Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
Ваенныя гады, хоць і цяжкія, трагічныя, калі на мяжы паміж жыццём і смерцю, у гранічна абвостранай, напружанай барацьбе прадбачылася нацыянальнае вызваленне, для Наталлі Арсенневай прарасталі такімі вершамі, якія найбольш яскрава паказалі глыбінную сутнасць беларушчыны ў купалаўскім разуменні гэтага тэрміна. Аўтар гэтых вершаў абсалютна не прымала таталітарны рэжым, вайну. У Савецкай Беларусі яна лічылася чалавекам з “другога берага”, “ворагам народа”. Аднак у ваенны лёсавырашальны час смела і бескампрамісна ставіла вострапраблемныя пытанні, імкнулася паказаць выдатным беларускім словам, што такое вольная, незалежная ні ад якіх акупантаў Бацькаўшчына, тым самым дапамагаючы беларусам адчуць сябе народам, выстаяць у гэтай непатрэбнай бойні дзвюх дыктатур, захаваць сваю адвечную нацыянальную адметнасць, мову, памятаць пра слаўных змагароў за Беларусь. Яна змагла ўзняцца над абставінамі, прадбачыць будучае, якое ў беларусаў сёння звязана з барацьбой за нацыянальную ідэю, незалежнасць (“Можа заўмеем сягаць // зноў неаглядна ў зоры, // мо з нас нарэшце туга // вечную змые пакору?”). Ваенныя гады ў вершах Арсенневай паўстаюць у аголенай праўдзе разбурэнняў, страт, пакут, але бачацца аўтару часовай з’явай, хоць вайна вялася ў планетарным маштабе, але пераможа вечнае — жыццё людзей на зямлі, у тым ліку і беларусаў, “сыноў сусьвету”, калі яны здолеюць выйсці на агульначалавечы шлях развіцця, усвядоміць сябе народам, нацыяй.
Паэзіі Арсенневай ваеннага часу, цэнтрам якой з’яўляецца тэма паэт і вайна, паэт і радзіма, найбольш уласцівая спавя-
далызасць, малітоўнасць як унутраная лірычная плынь, глыбокі роздум аб чалавечым жыцці ў трагічныя дні, калі часам здавалася, што надыходзіць нейкі канец усяму жывому, рэальны, а не біблейны апакаліпсіс. Яна бачыла і ўсведамляла, чым абрынулася нямецкая акупацыя для нашага народа: “Кажная акупацыя, — пісала паэтэса, — гэта блізу заўсёды гвалт, няволя. Колькі ж іх, гэтых акупацыяў, перажыла ўжо працягам гісторыі нашая Бацькаўшчына! Гэтак і чародная, нямецкая акупацыя Беларусі 1941—44 гг., каштавала нашаму народу нязлічоныя ахвяры, пакуты і крыўды”14. I далей, у інтэрв’ю газеце “Ніва” (Беласток) 30 студзеня 1994 г., праз 50 гадоў пасля вайны, Наталля Арсеннева згадвала: “Паэзія была маім ратункам, заглушала кашмарную рэчаіснасць, у якой мы змушаны былі жыць. Немцы ваявалі з саветамі, а цярпеў беларускі народ, гарэлі вёскі, людзі... Калі працавала ў час вайны ў “Беларускай газэце”, у рэдакцыі знайшлі міну, і толькі 5 хвілін аддзяляла мяне ад сьмерці. Часта я вярталася паўз руіны позна дамоў, мяне маглі застрэліць, але лёс наканаваў тады выжыць... Я лічу, што найбольш вартасныя мае творы — ваеннага часу, тады, як ніколі пазьней, я адчувала сябе часткай нашага шматпакутнага народа, і гэта натхняла...” У мастацкім плане многія вершы ваеннай тэматыкі зборніка “Сягоньня” страчваюць мяккую суладнасць, музычнасць, элегічную роздумнасць былой прыродаапісальнай лірыкі, але набываюць, адпаведна часу, строга адточаную, афарыстычную інтанацыю, поўняцца аптымістычнымі настроямі, гераічнай пафаснасцю, публіцыстычнай завостранасцю, надзённасцю праблематыкі.
На думку Антона Адамовіча, папярэдняя творчасць Наталлі Арсенневай была шляхам натуралізацыі ў беларушчыне. Паэтычны зборнік “Сягоньня”, прасякнуты, як і большасць твораў беларускай літаратуры, нацыянальна-патрыятычнымі, сацыяльнымі матывамі, антываенным пафасам, завяршыў гэты шлях. Паэтэса заканамерна прыйшла да тых высноў і праблемаў якія былі самымі балючымі, надзённымі для беларусаў.
У ваенны перыяд Наталля Арсеннева пісала не толькі вершы, але і займалася перакладамі, шмат працавала для тэатра. У Мінску на той час жыў таленавіты кампазітар, драматург, паэт,
14 Беларус. 1969. № 43.
