Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Для Беларусі другая палова 20-х і асабліва 30-х гадоў былі надзвычай складанымі, супярэчлівымі. У Заходняй Беларусі забаранілі Сялянска-Работніцкую Грамаду, польскія ўлады пачалі рашучы, гвалтоўны наступ на ўсё беларускае: закрываліся беларускія школы, гімназіі, хаты-чытальні, клубы, пачаліся суды над актыўнымі дзеячамі беларускага нацыянальнага руху. У БССР гэта быў самы пік сталінскіх рэпрэсій. I ўсё ж, нягледзячы на гэтыя неспрыяльныя ўмовы, беларуская ідэя жыла, як жыў народ і ягоная мова. Беларуская хрысціянская дэмакратыя імкнулася выкарыстаць кожнае паслабленне нацыянальнага прыгнёту дзеля актывізацыі сваёй асветніцкай работы. Выдаваліся беларускія газеты, часопісы (“Крыніца”, “Шлях мола-
дзі”, а з 1932 г. пачаў выходзіць літаратурна-навуковы і грамадскі часопіс “Калосьсе”). У Беларусі добра ведалі пра дзейнасць патрыётаў-адраджэнцаў, барацьбітоў за незалежнасць Бацькаўшчыны Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскога, І.Дварчаніна, кс. А.Станкевіча, што загінулі ў сталінскіх канцлагерах. На ўсю моц гучалі творы маладых пісьменнікаў — М.Танка, М.Васілька, М.Машары, В.Таўлая, С.Сіняка (С.Хмара), Х.Ільляшэвіча, А.Бярозкі, А.Салагуба, Ф.Аляхновіча, У.Жылкі і сярод іх — Наталлі Арсенневай. У 1927 г. у Вільні было створана творчае аб’яднанне “Веснаход”, старшынёй якога абралі Наталлю Арсенневу. Нягледзячы на тое, што яго статут падкрэсліваў апалітычнасць, беспартыйнасць аб’яднання, маючы на мэце толькі мастацка-асветніцкія, культурныя задачы, яно не было афіцыйна зарэгістравана, аднак пачало выдаваць свой часопіс “Рунь веснаходу”. На яго старонках друкаваліся творы пісьменнікаў самых розных палітычных арыентацый, нават тых, хто быў звязаны з камуністычным падполлем, што сведчыла пра шырыню поглядаў Наталлі Арсенневай як старшыні аб’яднання. Аднак у гэтыя гады (з 1922 па 1939) яна з сям’ёй жыла ў Польшчы і не магла актыўна ўдзельнічаць у грамадска-культурным жыцці Вільні, хоць часта прыязджала ў свой родны горад. Паэтэса цалкам засяродзілася на літаратурнай творчасці, яе вершы па-ранейшаму друкаваліся ў віленскіх часопісах і газетах. Але ў адрозненне ад сваіх сучаснікаў-паэтаў Наталля Арсеннева заставалася над палітыкай, хоць нельга сцвярджаць, што яна цалкам ізалявалася ад трывожнай і складанай рэчаіснасці паланізатарскага і русіфікатарскага рэжымаў на падзеленай Беларусі. Усё ж яе вершы былі поўнай супрацьлегасцю той паэзіі, якая нараджалася ў беларускай літаратуры з прыходам Танка і іншых маладых заходнебеларускіх паэтаў, якія лічылі, што патрэбны цяпер не песні жальбы і апяванне красы прыроды, а песні моцныя, вершы-заклікі да волі, якія б гартавалі людзей, нагадвалі граніт і жалеза (нездарма пад першымі танкаўскімі вершамі з’явіўся псеўданім “Граніт”). Антон Луцкевіч (Навіна) далучаў творчасць Арсенневай да эстэцкага, трэцяга накірунку ў заходнебеларускай паэзіі 20—30-х гадоў, вызначаючы асноўныя: “нашаніўскі”, “барацьбяны”, “шуканьне красы, хараства”. Ён падкрэсліваў, што паэзія Арсенневай — гэта “край фантазіі і хараства”, дзе пануе музыка гукаў. У яе вершах
адначасова схоплены малюнкавасьць, медытацыйнасьць, меладычнасьць. Крыніца яе натхненьня найбольш у прыродзе. Чуйная, уражлівая душа паэтэсы мае немалую духоўную сілу, веру ў чалавека, хоць часта заўважаюцца імгненьні зьнямогі, пошукі невядомага. Творча Н.Арсеньнева вучылася ў Купалы, Багдановіча, што дало ёй магчымасьць выбраць тэматычны накірунак, форму верша, мову... Яна цалкам захавала сваю індывідуальнасьць у дачыненьні да зьместу вершаў: сваю жыцьцёвую філасофію, чыста жаноцкую мяккасьць і ўражлівасьць на праявы жыцьця, на сум і на гора. Гэтым яна цікавая і блізкая чытачу”7.
