• Часопісы
  • Пад страхам смерці  Жорж Сімянон

    Пад страхам смерці

    Жорж Сімянон

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 365с.
    Мінск 1992
    100.65 МБ
    Выкурваючы першую люльку, пан Лябро павольна ішоў да порта. Дарогі было сама больш метраў сто — адразу ж за партовым гатэлем «Ноеў каўчэг» пачыналася мора.
    Выгляд у пана Лябро ў час гэтага шпацыру быў самы што ні ёсць спакойны: шчаслівы буржуа на пенсіі дыхае свежым марскім паветрам.
    Гэтаю парою каля мола можна было сустрэць і некаторых іншых паркэрольцаў. Рыбакі, што вярнуліся з мора, перабіралі рыбу або рапаравалі сеткі. Стаяў непадалёк ад іх са сваёй каляскаю грузчык з кааператыўнага магазіна. Побач спыняў свой запрэжаны аслом вазок дзядзька з гатэля «Лавец лангустаў», што на другім канцы вострава.
    На Паркэролі, дзе жыхароў было ўсяго толькі чатырыста чалавек, усе ведалі адно аднаго і кожны называў пры сустрэчы або па імені, або па прозвішчы. Лябро быў адзін, каго называлі панам: ён нідзе не рабіў, меў грошы, а раней чатыры гады быў на востраве мэрам.
    — Вы яшчэ не на рыбалцы, пан Лябро? — пыталіся ў яго.
    Два-тры словы ў адказ — абы адчапіліся.
    Якраз у гэты самы час «Баклан», невялікі карабель, які паўгадзіны назад выйшаў з Паркэроля, ужо прычальваў да Ж’янскай касы, што віднелася на тым баку зіхоткага праліва, які аддзяляў востраў ад мацерыка. Ад Францыі, як казалі самі жыхары Паркэроля. Удалечыні была бачная маленькая белая кропка — гэта і быў «Баклан*. У залежнасці ад часу можна было меркаваць, ці вернецца яно поўнае пасажыраў і грузу ці амаль зусім пустое.
    Сто шэсцьдзесят восем разоў, дзень у дзень выходзіў пан Лябро сустракаць невядомага госця, назіраў, як заліты сонцам «Баклан» адплываў ад Ж’янскай касы 1 ішоў да Паркэроля.
    Белая кропка спакваля павялічвалася. Неўзабаве можна было разгледзець пасажыраў на палубе, яшчэ праз нейкі час іх твары. Нарэшце судна прычальвала, і людзі на беразе і на палубе «Баклана» перагукаліся між сабою ў час манеўру слоўцам-другім.
    Грузчык падымаўся на судна, выцягваў на бераг скрыні, бочкі, паштальён звальваў на свой вазок мяшкі з поштаю, турысты фатаграфаваліся сем’ямі і ішлі ў гатэль услед за прысланым адтуль хлопчыкам.
    Сто шэсцьдзесят восем разоў! Пад страхам смерці, як пісаў Жуль.
    Акурат побач з месцам, адведзеным для стаянкі «Баклана», пагойдвалася на вадзе лодка пана Лябро, зробленая па яго спецыяльным заказе на мацерыку. Гэта было самае прыгожае на востраве рыбацкае судна. Яно так зіхацела шклом і меддзю, адпаліраваным дрэвам і начышчаным да бляску металам, што астраўляне назвалі яго «Люстраной шафаю»,
    Пан Лябро няспынна ўдасканальваў лодку, аздабляў яе і рабіў усё больш камфартабельнай. I хоць даўжыня ў яе была толькі пяць метраў, уладальнік абсталяваў на ёй даволі прасторную, у свой рост, шкляную кабіну — так што судна выдавала больш на які-небудзь буфет, а не шафа.
    I вось цяпер пан Лябро ўжо сто шэсцьдзесят восем дзён не карыстаўся лодкаю, хадзіў кожнае раніцы да прычала ў піжаме і пантофлях, пасля ўслед за паштальёнам на пошту — і першы на востраве атрымліваў карэспандэнцыю.
    Але чацвёртай паштоўкі прыйшлося чакаць каля шасці месяцаў — і прыйшла яна з Александрыі.
    ♦He адчайвайся, старая порхаўка! Пад страхам смерці — цяпер як ніколі! А тут горача.
    Жуль».
    Ад Александрыі да Порт-Саіда, адкуль прыйшла папярэдняя паштоўка,— як плыць морам, дык амаль рукою падаць, варта адно на карту зірнуць.
    А прайшло ажно паўгода...
    Чым мог ён займацца ў дарозе?.. I ўвогуле, чым ён займаўся ў жыцці? Які быў з выгляду? Якога ўзросту? Мусіць, яму не менш за пяцьдзесят, бо столькі ж было і Лябро.
