Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
Захопленасць жыццём, асабліва красой прыроды, якая так натхняльна-шчасліва ўплывала на душу, на паэтычныя здольнасці маладой дзяўчыны, — усё гэта пачынае вылівацца ў цэлыя лірычныя цыклы. Наталля Арсеннева, апісваючы розныя з’явы прыроды, не задумваецца нават разнастаіць назвы сваіх вершаў, яна быццам спяшаецца выказаць тое, чым перапоўнены яе пачуцці з прыходам вясны (“Вясна”, “Люблю я сонца залатое”, “Красавік”, “Пралескі”, “Май”), восені (“Восень”, “Восень у Вільні”, “Сыплюцца з клёнаў лісты”), пра што думаецца ўначы (“Калі ноч запануе”, “Ночы й думкі”, “Ціха плыў месяц”, “Увечары”, “Перад ночай”, “Шэпты ночы”, “Вячорны абразок”, “Вячорнаю парою”, “Уначы”, “Ноч”), як дабратворна ўплывае на яе веліч і прыгажосць лесу (“Калі людзі пакрыўдзяць цябе”, “Лес шумеў”, “У лесе”).
Любоў да прыроды — гэта тая ўдала знойдзеная, адзіная тэма, якая стварала гармонію з духоўным станам лірычнай
гераіні, а таксама з філасофіяй жыцця, светаўспрыманнем самой паэтэсы. Вячэрні змрок, ноч для яе — гэта час роздуму “аб вечных болях, аб вечных муках”, час таямнічых ценяў, душэўнай тугі, але галоўнае — час ісціны, гранічнай праўды перад сабою, калі пазнаеш тайну жыцця і Бога.
Вядома, такія паняцці, як Месяц, Ноч, найбольш звязаны з жаночым светаадчуваннем. Арсеннева неаднойчы прызнавалася, за што яна любіць вячэрнюю і начную пару:
Люблю за супакой, хоць сонны, а чароўны, Люблю за сіні змрок, за смутак нявыслоўны, што на душы ляжыць, калі сяджу адна і ў глыбіню гляджу нябёсную без дна.
(Ночы й думкі, с. 12)
У сваіх элегічных вершах Наталля Арсеннева адыходзіць ад традыцыйных стэрэатыпаў, вобразаў, дэталяў, праз якія паэтамі розных пакаленняў перадаваліся сумныя, цяжкія настроі. Наадварот, праз апісанне красы прыроды яна імкнецйа раскрыць радасныя, светлыя бакі жыцця чалавека, паказаць, што гэта лепшае з таго, чым ён можа любавацца, цешыцца зусім бескарысліва. Адметнасць творчай манеры Наталлі Арсенневай была ў тым, што яна рана здолела адчуць стан беларускай душы ў яе суладнасці, злітнасці з прыродай, падкрэсліць магутнае станоўчае ўздзеянне яе гаючай прыгажосці на чалавека, выявіць, якія яна выклікае асацыяцыі, роздум, эмоцыі, як моцна ўплывае на фармаванне такіх рысаў характару беларуса, як павышаная ўражлівасць, мяккасць, далікатнасць, схільнасць да эмацыйна-пачуццёвага ўспрымання прыгажосці роднай зямлі, нязменнай да яе любові і прыхільнасці, дзе б ён ні жыў. Ужо ў 1921 годзе, у вершы “Калі ноч запануе”, маладая паэтэса вельмі трапна вызначыла духоўны стан беларуса, зразумела сутнасць яго песняў:
Любяць людзі прыгожыя песьні, любяць сумныя гукі жалейкі, як пагодныя дні на прадвесьні, як раздольле, як сьпеў салавейкі.
Любяць казкі аб дзеях мінулых, аб жыцьці сваіх продкаў свабодных, аб гушчарных бароў шумах-гулах, аб прадоннасьці рэк мнагаводных.
Любяць песьні аб славе, аб долі, аб асілках вялікіх, магутных, аб братох, што каналі ў няволі, аб часінах старонкі пакутных...
(Калі ноч запануе, с. 11)
I гэтае разуменне прыходзіць да яе на самым пачатку творчага шляху, умацоўваецца пазней, калі ёй часта даводзілася жыць у беларускай вёсцы, глыбей спазнаць беларускую гісторыю.
Імя Наталлі Арсенневай становіцца вядомым і папулярным. Яе вершы друкуюіша не толькі ў віленскіх выданнях, але і ў БССР, таксама дзякуючы М.Гарэцкаму, які ў той час працаваў над ‘Тісторыяй беларускай літаратуры” і выдаў хрэстаматыю “Выпісы з беларускае літаратуры” (1923 г., выдавецтва “Савецкая Беларусь’’), дзе змясціў вершы Наталлі Арсенневай. Пазней яны былі апублікаваныя ў “Беларускім работніцка-сялянскім календары” за 1924 год.
