Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Пасля вайны яе імя было забаронена і да пачатку 90-х гадоў калі ў савецкім друку і ўпаміналася, то абавязкова ў адмоўным кантэксце. Аднак лёс Наталлі Арсенневай — чалавека, жанчыны, паэта — шмат у чым павучальны, складаны і драматычны, як і лёс яе пакалення. У паэзіі яна ішла сваім адметным шляхам. Яе творчасць акрамя аўтабіяграфічных азнак напоўненая глыбокім унутраным светам, жыццём душы нашай сучасніцы.
Беларускі крытык на эміграцыі Антон Адамовіч слушна вылучаў “трывымерны” змест яе паэзіі: мастацкі, нацыянальны і філасофскі, абумоўлены адпаведным станам “уступальнага аптымізму”. Іншыя даследнікі характарызавалі яе творчасць як “сінтэз аптымістычнага і песімістычна-трагедыйнага настрояў, гераічнага, сентыменталісцкага і трагедыйнага пафасаў. У ёй адначасова гучыць і боль, і радасць, і мажорны, і мінорны
пачаткі. У залежнасці ад гэтага вызначаюцца і жанры. Калі ў першы перыяд творчасць можна назваць пераважна элегічнай, восеньскай, то ў ваенны час у ёй пераважае баладна-адычны пачатак, а пасля вайны, прайшоўшы праз расчараванне, перажыўшы трагедыю адрыву ад роднага краю, паэтка настроілася на хвалю адычную, знайшла Дарогу ў Храм, да Бога”1.
Адпаведна і жыццёвы шлях Наталлі Арсенневай падзяляецца на тры найбольш вызначальныя перыяды: віленскі і польскі (20— 30-я гг.), жыццё ў акупаваным Мінску (40-я гады), эміграцыя (Нямеччына, ЗША — 40—90-я гг.).
Феномен гэтай таленавітай паэтэсы не разгаданы да нашага часу. Як магло здарыцца, што яна, руская з паходжання, са старажытнага дваранскага роду Арсенневых, які ў XIX стагоддзі даў славутага Міхаіла Лермантава, а ў XX — яшчэ аднаго паэта і вучонага Мікалая Арсеннева (памёр у 70-х гадах у Нью-Ёрку), з дзяцінства валодаючы еўрапейскімі мовамі, усю сваю творчасць прысвяціла Беларусі, выдатна адчувала разнастайныя адценні беларускага паэтычнага слова, хоць са сваіх 94 гадоў толькі 25 жыла на Беларусі. Амаль усё жыццё Наталлі Арсенневай — раўналеткі веку — эміграцыя. I нездарма свой духоўны і паэтычны стан пазней яна вызначыць трапнай метафарай: “між берагамі”.
Вершы Наталля Арсеннева пісала толькі па-беларуску, акрамя хіба першых школьных спробаў, зробленых па-руску. Упершыню за апошнія часы з прыходам яе, небеларускі, у нашу літаратуру да беларускасці шмат дадавалася, а не адымалася, не ганьбавалася, а ўпрыгожвалася беларускае слова. Яна ўвайшла ў беларускую паэзію нягучнымі, але такімі светлымі, кранальнашчырымі творамі, не ўскладаючы асаблівых надзей на поспех, усеагульнае прызнанне, захапіўшыся мілагучнасцю нашага слова, якім можна было выказаць самыя розныя пачуцці, адчуванні, душэўныя зрухі. Яна звярнулася да той мовы, якая, аказваецца, была больш зразумелай яе душы ў самых цяжкіх, неспрыяльных для нацыянальнай ідэі абставінах. Усё гэта здарылася, магчьгма, таму, што найбольш уражлівая частка яе жыцця — дзяцінства, юнацтва — прайшла ў Вільні (а нарадзі-
1 Мішчанчук М.І. Чатыры партрэты беларускіх паэтаў-эмігрантаў. Мн., 1993. С. 46.
лася яна ў Баку 20 верасня 1903 года), куды бацьку, Аляксея Арсеннева, афіцэра рускай арміі, перавялі па службе. “Месцам майго нараджэньня, — пісала пазней паэтэса, — лічыцца ўлюбёная Вільня, дзе я фактычна расла й гадавалася ад першых месяцаў майго жьшьця...”
Вільня на той час была асяродкам беларускай духоўнасці, культуры, там скрозь гучала беларуская мова. “Крывіцкай Меккай” называў У.Жылка гэты ўнікальны горад, дзе пачыналі друкаваць свае творы ў “Нашай Ніве” М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Гарэцкі, З.Бядуля і многія іншыя пісьменнікі-адраджэнцы. Тут пачыналася і Наталля Арсеннева — беларуская паэтэса. Першапачатковую адукацыю яна атрымала дома. Найбольшы ўплыў на дзяцей, якіх у сям’і было чацвёра (тры сястры і брат), рабіла маці, высокаадукаваная жанчына, з немалымі педагагічнымі здольнасцямі.