вядомы тэатральны дзеяч, член Саюза кампазітараў Беларусі Мікола Куліковіч (Шчаглоў, 1893—1969, памёр у Чыкага). Ён прапанаваў паэтэсе напісаць лібрэта для беларускіх опер. Захапіўшыся гэтай справай, яна перакладае на беларускую мову лібрэта вядомых твораў сусветнага мастацтва: “Кармэн” Бізэ, “Зачараваная жалейка” Моцарта, “Разбіты кубак” Кляйста, “Аўген Анегін” Чайкоўскага, “Вольны стралец” Вебера, “Цыганскі барон” Штрауса, “Затонуты звон” Гаўптмана. Пераклады вызначаліся багатымі выяўленчымі сродкамі, высокай мастацкасню. Класіка загучала на беларускай мове з той жа выразнасцю, яскравасцю, як і на італьянскай, французскай, нямецкай, рускай. Гэтае знаёмства, вопыт працы з іншымі відамі мастацтва для паэтэсы сталі неабходным практычным грунтам, на аснове якога ёю напісаны лібрэта опер “Лясное возера”, “Усяслаў Чарадзей”, аперэт “3 выраю” (1944), “Купалле” (1946). “Лясное возера” — гэта пашыраная музычная інтэрпрэтацыя яе вядомай ранняй паэмы “Лебядзінае возера”, пабудаванай на лепшых традыцыях беларускай народнай творчасці. У цэнтры оперы вобразы простай вясковай дзяўчыны-прыгажуні Аленкі, князя і яго дружынніка Данілы. Аленка і князь кахаюць адзін аднаго, але не могуць быць разам. Князь не вольны сам вырашаць свой лёс: “Як цяжка князем быць, калі ў грудзёх людское б’ецца сэрца... Я — Рагвалодаў унук. Дзядзькі мае сватаюць у жонкі кіеўлянку, з харомаў пышных Манамаха...” I ён вымушаны згаджацца, хоць добра разумее, што жонка “будзе пагарджаць зямлёю нашай шэрай...”, прынясе свае звычаі, мову, “а чужым да ног ня звыклі Рагвалодавічы гнуцца... Я — князь, а князь не пачуццём павінен кіравацца, а толькі славаю...” Дзеля гэтага князь пакідае каханую дзяўчыну, сватае ёй свайго лепшага дружынніка Данілу, які горача пакахаў прыгажуню Аленку. Нешчаслівы лёс спасцігае гэтых маладых людзей, падзеленых на розныя саслоўныя касты, хоць аднолькава гарачыя пачуцці валодалі імі. Аўтар з сімпатыяй і разуменнем ставіцца да сваіх герояў. Нават князь выклікае яе спагаду, у адрозненне ад многіх фальклорных і літаратурных твораў, якія асуджалі такія паводзіны прадстаўнікоў вышэйшага стану. Раўнапраўнымі героямі ў творы выступаюць вясковыя хлопцы, дзяўчаты, сяляне, княжыя дружыннікі, старая варажбітка, што напрарочыла трагічную долю закаханым, а таксама жывая, чуйная прырода — лес, ляс-
ное возера, лебядзіны цар з лебядзінай сям’ёю, восень, Бяда, Доля ў аздабленні народна-песенных мелодый:
Ой, ты, доля, доля, Доля-чужаніца...
У цябе, у долі нельга адпрасіцца. Хочаш — дорыш шчасьцем, хочаш — гнеш і ломіш, аж жыцьцё людское, як той колас, зломіш ... Цябе, доля злая, праклінаюць людзі, праклінаюць з болем, праклінаюць, славяць!
Падрабязна апісваецца вясковае вяселле, абрадавыя сумныя і жартоўныя песні да свацці, маці маладой, свата, вядомыя і сёння ў Беларусі:
Прыйшоў на вясельле наш сваток, павязаўшы крыжам рушнічок.
Ды казалі — сват наш вельмі харош, — Ажна ў свата доўгі нос.
Скача сват вясельле, як белка, хоча маладзіцца, якдзеўка.
Плавае па хаце, як таран, лыпае вачыма, як баран!15
Народнымі песнямі насычана і лібрэта гістарычнай оперы “Усяслаў Чарадзей”, падзеі якой адбываюцца ў XII стагоддзі ў Полацку, сталіцы крывіцкага княства, над ракою Нямігаю і ў Кіеве. У аснову твора пакладзены вядомы гістарычны факт бітвы на Нямізе, калі кіеўскі князь Ізяслаў пайшоў вайною на Полацкае княства, спаліў Слуцк і Менск, але не здолеўшы перамагчы Усяслава, падманным шляхам узяў яго ў палон, завёз у Кіеў і пасадзіў у поруб. Неўзабаве Кіеў аблажылі полаўцы, разбілі Ізяслава, і той, спалохаўшыся, акрыты няславаю, уцёк. Кіеўляне з мальбою звярнуліся да Усяслава па дапамогу. Усяслаў перамог палавецкага хана і прыняў кіеўскі пасад. Але клікала радзіма, клікалі званы полацкай Сафіі. I ён пакідае Кіеў, вяртаецца
15 Цытуецца паводле рукапісу Н.Арсенневай “Лясное возера”.