I сапраўды, у Наталлі Арсенневай не было вершаў чыста публіцыстычных, скіраваных на асуджэнне ворагаў, якія яўна ці завуалявана выступалі супраць усяго нацыянальнага, ці вершаўзаклікаў, ухваленняў барацьбітоў, якія мужна, самаахвярна адстойвалі ідэі беларускасці, вершаў інфармацыйна ясных, зразумелых сацыяльнай, высокапатрыятычнай накіраванасцю. 3 іншага боку, у яе творчасці амаль не сустракаюцца вершы, напісаныя ў духу нашаніўцаў (хіба што такія радкі, як “Адвечныя сьлёзы свае вылівае народ...” ці “Вёска там... гразь, саламяныя стрэхі...”, сугучныя купалаўскім, коласаўскім перажыванням, калі яны пісалі пра цяжкую долю мужыка-беларуса). Аднак ад нашаніўства, якое вызначалася не толькі журботнымі, драматычнымі матывамі, нараканнямі на сацыяльную няроўнасць, палітычнае беспрасвецце, але і глыбокім спачуваннем да трагічнага становішча беларускага народа наагул, Наталля Арсеннева ўзяла ідэю духоўнасці, агульна-эстэтычныя прынцыпы мастацкай творчасці. Яна зразумела паэтычнасць народнай душы, пра што пісаў яшчэ В.Ластоўскі ў артыкуле “Купалле” (“Наша Ніва”, 1912, 31 мая): “Беларус па прыродзе сваёй пясьняр-паэт. Просты народ наш расказвае тысячы дзіўных казак, каторымі адрывае думкі свае ад цяжкага жыцьця і пераносіцца ў нябёсы... Беларусь жыве напалавіну толькі жыцьцём праўдзівым, а напалавіну казкай...” Магчыма, знаёмілася Наталля Арсеннева з нашаніўскай дыскусіяй, дзе абмяркоўваліся пытанні, як і што павінна паказваць мастацкая літаратура з жыцця народа. В.Ластоўскі, які браў актыўны ўдзел у дыскусіі, заклікаў паэтаў раскрываць не толькі сацыяльныя праблемы, нястачы.
7 Навіна (А.Дуцкевіч). Адбітае жыцьцё. Вільня, 1929. С. 111.
але найперш бачыць і адлюстроўваць фенаменальную прыгажосць роднага краю, несмяротную красу, багацце душы народа. “Паэт, — пісаў ён у артыкуле “Сплачвайце доўг”, — павінсн быць вучыцелем і прарокам свайго народа, павінен быць суддзёй і цветам душы яго, павінен выяўлянь красу свайго народа і краю...” Такімі паэтамі былі паэты-парнасцы “Нашай Нівы” Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас. Менавіта яны, паводле словаў крытыка Антона Навіны, найбольш прысутнічаюць і робяць уплыў на паэтычную творчасць маладой Наталлі Арсенневай. Ды і сама паэтэса пазней згадвала, як моцна яе ўразіў верш Я.Купалы “Я мужык-беларус” са зборніка “Жалейка”. А прачытаўшы вершы Максіма Багдановіча, яна адчула, што гэта сапраўдная паэзія, “сапраўды маё, роднае”. Дарэчы, Максіму Багдановічу Наталля Арсеннева прысвяціла адзін з лепшых сваіх вершаў “Устань, пясьняр”.
Многія праблемы, якія хвалявалі нашых паэтаў-класікаў, часам знаходзілі сваё адлюстраванне і ў вершах паэтэсы, але больш у метафарычным, іншасказальным плане, праз звароты да з’яў прыроды як вяршыні сапраўднай духоўнасці, гармоніі ў адрозненне ад вечна супярэчлівага, неўладкаванага жыцця чалавека. I ў яе іншым разам прарываюцца Багушэвічавы, Купалавы ноты:
Чаму ў сім жыцьці нямілым Няпраўда, дзе вокам ні кінь, Чаму адным славу і сілу I шчасце жыцьцё аддзяліла, Другім — толькі гора, хоць згінь!
Наталля Арсеннева не знаходзіць адказу на гэтыя цяжкія пытанні жыцця, але, прымаючы, як і іншыя паэты, ідэю роўнасці долі, “змяшчае яе не ў сферы сацыяльнай барацьбы, a сферы прыроды і светабудовы” (У.Калеснік).
