Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
Баліць мая Блакітная, далёкая Радзіма, Калісь — штодзённы хдеб, а сяньня — толькі сон.
Мы вернемся, чакай, хай хворымі, старымі, а вернемся!
Так дай нам Кон!
Можна сказаць, у Беларусі творы пісьменнікаў-эмігрантаў чытаюць і будуць чытаць з цікавасцю, хоць і не з адназначным
1 Нёман. 1993. № 2. С. 17.
успрыманнем як мастацкіх набыткаў, так і лёсаў саміх аўтараў. Адны па-ранейшаму без разбору лічаць тых, хто пакінуў радзіму ў 1944 годзе (а пік эміграцыі прыпадае на пасляваенны перыяд), здраднікамі, калабарантамі, другія ўчытваюцца ў іх творы, каб адчуць, што яны сабой уяўляюць, якія ідэі, праблемы, тэмы турбавалі пісьменнікаў, у чым сутнасць іх нацыяналізму, беларускасці, пажыццёвай настальгіі па радзіме, чаму, пражыўшы большую частку свайго зямнога веку за яе межамі, яны пранеслі “несьмяротнае, як сьвет, імя такое — Беларусь” (У.Дудзіцкі) у сэрцах і ёй прысвячалі свае паэтычныя балючыя радкі? Але як бы там ні было, пры канцы XX стагоддзя, калі Беларусь дэ-юрэ стала незалежнай і павінна адраджаць сваё жыццё на прынцыпах нацыянальнай ідэі, дэмакратычнага грамадства, у яе гісторыю, культуру, літаратуру трэба ўвесці ўсё лепшае, што створана за межамі Бацькаўшчыны. А творчасць пісьменнікаў замежжа найперш прасякнута беларускім адраджэнскім, вольналюбівым духам, ідэямі БНР, павагай да гісторыі краіны, яе нацыянальных сімвалаў, любоўю да роднага слова. Для іх творчасці характэрныя агульначалавечыя, агульнахрысціянскія матывы, значныя філасофска-эстэтычныя набыткі. Сёння можна смела сцвярджаць, што не існуе дзвюх беларускіх літаратур — айчыннай і замежнай. Ёсць адзіная беларуская літаратура, як адзіны народ, дзе б ні жылі яго прадстаўнікі. Непадзельная і яго духоўная культура, бо вырастала яна з аднаго кораня, сілкавала свае таленты з адных і тых жа крыніц роднай зямлі. Агульнасць, роднаснасць творчасці беларускіх пісьменнікаў заснаваная на асаблівасцях гістарычнага развіцця нашай літаратуры і беларускага грамадства. Ды і пачыналі яны свае першыя крокі на Бацькаўшчыне, тут атрымалі вышэйшую адукацыю, публікаваліся ў мінскіх, віленскіх выданнях, уваходзілі ў літаратурныя аб’яднанні, створаныя ў 20-х гадах: “Маладняк”, “Узвышша”, БелАПП. Дваццатыя гады — наагул перыяд найбольш актыўнай беларусізацыі, калі многія творцы (а гэта цэлыя сузор’і талентаў, якія ўліваліся ў літаратуру) верылі, што прыйшла нарэшце сапраўды народная ўлада, якая дала магчымасць беларусам развіваць сваю літаратуру, культуру, мову, вяртаць гістарычную спадчыну.
Амаль усе пісьменнікі-эмігранты былі сучаснікамі старэйшага пакалення беларускай творчай інтэлігенцыі. Усе яны выхоўваліся на традыцыях Ф.Скарыны, С.Буднага, Ф.Багушэвіча,
М.Багдановіча, Я.Купалы. Калі ад Ф.Багушэвіча яны душой прынялі запавет “He пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”, ад М.Багдановіча — нязгасную любоў да Беларусі, імкненне да еўрапейскага ўзроўню творчасці, то Я.Купала быў для іх прарокам нацыі, ідэолагам адраджэння, які найпершай справай лічыў змаганне за незалежнасць Бацькаўшчыны, за дзяржаўныя правы роднай мовы, за беларускую школу, асвету, кнігу, газету, які сваёй творчасцю спрыяў таму, каб беларусы ўсвядомілі сябе народам з высокім пачуццём нацыянальнай і чалавечай годнасці.
