Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
3 усіх патрыятычных песняў асабліва вылучаецца славуты верш “Песьня каліноўцаў”, напісаны ў змрочным 1942 годзе (музыка М.Куліковіча), у цэнтры якога вобраз Кастуся Каліноўскага, што кліча беларусаў на змаганне за волю Бацькаўшчыны:
Палыном і быльлём парасьлі нашы нівы, як ні б’ёмся, ні гнёмся над імі у крук, плён адвеку чужынцы зьбіраюць, ня дзіва, што канае народ твой і ты, Беларусь!..
(С. 103)
Верш быў надрукаваны ў “Беларускай газэце” (1942), пад час угодкаў смерці Кастуся Каліноўскага. “Песьня каліноўцаў” з’явілася пачаткам нацыянальна-патрыятычнай паэзіі Н.Арсенневай, дзе выразна акрэсліўся матыў самаахвярнасці барацьбітоў за незалежнасць Бацькаўшчыны, як працяг традыцый Ф.Багушэвіча (“Ахвяры”), М.Багдановіча (“Зразаюць галіны таполі”, “Пагоня”), У.Жылкі (“Толькі той, чый вольны дух”). Твор Н.Арсенневай стаіць у шэрагу “ваяцкіх песняў” Я.Купалы, З.Бядулі, напісаных у 1919—1920 гадах, побач са славутым гімнам “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макара Краўцова (музыка У.Тэраўскага).
Нацыянальна-патрыятычная лірыка ўлучае ў сябе таксама вершы, дзе моцна гучаць матывы самаахвярнай любові, адданасці радзіме: “Ці адзін тут з нас // Крывіччыне пад ногі // учора ськінуў з плеч // апошні свой рызман?” (“Хараство”), “...ды за роднага краю дабро // мы гатовыя штодня памерці!” (“На парозе восені”), веры ў яе росквіт: “А хочацца усё ж, // каб расьцьвіла пры нас// радзіма хараством вясьняным, пышным, белым” (“На сьмерць змагара”).
Але адной любові і веры, каб уваскрэсла Беларусь, каб нас угледзелі і лічыліся, як з народам, суседзі, мала, патрэбны, як сцвярджае аўтар, справы, штодзённая цяжкая праца, згода, нечалавечыя высілкі і “процьма цёплага каханьня”.
Тады...
Тады мы зьвяз сталёвы
з блакітнай Бацькаўшчыны зьвяжам, і раз нарэшце моцным словам ня нам,
а мы штось сьвету скажам!
(Сталёвы зьвяз, с. 108)
У многіх вершах паэтэса заяўляе, што ўсё залежыць ад нас саміх, ад нашай годнасці і гонару; трэба толькі ўсвядоміць сябе нацыяй, народам; трэба памятаць, што “нас выстругаў калісьці Ц не з мяккай, струхлелае асіны Кон, // але з дубу моцнага, пад звон II рэзвых ветраў і буйнага лісьця...” У вершы “Годзе!”, які быў напісаны ў 1942 г. і прысвечаны 25-м угодкам з дня склікання Усебеларускага кангрэсу. Н.Арсеннева, выказваючы пратэст супрапь фашыстаў, адначасова выказала і абурэнне беларускай цярплівасцю, пакорай перад усялякімі акупантамі:
Досыць падаць прад кожным ніцма!
Лепш на момант агнём успыхнуць, чымся літасьцяй век давіцца! Што далі нам калі чужыя? Ці калі хто наш плач усьцішыў? Дось!
Напружым пастронкі жылаў, самі злыбяды нашы скрышым!..
(Годзе!, с. 120)
Вершы, у якіх паэтэса “гарэла паходняй за краіну”, аб’ядноўвае адзіны магутны імпульс — “я”, “мы” і радзіма — непарыўнае цэлае. (“Жывем айчынай мы... Айчына — намі...”)
I гэтай Айчыне-Беларусі Арсеннева дае прысягу на вернасць, прысвячае ёй узнёслыя вершы-дэкларацыі, патрыятычныя гімны, якія выказвалі пачуцці ўсіх нацыянальнасведамых беларусаў:
Беларусь,
Наша Маці-К.раіна!
Ты з нас моцных зрабіла людзей. He загінулі мы і не згінем, пакуль Ты нас наперад вядзеш!.. Прысягаем
Табе мы сягоньня, што пакуль хоць адзін з нас жыве, — нашай слаўнай Крывіцкай Пагоні мы ня зганьбім, мы ўславім яе!
(Прысяга, с. 139)
Вершы “Прысяга” і “У гушчарах” (музыка М.Шчаглова), як і “Песьня каліноўцаў”, сталі найбольш папулярнымі песнямі сярод беларусаў-эмігрантаў.
