Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Адпаведна гэтым устаноўкам бачылася Ю.Віцьбічу (у 1930 г., дарэчы, ён стаў сябрам “Узвышша”, атрымаўшы пасведчанне за подпісамі К.Чорнага і К.Крапівы, а Віцьбічавы апавяданні ўжо друкаваліся ў часопісе “Узвышша”) і літаратурнае згуртаванне “Шыпшына” на эміграцыі. Быў распрацаваны і прыняты Статут згуртавання, шмат у чым блізкі ўзвышэнскім мэтам:
“	1. Згуртаваць беларускіх актыўных і творча-дасьпелых пісьменнікаў, белетрыстых, паэтаў, драматургаў і крытыкаў, што знаходзяцца на эміграцыі.
2	. Працаваць над стварэньнем вялікай літаратуры, годнай нашага вялікага народу.
“Шыпшына” стаіць на варце поўнае свабоды творчых пошукаў, але для ейных сяброў з’яўляюцца абавязковымі крытэрыі высокай мастацкасьці літаратурнага твору, імкненьне да ідэйнае насычанасьці і арыгінальнасьці, глыбокая пашана да нашае літаратурнае спадчыны і пачуцьцё спадкаемства да ўсяго лепшага ў ёй, узаемная пашана да творчасьці адзін аднаго, а ў галіне ідэёвай — самаахвярная алданасьць найвышэйшаму ідэалу нашага Народу. “Шыпшына” заклікае братоў-пісьменнікаў далучыцца да яе, каб супольна тварыць на карысьць нашае Маці-Беларусі” (“Шыпшына”, 1946, № 2, Рэгенсбург). Пад гэтым Статутам стаяць подпісы ўсіх пісьменнікаў — сяброў “Шыпшыны”.
Спавядаючы мэты, мастацка-эстэтычныя ўстаноўкі “Узвышша”, шыпшынаўцы працягвалі традыцыі беларускай літаратуры і на чужыне, шанавалі памяць выдатных літаратараў — барацьбітоў за росквіт нацыянальнага мастацтва. Ужо ў Нью-Ёрку (1951), калі на эміграцыі адзначаліся 25-я ўгодкі з дня заснавання “Узвышша”, Ю.Віцьбіч пісаў: “У дзень 25-х угодкаў ад заснаваньня роднага “Узвышша” хочацца перадусім з братнім жалем схіліць голаў перад сьветлай памяцьцю ўзвышэнцаў, закатаваных расейскім балыпавізмам, такіх, як Адам Бабарэка,
Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Жылка. Няхай ніколі ня згіне памяць аб іх...
У гэты дзень хочацца цёплым сяброўскім словам прыгадаць тых узвышэнцаў, што дагэтуль гібеюць у савецкіх катавальнях, такіх, як Язэп Пушча, Тодар Кляшторны, Лукаш Калюга, Сяргей Дарожны, Васіль Шашалевіч, Андрэй Шашалевіч, Фелікс Купцэвіч. Няхай дачакаюцца яны Уваскрашэньня нашае Бацькаўшчыны...”4 He ведалі тады на эміграныі, што ўсе гэтыя таленты знішчаныя ў 1937 годзе, акрамя Я.Пушчы, які пасля першага арышту жыў, змяніўшы прозвішча, у глыбінях Расіі.
“Шыпшына” стала агульнаграмадскай, літаратурнай арганізацыяй, а не вузкапрафесійным гуртком. Пісьменнікі, якія ўваходзілі ў згуртаванне, маглі быць самых розных светапоглядаў і веравызнанняў, але мусілі падзяляць статутныя патрабаванні.
Тым часам у эмігранцкім беларускім асяроддзі адбыўся падзел на розныя групоўкі. Тых беларусаў, якія разам з беларускімі епіскапамі далучаліся да расійскай царквы, а таксама прыхільнікаў Беларускае Цэнтральнае рады (БЦР) (яны заклалі ў 1948 г. у Амерыцы Беларуска-Амерыканскі Дапамогавы камітэт, а ў 1951 г. склікалі першы кангрэс беларусаў Амерыкі, дзе абралі Беларускі Кангрэсавы камітэт) сталі называць “зарубежнікамі”, а тых, хто застаўся пры Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве (БАПЦ), разам з прыхільнікамі БНР (тыя ў сваю чаргу заснавалі Беларуска-Амерыканскае задзіночанне (БАЗА)), працягвалі называць “крывічамі”. Дарэчы, плённа працуюць і цяпер Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Беларуская бібліятэка імя Ф.Скарыны ў Лондане, дзякуючы нястомным старанням а.Аляксандра Надсана. У 1946 г. у Рэгенсбургу (Германія) было закладзена Беларускае (Крывіцкае) навуковае таварыства імя Ф.Скарыны. Аднак, нягледзячы на гэты падзел “крывічоў” і “беларусаў”, “заходнікаў” і “ўсходнікаў”, каталікоў і праваслаўных, удзельнікі літаратурнага згуртавання “Шыпшына” спавядалі адзіную мэту — змаганне сваімі творамі за ідэалы 25 Сакавіка.
