Пад страхам смерці
Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
— Ты маеш амаль гадзіну.
Шрамэк уздыхнуў.
— Цыгарэты ў вас не будзе?
Мэгрэ адчыніў шуфляду і працягнуў яму пачак і запалкі.
— А выпіць у вас што-небудзь ёсць?
— Гаварыць будзеш?
— Яшчэ не ведаю. Я ўсё думаю, ці ёсць у мяне што-небудзь такое, каб вам распавесці.
Мэгрэ падышоў да дзвярэй і крыкнуў:
— Люка! Будзь ласкавы, схадзі на набярэжную Вальмі і прывядзі сюды пані Франсуазу Біду. Яна жыве...
— He трэба, камісар! — адразу ж закруціўся Акрабат на крэсле.
— Гаварыць будзеш?
— Мне б хоць каліва глынуць...
— Чакай, Люка, мы тут яшчэ сёе-тое высветлім... Дык ты, Шрамэк, жонкі баішся?
— Вы ж абяцалі мне глыточак?
Мэгрэ выняў пляшку каньяку, наліў крыху ў шклянку.
— Дык я адзін буду піць?
— Расказвай.
— Задавайце пытанні. Заўважце, што я, як кажуць адвакаты, не спрабую парушаць следства.
— Дзе ты пазнаёміўся з Турэ?
— На лаўцы бульвара Бон-Нувэль.
— Як?
— Ну, як зазвычай знаёмяцца на лаўках. Пагаманілі пра надвор’е...
— Гэта было гады два з паловаю назад?
— Прыкладна. Я гэты дзень у календары не адзначаў. А потым зноў сустрэліся на гэтай самай лаўцы. Ён, відаць, быў рады, што ёсць з кім пагаварыць.
— Ен сказаў, што застаўся без працы?
— 3 часам ён мне ўсё распавёў: і як працаваў дваццаць пяць гадоў на адным месцы, і як закрылі раптам фірму, і як баяўся прызнацца жонцы, што застаўся без працы, як падманваў яе, што працуе ў той самай фірме. Жонка ў яго, дарэчы, 240
паганая. Здаецца, ён мне першаму ўсё гэта і расказаў. Яму нават лягчэй стала.
— Ен ведаў, хто ты такі?
— Я сказаў, што працаваў раней у цырку.
— А потым?
— А што вас, уласна кажучы, цікавіць?
— Усё.
— Перш чым гаварыць далей, зазірніце, калі ласка, яшчэ раз у мае справы, падлічыце мае ходкі. Я б хацеў прыкінуць, ці не вышлюць мяне ў Гвіяну'. Нешта не цягне туды...
Мэгрэ паглядзеў.
— Калі ты не забіваў, то можаш сесці яшчэ два разы.
— Я так і думаў. Толькі не быў упэўнены, што нашы разлікі супадуць.
— Крадзёж?
— Трохі больш складаней.
— Хто прыдумаў?
— Ен, вядома. Я не такі разумны. А яшчэ крыху пліснеце?
— Пасля.
— О, мне доўга расказваць, прыйдзецца спяшаць.
Мэгрэ наліў глыток.
— Па сутнасці, усё пачалося з лаўкі...
— Што ты маеш на ўвазе?
— А тое, што, бавячы ўвесь час на адной і той самай лаўцы, пан Луі пачаў назіраць, што ж наўкол адбываецца. Вы ведаеце магазін дажджавікоў на бульвары?
— Ведаю.
— Дык вось, лаўка, на якой пан Луі зазвычай сядзеў, была якраз насупраць гэтай крамы. Так што ён міжволі ўведаў усе іхнія парадкі, звычкі прадаўцоў... Тут яму і прыйшла ў галаву думка. Калі днямі няма чаго рабіць, дык усялякія планы самі па сабе з’яўляюцца, няхай сабе і невыканальныя. Ну, ён мне аднойчы і распавёў, каб забавіць час хіба што:
1 Гвіяна Французская — заморскі дэпартамент Францыі. Месца катаргі.
народу ў краме заўсёды поўна, дажджавікоў гэтых самых — процьма, усюды навешаны-навалены, і на першым, і на другіх паверхах, а злева ад крамы, як амаль заўсёды ў гэтым квартале,— тупічок, праходзік. Намаляваць?
— He зараз. Расказвай.
— Дзіўная, кажа мне, справа: як гэта ніхто яшчэ не абакраў гэтую краму? Гэта ж так проста!
— Уяўляю, як ты тады напяўся!