ў родны Полацк, які радасна вітаў яго. Мудры Баян, славячы князя і сыноў крывіцкай зямлі, складаў песні пра іх подзвігі:
Хай госьці ведаюць, якіх музык і песьняроў на славу родзіць нам Крывіцкая зямліна.
У кожным з нас, ці князь, ці земляроб ён шэры, пясьнярская душа!
Палонім сьвет мы й песьняй і мячом булатным!16
У гэтых творах, звернутых у далёкае мінулае, як і ў вершах ваеннага часу, Наталля Арсеннева сцвярджала духоўную моц беларусаў, іх здольнасць быць песнярамі, працаўнікамі і ваярамі, захоўваць вернасць роднай зямлі, бараніць ад розных нашэсцяў яе межы.
Работа для тэатра — пэўны этап у творчасці Наталлі Арсенневай — дала свой плён, захапіла яе жывым, яскравым спалучэннем розных відаў мастацтва. Пра гэты перыяд яна пісала: “Тут, у тэатры, чуеш свае словы, сваю працу жывымі, зьлітымі з мелодыямі, так, што яны самі робяцца мелодыяй. А без гэтага каму яны, гэтыя словы, патрэбныя? Дробная жменька людзей мо і прачытае іх, мо і зразумее, і на гэтым усё. Прачытаныя, яны забываюцца, яны паміраюць. He, я сапраўды дзякую лёсу, што ён хоць коратка, а даў пачуць мне мае словы са сцэны, даў ім жыцьцё, кроў, цела... Каб гэта залежала ад мяне, я б да канца жыцьня не хацела б ніякае іншае працы...”
Аднак лёс распарадзіўся так, што ёй давялося пакінуць Беларусь, якую яна ўслаўляла, апявала, за якую малілася. He спраўдзіліся яе спадзяванні, відаць, прадбачыла яна свой Кон, калі ў 1943 годзе пісала тужлівую элегію “Лятуць лісты”:
Лятуць лісты пуцінай жураўлінай і вабяць нас у далячынь.
Ды з жоўтых пожняў роднае краіны, дай Кон, у сьвет нам не ўцячы.
Мы неаглядна сэрцы застрамілі каханьнем палкім і дзіўным.
Няхай лятуць лісты сівыя мераць мілі — там, без Цябе, што ж варты мы?
(Лятуць лісты, с. 133)
16 Н.Арсеннева. Усяслаў Чарадзей // Спадчына. 1999. № 3. С. 47.
Але цяжкае прадчуванне спраўдзілася. Нядобры Кон пагнаў іх, як тыя асеннія лісты, з роднай старонкі па белым свеце, але з нязменнай верай у душы:
Для нас, выгнаных сяньня з краю — была Ты, ёсьць і будзеш, Беларусь!
У 1944 годзе Наталля Арсеннева з сынам Уладзімірам пакідае Беларусь, не ўяўляючы, што ніколі ўжо не зможа вярнуцца. У жыцці і творчасці паэтэсы наступае эпоха між берагамі з яе трагедыйным адчуваннем страты Радзімы, адарванасці ад роднага берага, немагчымасцю прыкіпець душою да чужога, як да свайго. Апынуўшыся ў Германіі, жылі напачатку ў Берліне, потым у невялікім баварскім гарадку Амбергу. Пяць гадоў яны пражылі ў лагерах перамешчаных асобаў у Заходняй Нямеччыне (г.Рэгенсбург), дзе сабралася вялікая грамада беларусаў, вывезеных немцамі прымусова, і тых, хто сам пайшоў у выгнанне. У Рэгенсбургу была адкрыта пачатковая школа для беларускіх дзяцей, а ў снежні 1945 года — беларуская гімназія імя Янкі Купалы, дзе Наталля Арсеннева часта выступала перад вучнямі з чытаннем сваіх вершаў. Было актывізавана і літаратурнае жыццё. Беларускія пісьменнікі-выгнанцы аб’ядналіся ў літаратурнае згуртаванне “Шыпшына” (1946), арганізатарам якога быў Юрка Віцьбіч, куды ўвайшла і Наталля Арсеннева, але ў 1948 годзе мусіла пакінуць яго з прычыны размежаванняў паміж эмігрантамі.