Гармонію, заспакаенне ад няпраўды і ліха яна шукае ў агульначалавечых, духоўных каштоўнасцях, бо калі сонца ўсім свеціць роўна, то жыццё людзей, іх шчасце залежыць ад іх саміх, ад самаўдасканалення, высокай маралі, дабрыні, спагады. Эстэтычна-творчыя пошукі, роздум над жыццём прыводзяць яе да таго, што яна пачынае ўспрымаць сусвет як два супрацьлеглыя адзін аднаму светы: людскі — рэальны, жорсткі, супярэчлівы, і свет духоўны, свет прыроды, сіняга неба, дзе ўсё суладна,
прыгожа, суразмерана. У звязку з гэтым яна ставіць перад сабой, паэтам, задачу: “Ад злых, няветлых песьняў гора, // ад змораў шэрае зямлі, // у неба сінь, у неба мора // ты зрок прысталы падымі...” Больш таго, паэтэса кажа пра сваю адвечную тоеснасць, роднасць з прыродай, калі яшчэ з паганскіх часоў песняру-паэту дадзена разумець яе мову, душу, захапляцца красой навакольнага свету. У вершы “Ахрысьціў мяне нехта ў зялёнай дуброве” аўтар раскрывае сваё бачанне і разуменне прыроды, яе неперасягальную ролю ў жыцці чалавека. “He ў царкоўцы малітвай, сьвятою вадой, — // ахрысьціў мяне нехта ў зялёнай дуброве. // Як паганін, // я пушчы пяю залатой, // разумею палёў васільковых размовы...”
I ў зменах пораў года яна заўважае не счарнелы снег, імглу, мутныя ручаіны, не спякоту ці сцюдзёны восеньскі дождж, не сьляпую, халодную мяцеліцу, а найперш любуецца празрыстым белым пухам рабін і таполяў, каласістай нівай, што “гарачыя сьпеліць мне песьні”, бачыць срэбраныя зімовыя ночы, душа яе раствараецца ў сінечы васількоў, у “лільлёвай, залёнай сенажаці” ці ў чырвоным пажары асін... Такім пакланеннем хараству прыроды, асабліва ў “Жоўтай восені”, дзе шмат настрою, тонкіх пачуццяў, высокай паэзіі, паэтэса не перастае сцвярджаць першаснасць духоўнага судакранання з прыгажосцю сусвету ў параўнанні з зямнымі рэаліямі (“Хай людзі мяне зьненавідзяць, // а дух мой да сонца ўзьляцеў...”). Дамінавальнымі ў вершах-элегіях “Жоўтай восені” з’яўляюцца не песні жальбы, тугі, суму, а радасці аднаўлення, зменаў у бясконца рухомай, жывой прыродзе, што выклікае ў чалавека адпаведныя пачуцці, а ў паэта — шматгранныя, рознакаляровыя і шматгукавыя асацыяцыі. У “Жоўтай восені” сваё далейшае развіццё атрымалі музычная вобразнасць верша, рытміка-інтанацыйны малюнак, блізкі да меладычнасці народна-песеннага слова. Гэта адзначала і тагачасная крытыка: “...Верш Арсеньневай ня чытаецца, але паважна плыве і пераліваецна багацьцем незвычайна далікатных і суладных тонаў і гукаў”8. Пры глыбокай духоўнай змястоўнасці паэзіі Наталлі Арсенневай адчуваюцца, аднак, інтэнсіўныя пошукі аўтара ў галіне формы. Здавалася б, усё ўжо адкрыта геніяльнымі папярэднікамі ў прыгожым пісьменстве,
8 Бруевіч К. На паэтычнай вышыні // Калосьсе. 1937. Кн. № 1(10). С. 34.
але для кожнага сапраўднага паэта заўсёды існуе шмат неадкрытага, асабліва ў паэтычнай гармоніі, у непазнаных глыбінях мастацкага слова, выкарыстання і ўдасканалення яго пабудовы, рыфмы, музычных рытмаў. Пра такія пошукі новых формаў верша слушна выказваўся Сымон Брага (Тумаш), беларускі крытык на эміграцыі, выступаючы ў Нью-Ёрку з грунтоўным дакладам да 30-годдзя літаратурнай дзейнасці Наталлі Арсенневай (“Ад сіняга неба да шэрай зямлі”, газета “Бацькаўшчына”, 1952, 25 сакавіка), адзначаючы, што ў галіне мастацкай тэхнікі яе першы зборнік створаны больш у рэчышчы нашаніўскай паэзіі. “Зусім іншае ў “Жоўтай восені”. У Арсенневай прыходзіць усведамленне, што хоць рыфмы рэч прыгожая і музычная, але не адзіная ў паэзіі, ёсць музычна больш багатыя асанансы, гэта не толькі паўтарэнне адных і тых жа гукаў, але быццам водгук акордам на акорд, дзе побач з ідэнтычнымі гукамі адзываецца цэлая гама блізкіх, але пабочных, асануючых.