На старонках часопіса “Шыпшына” друкаваліся самыя розныя творы — і пісьменнікаў, якія ўваходзілі ў згуртаванне і якія
4 Архіўная кніга. Нью-Ёрк, 1997. С. 360.
не належалі да яго, без усялякай увагі на тое, якой групоўкі трымаўся той або іншы аўтар. Гэтая цярпімасць да розных поглядаў, уменне згуртаваць аўтарскі актыў у вышэйшай ступені было ўласціва Ю.Віцьбічу — галоўнаму арганізатару згуртавання і выдаўцу часопіса “Шыпшына”. Сябры згуртавання, на думку Ю.Віцьбіча, не павінны падпарадкоўвацца нейкай адной палітычнай сіле, іх задача — стварыць творчую асацыяцыю ўсіх беларускіх пісьменнікаў на чужыне, куды б на роўных правах уваходзілі “Шыпшына”, літаратурнае згуртаванне “Баявая Ускалось”, літаратурная секцыя Беларускага Інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (БІНІМ), іншыя суполкі і творчыя асобы.
Часопіс “Шыпшына” (калі яшчэ беларусы-эмігранты знаходзіліся ў Еўропе, у лагерах ДР рассылаўся па ўсіх беларускіх асяродках (выдаваўся, як і іншыя перыядычныя выданні, на ахвяраванні чытачоў). Ён прэзентаваў новыя творы беларускіх пісьменнікаў не толькі беларусам, але і ўкраінцам, палякам, чытачам іншых нацыянальнасцяў. 3 пераездам беларусаў-эмігрантаў з Еўропы ў краіны сталага пражывання часопіс “Шыпшына", восьмы нумар якога ўжо выйшаў у ЗША, з прычыны цяжкасцяў выдання спыніў сваё існаванне. Аднак значнаснь яго ў згуртаванні літаратурных сіл замежжа несумнеўная. Часопіс аднаўляў, вяртаў чытачу творы тых пісьменнікаў, якія нельга было прачытайь у Беларусі ў 50-х гадах: “Крывічы” М.Зарэцкага, “Запіскі Самсона Самасуя” А.Мрыя, “Нядоля Заблоцкіх” Л.Калюгі, “Скіп’еўскі лес” К.Чорнага, вершы У.Дубоўкі, Я.Пушчы, творы класікаў: М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, забароненыя на радзіме, артыкулы пра лёсы рэпрэсаваных пісьменнікаў. У кожным нумары “Шыпшыны” друкаваліся новыя вершы, паэмы, аповесці, апавяданні, пераклады пісьменнікаў-эмігрантаў.
He меншае значэнне для развіцця літаратурнага руху замежжа мела і літаратурнае згуртаванне “Баявая Ускалось”, арганізатарам якога быў Сяргей Хмара (1905—1992). С.Хмара (псеўд. С.Світка, Сымон Зацяты, Я.Пярун, сапраўднае прозвішча Сіняк) нарадзіўся ў Адэсе, куды бацькі, сяляне са Слонімшчыны, выехалі на заробкі. На радзіму вярнуліся ў 1918-м. Адзін з найбольш вядомых і актыўных дзеячаў 30—40-х гадоў у Заходняй Беларусі. Друкавацца пачаў у 1925 г. Аўтар кніг “Бунтарнае”, “Шляхам барацьбы” (падрыхтаваная да друку, але знішчаная
палякамі пад час ліквідацыі выдавецтва “Рунь”, 1930 г.), “Жураўліным шляхам” (1939), “Мы” (1949), зборнікаў, заснаваных на беларускай міфалогіі: “Аб Багох Крывіцкіх Сказы”, “Сказы Бацькаўшчыны” (1986), дзе выказваў веру, што “ўваскрэсне слава нашай зямлі”. Вершы С.Хмары прасякнутыя нацыянальнапатрыятычнымі матывамі, любоўю да Беларусі (“Усцяж Беларусь! Беларусь на вуснох”, за вызваленне якой “нам палаць, а не цьміць!”). За сваю беларускую дзейнасць С.Хмара сядзеў у турмах пры ўсіх акупацыях Бацькаўшчыны — польскай, расійскай, нямецкай. У 1944 г. пайшоў у выгнанне. Жыў напачатку ў Германіі, потым у Канадзе.