— Ведама ж, зацікавіўся. У абед, кажа ён мне, выходзяць апошнія пакупнікі, і прадаўцы ідуць есці. Гаспадар таксама. Гэты адыходзіць апошні і зачыняе дзверы. I калі хто-небудзь з наведнікаў застанецца ўсярэдзіне?.. Думаеце, немагчыма?.. Я і сам так думаў. Але ж ён ужо добра ведаў, што, перад тым як пайсці на абед, прадаўцы ніколі нічога не правяраюць. А дажджавікоў — процьма. Кеміце?.. Схавацца ў іх — вось і ўся работа.
— Гаспадар цябе зачыняе, ты бярэш касу, а потым ламаеш дзверы?
— Навошта ламаць, начальнік? Тут і пачынаецца фокус. Нават калі мяне і накрыюць у краме, дык не будзе ніякіх доказаў, што я нешта ўзяў. Я ўзяў касу, так?.. А потым пашкандыбаў у прыбіральню. Там пад пралеваю — невялікае акенца — у тупічок. Праз яго не кожны шчанюк пралезе, але ўжо пакет з грашыма прасунуць можна. Тут Луі нібыта выпадкова заходзіць у двор, падбірае пакет і робіць ногі. А я зноў хаваюся сярод дажджавікоў і спакойна чакаю, калі ўсе прысунуцца назад. Толькі люду пабольшае — я спакойна выходжу, як і ўвайшоў.
— Грошы вы падзялілі?
— Па-брацку. Цяжэй за ўсё было ўгаварыць яго. Ен казаў, што прыдумаў гэта ўсё дзеля забавы. Спярша, як я яму прапанаваў, ён аж узвіўся. Што яго змусіла згадзіцца, дык гэта думка пра тое, што рана ці позна давядзецца здавацца жонцы. Да таго ж у задумы былі шматлікія перавагі. Вось, да прыкладу, павяжуць мяне. Але ж няма ні ўзлому, ні пе-
ралязання праз сцяну — справа-чысцяк. Калі я не памыляюся, дык дадуць на два гады меней. Га?..
— Мы яшчэ Кодэкс паглядзім.
— Ну, вось я вам усё і распавёў. Добра мы з Луі папрацавалі, і я ні аб чым не шкадую. Дажджавікі дазволілі нам працягнуць месяцы тры. Як па праўдзе, дык я сваю долю хутка спаліў — на конях. Але Луі мяне падтрымліваў. Ну, а калі грошы скончыліся, знайшлі другую лаўку.
— I падрыхтавалі новы варыянт?
— Спосаб знайшлі, і мяняць яго не было ніякіх падстаў. Цяпер, калі вы ведаеце яго, можаце пакорпацца ў архівах і знайсці назвы ўсіх магазінаў, дзе я працаваў. Другі быў прадавец электратавараў на тым самым бульвары, трохі далей. Усюды атрымлівалася адно і тое ж, бо ў гэтым квартале акенцы ўсіх прыбіральняў выходзяць або ў тупічок, або ва ўнутраны двор. Аднаго разу мяне накрыла ў шафе прадаўшчыца. Я прыкінуўся п’яным упокат. Яна паклікала гаспадара, і мяне выштурхалі, толькі напалохалі паліцыяй. Дык скажыце мне зараз, навошта мне было забіваць Луі? Мы ж кенты. Я нават з Франсуазай яго пазнаёміў, каб супакоіць яе, бо яна ўсё распытвала, дзе я шляюся. Луі прынёс ёй скрынку шакаладу, і яна ўпэўнілася, што гэта выхаваны чалавек.
— Вы пракруцілі яшчэ адзін варыянцік на тым тыдні?
— Паглядзіце ў газетах: магазін адзежы на Манмартры.
— Думаю, што Луі забілі ў тупічку, калі ён правяраў акенца ювелірнай крамы?
— Мажліва. Мясціны Луі заўсёды сам аглядаў. Ен усё запамінаў лепш за мяне. А потым, людзі заўсёды косяцца на такіх, як я. I мне даводзілася выфранчвацца, але на мяне ўсё роўна глядзелі з падазрэннем.
— Дык хто ж яго забіў?
— Вы ў мяне пытаецеся?
— Каму было трэба яго забіць?
— He ведаю. Можа, жонцы?
— А ёй навошта?
— Злая яна... Можа, уведала, што ён ужо два гады як падманвае яе і мае каханку...
— Ты ведаеш яго каханку?
— Ен нас не знаёміў, але гаварыў пра яе, і я яе бачыў здалёк. Ен яе кахаў... Яму хацелася цяпла. Нам жа ўсім яго хочацца?.. Вось у мяне — Франсуаза. I ў вас таксама хтонебудзь ёсць. Яны ладзілі, хадзілі разам у кіно, сустракаліся ў кафэ.
— Яна пра ўсё ведала?
— He, канечне.
— А хто ведаў?
— Перш за ўсё я.
— Ну вядома!