“Нацыянальна-патрыятычныя песьні Натальлі Арсеньневай, — пісаў Мікола Куліковіч, — найлепшае, што ёсьць у нас пасьля “Пагоні” М.Багдановіча. Ад урачыстага гімну “Беларусь, наша Маці-Краіна” і малітвы “Магутны Божа” да бадзёрае жаўнерскае і скаўцкае песьні ўсё хутка трапіла ў гушчу беларусаў”. Такой жа думкі прытрымліваўся і Антон Адамовіч: “У гушчарах” — проста свайго роду шэдэўр гэтага жанру, у якім зьнітавалася дамінантавае ў даваеннай паэзіі Арсеньневай, ды яшчэ больш завостранае тут, у сьвежай вобразнасьці вылітае пачуцьцё прыроды, прытым — беларускай прыроды “гушчароў” — з пачуцьцём нацыянальным, вайною, бы тым рэактывам, праясьненым — праяўленым і скандэнсаваным ужо не ў гатовасьці, а ў простай, сказаць бы, практыцы нацыянальна-патрыятычнага самаахвяраваньня. I гэта, можна сказаць, — пік усяго папярэдняга — ці ж запраўды не “Залатога”? — шляху паэткі ад “Залатой восені” ейнага першага вершу да “Беларусі залатой” канцоўкі гэтае песьні”. У змрочны ваенны час яна верыць і спадзяецца, што сыдзе наш край з крыжавых дарог:
Хай кроў сьвятых ахвяр прад намі, на пяску, каралямі суніц жывых, чырвоных сьпее. Ня стане ні злабы ў ворага, ні куль, каб з беларускіх душ ды выпаліць надзею. He паддадзёмся мы, хай ці адзін змагар яшчэ аддасьць жыцьцё за нас і за айчыну...
(На сьмерць змагара, 146)
Нацэленасць Наталлі Арсенневай на лепшую прышласць краю, зварот да адвечных духоўных каштоўнасцяў нацыі, найперш яе гонару, годнасці, самаахвярнасці, працавітасці, вылівалася ў своеасаблівыя гімны Бацькаўшчыне, яе гісторыі, непаўторнай красе прыроды і асабліва мове — аснове кожнага народа, кожнай дзяржаўнасці.
Няма ніводнага беларускага паэта, хто б не прысвяціў прачулых слоў сваёй роднай мове, пачынаючы ад незабыўных Багушэвічавых радкоў: “He пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі...” да класічных вершаў М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Панчанкі, Н.Гілевіча, сярод якіх “Жыве Беларусь” Наталлі Арсенневай, гімн Байькаўшчыне і роднай мове, прасякнуты высокімі патрыятычнымі пачуццямі, гучыць не менш надзённа, па-мастацку дасканала і паэтычна:
Наша ж мова — цудоўная, сьпеўная, ўмее сьпелым калосьсем шумець, галасіць навальніцай улеўнаю, верасьнёваю медзяй зьвінець. Мова наша — выкутая з золата — не йржавее, блішчыць, зіхаціць.
Гэта мова паэтаў і волатаў, скарб, які нас трымаў пры жыцьці. Каб ня мова, даўно б мы растаялі, расплыліся імглой між чужых, зьбеглі ў вырай гусінаю стаяю... Але з мовай — і мы будзем жыць...
(Жыве Беларусь, с. 112)
Вяршыняй усяго шэрагу вершаў — гімнаў, малітваў, споведзяў у імя маці-Беларусі — з’яўляецца славутая “Малітва” (вядомая і пад назвай “Магутны Божа”), напісаная ў 1942 годзе і стаўшая пазней гімнам нашых землякоў-эмігрантаў (музыка Міколы Равенскага), а з пачатку 90-х і неафіцыйным нацыянальна-рэлігійным гімнам Беларусі.
Магутны Божа! Ўладар сусьветаў, вялізных сонцаў і сэрц малых, над Беларусяй ціхой і ветлай рассып праменьне Свае хвалы. Дай спор у працы будзённай, шэрай, на хлеб штадзённы, на родны край. Павагу, сілу і веліч веры у нашу праўду, у прышласьць — дай! Дай урадлівасьць жытнёвым нівам, учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай краіну нашу, і наш народ!
