Пад страхам смерці
Жорж Сімянон
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 365с.
Мінск 1992
— Адпусціце мяне! — крычаў Жарыс.— Я ж вам кажу, што пайду сам!
Сустрэўшыся з Мэгрэ, паліцэйскі далажыў:
— Я яго толькі што затрымаў на мосце Сэн-Мішэль. Я яго адразу ж прызнаў. Хацеў уцячы.
— Няпраўда! Ен маніць!
Жарыс задыхаўся, твар у яго пачырванеў, вочы блішчалі.
Сяржант трымаў яго за каўнер паліто.
— Скажыце, каб ён мяне адпусціў!
Ен хацеў ударыць паліцэйскага нагою, але прамахнуўся.
— Я ж сказаў, што хачу бачыць камісара Мэгрэ. Я сюды сам ішоў, сам!
Адзежа на ім была падраная, штаны запэцканыя. Пад вачыма — сінякі.
— Я камісар Мэгрэ.
— Тады загадайце, каб ён адпусціў мяне.
— Можаш яго адпусціць, прыяцель.
— Як хочаце, але...
— Ен біў мяне,— задыхаўся Жарыс.— Усё роўна як я нейкі... нейкі...
Раз’юшаны, ён і слова не мог знайсці.
Мэгрэ міжволі ўсміхнуўся, зірнуўшы на разадраную шчаку сяржанта.
— А мне здалося, наадварот, што гэта ты яго...
У вачах у юнака бліснуў злы агеньчык.
— Так яму і трэба!
8. МОНІЧЫНА ТАЙНА
— Ну, сядай, прахіндзей.
— Я не прахіндзей! — абурыўся Жарыс. Голас у яго зрываўся.— He думаў я, што камісар Мэгрэ абражае людзей, не выслухаўшы іх.
— Ты еў што-небудзь сёння?
— Я не галодны.
Гэта адказвала ў ім упартасць маладзёна.
Мэгрэ зняў трубку.
— Алё! Піўная «Дэльфін»?.. Дайце мне пана Жазэфа. Алё?.. Пан Жазэф?.. Мэгрэ. Прынясі мне, калі ласка, бутэрбродаў. Шэсць. 3 вяндлінаю... Для мяне. Чакай...
— 3 вяндлінаю ці з сырам?
— Мне ўсё роўна. 3 вяндлінаю.
— Піва ці віна?
— Вады, калі можна. Мне вельмі хочацца піць.
— Жазэф, шэсць бутэрбродаў з вяндлінаю і чатыры піва... Чакай... Прынясі яшчэ два вялікія кубкі кавы. I хутчэй, добра?
Паклаўшы трубку, Мэгрэ пачаў набіраць другі нумар, прыглядаючыся да Жарыса.
Юнак быў худы, бледны, нервовы. Было відаць, што каву
ён піў нашмат часцей, чым еў мяса. Але як на жаночы густ, дык быў прывабны.
Жарыс таксама разглядваў Мэгрэ — спадылба.
— Алё! Аддзел вышуку?.. Аддайце загад не шукаць болей Альбэра Жарыса.
Мэгрэ моўчкі пачаў перакладваць свае люлькі на стале. Пастукалі ў дзверы.
— Уваходзьце!
Вярнуўся Нэвэ.
— Выбачайце, я хацеў бы даведацца...
— Можаш ісці. Дзякую.
Мэгрэ пачаў хадзіць па пакоі. Ен чакаў афіцыянта. Каб прабавіць неяк час, патэлефанаваў яшчэ раз, гэтым разам жонцы:
— Я палуднаваць не прыйду.
— Я так і думала. Ты ведаеш, які ўжо час?
— He.
Жонка адно засмяялася: абед даўно мінуў.
— Я прыйшоў да вас, каб сказаць...— пачаў быў Жарыс, але Мэгрэ адразу ж перапыніў яго:
— Чакай.
Сёння гэта быў ужо трэці допыт. Трэба было сабрацца з думкамі.
Страшэнна хацелася піць.
Камісар міжволі паглядзеў туды ж, куды глядзеў цяпер Жарыс, і пачырванеў, як школьнік: позірк ягоны спыніўся на пляшцы з каньяком, якім ён, так бы мовіць, частаваў Шрамэка. Ва ўсёй гэтай мітусні ён забыўся прыбраць каньяк са стала. Маўклівы папрок хлопца непрыемна закрануў Мэгрэ: гэта ж трэба было такой недарэчнай прамашкаю пагоршыць у вачах затрыманага ўяўленне аб камісары паліцыі!.. Ен хацеў быў усё растлумачыць, але змаўчаў — проста ўстаў і паставіў каньяк назад у шафу.
Зноў пастукалі ў дзверы. Гэта быў афіцыянт.
— Заходзь, Жазэф. Пастаў паднос сюды.
Калі афіцыянт выйшаў, Мэгрэ прапанаваў Жарысу:
— Перакусім.