Клопатамі маці дзесяцігадовая Наталля, добра падрыхтаваная па ўсіх прадметах, паступіла ў другі клас Віленскай Марыінскай гімназіі.
Але Першая сусветная вайна змусіла сям’ю Арсенневых пайсці ў бежанства. Так апынуліся яны на Волзе, у горадзе Яраслаўлі. Гімназістка Яраслаўскай Кацярынінскай гімназіі Наталля Арсеннева і ліцэіст Максім Багдановіч хадзілі, відаць, па адных і тых жа вуліцах волжскага горада, магчыма, сустракаліся, не ведаючы адзін аднаго, не здагадваючыся, што вымушаны былі пакінуць адзін і той жа край.
У Яраслаўлі 14-гадовая Наталля Арсеннева пачала пісаць вершы (захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Вільнюскага ўніверсітэта — у фондзе яе брата Сяргея Арсеннева).
Аднак віхуры рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, антыбальшавіцкае паўстанне ў Яраслаўлі (1918), тэрор, цяжкія, няпэўныя ўмовы жыцця вымусілі сям’ю Арсенневых зноў падавацца на захад, вяртацца ў Вільню.
Шлях быў доўгі і пакутлівы. Да Вільні даехалі толькі ў студзені 1920 года. Уся сям’я перахварэла на цяжкі грып (“гішпанку”), ад якога яшчэ ў дарозе памерла сястра Галя. Часы наагул былі галодныя і халодныя. Аднак дзеці працягвалі вучыцца далей. Бацькі аддалі Наталлю, Вольгу і Сяргея ў Першую Віленскую Беларускую гімназію, пра якую пазней Наталля Арсеннева напісала цёплыя, прачулыя ўспаміны: “...Чым жа вы-
тлумачыць тое, што далёкія дні юнацтва, праведзеныя на школьнай лаўцы Першае Віленскае Беларускае гімназіі, не патрапілі зацерціся ў маёй памяці, як шмат чаго іншага, што жывуць яны й хвалююць мяне даўно аджытымі радасьцямі і смуткамі нават яшчэ тут, на далёкім, цяжкім выгнаньні? Я думаю таму, што мне давялося вучыцца якраз не ў якой іншай, а ў Першай Віленскай Беларускай гімназіі, у старых Базыльянскіх мурох роднае Вільні...
У часох, калі я паступіла вучыцца ў гімназію, а было гэта хутка пасьля ейнага заснаваньня, склад настаўнікаў незвычайна спрыяў якраз патрыятычнаму, нацыянальнаму ўзгадаваньню моладзі. He забудзецца, не памрэ ў памяці кузьня беларускага духу — Першая Віленская Беларуская гімназія, якая на ўсё жыцьцё зрабіла мяне тым, чым я ёсьць...”
Але найбольшы ўплыў на станаўленне Наталлі Арсенневай — паэта — зрабіў Максім Гарэцкі, які выкладаў у гімназіі беларускую мову і літаратуру. “...Ён хросны бацька мой на паэтычнай ніве, — з удзячнасцю не аднойчы казала Наталля Арсеннева. — Хто ведае, ці сталася б я наагул паэткай Натальляй Арсеньневай, каб не ягоныя ўважлівыя, крытычныя, але й сьвятыя для мяне дачыненьні, да майго таленту, які толькі што прабіваўся як парастак з-пад зямлі, каб не ягоныя добрыя рады, ягоныя назіраньні за маім ростам... А браты Луцкевічы, Аркадзь Смоліч, аўтар адзінае ў той час шырока карыстанае й сёньня ‘Теаграфіі Беларусі”, фізік Трэпка, браты Багдановічы, вядомая ўсім нашым віленчукам цётка Алена?.. А Антон Луцкевіч, наш выкладчык гісторыі, а пасля й беларускай літаратуры? У ім проста вычувалася глыбокая пашана й каханьне нашае мінуласьці, піэтызм да кожнага слова нашых старых хронікаў, кніг. А якія цікавыя рэчы расказваў ён пра Максіма Багдановіча, зь якім быў у вельмі блізкіх дачыненьнях! Ён, Луцкевіч, якраз і навучыў мяне любіць і разумець Багдановіча, імкнуць па ягоных слядох, кахаць тое, што ён кахаў...”