(Малітва, с. 115)
Пазней, на эміграцыі, паэтэса згадвала: “Калі яго (“Магутны Божа”) спяваюць у нашых цэрквах, у памяці маёй заўсёды чамусьці ўстае Менск, могілкі, белы крыж і ўсё маё, нашае, беларускае тады, гарачае ад творчага ўздыму і жахліва сьцюдзёнае ад не пазбеганага суседства із сьмерцяй, што ішла з намі крок у крок гэтымі памятнымі гадамі 1941 —1945”. I далей паэтэса ўспамінае, як была напісана “Малітва”: “Калі стварылася Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, да мяне звярнуўся архіепіскап Філарэт з просьбай напісаць верш, які б мог стаць беларускай малітвай. Я напісала верш, які пачынаўся словамі: “Магутны Божа! Ўладар сусьветаў...” Але па прычыне сваёй беларускасьці і быццам бы “палітычнасьці” верш не быў прыняты Сінодам як малітва”. I сёння, калі “Магутны Божа” гучыць як беларускі гімн, можна зразумець яго палітычнасць, увасобленую ў яскрава беларускім, глыбока патрыятычным пафасе, цесна спалучаным з кранальнай малітвай, якая ўзвышае і аб’ядноўвае нашы душы ў адзіным узнёслым парыве — чалавечай просьбе да Бога даць “ціхой і ветлай Беларусі” шчасце на зямлі. Духоўная паэзія Наталлі Арсенневай прасякнута хрысціянскімі пачуццямі на мяжы ўласных перажыванняў і агульна-
чалавечай трывогі за лёс свету, роднай зямлі, яе людзей у час найцяжэйшых выпрабаванняў ваеннага часу.
У адрозненне ад першага перыяду творчасці, калі паэтэса ўнікала шырока адкрываць сваю душу ў прыродаапісальнай лірыцы, вершы ваеннага часу характарызуюцца якраз выразнасцю аўтарскай пазіцыі ў поглядах на тагачасныя суровыя праблемы, крывавыя падзеі вайны, поўняцца абвостранасцю пачуццяў, адчуванняў, імкненнем выказаць балючыя эмоцыі, неабыякавую рэакцыю на тое, чым і як жыве свет, радзіма, засяродзіцца на філасофскіх разважаннях пра жыццё, параўнаць свой смутак з “тугою сусьветнаю” (“He, для мяне жыцьцё — // шуканьне выйсьця, шлях // для сілаў, што інакш мне рассадзілі б грудзі...”).
У творчасці Наталлі Арсенневай разам з верай у неадольнасць жыцця, якое не спыніць ніякімі войнамі, як не спыніць надыход вясны, вызначальна-паслядоўна прасочвалася яскравая прыхільнасць да беларускасці, нацыянальнай ідэі. У яе душы налілося, выспела столькі выразна-беларускіх паняццяў, слоў, “і з іх кожнае — наша, у кожным гарт і надзея // і драбочак душы — наша, нашае ўсё!” Яе любасць да ўсяго нацыянальнага: фальклору, гісторыі, мовы, уменне беларускім словам выказаць найглыбейшыя перажыванні, пачуцці, адзначыць таленавітасць народа, яго музычнасць (“наша маці-зямля беларуская нарадзіла музыкаў ці мала...”)» спеўнасць (“слаўна ж умеюць сьпяваць крывічы, // зь песьняй іх лёс ня сьсівее...”, “Хай жыве беларуская песьня, // несьмяротная — так, як і мы!” — з вершаў “Музыка”, “Салавей”, “Песьня”, прысвечаных М.Забэйду-Суміцкаму), працавітасць (“А праца — запавет дзядоўскіх рук і сэрцаў II сягоньня й наш закон” — “Дзядоўскі запавет”) — адзнака таго, што паэтэса лічыла сябе ўдзячнай часцінкай нацыі, якая дала ёй усё: Бацькаўшчыну, паэтычную мову, талент, высокае натхненне. I з Байькаўшчынай яна падзяляла лёс, не папдавалася цяжкасцям, заўсёды ведала сваю сцяжыну, спадзявалася і надалей сваім высокім словам спрыяць ажыццяўленню надзей сваіх землякоў. I беларускіх паэтаў яна заклікала не спрачацца, “хто першы ды з першых”, а быць заўсёды з народам, гаіць яго раны “вадою гаючай”, жывым, узнёслым словам.
Пра што б ні пісала Наталля Арсеннева ў ваенны перыяд — пра жыццё, лёс, хісткасць чалавечага шчасця, вайну, Бацькаў-
шчыну, прызначэнне паэта, прыроду, яна верыла, што зможа прымусіць і сваіх суайчыннікаў паверыць у магічную сілу роднага слова, якое звонам клікала іх да жыцця і надзеі. Многія яе вершы ваеннай тэматыкі ўяўляюць сабой метафарычную карціну, алегорыю спрадвечна-традыцыйнай сялянскай працы з адпаведнай лексікай — хоць і грыміць вайна, “напілася ральля крыві і падзеяў”, але трэба жыць, сеяць жыта, збіраць ураджай, загойваць раны, трэба быць і аратымі і жнеямі, каб вырасталі новыя каласы, жывіць, наталяць духоўна маладое беларускае пакаленне. У лепшых традыцыях беларускай паэзіі напісаны тыя яе вершы, дзе параўноўваецца праца сейбіта і мастака, як жыццёва-матэрыяльнае і высокадухоўнае — аснова жыцця нацыі, народа.