол шлюза, прыслухоўваліся, напэўна, да размовы і стараліся не шумець. Удалечыні выла сірэна. Туман рабіўся ўсё больш вільготны, і брук пад нагамі аж блішчаў.
На палубе шхуны адкрыўся люк, высунулася нечыясь галава. Валасы ў чалавека былі раскудлачаныя, твар няголены.
— Ну і што?.. Так і будзем стаяць тут?..
— Заткніся, Сэлестэн! — рэзка крыкнуў гаспадар шхуны.
Дэлькур прытупваў нагамі — можа, каб сагрэцца, а можа, каб не выдаць сваёй збянтэжанасці, бо не ведаў, што цяпер рабіць: заставацца тут ці ісці, куды яму трэба.
— Чаму вы лічыце, Луі, што Жарысу пагражала небяспека?
— Ну... раз яму рассадзілі чэрап,— паціснуў плячыма матрос,— дык няцяжка здагадацца.
Каб размаўляць з ім, патрэбны быў, бадай што, перакладчык, так нялёгка было разабраць яго бурчанне.
Дужа скоўвала няёмкасць, а тут яшчэ ўсё адно як нейкая трывога павісла ў паветры.
Луі паглядзеў у бок Жарысавага дома, але нічога не ўбачыў.
— Яна там, Жулі?
— Там... Вы пойдзеце да яе?
Ен пакруціў галавою, усё роўна як мядзведзь.
— Чаму?
— Раве цяпер, відаць,— сказаў ён з агідаю чалавека, які цярпець не можа слёз.
Туман гусцеў і гусцеў. Дэлькур не мог ужо больш выносіць гэтага маўчання і тупання на адным месцы.
— Можа, хадзем вып’ем?..
Нейкі рабочы, які стаяў непадалёк, папярэдзіў:
— Шынок толькі што зачынілі.
Тады капітан «Сэн-Мішэля» прапанаваў:
— Давайце прапусцім па адной у кубрыку — калі хочаце...
* * *
Яны сядзелі ўчатырох: Мэгрэ, Дэлькур, Вялікі Луі і капітан судна Ланэк. Кубрык быў невялікі. Маленькая печачка ажно палала, і ўсё вакол запацела. Святло падвеснай газнічкі здавалася чырвоным.
Сцены былі з пакрытых лакам сасновых дошак. Дубовы стол сцёрты і парэзаны нажом, месца жывога на ім не было. На стале — брудныя талеркі, залапаныя шклянкі з тоўстага шкла, паўбутэлькі чырвонага віна.
Ложкі капітана і Луі, яго памочніка, былі незасланыя. На іх валяліся боты і брудная адзежа. Пахла смалою, спіртам, кухняй і спальняй, але ўсё гэта перабівалі карабельныя пахі, якія цяжка назваць нейкім пэўным словам.
У асветленым пакоі людзі ўжо не здаваліся такімі загадкавымі. У Ланэка былі цёмныя вусы, жывыя, разумныя вочы. Ен ужо дастаў з шафы бутэльку і апалоскваў цяпер шклянкі, выліваючы ваду на падлогу.