Гэтыя ідэі натхнялі ўсіх беларускіх творцаў. Аднак тое, што пачалося ў 30-х гадах, начыста вытравіла надзеі на ажыццяўленне нацыянальнага адраджэння, свабоды творчасці, ды і наагул свабоды чалавека. Бязлітаснымі сталінскімі рэпрэсіямі быў вынішчаны цвет беларускай нацыі, яе творчая эліта. Каля трохсот літаратараў, у тым ліку і будучых эмігрантаў, у самым росквіце жыццёвых і творчых сіл было кінута ў турмы, канцлагеры Гулага, выслана ў Сібір, на Калыму, расстраляна ў Курапатах. 1 за што? За любоў да Бацькаўшчыны, да роднай мовы, гісторыі. За прыхільнасць да нацыянальных ідэй творцы былі аб’яўлены “нацдэмамі”, “контррэвалюцыянерамі”, “ворагамі народа”, узведзены ў ранг палітычных злачынцаў. Але кожны пісьменнік мог бы паўтарыць словы Н.Арсенневай: “Я не палітык і ніколі ім не была”, бо любоў да радзімы — не палітыка. Яе нельга вытравіць ніякімі турмамі, выгнаннямі, забаронамі.
Куды б цябе лёс ні закінуў, якім бы ні джаліў асьцём, сваю дарагую Краіну любіць мусіш больш за жыцьцё,
— сцвярджаў паэт-эмігрант Алесь Змагар, выказваючы пачуцці сваіх суайчыннікаў. За любоў да радзімы пнулі многія паэты ад часоў Гамера і Дантэ, але так жорстка каралі творцаў толькі бальшавікі.
Натхнёна лірыку пісалі Маракоў, Лявонны і Сяднёў, і юны Розна, Ды зрэнкамі бязлітасных ваўкоў На іх глядзелі ўчэпіста і грозна, —
— пісаў С.Грахоўскі, прайшоўшы пекла Гулага.
“Падавіць і знішчыць — правіла ўсялякай вайны. А бальшавіцкая імперыя ваявала з народам, найперш з яго элітай.
Ніхто не хоча паміраць, а героі — такая ж рэдкасць, як геніі. 1 нашае пакаленне не мае права закідаць камянямі сваіх папярэднікаў толькі за тое, што яны ішлі на кампрамісы з камуністамі, фашыстамі, яшчэ іншымі ворагамі беларушчыны. A калі нехта памыляўся, шчыра верыў у Леніна і камунізм, то былі на гэта важкія прычыны: інфармацыйная блакада, бальшавіцкая селекпыя нацыянальнай спадчыны, “преданне небытаю” беларускіх герояў і мучанікаў, арышт іх творчых набыткаў, паходжанне з “сялянскай беднаты”, дзе не было традыцыяў інтэлектуалізму і вопыту крытычнага адбору навязаных зверху каштоўнасцяў...”2 У такой атмасферы і ў мастацтве пачынаюць знікаць самыя нязначныя праяўленні нацыянальных матываў, бунтарскіх настрояў, сумневаў, не кажучы пра іронію, сатыру, лірычныя або песімістычныя адценні. Вядома, супраціўленне сістэме існавала і ў тым часе. Гэта бачна з дакументаў рэпрэсаваных пісьменнікаў, якія сталі даступнымі для даследнікаў у 90-х гадах. Аднак улада прымусіла, насаджаючы страх, даносы, а найперш фізічнае вынішчэнне, выдаваць творы, дзе прыхарошвалася жыццё, згладжваліся канфлікты, ідэалізаваліся вобразы камуністаў, ствараліся савецкія міфы, адбывалася дэмагагічная фальсіфікацыя розных з’яў рэчаіснасці. Асіміляцыя, русіфікацыя, узнікненне такіх паняццяў, як “савецкі чалавек”, “інтэрнацыяналізм”, нівелявала, згубна ўплывала на такія важныя ў жыцці кожнага народа пастулаты, як мова, гісторыя, Бацькаўшчына, нацыянальная культура. Сціхаюць абуджальныя, змагарна-незалежніцкія матывы ўтворчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Усё гэта прывяло да безаблічнасці, страты літаратурай нацыянальных рысаў, перавагі сацыялагічных аспектаў над эстэтычнымі, філасофска-этычнымі, агульначалавечымі. Ад пісьменнікаў як ідэалагічнага атрада партыі патрабавалася “разгарнуць самакрытыку, глыбей засвоіць асноўныя палажэнні марксізмаленінізма, пераадолець у сваёй свядомасці дробнабуржуазную сялянскую хісную псіхалогію, стаць на барацьбу за калектывізацыю вёскі і ўзгадняць літаратурную дзейнасць з працай грамадскіх арганізацый” (ЭЛіМБел. Т. 5. Мн., 1987. С. 347). Вось у такой атмасферы, “створанай” генеральнай лініяй партыі ў 30-х гадах, і вымушаны былі тварыць, а маладыя пісьменнікі пачынаць сваю
2 Конан У. Ацплыві на глыбіню // ЛіМ. 1998. 13 лютага.
