Пакаленне Jeans
п’есы маладых драматургаў Беларусі ў перакладзе Андрэя Каляды
Памер: 264с.
Мінск 2007
Прывыкнуўшы да вялікага плюшавага крэсла, ён пачынае паводзіць сябе не зусім адэкватна — здзекуецца з падначаленых, крадзе грошы, сільнічае палітычных апанентаў. He спатоліўшы смагу ўлады, ён пачынае вайну... Потым яго былыя суседзі па лесвічнай пляцоўцы расказваюць у газетах пра тое, што ён у дзяцінстве катаваў розных жывёлін, даносіў на аднакласнікаў і краў у іх сняданкі. Але пра ўсё гэта мы даведаемся пасля таго... Больш, Фрэнк, я не хачу адказваць за людзей, якіх зусім не ведаю.
Ф р а н к. Але калі ты не захочаш вырашаць, за цябе гэта зробяць другія людзі... якіх ты таксам не ведаеш.
Г в і д о. Хай сабе! Хай яны выбіраюць людаеда і адказваюць за гэта перад Богам! Я адкажу перад ім за свае грахі... якіх у мяне і так хапае.
Ф р а н к. Гэта, вядома, пазіцыя... Але, мне здаецца, гэта слабая пазіцыя... (Паўза.) Свет не прыдумаў лепшага алгарытму кіравання групамі людзей, чым дэмакратычныя выбары. Так, гэты алгарытм недасканалы і часамі дае жахлівыя збоі, аднак другіх правілаў, на жаль, няма. А калі ты далучаны да эліты свету, то абавязаны паказваць прыклад выканання гэтых правілаў.
188
Г в і д о. Я нікому нічым не абавязаны.
Ф р а н к. Абавязаны! Ты абавязаны свайму дзіцяці, якое пакуль што не можа само прымаць удзел у агульным выбары.
Г в і д о. Хай яна выбірае індывідуальна: духмянасць ледзянцоў і памер лялек. А калі ёй хтонебудзь паспрабуе забараніць гэта рабіць, мой абавязак перавезці яе туды, дзе ніхто не будзе перашкаджаць выбару. Але я не збіраюся праводзіць жыццё ў барацьбе з барацьбою. У мяне на гэта няма часу...
Ф р а н к. Ведаеш, мяне заўсёды здзіўляла, што пазіцыя адмаўлення ад грамадскага жыцця мацней за пазіцыю ўдзелу. Mae перакананні, у адрозненне ад тваіх, больш маральныя і правільныя, аднак я выглядаю такім звар’яцелым рэвалюцыянерам, а ты — сумленным змагаром за сямейныя каштоўнасці. Кашмар!
Г в і д о. Мне вельмі падабаецца ацэнка «больш правільныя». Калі няцяжка, дай азначэнне «правільнага».
Паўза.
Ф р а н к. Добра. Правільным з’яўляецца тое, што не пярэчыць запаведзям.
Г в і д о. Цуд! Ты мне іх напомніш?
Ф р а н к. Напомню: няма Бога, акрамя Госпада твайго; не ствары сабе куміра; не ўспамінай імя Госпада марна; святкуй дні святыя; шануй бацьку і маці сваіх; не забі; не пралюбадзейнічай; не ўкрадзі; не лжэсведчы; не зажадай жонку бліжняга.
Паўза.
Г в і д о. Выходзіць так. Калі я пазверску лупцую свайго сабаку, што не пярэчыць дзесяці запаведзям, то раблю правільна...
Ф р а н к. Так можна давесці да абСУРДУ любую ідэю...
Г в і д о. Або, як прыклад, калі я спалю бліжэйшы лес — гэта правільна? Бо пра лес у Бібліі нічога не сказана...
Ф р а н к. Гэта ўсё — удары ніжэй пупа.
Г в і д о. Ды нармальныя ўдары... проста ў той інструкцыі, па якой ты адрозніваеш правільнае ад няправільнага, не хапае адной запаведзі.
Ф р а н к. Якой жа?
Г в і д о. He будзь дурнем.
Ф р а н к. Трэба прызнаць, што запаведзь усеабдымная...
Г в і д о. Так, ёю лёгка можна замяніць усе астатнія.
Ф р а н к. Я думаю, мы адхіліліся ад тэмы размовы.
Г в і д о. Адхіліліся, толькі я не памятаю, аб чым гэта мы гаварылі.
Ф р а н к. Запаведзі, правільна, няправільна, дзеці, выбары... Палітыка. Мы гаворым пра палітыку.
Г в і д о. Я прасіў цябе не гаварыць пра палітыку.
Ф р а н к. Гэта ты пачаў.
Г в і д о (пасля паўзы). Я запрасіў цябе паехаць у стралковы клуб.