Яшчэ на радзіме, пры спрыянні Гальяша Леўчыка, іншых беларускіх пісьменнікаў С.Хмара заснаваў літаратурнае згуртаванне (Сустань) “Маладая Ускалось” (як працяг “Руні”), якое на эміграцыі было пераўтворана ў “Баявую Ускалось”. Як і “Шыпшына”, “Баявая Ускалось” стаяла на незалежных ад палітычных груповак пазіцыях, мела выразна акрэслены нацыянальна-патрыятычны кірунак, гуртавала вакол сябе ўсё жыццяздольнае, адмаўляла прынцып “паэзія дзеля паэзіі”, ці так званую тэорыю “чыстага мастацтва”, трымалася пераканання, што мастацтва ва ўсіх сваіх разгалінаваннях — толькі род зброі для змагання за нацыянальную незалежнасць народа, а пісьменнікі — вестуны гэтай барацьбы, актыўныя ўдзельнікі грамадскакультурнага і палітычнага жыцця беларускай эміграцыі.
Дзейнасць “Баявой Ускалосі” аднавілася ў 1949 г., папоўніліся шэрагі яе сяброў (М.Вольны, В.Вярбіна, А.Камароўскі, Ніна Змагарка, А.Сумны, А.Змагар, А.Дрыгвіч, Я.Таўпека, М.Галейка ды інш.). Першыя нумары часопіса “Баявая Ускалось” выходзілі пад рэдакцыяй М.Панькова (Вольнага) у Нямеччыне, затым у Нью-Ёрку і ў Канадзе. Акрамя ўдзельнікаў згуртавання на старонках часопіса друкаваліся ВАдважны, У.Клішэвіч, А.Салавей, У.Глыбінны, Я.Юхнавец і многія іншыя аўтары, як і абавязкова творы пісьменнікаў з БССР. Сустань выдала шэраг зборнікаў: акрамя кніг С.Хмары, — “Памятай Бацькаўшчыну” Ніны Змагаркі, “Да згоды” А.Змагара, “Крэда” У.Дубоўкі ды інш. Сябрыны літаратурнай сустані “Баявая Ускалось” існавалі ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Англіі.
У снежні 1951 года (калі большасць беларусаў з Нямеччыны пераехала ў ЗША) у Нью-Ёрку быў заснаваны Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) для каардынацыі праблем беларусістыкі ў галінах навукі, літаратуры, мастацтва. Цяпер эмблема інстытута (партрэт Ф.Скарыны), як і яго навуковыя працы, літаратурныя выданні, шырока вядомая ў Беларусі і ўсюды ў свеце, дзе цікавяцца нашай краінай. Сябрамі інстытута маглі стаць усе, хто меў вышэйшую адукацыю, працы ў галіне беларусістыкі. На першым арганізацыйным сходзе, на якім старшынстваваў доктар А.Орса, сакратаром інстытута была абрана Наталля Арсеннева, дырэктарамі былі епіскап Васіль (Тамашчык), Я.Ліманоўскі, доктар Вітаўт Тумаш, якія закладалі асновы навуковай бібліяграфіі твораў Ф.Скарыны і літаратуры аб ім. Цяпер дырэктарам БІНІМ з’яўляецца доктар В.Кіпель (нарадзіўся ў 1927 г. у Мінску, маці — настаўніца, бацька — Яўхім Кіпель — вядомы грамадска-палітычны дзеяч, супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, рэпрэсаваны ў 30-х гадах). В.Кіпель скончыў Лювенскі (Белыія) і Ратгерскі (ЗША) універсітэты. Вучоны, літаратуразнавец, бібліёграф, публіцыст, актыўны дзеяч беларускай эміграцыі, аўтар фундаментальнай працы "Беларусы ў ЗША”. У кіраўніцтва БІНІМ уваходзяць таксама Зора Кіпель, Я.Запруднік, А.Шукейлойц, Т.Бэрд, уваходзіў Ант. Адамовіч. Зора і Вітаўт Кіпелі склалі бібліяграфію “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе” (1985) і хрэстаматыю “Беларуская дзяржаўнасць” (1988). Зора Кіпель (нарадзілася ў Мінску ў сям’і пісьменніка Л.Савёнка (Л.Крывічаніна). Скончыла Лювенскі і Ратгерскі ўніверсітэты, грамадска-культурны дзеяч, бібліятэказнавец, перакладчык) — вядомы даследнік і літаратуразнавец, займаецца вывучэннем сярэднявечнай літаратуры, рукапіснай беларускай літаратуры XVI стагоддзя, напісала грунтоўную навуковую працу “Этнічныя элементы ў беларускім Трыстане XVI стагоддзя”.