    Паштоўка з Неапаля. Праз некалькі тыдняў — з Генуі.
    Можа, ён перасаджваецца з судна на судна?.. Але навошта так доўга затрымлівацца ў кожным порце?
    Паштоўка сёмая.
    «Я прыбываю, гарэза! Пад страхам смерці — ты зразумеў?
    Жуль».
    Марка на ёй — партугальская. Ну і ну!.. Значыцца, ён не спыніўся ў Марселі. Рабіў круг. Аддаляўся.
    I раптам — паштоўка з Бардо!.. Ен зноў набліжаўся. Адтуль да порта насупраць Паркэроля — ноч дарогі чыгункаю.
    Але наступная паштоўка прыйшла ўжо з Булоні.
    Дзесятая была даслана з Антверпена.
    «Пачакай яшчэ крыху, міленькі. Час не прыспешвае. Пад страхам смерці.
    Жуль».
    — А ён усё-ткі жартаўнік, ваш сябра,— сказала панна Марта, перадаючы Лябро гэтае паведамленне.
    «Ці расказвала яна пра гэтыя паштоўкі каму-небудзь?» — узіраўся Лябро ў вочы дзяўчыне.
    I вось, нарэшце, цудоўным лагодным ранкам — на моры быў поўны штыль, пад шчодрым сонцам вада так і зіхацела — незнаёмы з’явіўся.
    Жуль быў на судне!
    Лябро ўпэўніўся ў гэтым ужо тады, калі «Баклан» быў яшчэ толькі за мілю ад паркэрольскага берага. Удалечыні бялела маленькае судна, на палубе якога стаяў адзеты ў цёмнае чалавек — усё адно як невялічкая лялька на дзіцячым карабліку. Але ўжо і з такой адлегласці было відаць, што пасажыр гэты — в е л ь м і высокі.
    Чаму Лябро заўсёды здавалася, што незнаёмы — чалавек высокага росту?..
    Цяпер ён буйнеў на вачах, з кожнай хвілінаю.
    Застаючыся ўвесь час нерухомым, ён стаяў каля самага носа, які рассякаў ваду, уздымаючы па абодвух баках судна пышныя срэбраныя вусы марскога шуму.
    Аскар Лябро зняў свае чорныя акуляры, з якімі расставаўся, толькі кладучыся спаць. Пакуль ён выціраў запацелыя шкельцы, можна было разгледзець ягоныя вочы: адно — жывое, другое — напалову заплюшчанае, даўно мёртвае.
    Нарэшце ён павольна, быццам прысутнічаў на якойсьці ўрачыстасці, надзеў акуляры і машынальна зацягнуўся люлькаю, але тая патухла.
    Ен, Лябро, і сам быў высокі і шырокі ў плячах, нават дужы, праўда, трохі ўжо азызлы. Але чалавек на носе «Баклана» ўсё роўна быў вышэйшы, мажнейшы. Ягоная прасторная адзежа — карычневыя палатняныя штаны, чорная люстрынавая куртка, шырокі саламяны капялюш — рабілі яго яшчэ болып вялізным. Дый тое, што ён дагэтуль не зварухнуўся яшчэ са свайго месца, толькі надавалі ягонай постаці важнасці.
    Калі «Баклан» досыць наблізіўся і чалавека можна было ўжо ўбачыць у твар, ён нарэшце ступіў па палубе некалькі крокаў. Уражанне было такое, нібыта манумент аддзяліўся ад пастамента.
    Лябро прыкмеціў, што незнаёмы высока ўзнімае правае плячо.
    Незнаёмы падышоў да капітана «Баклана» Батыста, які стаяў у сваёй шкляной кабіне, загаварыў з ім. Лябро здалося, што ён ужо чуў некалі гэты голас. Пасажыр кіўнуў галавою на людзей, што сабраліся на прычале, і капітан, выцягнуўшы руку, тыцнуў пальцам якраз у Лябро.
    — Гэта вунь той,— мусіць, дадаў Батыст. Пасля ён паказаў тым самым пальцам на лодку Лябро і зноў нешта сказаў. Відаць, растлумачыў, чыя гэта лодка.
    Людзі на судне і беразе жэстыкулявалі, абменьваліся звычайнымі ў гэтых выпадках словамі. 3 «Баклана» кінулі трос, які адзін з рыбакоў прымацаваў да кнехта. Судна дало задні ход, прычаліла, але незнаёмы, які, здавалася, зноў прырос да таго месца, на якім спыніўся, заставаўся настолькі спакойны, што можна было ўпэўнена сказаць, нішто на беразе не цікавіла яго.