дзейнасць. Многія з тых, хто пазней стане эмігрантам, вызваліўшыся са сталінскіх турмаў і канцлагераў літаральна напярэдадні вайны, апынуліся на акупаванай немцамі тэрыторыі (М.Сяднёў, У.Клішэвіч, Т.Лебяда былі прывезены з Калымы ў Мінск на перагляд справы, Н.Арсеннева з сынамі адпушчана з Казахстанскай высылкі, У.Дудзіцкі, Ант. Адамовіч, У.Глыбінны, М.Кавыль, А.Калубовіч, Л.Случанін, асуджаныя ў 1930—1933 гг., змаглі ацалець у страшным 1937-м).
Многія пісьменнікі, іншыя сведамыя беларусы паспрабавалі выкарыстаць сітуацыю барацьбы дзвюх таталітарных сістэмаў, гітлераўскай і сталінскай (не прымаючы ні адну з іх), і шукаць шляхі вызвалення Беларусі ад усялякіх акупантаў. I не Гітлеру служылі яны, як сцвярджала савецкая прапаганда, а шматпакутнай, укрыжаванай Беларусі. Аднак усё было вельмі складана. Пра гэты неймаверна цяжкі, супярэчлівы для беларусаў час грунтоўна і доказна распавядаецца ў кнігах К.Акулы “Змагарныя дарогі”, ‘Тараватка”, у творах іншых аўтараў.
У Беларусі заўсёды марудна ішлі працэсы адраджэння. Заахвочванне зверху нацыянальнага нігілізму ставіла многіх беларусаў на мяжу ўсё новых хваляў зыходу — своеасаблівага пратэсту супраць глумлення з натуральна-гістарычных, нацыянальных асноў жыцця народа.
А пасляваенны масавы зыход пачаўся ў 1944 г. (паводле вызначэння А.Калубовіча*, гэта была восьмая хваля беларускай эміграцыі, пачынаючы ад часоў паўстання Т.Касцюшкі), і не толькі пісьменнікаў, але і тых, хто найбольш актыўна ўдзельнічаў у беларускім руху, быў у апазіцыі да таталітарнай сталінскай сістэмы. Іх зыход — гэта не толькі страх за ўласнае жыццё, лёс блізкіх, страта ілюзій і спадзяванняў на вольную Беларусь. Вярталася ўлада Сталіна, а з ім зноў рэпрэсіі, тое, што было і пры іншых акупантах, палітычнае і духоўнае паняволенне беларусаў. “Менавіта таму мы й пайшлі на эміграцыю, каб пазбавіцца “генеральнае лініі”, каб захаваць права на свае ўласныя погляды і на іхняе выказванне, — пісаў Ю.Віцьбіч. — Mae сябры і я не сядзім на лаўцы падсудных,
* Аўген Калубовіч (1910—1987) — пісьменнік, вучоны-гісторык, асветнік, грамадска-палітычны дзеяч беларускай паваеннай эміграцыі. Аўтар двухтомнага даследавання “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства”, кніг “Айцы БССР і іхны лёс”, “На крыжовай дарозе”, успамінаў “Янка Купала і Якуб Колас”, артыкулаў пра Еўфрасінню Полацкую, А.Абуховіча, М.Доўнар-Запольскага ды інш.
таксама як і зусім не збіраемся каго-небудзь судзіць... Судзіць каго-небудзь з нас (альбо вас) мае права толькі наш Вялікі Беларускі Народ”.
Многія пісьменнікі верылі ў хуткае вяртанне на вольную Бацькаўшчыну, аднак прайшлі дзесяцігоддзі і, як адзначаў М.Сяднёў, “зняверыліся мы ад доўгай і бясплоднай веры...” I хоць у вольным свеце працавітыя беларусы з гадамі абжыліся, набылі матэрыяльную незалежнасць, аднак духоўна пісьменнікам-творцам было вельмі цяжка, асабліва на першым часе. Часопіс “Баявая Ускалось” (1955, № 5) у рэдакцыйным артыкуле С.Хмары “Ахвяры” канстатаваў: “Іх шмат, таленавітых, колісь плодных паэтаў з ласкі Божае, пісьменнікаў, публіцыстаў. Параскіданыя па далёкіх кутох свету ў адзіноце, адарваўшыся ад свайго беларускага караня, дагараюць недзе ў джунглях Венесуэлы, Бразіліі ці ў стэпах Аўстраліі, або нат і бліжэй, загубіўшыся ў натоўпах Нью-Ёрку, Чыкага, Лос-Анжэлесу... “Чалавек ніколі не мае часу для самога сябе, не можа аддацца творчасці”, — піша з далёкай Венесуэлы Уладзімір Дудзіцкі — здольны паэт.