Адбываюцца змены і ў асабістым жыцці маладой паэтэсы. У 1921 годзе яна скончыла Віленскую Беларускую гімназію, некаторы час настаўнічала ў беларускай школе, а потым паступіла на гуманітарны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Аднак універсітэт не давялося скончыць, бо ў 1922 г. Наталля Арсеннева выходзіць замуж за Францішка Кушаля (1895—1968), які ў 1919—1920 гг. быў сябрам Беларускай вайсковай камісіі, затым служыў у чыне капітана ў польскім войску. Жылі напачатку ў Слоніме, пасля ў Хэлмне, Тчэве (глыбінная Польшча). Нарадзіліся сыны — Яраслаў (1923) і Уладзімір (1926), загучала над імі калыханка, створаная маладой маці. Дарэчы, сынам будзе прысвечаны і яе першы паэтычны зборнік “Пад сінім небам”.
Улетку Наталля Арсеннева з дзецьмі выязджае да бацькоў мужа ў вёску Доры на Валожыншчыне. “Тут, у чыста беларускім сялянскім асяроддзі, — успамінала яна пазней, — я цесна зжылася з Беларуссю, калі можна так сказаць, ужо не ў тэорыі, a на практыцы, зжылася з найчысцейшай беларускаю моваю, з беларускім жыццём і прыродаю. Мужавы бацька — стары Вінцук Кушаль — быў найшчырэйшым беларускім патрыётам, хоць палітыкай ніколі не займаўся і ў жыцці сваім ніколі нікуды не выязджаў далей за Валожын, Івянец, Ракаў ці Маладзечна”4.
4 Літаратура і мастацтва. 1992. 17 ліпеня.
Вядома, што спасціжэнне беларускага слова Арсенневай найперш адбывалася праз літаратуру, вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, прозу М.Гарэцкага, праз віленскае беларускамоўнае асяроддзе. I цяпер, калі яна сама непасрэдна слухала, удзельнічала ў размовах, блізка бачыла побыт, працу людзей, назірала іх дачыненні з прыродай, паэтычны слоўнік яе станавіўся жывейшым, натуральным, пазбаўляўся рафінаванасці, залішняй літаратурнасці. Нараджаецца больш вершаў, прысвечаных вёсцы. Яскравы прыклад — вершы, напісаныя ў Дорах (“На сенажаці”, “Улетку”, “Уночы”). Захапіўшыся фальклорам, яна запісала некалькі вясельных песняў, пачутых у Дорах, і надрукавала іх потым у часопісе “Студэнцкая думка” (1925). I пасля лета, ужо ў Польшчы, Наталля Арсеннева, усё больш усведамляючы Беларусь сваёй адзінай радзімай, жывучы ўспамінамі, напіша змястоўную элегію пра край, што “яшчэ харашэйшым здаецца, родны, найлепшы з краёў” (“Родны край”), дзе паўстануць абразкі цудоўнай беларускай прыроды як наплывы памяці cappa. “Выезд у чужое моўнае асяроддзе, — адзначаў Ян Чыквін, аналізуючы творчасць Наталлі Арсенневай, — адасабленне ад “маруднай” штодзёншчыны “беларускай справы” аказалі, відавочна, рашаючы і выключна станоўчы ўплыў на фармаванне адметнага паэтычнага светапогляду і светаадчування Наталлі Арсенневай. Нутраную патрэбу складання вершаў толькі пабеларуску ўзбудзіла ў ёй, несумненна, тая ж ‘‘беларуская справа”. I той імператыў творчасці, распалены ў душы агонь паэзіі, моцны ўнутраны націск цяпер пераплаўляў на чужыне ўвесь беларускі “матэрыял”. Усё блізкае паэтэсе, канкрэтнае і знаёмае да драбніц, што дагэтуль і стварала вобраз радзімы з яе жыццёвымі праблемамі, трансфармавалася ў, так бы мовіць, чыстую ідэю Беларусі, якая тут прарастала ў ідэал, у “дзіўную песню”, што існуе як водгалас вечнай праўды, дабра і прыгажосці, як сімвал зямлі абяцанай. Асноўнай тэмай Наталлі Арсенневай стаецца жыццё лірычнага “я” ва ўяўленай айчыне. Тое жыццё паэтэса любіць проста дзеля самога жыцця, у шматстайных яго праявах знаходзячы крыніцу чалавечай радасці і творчай інспірацыі. Невыпадкова, што для яе “песняў” найважнейшымі былі “сардэчныя” месцы дзеяння і псіхалагічны час”5. I сапраўды,
5 Чыквін Ян. Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа. Беласток, 1997. С. 427.
