Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Усе вершы (блізу ста), напісаныя за ваенны час (яны склалі паэтычны зборнік “Сягоньня”, выдадзены ў Мінску ў 1944 годзе, многія друкаваліся ў “Беларускай газэце” — “Здані”, “Сталіну і яго сатэлітам”, “На першыя ўгодкі”, “Сталёвы зьвяз”, “Музыка” ды інш.), поўняцца надзённымі праблемамі, пафасам адмаўлення, асуджэння вайны. Большасць з іх прысвечана Бацькаўшчыне-Беларусі, яе простым людзям, якім столькі даводзіцца пераносіць пакут, страт, гістарычным падзеям і славутым імёнам, роднай мове.
Гэта звязана з асабліва абвостранымі адчуваннямі жанчыны, маці, глыбокімі перажываннямі паэтэсы, якая ў час цяжкіх выпрабаванняў найбольш усвядомлена ставіцца да самых высокіх, духоўных каштоўнасцяў сваёй нацыі, народа. Найперш праз увесь зборнік, як ужо адзначалася, праходзіць тэма прызначэння паэта і паэзіі, філасофскі роздум пра сутнасць мастацтва і яго значнасць наагул у жыцці чалавецтва і, галоўнае, у часы такіх катастроф, якімі з’яўляюцца войны. Як і кожнага творцу, яе непакоіць становішча, у якім жыве Сусвет. I яна звяртаецца да сыноў Зямлі, заклікаючы апамятацца, зразумець, што чалавечае жыццё мае найвышэйшую каштоўнасць і яно такое кароткае, каб яго вынішчаць яшчэ і войнамі на такой малой і прыгожай Зямлі.
Сыны зямлі, сыны сусьвету, куды із прагнасьцяй дзікой вы імкняцё?
Паверце, й кон, і чар няўлоўных, дзіўных мэтаў адно — Калюмбава яйко...
(Куд^і?, с. 125)
У яе балюча сціскаецца сэрца за тых простых салдат, якіх бязглуздыя палітыкі-дыктатары кінулі ў крывавы вір вайны. У вершы “Палеглым” гучыць па-мацярынску няўцешны плач па палеглых на палях бітваў, прычым без усялякага падзелу на “сваіх” і “ворагаў”. Яна аплаквае смерць салдат як ахвяраў вайны, кажа пра жыццё, як пра Божы дар, зыходзячы з агульначалавечых, хрысціянскіх запаведзяў, а не з ідэалагічных установак сталінскай або гітлераўскай таталітарных сістэмаў.
Пад крыжам, бяз крыжа, падцятаю галінай на жорсткі, гойстры жвір спаць ці адзін прылёг... Зьмяшалася зь пяском чупрына маладая, боль выпіў сінь вачэй і сьвежых вуснаў кроў.
Васковаю сьвячой над імі восень тае, і сьніць
адзін пра Рэйн, а іншы — пра Дняпро.
Ня рупіць іх нішто... Жахлівыя змаганьні, магутны чар вайны, крывавыя сьвітаньні, больш не хвалююць іх...
Яны прайшлі свой шлях...
(Палеглым, с. 82)
Але ж ці дзеля гэтага нараджаецца чалавек, каб загінуць у самым росквіце сіл і маладосці? Ці можна спакойна глядзець на кожны новы заўчасны чалавечы скон? Цяжка бачыць на полі замест працы хлебароба, як “у пыл зямлі нясытай спраўна, спрытна, умела // сеюць, сеюць зерня — маладыя целы, // спадзяюцца плёну — каласоў важкіх...”
Паэтэса кажа ўсім, хто ваюе: людзі, апамятайцеся, чым жа прарасце ваша сяўба-бітва, дзе ліецца людская кроў, рвуцца снарады, барануючы ніву?
У вершах-зваротах Наталлі Арсенневай гучыць асуджэнне і папярэджанне тым, хто распачаў ці ўздумае некалі распачаць новую вайну. Яна заклікае бараніць кароткае чалавечае шчасце жьшь на гэтай зямлі, не варагаваць і не ўзбройвацца, а “жыта нашай долі высьпельваць барджэй”. Вайну яна ўспрымае як усе-
агульна-жахлівы стан людскога існавання, дзе чалавеку нельга выжыць. Таму і лірычныя вершы паэтэсы ў адрозненне ад ранейшых гімнаў прыродзе, красе зямлі набываюць зусім іншую змястоўнасць. Яна раскрывае, паказвае эпізоды вайны з уласцівай ёй стрыманай эмацыйнасцю, без залішняй канкрэтыкі і натуралістычных падрабязнасцяў. Вайна для яе, найперш як для жанчыны, маці, гэта “сьмерць сыноў, блізкіх, няўцешныя сьлёзы, сьмерці бадзянне, кроў, хаўтурны звон, трупы, раны, крыжы, роспач, заплаканыя хаты, крывавыя сьвітаньні, голад, калецтва, гора, сусьветная бяда, расстрэлы...” (у вершы “Акцыя” паказана жудасная сцэна расстрэлу яўрэяў, якіх гітлераўцы перад “акцыяй” прымусілі капань самім сабе магілу). I гэта не толькі адчуванні аўтара і яе лірычнай гераіні. Так успрымаюць вайну і простыя людзі, сяляне, якія, адчуваючы жах, пякучы боль, трывогу, смутак, моляцца за жыццё, вяртанне сваіх сыноў, братоў, бацькоў, каханых, што сталі салдатамі (“Стары Сымон”, “He заплачу болей”, “Спарышы”, “Маці”. “Вечар”, “Успаміны”, “Ткальля”). Гэтыя творы раней тэматычна былі не тыповымі для паэтэсы.