Жарыс еў з вялікім апетытам, хоць і казаў зусім нядаўна, што зусім не галодны. Але па-ранейшаму паглядваў спадылба на камісара. Праўда, пасля другой шклянкі піва ён трохі пацяплеў.
— Ну як, лепей?
— Дзякую. Але чаму вы назвалі мяне прахіндзеем?
— Да гэтага мы яшчэ вернемся.
— Гэта праўда, што я сюды сам ішоў.
— А чаму ты вырашыў гэта зрабіць?
— Мне абрыдла хавацца.
— А чаму ты хаваўся?
— Каб не арыштавалі.
— А за што цябе арыштоўваць?
— Самі ведаеце.
— Я не ведаю.
— Таму, што я сябра Монікі.
— Ты быў упэўнены, што мы гэта ведаем?
— Пра гэта вельмі проста даведацца.
— I мы б цябе арыштавалі толькі за тое, што ты яе сябар?
— Вы хочаце як мага болей выцягнуць з мяне. Думаеце, што я пачну маніць, блытацца і вы мяне на чым-небудзь зловіце.
— Ты, я гляджу, дэтэктываў начытаўся...
— Я праглядаю газеты. I ведаю, як вы дамагаецеся прызнання.
Мэгрэ сам сабе вылаяўся: далося ім усім гэтае непаразуменне з поўхаю, якую ён заляпіў Рэне Лекэру!.. Між тым сёння ўранку ён атрымаў ад асуджанага на смерць Лекэра ліст з турмы. Прыгнечаны, забойца прасіў камісара наведаць яго. Можна было б паказаць Жарысу гэты ліст і ўсё расказаць, аднак Мэгрэ зноў не стаў нічога тлумачыць затрыманаму і прадоўжыў допыт. Калі ўжо гэты маладзён дапячэ яго з той поўхаю, то ён яму Лекэраў ліст пакажа.
— Дык чаму ж прыйшоў сюды?
— Каб заявіць, што я не забойца.
Мэгрэ распаліў люльку, дапіў паціху піва. 3-за дажджу на вуліцы пацямнела. Ён запаліў лямпу.
— Ты разумееш, што значыць твой уласны прыход да нас?
— Што вы хочаце сказаць?
— Ты вырашыў, што мы збіраемся цябе арыштаваць. Значыцца, у нас ёсць на тое падставы. Якія?
— Вы ж былі на вуліцы Ангулем?
— Адкуль ты ведаеш?
— Гаспадыня ж, напэўна, сказала, што я прыходзіў да яго.
— I што, за гэта цябе трэба арыштоўваць?
— Вы дапытвалі Моніку.
— I ты баішся, што яна прагаварылася?
— Я б здзівіўся, калі б яна ў вас не загаварыла.
— А чаму ты пачаў з таго, што схаваўся ў сябра пад ложкам?
— Вы і гэта ведаеце.
— Адказвай.
— Я не падумаў. Я баяўся. Баяўся, што мяне будуць біць і я прызнаюся ў тым, чаго не рабіў.
— Меней бы ты, хлопча, баяўся... Чаму ж ты тады ўсё-ткі, раз баяўся, вылез з-пад ложка?
— Там нельга было болей заставацца. Сябрава цётка ўвесь час па кватэры хадзіла. Дзверы адчыненыя, у хаце скразняк. Я прастыў, а тут нават чыхнуць страшна. Hi ўстаць, ні паварушыцца...
— I ўсё?
— Есці хацелася.
— I што ж ты стаў рабіць, як выбраўся з кватэры?
— Бадзяўся па вуліцах. Уначы спаў на рынку на мяшках з гароднінай гадзіну-другую. Двойчы падыходзіў да моста Сэн-Мішэль і глядзеў на ваш будынак. Убачыў, як Моніка выходзіла ад вас. Я пайшоў на вуліцу Ангулем, там стаяў чалавек, па ўсім было відаць, назіраў за домам. Ваш, напэўна.
— А чаму мы маглі меркаваць, што ты мог забіць Турэ?
— А вы што, не ведаеце, што я ў яго пазычыў грошы?
— Пазычыў?
— Ну, папрасіў, калі вам так болей падабаецца.
— Папрасіў?
— Што вы хочаце сказаць?
— Есць розныя спосабы прасіць. Між іншым, ёсць і такі, калі чалавек, якога п р о с я ц ь, пастаўлены ў такія ўмовы, што не можа адмовіць. А называецца гэта — шантаж.
Камісар замаўчаў і ўгледзеўся Жарысу ў самыя вочы.
— Адказвай.
— Я нічога б не сказаў пані Турэ.
— Але ж пана Турэ ты гэтым прыпалохаў?
— Ен і так бы даў грошы.
— Але даў таму, што баяўся тваёй пагрозы.
— He ведаю. Вы мяне блытаеце вашымі пытаннямі... Паміраю, хачу спаць...
— Выпі кавы.
Жарыс выпіў і разгублена ўтаропіўся ў Мэгрэ.
— Колькі разоў ты быў у пана Турэ?