    Каб сысці з судна, ён вымушаны быў высока ўзняць правую нагу — і ўсе адразу зразумелі, што яна ў яго драўляная. Павярнуўшыся тварам да «Баклана», ён пачакаў, пакуль матросы спусцяць па сходах яго старую валізу, вельмі цяжкую на выгляд і абвязаную вяроўкамі,— пэўна, за доўгае яе жыццё абыходзіліся з ёю не надта далікатна.
    Пан Лябро так і застыў на месцы, усё адно як загіпнатызаваны ўдавам трус. Цяпер яны стаялі за колькі метраў адзін ад аднаго. Постаці ў іх на самай справе былі вельмі падобныя: прыкладна адзін рост, адной шырыні плечы, адна і тая ж сіла людзей аднолькавага ўзросту.
    Жуль ступіў яшчэ некалькі крокаў — паходка ў яго з-за драўлянай нагі была вельмі адметная.
    Каля прычала стаяла прыблізна чалавек сорак: рыбакі ў сваіх лодках, грузчык з кааператыўнага магазіна, Марыс — уладальнік «Ноевага каўчэга», які прыйшоў забраць з судна правізію ў гатэльны рэстаран. Некалькі чалавек апынуліся тут проста так — не было чаго рабіць. Бегала сярод дарослых малое дзяўчо ў чырвонай сукенцы.
    Спыніўшыся, Жуль дастаў з кішэні вялізны складаны нож. Бліснула лязо. Нейкі час чалавек нібы лашчыў яго сваім позіркам. Пасля нахіліўся. Мабыць, нагу яму адрэзалі да самага сцягна, бо сагнуўся ён папалам, усё роўна як нейкая марыянетка.
    Лябро збянтэжана, нічога не разумеючы, глядзеў на яго праз свае чорныя акуляры. Раніца ж была такая светлая, такая зусім звычайная...
    «Пад страхам смерці!» — прыгадалася раптам...
    Швартоў «Люстраной шафы» быў прымацаваны да пірса.
    Адным ударам нажа з жудасна шырокім лязом чалавек перарэзаў трос, лодка, падскочыўшы, скранулася з месца — і павольна паплыла па ціхай вадзе.
    Людзі на прычале ўтаропіліся вачыма ў свайго былога мэра і аднаногага. Нельга было не здагадацца, што паміж імі былі нейкія асабістыя рахункі.
    Выбрык незнаёмага быў да таго нечаканы і недарэчны.
    што ў натоўпе запанавала цішыня. Адна толькі дзяўчынка ў чырвонай сукенцы залівіста зарагатала, але і яна адразу ж змоўкла.
    Аднаногі выпрастаўся, задаволена агледзеў натоўп, нетаронка паклаў нож у кішэню. Калі ж адзін рыбак сабраўся быў зачапіць лодку бусаком, ён ляніва вымавіў:
    — Кінь гэта, галубок...
    He было ў гэтых словах ні злосці, ні асаблівай цвёрдасці, але разам з тым адчуваўся ў іх настолькі ўладны загад, што рыбак скарыўся і ніхто больш і не думаў спыніць судна, якое само па сабе выплывала ў мора.
    А тут яшчэ і сам Лябро сказаў рыбаку:
    — Кінь, Віяль!..
    Усе зразумелі: на іх вачах адбываецца нешта дужа незвычайнае.
    Дарэчы, і Лябро, і аднаногі гаварылі прыблізна адным тонам, амаль аднолькавым голасам, і ў абодвух быў відавочны паўднёвы акцэнт.
    Нават сам Лябро, лоб у якога пакрыўся кропелькамі поту, прыкмеціў у госця гэты акцэнт — і адкрыццё вельмі яго ўразіла.
    Жуль рушыў да Лябро.
    Тры крокі... Чатыры... Рух пляча, сцягна, рывок драўлянай нагі — увесь правы бок ягонай фігуры неяк дзіўна ўздрыгваў, то падымаўся, то апускаўся...
    — Прывітанне, Аскар! — зноў пачуўся ягоны голас, які можна было б назваць лагодным, нават вясёлым.
    Лябро, застыўшы на месцы, бы статуя, не выпускаў з зубоў люлькі.
    — Ты бачыш, я тут! — усміхаўся Жуль.
    — Хадземце да мяне,— ледзь вымавіў у адказ Лябро.
    — Ты не хочаш быць са мною на «ты»?
    Hi слова ў адказ. У горле ў Лябро захрас камяк. Люлька ў зубах дрыжала.
    Жуль агледзеў Лябро з галавы да ног, памацаў рукою тканіну піжамы, кіўнуў на пантофлі.