У баладзе “Стары Сымон” Наталля Арсеннева звяртаецца да жыцця беларускай вёскі, апавядае пра 70-гадовага Сымона, у лёсе якога адлюстраваўся лёс цэлага пакалення беларусаў, што змагалася яшчэ за цара і веру, перажыло рэвалюцыю, голад і развал, зведала калгасную долю, раскулачванне, высылкі, канцлагеры... Думае стары Сымон пра лёс сваіх сыноў і ўласны йяжкі шлях, марыць адпачыць ад крыўдаў, непасільнай працы. Ды раптам — вайна, плач жанчын, што выпраўлялі сыноў на вайну, самалёты, бомбы, крывавыя ночы, зноў цяжкая доля людзей роднай зямлі. Ды ўсё ж Сымон ведаў, што сыдзе вораг з айчыны.
Тая ж вера ў жыццё, перамогу, вяртанне любых з вайны гучыць у сэрцах маладых вясковых жанчын, галоўных гераінь вершаў “He заплачу болей” і “Спарышы”. Яны мараць, што мінецца ліха “дзесь зялёным маем”, прыйдзе ў прыбраную хату любы з вайны, народзяцца дзеці, таму не варта плакаць, хоць і сэрца журбой коле, пакутліва думаецца: як там ён, на вайне, ці жывы? Вакол гэтага пытання таксама ўсё жыццё маці (“Маці”), якая ўспамінае пра першыя крокі свайго адзінага сыночка, пра яго начны дзіцячы плач, як гладзіла па шаўковай галоўцы,
як падрастаў, сталеў, і раптам вайна забрала яго і цяпер адна надзея, адно жаданне — каб ацалеў, каб пабачыць яго жывым. Унутраны стан маці, яе перажыванні перадаюцца абагуленаметафарычна: “падпаўзае галодным воўкам боль высмоктваць з сэрца кроў”, “жах сьмяротны ў вачах”, “упарта сьніцца паараны вайной папар”..., а ва ўсім гэтым — перажыванні самой паэтэсы, як і ў вершы-дыялогу “Успамін”, пра страту сына.
Звяртаючыся да глыбіняў народнага побыту, Наталля Арсеннева стварае змястоўныя вершы-прытчы, гаворыць пра неўміручасць жыцця, заснаванага на лепшых працоўных традыцыях, здаровым, устойлівым грунце існавання кожнай нацыі — а гэта не знікае ніколі. Героі яе вершаў, найперш жанчыны, якія пад час вайны нясуць велізарны цяжар на сваіх плячах, нягледзячы на ваеннае ліхалецце, поўняцца нязгасным аптымізмам, верай у адраджэнне. Паказальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца прытча “Вечар” — цікавая, каларытная, яркая карціна тагачаснага ваеннага стану Бацькаўшчыны. Над ёй сапраўды вечар, змрок, але і ў цемры ідзе жыццё, людзі гуртуюцца, імкнуцца быць разам, падтрымліваюць адзін аднаго, становяцца дабрэйшымі, спагадлівымі, кіруючыся тымі звычаямі, прынцыпамі, сродкамі выжывання нацыі, што выпрацоўваліся нашымі продкамі на працягу многіх стагоддзяў. Апісваючы вясковыя вячоркі, куды да старой бабулі сыходзяцца на попрадкі маладзіцы і дзяўчаты, аўтар раскрывае думкі і пачуцці кожнай са сваіх гераінь праз іх унутраныя маналогі, якія, вядома ж, засяроджаны на лёсе тых, хто ваюе: бацькі, брата, мужа, каханага, не стамляецца нагадваць пра незлічонасць ахвяраў (“...Колькі ж, колькі віхор вайны // сэрцаў людзкіх разбіў, скалечыў!”). Аднак асноўная ідэя выразна праглядаецца ў дыялогу ўнучкі і бабулі, у вобразах якіх увасобленыя розныя пакаленні беларусаў. Калі маладая ў роспачы скардзіцца, што не паспела зведаць шчасця з каханым, як яго забрала вайна, то мудрая, шмат перажыўшая жанчына, якая “дапрала свой жыцьцёвы кужаль”, ведае, што “шчасьце, унучка, не салавей, // ноч у ночку пяяць не будзе”, і верыць, што “не пойдзе наш сьвет на дно, // хай найгорш, час усё загоіць...”