Ф р а н к. Ты думаеш, мне не надакучылі гэтыя бясконцыя размовы пра палітыку? Ты думаеш, я хачу пісаць публіцыстычную бязглуздзіцу пра тое, што такое грамадзянскае грамадства?!
Г в і д о. Перастань. Пагаварылі і пагаварылі, чаго коп’і ламаць?
Ф р а н к. Мне надакучылі гэтыя бясконцыя спрэчкі і невыкараняльнае чалавечае невуцтва! Мне прыкра таму, што нічога не мяняецца!..
Г в і д о. I што гэта такое ты гаворыш? Ты — паспяховы мужчына, прыжыццёвы класік, публіцыст, драматург, сцэнарыст... усе твае поспехі і не ўспомніць...
Ф р а н к. Кінь! Паспяховы чалавек — гэта чалавек, які мае поспехі ў галоўным— у сямейным жыцці. Гэта чалавек, якога ў спальні чакае каханая жонка, а ў дзіцячым пакоі спяць двое мілых дзетак.
Г в і д о. Гэта ты кінь! Ты не хочаш панізіць свае запатрабаванні... Ты заўсёды хацеў сустрэць такую жанчыну, якой не існуе на свеце.
Ф р а н к. Дык мне што, пагадзіцца на сумеснае жыццё з той, якую не кахаю... або з закончанай дурнічкаю? Дзякуй, гэтага мне хапіла.
Г в і д о. У цябе была Таццяна — далёка не дурнічка. I, як мне падалося, ты не быў да яе раўнадушны.
Ф р а н к. Мне падабалася яе імя. Але ў ёй не было таго, што вы называеце сексуальнасцю.
Г в і д о. А ты?
Ф р а н к. Што?
Г в і д о. А ты гэта як называеш?
189
Ф р а н к. Аа! Ну, напрыклад, шармам або... не ведаю... Я не ведаю, Гвідо, чаго хачу... Можа, уся справа ў гэтай пісаніне, якая не дае мне заснуць кожны дзень...
Г в і д о. Магчыма, табе не варта пісаць пра высакародных, прыгожых і разумных жанчын, а, Франк? Напішы штонебудзь пра непаўнацэнную, страшненькую няўдаліцу, якая сустракае пісьменніка... сляпога. А голас у яе, мажліва, нават вельмі прыемны... Можаш так і назваць свой раман — «Гук твайго голасу».
Ф р а н к. Дзякуй. А хто будзе чытаць гэты раман, ты?
Г в і д о. Чаму я? Сляпыя пісьменнікі і страшненькія няўдаліцы.
Ф р а н к. А хто заплаціць мне ганарар?
Гв і д о.Як хто? Ты хочаш сказаць, што ў свеце ўжо няма выдаўцоўняўдачнікаў?
Ф р а н к. Дзякуй табе за добрыя словы, якімі ты заўсёды можаш суцешыць.
Паўза.
Г в і д о. Ісці трэба.
Ф р а н к. Пасядзі яшчэ.
Г в і д о. Пасядзеў бы, але трэба дадому — Дамінік чакае... і Марыя.
Ф р а н к. Пацалуй іх за мяне.
Г в і д о. Абавязкова. Заўтра пабачымся. Бывай.
Ф р а н к. Бывай.
Гвідо падыходзіць да дзвярэй, адчыняе іх і крочыць у наступны пакой.
З’ЯВА IV
Зялёны пакой. У цэнтры стаіць двухспальны ложак. На ім ляжыць Д а м і н і к — чытае кнігу пад святлом бра.
У пакой уваходзіць Г в і д о.
Д а м і н і к. Ты сёння рана.
Г в і д о. Стаміўся.
Д а м і н і к. Трэба больш адпачываць.
Г в і д о. А працаваць трэба менш?
Д а м і н і к. А працаваць менш.
Г в і д о. I менш зарабляць?
Д а м і н і к. Цікава, колькі разоў на працягу сумеснага жыцця можна паўтараць адны і тыя ж словы?
Г в і д о. Думаю, гэта залежыць ад колькасці пражытых гадоў.
Д а м і н і к. Добра, пастаўлю пытанне падругому: колькі разоў на год сярэднестатыстычная сям’я мае моўныя зносіны на гэтую тэму? Тады можна будзе перамножыць колькасць разоў на колькасць гадоў...
Г в і д о. Мяркую, прыблізна раз на тыдзень.
Д а м і н і к. Выходзіць, каля пяцідзесяці разоў на год, калі выключыць велікодныя і калядныя тыдні.
Гв і до. У нашымварыянце — гэта...
Д а м і н і к. Каля трохсот пяцідзесяці разоў.
Г в і д о. Мы не тыповая сям’я — думаю, варта абмежавацца лічбаю сто.