Так беларускія настаўнікі, нацыянальны дух гімназіі, знаёмства з творамі беларускіх пісьменнікаў, а перадусім патрыятызм, самаахвярнасць беларусаў-адраджэнцаў, у якіх, нягледзячы на цяжкія часы, не было нястачы толькі ў адным, як заўважала маладая паэтэса, “у вагні, у навазе, у ахвярных сэрцах, у людзях, якія дарма, што голад і холад — аддана працавалі з аднэю
думкаю — дапамагчы Беларусі й гэтак жорстка пакрыўджанаму вайною беларускаму народу стацца незалежным і шчасьлівым...”2, — усё гэта ў немалой ступені спрыяла станаўленню творчай асобы, нацыянальнай сведамасці Наталлі Арсенневай. Да таго ж беларуская літаратурная Вільня жыла традыцыямі “Нашай Нівы”, тут выдавалі свае творы Зоська Верас, Г.Леўчык, Ядвігін Ш., Л.Родзевіч, К.Сваяк, нарадзілася і вучылася Канстанцыя Буйло, жыў і працаваў М.Гарэцкі. Менавіта М.Гарэцкі быў першым чытачом і крытыкам ранніх вершаў семнаццацігадовай паэтэсы, ён жа наладзіў літаратурны вечар у гімназіі, на якім абвясціў прысутным, што на паэтычным небасхіле ўзышла новая зорка — Наталля Арсеннева, “якая ўжо сёньня ці не перавышае Канстанцыю Буйло сваім талентам”. Пачаткам творчасці паэтэсы можна лічыць кастрычнік 1920 года, калі ў “Нашай Ніве” быў надрукаваны яе першы верш “Мой родны край”. I хоць многія вершы ранняй пары не пазбаўленыя русізмаў, пэўных хібаў, аднак адчувалася, як шукала яна беларускае “слова-чар”, каб выказаць свае летуценні, пачуцці, паэтычнае крэда:
Сонца вясьнянае ў золаце косаў, срэбныя вербы на плёсах бялёсых, восені зырка-чырвонай пажары, ночныя зводы і ночныя чары, сэрца развагі, і сэрца парывы, песьні, што ўлетку сплываюць на нівы, плач лясуна, сінь вазёр лебядзіных, жахі глухое паўночнай гадзіны, долі пакора, і з доляй змаганьне, — роднай старонкі ціхое каханьне, — усё, што ў думках нясьцішных пяе, — вершы мае3.
(Пад сінім небам, с. 7)
Так загучалі лірычныя акорды яе вершаў, у якіх найперш паўставалі маляўнічыя карціны беларускай прыроды, яркія фарбы вясны, залатой восені, сіняга неба, зорнай ночы, ціхіх летніх вечароў, зімніх пейзажаў у аздабленні трапных параўнанняў,
2 Н.Арсеньнева. Кузьня духу: Да 30-годзьдзя заснаваньня Першай Віленскай Беларускай гімназіі: Успаміны: Час // Наперад. 1949. № 16.
3 Усе вершы цытуюцца па кн. Н.Арсенневай “Між берагамі”. Нью-Ёрк, 1979.
метафар, суладнай рыфмы (“Люблю я сонца залатое, // Люблю прыгожаю вясной, // калі ўсё новае, сьвятое // сьмяецца радасна са мной”...). I заканамерным быў гэты радасны, вясновы настрой маладой паэтэсы, не абцяжаранай яшчэ ніякімі жыццёвымі клопатамі і праблемамі. Галоўнае — яе вершы былі заўважаны, пачалі шырока публікавацца ў газетах, часопісах, народных календарах (“Наша думка”, “Беларускія ведамасьці”, “Маладое жыцьцё”, “Крыніца”, “Наш шлях”, “Студэнцкая моладзь у беларускім руху”, “Беларускі звон”, “Наша будучыня”, “Беларускі дэкламатар”, “Студэнцкая думка”, “Беларуская справа”, “Сялянская ніва”).
За першымі крокамі сваёй вучаніцы на паэтычнай ніве працягваў пільна сачыць Максім Гарэцкі, адзначаў яе талент у лістах да Я.Карскага, рэкамендаваў многія яе вершы да друку. I нездарма Наталля Арсеннева прысвяціла яму адзін з лепшых ранніх вершаў “Красавік” (“Неба сіняе, сіняе, сіняе...// ані межаў у ім, ані дна. // На зямлі ж прыгажуняй-княгіняю // пазірае мне ў вочы вясна”...). Гэтая светлая акварэль, дзе раскашуюць рознакаляровыя фарбы вясны, абнаўляе, узвышае думкі, пачуцці чытача ад судакранання з яскрава выпісаным абразком прыроды. Нямала такіх элегій будзе створана Наталляй Арсенневай у ранні перыяд творчасці, калі ў яе, як і ў кожнага паэта, пачне вызначацца кола тэмаў і мастацкіх прыхільнасцяў.