перачытваючы многія раннія элегіі Наталлі Арсенневай, заўсёды адчуваеш напружанае ўнутранае жыццё лірычнай гераіні, яе амаль малітоўнае стаўленне да таямніцы сусвету, з’яў прыроды, радзімы:
Вечар неба хварбуе ў гарачыя тоны, чыстым золатам густа залоціць рабіны, і здаецца паветра густым і зялёным, бы вада у вазёрах, зялёных ад ціны.
Гаснуць косы на вежах гатыцкіх касьцёлаў, запаляючы шыбы дзіўнымі агнямі.
Зоры — вочы малых засмучоных анёлаў — мігацяць у хмурынах, парваных над намі.
Час таёмны, ня ноч, ані дзень, калі сьцені, сьцені ночы зьліваюцца з косамі сонца, калі хочацца раптам устаць на калені і стаяць так, бяз руху, маўкліва, бясконца...
У гэты час аджывае у думках старое, успамінаюцца даўныя сэрца хваробы... I так лёгка душою — вячэрняй парою — зразумець сьвету сумы, сумлевы й жалобы!
(Вячорнаю парою, с. 29)
Па духоўнай сіле суперажывання, эмацыйнага ўздзеяння, па шчырым парыве ў вышыні бязмежнага сусвету, малітоўнай настраёвасці многія прыродаапісальныя вершы Наталлі Арсенневай (“Ціха плыў месяц між хмараў празрыстых”, “У небе пылаюць чырвоныя хмары”, “Шэпты ночы”, “Ноч”, “Вячорны абразок”) сугучныя “Вячэрняй малітве” Янкі Купалы, блізкія паэтычнаму свету Максіма Багдановіча, што ў свой час адзначаў і Антон Навіна: “Як і Багдановіч, яна з малюнкамі прыроды заўсёды злучае той ці іншы глыбейшы настрой, тое ці іншае асабістае перажываньне, рэфлексію, думку-разважаньне”6. Пацверджаннем гэтаму могуць служыць вершы “Сьветлы дзень дагараець над сумнай зямлёю...”, “Няўжо”, “Мэта жыцьця”, “На матыў хаўтурнага маршу”, “Пытаньне”, “Жьшьцё”, “Шчасьце”, “Развітаньне”, дзе прыгажосць прыроды, яе чароўнасентыментальныя малюнкі выклікаюць у душы маладой паэтэсы
6 Навіна А. Адбітае жыцьцё. Вільня, 1929. С. 111.
развагі над рознымі пытаннямі быцця чалавека. Ці не ўпершыню яна задумваецца: у чым мэта жыцця — дачакацца магілы, з доляй змагацца, ці зведаць усе грахі, каб не горка было памірань? А мо хавацца ад усякага смутку, слёз і гора, ці мэта жыцця — захаваць жыццё? Пакуль ёй непадуладныя такія філасофскія глыбіні, яна не шукае адказу, а толькі ставіць пытанне, але, адчуваючы нейкі ўнутраны разлад, асабліва, калі сэрца залівае “патоляю восень і жальбы гальля”, у яе душы падсвядома чамусьці ўзнікае перакананне, што ў жыцці чалавека няма поўнага шчасця, а калі і бываюць шчаслівыя дні, імгненні, то чаму яны такія хуткаплынныя, чаму забіраюць незваротна маладыя гады, памкненні, пачуцці, і што рабіць, каб жыццё было напоўнена, каб не паўставалі балючыя пытанні — ці так і дзеля чаго жывеш? Такія пытанні, хоць і трывожаць, але не цалкам авалодваюць істотай маладой паэтэсы. На яе гарызонце не часта паўстаюць хмары жыццёвых цяжкасцяў і турбот. Яна паступова, але няўхільна стварае свой уласны, замкнёны на красе навакольнай прыроды і парываннях душы, свет, што паглыбляла псіхалагічны партрэт лірычнай гераіні — маладой беларускай жанчыны. Гэта вялікая мастацкая заваёва, удача першага перыяду творчасці паэтэсы, бо створаны ёю вобраз прывабнай, духоўна багатай, з эстэтычна вытанчаным густам жанчыны дапаўняў галерэю вобразаў, якія існавалі ў беларускай літаратуры, пераважна сялянак, з пакутлівай доляй, якім няма калі любавацца цудоўнай прыродай, прыніжаных, забітых цяжкім побытам, бясконцай працай, а гэта часта стварала, паводле словаў Яна Чыквіна, “комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасці”.