Д а м і н і к. Гэта не мяняе хаду нашага жыцця.
Г в і д о. Дамінік, хопіць. Мяркую, хаця б адзін раз з гэтай сотні ты зразумела, што я думаю наконт гэтага.
Д а м і н і к. У мяне адчуванне, што мы апынуліся ў тупіку.
Г в і д о. He пачынай.
Д а м і н і к. Што значыць «не пачынай»? Няўжо ты думаеш, калі я выходзіла замуж, дык марыла ляжаць кожны вечар на канапе і чытаць чарговы раман для хатніх гаспадынь?
Г в і д о. У такія моманты ў мяне адчуванне, што я гляджу танны фільм пра няўдалае жыццё сямейнай пары.
Д а м і н і к. На жаль, гэта не фільм, Гвідо, — гэта наша жыццё.
Г в і д о. Цытата з таго самага фільма.
Д а м і н і к. Ты проста цынік!
Г в і д о. Перастань!
Паўза.
Д а м і н і к. Што мне рабіць, Гвідо? Падкажы.
Г в і д о. Я не ведаю.
Д а м і н і к. Можа, нам варта пажыць асобна?
Г в і д о. Паўтараю: я не ведаю.
Д а м і н і к. Ты мяне даводзіш да шаленства гэтым заўсёдным «не ведаю»!
Паўза.
Што з табой адбываецца апошнім часам?
190
Г в і д о. Нічога асаблівага са мной не адбываецца.
Д а м і н і к. Можа, у цябе нехта з’явіўся? З’явіўся?!
Г в і д о. Ну чаму, калі ў сямейным жыцці штосьці не так, адразу «нехта з’явіўся»?
Д а м і н і к. А што яшчэ можа быць? Што?! Толькі не кажы «я не ведаю»!
Г в і д о. Магчыма, мне часова трэба пераехаць да мамы?
Д а м і н і к. Ну, вядома, да мамы. Яна знойдзе табе пару трохі лепшую, чым цяперашняя нявестка — бурклівая і скандальная.
Г в і д о. Яна ніколі мне нікога не падшуквала.
Д а м і н і к. Яна толькі тлумачыла табе, як выправіць мае недахопы.
Г в і д о. Пакінь маму ў спакоі.
Д а м і н і к (пасля паўзы). Рабі што хочаш, але так больш працягвацца не можа.
Г в і д о. Мне трэба нейкі час пажыць асобна і падумаць...
Д а м і н і к. Жыві, дзе хочаш і думай, што хочаш... (Плача.')
Гвідо апранаецца і ідзе да тых дзвярэй, праз якія ўвайшоў у пакой. Спыняецца на парозе і бярэцца за ручку дзвярэй.
I можаш больш не вяртацца...
Некаторы час Гвідо стаіць моўчкі,затым у пакоі штосьці мяняецца. Час зрушваецца ўперад ці назад, на год два, пяць, дзесяць. Гвідо паварочваецца да ложка. Дамінік ускоквае яму насустрач.
Чаму ты не пазваніў, што прыедзеш сёння...
Г в і д о. Хацеў зрабіць табе сюрпрыз.
Д а м і н і к. Я штонебудзь згатавала б.
Г в і д о. Я паеў у самалёце.
Д а м і н і к. Ты своечасова...
Г в і д о. Што значыць «своечасова»?
Д а м і н і к. Распранайся...
Г в і д о. Дык што значыць «своечасова»?
Д а м і н і к. У нас з Марыяй штосьці разладзілася за гэты тыдзень.
Г в і д о. Усё заканамерна. Успомні сябе ў чатырнаццаць гадкоў.
Д а м і н і к. He помню.
Г в і д о. Я таксама.
Д а м і н і к. Яна аспрэчвае любое меркаванне і не прымае ніякіх парад, увесь час сядзіць у сваім пакоі ды слухае жахлівую музыку.
Г в і д о. Жахліва гучную ці жахліва незразумелую?
Д а м і н і к. Жахліва дэпрэсіўную.
Г в і д о. Перыяд нігілізму.
Д а м і н і к. Ты заўсёды толькі канстатуеш тое, што адбываецца. Пагавары з ёю.
Г в і д о. Мне здаецца, я чуў такую ж фразу ў нейкім фільме пра канфлікт бацькоў са сваім дзіцяткам.
Д а м і н і к. He, там была фраза «мы яго губляем».
Г в і д о. He, там была фраза «а цяпер пастарайся заснуць».
Д а м і н і к. Напэўна, ты — занадта сучасны бацька, а я — жудасная рэтраградка.
Г в і д о. He. Проста ты — маці, a я — бацька.
Д а м і н і к. «Бацька» і «абыякавасць» — сінонімы?
Г в і д о. He. У слова «бацька» толькі адзін сінонім — «мудрасць».