Дарэчы, калі казаць пра творы, дзе паўстаюць вобразы простых людзей, беларускіх сялян, то немагчыма не адзначыць эвалюцыю творчасці Арсенневай — ад даваеннай, амаль цалкам “апалітычнай”, “безсялянскай паэзіі” (што наагул упершыню
назіралася ў беларускай літаратуры) да постацяў жывых людзей, асабліва вясковых дзяўчат, кабет з іх глыбока-патрыятычнымі пачуццямі, уласцівымі і самой паэтэсе — жанчыне, маці, мастаку-творцу. I самае галоўнае, як адзначаў Антон Адамовіч, у гэтых творах завяршылася “натуралізацыя”, асваенне паэтэсай беларушчыны ў яе глыбіннай аснове, “асяляненне” паэтычнай вобразнасці і мовы, якая стала для аўтара цалкам сваёй, яна ўжо не толькі пісала, але і мысліла, перажывала, як і яе героі, па-беларуску, па-народнаму. Цяпер у яе вершах усё часцей з’яўляецца слова “Беларусь”, вымаўленае з любоўю, пачуццём асабістай адказнасці за Бацькаўшчыну, замест ранейшага, нейтральнага “край, айчына”, “краіна”.
Многія вершы, балады, прытчы, прысвечаныя жыццю глыбіннай Беларусі, што апынулася пад уладай акупантаў, здавалася б, прасякнуты аднолькава тужлівымі, горкімі, роспачнымі матывамі, інтанацыямі. Але толькі на першы погляд, бо дамінуе ў іх вера, надзея, вернасць, каханне, тчэцца нітка працягу чалавечага роду. Яны створаны на высокім пафасе жыццясцвярджэння, які ідзе ад светаадчування самой паэтэсы, яе філасофіі, ведання гісторыі, веры ў людзей, жыццёва-жаночай сілы. Як адзначаў Ян Чыквін: “Тут крыніца аптымізму паэтэсы. Менавіта праз той віталізм яна даходзіла да важнай, вядома, і для жанчын нацыянальна-патрыятычнай праблематыкі. I як вектар “жыццёвай сілы”, жаноцкасці заўжды скіраваны ў прышласць, так у той час і Наталля Арсеннева была нацэлена толькі на будучыню, на тую пару, што мелася быць больш чалавечнай, чым апошнія дзесяцігоддзі для паасобных людзей і цэлай нацыі разам”13.
У час народнага бедства кожны творца звяртаецца да гісторыі сваёй радзімы. Так і Наталля Арсеннева, шукаючы аналагаў падзеям вайны, прыпадае да жыватворных крыніц старажытнай Беларусі часоў паганства. У вершы “Ярылаў конь” яна выказвае веру, што дух паганскага Бога Ярылы “прапаліць сьмерйь”.
Ці сяньня будзе гэта, ці тады, калі ўжо зложым крылы — ня нам гадаць, але зьляціць калісь бяду скасіць Ярыла!
13 Чыквін Ян. Далёкія і блізкія. С. 50.
На край зьнямоглы, на людзей сыпне ён сонечныя стрэлы. I расьцьвіце, і загудзе жыцьцём пустэча пагарэлішч!
(Ярылаў конь, с. 96)
Дзеля гэтай нацыянальна ўваскрэслай Беларусі, вольнай, незалежнай, і пісала Наталля Арсеннева вершы, увесь час пашыраючы ўнутрыжанравую прастору сваёй творчасці. У 1941—1944 гадах ёю створаны многія вайскова-патрыятычныя песні, “вершы на выпадак”, публіцыстычна-дэкларатыўныя прысягі, рэлігійна-эсхаталагічныя творы ў жанры біблейнай прытчы, вершысповедзі, рэквіемы, гімны-малітвы за маці-Беларусь, якія сталі вяршынным мастацкім дасягненнем усёй творчасці паэтэсы (“Песьня каліноўцаў”, “Сталёвы зьвяз”, “Вы хочаце”, “А ўсё ж будзем жыць”, “Жыве Беларусь”, “Хай грыміць”, “У дажынкі”, “Наважнасць”, “Жыві”, “Малітва”, “Досыць”, “Годзе!” ды інш.).