— I, можа, дачка. Вельмі ўжо ён з-за яе перажываў, усё баяўся, што яна старэе і робіцца падобная да маці. Яна ўсё грошы з яго выцягвала.
— Ты бываў у яго на вуліцы Ангулем?
— Ніколі.
— А ведаеш гэты дом?
— Ен мне яго паказваў.
— Дык чаму ж ты да яго хоць раз не зайшоў?
— А навошта яму псаваць замалёўку? Гаспадыня лічыла яго дужа прыстойным панам. Калі б яна мяне ўбачыла...
— А калі я табе скажу, што ў ягоным пакоі знайшлі адбіткі тваіх пальцаў?
— Туфта.
Шрамэк быў зусім спакойны, хіба што раз-пораз пазіраў на пляшку.
— Хто яшчэ мог ведаць пра вашыя справы?
— Паслухайце, пане камісар, я не дужа важны чалавек, але стукачом ніколі не быў.
— Хочаш, каб у забойстве абвінавацілі цябе?
— Гэта ўжо занадта.
— Дык хто яшчэ ведаў?
— Дружок дачкі. А гэта такі малойчык, за якога я не прысягну, што ён не вінаваты: днямі высочваў Луі, двойчы патрабаваў грошай. Можа, гэта дачка яго падбухторвала.
A Луі ажно калаціўся, гэтак баяўся, што смаркач раскажа ўсё жонцы ці ліст ананімны напіша.
— А ты яго ведаеш?
— He. Ведаю толькі, што зусім маладзён і зранку працуе ў нейкай кнігарні. Апошнім часам Луі ўсё роўна як чакаў бяды. Казаў, што далей так працягвацца не можа, што жонка пра ўсё даведаецца. Але ўсё роўна я, як даведаўся, што яго забілі, дык сам ледзь не грымнуўся.
— Колькі ў яго магло быць грошай з сабою?
— He ведаю, колькі было з сабою, але за два дні да таго мы добра хапнулі.
— Ен меў звычку насіць грошы з сабою?
— У кішэні, бывала, насіў. Але трымаў іх у сваім пакоі. Самае смешнае ў ім было тое, што калі яму трэба было ўвечары вяртацца дамоў, дык ён ішоў на вуліцу Ангулем і мяняў чаравікі і гальштук. Аднаго разу забыўся і толькі на вакзале ўцяміў, дык прыйшлося ляцець назад. А дома сказаў, што спазніўся, бо на працы затрымаўся.
— Чаму ты з аўторка не выходзіў з дому?
— А што б вы зрабілі на маім месцы? Я як прачытаў у газеце пра гэта, у аўторак уранку, дык адразу прыкінуў, колькі людзей бачылі мяне з Луі. А калі хто-небудзь паведаміў бы вам? Такіх, як я, заўсёды падазраюць.
— А ты не думаў з’ехаць з Парыжа?
— He. Думаў, хопіць таго, што зашыўся ў сваю нару, можа, забудуцца на мяне. А сёння ўранку як пачуў голас інспектара, дык адразу зразумеў, што накрылі.
— А Франсуаза ведае, у чым справа?
— He.
— Дык адкуль, яна думае, грошы ў цябе бяруцца?
— Па-першае, яна іх толькі частку бачыць, гэта ўжо што пасля скачак застанецца. А па-другое, яна думае, што я паранейшаму абчышчаю кішэні ў метро.
— Дык ты і гэтым займаўся?
— Вы ж не будзеце, камісар, настойваць, каб я вам адказваў і на гэтае пытанне? Вам не хочацца піць?
Мэгрэ наліў яму апошні глыток.
— Усё выклаў? Ты ўпэўнены?
— Як у тым, што вас бачу.
Мэгрэ адчыніў дзверы і паклікаў Люка.
— Адвядзі яго ў камеру. I надзень на ўсякі выпадак наручнікі.
Але калі Акрабат павярнуў да яго свой нібыта гумовы, з дзіўнай, да вушэй, усмешкаю твар, камісар пашкадаваў яго:
— Няхай там будуць з ім ласкавейшыя.
— Дзякую, пан камісар. Толькі не кажыце Франсуазе, што я на скачках прайграваў столькі грошай, a то яна мне перадач не будзе насіць.
Мэгрэ надзеў паліто, узяў капялюш — вырашыў пайсці перакусіць. Ен спускаўся па лесвіцы, як раптам пачуў унізе нейкую валтузню.
Нейкі маладзён з раскудлачанымі валасамі вырываўся з рук бамбізьі-сяржанта. У паліцэйскага была разадрана шчака.
— Супакоішся ты ці не, вош малая? — цыкнуў на маладзена сяржант.— А то я табе зараз увалю!
Мэгрэ перагнуўся цераз парэнчы і ўбачыў, што сяржант прывёў Альбэра Жарыса.