— Толькі два разы.
— Моніка пра гэта ведала?
— А што яна вам сказала?
— Цяпер не мае значэння, што яна сказала. Важна, што скажаш ты.
— Яна ведала.
— Што ты яму сказаў?
— Каму?
— Пану Турэ! — не стрымаў свайго раздражнення Мэгрэ.
— Што нам патрэбны грошы.
— Навошта?
— Каб паехаць у Амерыку.
— I як ён адрэагаваў?
— Сказаў урэшце, што гэта найлепшае выйсце.
Допыт нешта не ладзіўся. Жарыс, мабыць, лічыў, што Мэгрэ ведае болей, чым ведаў на самай справе. Трэба было павесці допыт больш асцярожна.
— Ты думаў жаніцца з Монікай?
— Думаў. Але пан Турэ разумеў, што гэта нерэальна. Я непаўналетні. I нават калі б мае бацькі згадзіліся, дык пані Турэ адмовіла б: я ж усё сваё нашу з сабою. Пан Турэ мне сам параіў нават не спрабаваць знаёміцца з ёю.
— А ты яму прызнаўся, што ты з Монікай ужо к a х а ў с я?
Жарыс пачырванеў.
— Я сказаў яму толькі, што яна цяжарная.
Дык вось у чым сакрэт! Мэгрэ выгляду не падаў, але здзівіўся: як жа ён сам не падумаў пра такую паваротку?
— Колькі месяцаў?
— Трохі болей як два.
— Вы былі ў доктара?
— Яна адна хадзіла.
Мэгрэ адкінуўся ў крэсле, набіў тытунём новую люльку.
— Што ж ты збіраўся рабіць у Амерыцы?
— Што прыйдзецца. Я працы не баюся. Мог бы стаць каўбоем.
— Каўбоем? — усміхнуўся сам сабе Мэгрэ: ён згадаў тых асілкаў, якіх бачыў на ранча Арызоны і Тэхаса.
— Я мог бы працаваць на залатых капальнях. Словам, як-небудзь я б ужо выкруціўся.
— I ажаніўся б з Монікай?
— Яна і так мая жонка. Хіба што мы не распісаныя...
— Як сябе паводзіў пан Турэ, калі даведаўся, што Моніка цяжарная?
— He паверыў... Нават заплакаў... Але я пакляўся, што намеры ў мяне...
— ...самыя добрыя. I што ён тады сказаў?
— Абяцаў дапамагчы. Грошай у яго пры сабе не было. Ен даў мне крыху.
— Дзе яны?
— У Монікі. Яна хавае іх у сваім стале на працы.
— А астатнія?
— Астатнія ён абяцаў даць у аўторак. Ен збіраўся атрымаць вялікія грошы.
— Ад каго?
— He ведаю.
— Ен не сказаў, адкуль яны раптам возьмуцца?
— А я і не пытаўся.
— Чаму?
— Ен бы ўсё роўна не адкрыўся. Ен нідзе не працуе. Я так і не змог зразумець, як ён зарабляе. Мабыць, яны ўдвух гэтымі справамі займаліся.
— 3 кампаньёнам, значыцца? Ты яго бачыў?
— Адзін раз, на бульвары.
— Худы, падобны на клоуна?
Ну.
— Дык вось, яму я і наліў каньяку, які ты бачыў. Гэты чалавек сядзеў тут незадоўга да цябе.
— Тады вы ўсё ведаеце.
— Я хачу ведаць і тое, што ведаеш ты.
— А я нічога і не ведаю.
— Дык чым, ты думаеш, яны б маглі займацца?
— Можа, выціскаюць з каго-небудзь грошы.
— Дык ты і сам вырашыў выціснуць іх з яго?
— Грошы патрэбныя нам на дзіця.
Мэгрэ зняў трубку:
— Люка? Зайдзі да мяне на хвілінку.
Калі Люка прыйшоў, Мэгрэ сказаў:
— Пазнаёмся: Альбэр Жарыс. Ведаеш, ён і Моніка Турэ чакаюць дзіця. Ты зараз заедзеш па яе і зводзіш да доктара. Да якога яна сама захоча. Калі не ведае, да якога, звадзі да доктара прэфектуры. Я б хацеў ведаць, колькі месяцаў яна цяжарная.
— А калі яна адмовіцца?
— Тады скажы, што я буду вымушаны арыштаваць яе разам з дружком. Вазьмі машыну і адразу ж, як толькі доктар агледзіць яе, патэлефануй мне.
— Навошта вы гэта робіце? — запытаўся Жарыс, як толькі інспектар выйшаў.
— Таму што я павінен усё праверыць.
— Вы мне не верыце?
— Веру.
— Значыць, ёй не верыце?
Тут, якраз у час, пачуўся тэлефонны званок, і Мэгрэ змог ухіліцца ад адказу. Тэлефонная размова не мела ніякага дачынення да справы Турэ, але камісар расцягнуў яе як мог, замест таго каб адказаць, як зазвычай, коратка.