Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Другая навінка. Наталля Арсеннева намагаецца асанансы даваць не толькі ў канцы радка, але стараецца насыціць імі ды алітэрацыямі ўвесь верш, надаць гукавую гармонію ўсяму вершу (“Вечар цені ў засенях усьпеніў... Матылём ля гурб віецца вецер, сонцу соннаму пасьцелю сьцеле...”).
Трэцяе — музычная роля рытму, які цяпер у яе быццам прытушоўваецца, прыкрываецца зверху дадатковымі музыкальнымі прыёмамі і гучыць глыбока-задушэўна. Нашаніўская паэзія гучыць больш рытмічна, новая — больш гарманічна. Гэта новая гукава-музычная аснова вершаў Наталлі Арсенневай дапаўняецца характарам вобразнасці мовы, метафарычнасцю ў адрозненне ад мовы прозы. Паэтычная мова нашаніўцаў — у сэнсе рытму, размеру, рыфмы ўсё ж няшмат розніцца ад мовы прозы, то ў новых паэтаў (М.Танк, Н.Арсеннева, Хв.ільляшэвіч) з’яўляецца незвычайная яе метафарызацыя. Верш чытаецца цяжэй, патрэбна пэўная падрыхтоўка, каб адчуць яго мастацкі сэнс, канцэнтраваць думкі, вобразы (“Вецер поўна ў гліняны гладышак нацадзіў залатое зары...”, “Мятуць бярозы валасамі нябёс запылены дыван...” — у Н.Арсенневай).
Усе гэтыя фармальныя асаблівасці навейшай беларускай паэзіі праяўляюцца ў “Жоўтай восені”. Мова вершаў багатая, чыстая, адчуваюцца новыя гарызонты вершаванай гармоніі. Паэтэса часта наракае цяпер, што ёй не стае слоў, каб выказаць
замілаванне красой прыроды, тую яе гармонію, якая паўстае перад чулай паэтычнай душой... У “Жоўтай восені” чытач знаходзіць спакойную, зацішаную галерэю цудоўных настраёвых пейзажаў, дзе нішто, ніякі голас навакольных спраў і праблемаў не муціў узвышанага спакою паэзіі Арсенневай. Выглядала, быццам яна зачынілася ў свой пяснярскі, казачны свет, свой “зачарованы кут”, ды не той, што ў зборніку “Пад сінім небам” кут легендаў з лесунамі і балотніцамі, а зачарованы кут хараства, “чыстай красы”, як казаў Антон Навіна. Гэты кут, гэтая святыня красы была ўзведзена і абгрунтаваная словамі Багдановічавага “Апокрыфу”: “няма красы без пажытку, бо сама краса і ёсць той пажытак дзеля душы...”
Многія крытыкі 30-х гадоў папракалі Наталлю Арсенневу, што яна не выходзіць з эстэтызаванага кола “чыстай паэзіі”, не бачыць іншых праблемаў навакольнага жыцця. Гэта было якраз у рэчышчы патрабаванняў метаду сацрэалізму савецкай літаратуры, калі не прымалася лірыка А.Ахматавай, М.Цвятаевай, З.Гіпіус — знакамітых жанчын-паэтэс, якія стварылі эпоху ў рускай паэзіі пачатку XX стагоддзя.
I сапраўды, на першы погляд Наталля Арсеннева быццам ігнаравала агульнапрынятыя тэндэнцыі, правілы літаратуры, якая найперш ставіла ідэйна-змагарныя, нацыянальна-вызвольныя, сацыяльна-побытавыя праблемы жыцця народа. Гэта быў генеральны шлях нашай беларускай справы і літаратуры яшчэ ад часоў Ф.Багушэвіча, Цёткі, пазначаны творамі-вехамі Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, А.Гаруна, шлях, па якім пайшлі паэтычныя аднагодкі Арсенневай — У.Жылка, У.Дубоўка, Я.Пушча, М.Танк, многія іншыя беларускія паэты, і на якім пакінуў свае выдатныя творы найбольш блізкі ёй духоўна Максім Багдановіч.
Безумоўна, у кожнага беларускага паэта ёсць свае адметныя вершы, прысвечаныя радзіме, красе беларускай прыроды, як, да прыкладу, глыбока кранальная патрыятычная лірыка Ларысы Геніюш, асабліва вершы, як і ў Наталлі Арсенневай, прысвечаныя восені, вясне, розным з’явам прыроды (“Вячэрняя містэрыя”, “Ноч”, “Залаціста ўсміхаюцца далі”, “Сыплецца лісце”, “Зімою”, “Вясна”, “Вышыла восень”, “На шаўковых лугох” ды інш.). Ларыса Геніюш у гэтых вершах, хоць і любуецца красой свайго краю, але падсвядома ў яе душы, як і ў душы лірычнай гераіні, адчуваецца горыч, боль за долю шматпакутнай Бацькаў-
шчыны, за тое. што перажыў і перажывае беларускі народ. Яна быццам заклікае сілы прыроды, прыгажосць і моц нябесную прыйсні на дапамогу айчыне (“сутонне шаўковую нітку прадзе...”, а яна прадзе “сугучную нітку без слоў аб долі Айчыны...”)Даваенная ж творчасць Наталлі Арсенневай, яе элегіі, акварэлі, медытацыі, балады з паэтычных зборнікаў “Пад сінім небам” і “Жоўтая восень” — гэта ўзнёслы гімн хараству прыроды і беларускай душы, якая здольна так глыбока, узвышана адчуваць гэтую прыгажосць, жыць і дыхаць ёю без усялякага азірання на шэрую зямлю, жыццё людзей і іх праблемы. I ўсё ж мы не можам сцвярджаць, што яе мастацтва стваралася дзеля мастацтва. Яна апявала Вечнасць і не стамлялася паўтараць, вар’іраваць сваё паэтычнае крэда:
Люблю я сьвет красы, але не сьвет людзей... і заклікала, параўноўвала: 	цьвіці на ўсіх рагох, вясна, у наквеці, у лісьці ўрачыста і стасьвечна.
Мы зьнічкі жутлыя — і ўсё. Ты ж — Вечнасьць.
(Цьвіці, вясна, с. 243)
Гэтая Вечнасць у сваёй неперасягальнай красе і высокай дасканаласці паўстае ў зборніку “Жоўтая восень”, які адкрываецца аднайменным вершам.
Восень — улюбёная пара года. Можа таму, што паэтэса нарадзілася ўвосень і незвычайна абвострана ўспрымала яе залатую, непаўторную прыгажосць. Апісанні розных вобразаў восені, зрокавых і эмацыйна-адчувальных, чароўная разнастайнасць каляровай гамы, залатыя і барвовыя дрэвы, таямнічыя шэпты і пахі лесу, ранішнія туманы, ночы — “светлыя, чорныя, сінія, зорныя, срэбныя”, — усе гэтыя карціны, спалучаныя з радасна-чулым, трывожна-душэўным настроем лірычнай гераіні, выклікаюць непаўторныя эстэтычныя суперажыванні і ў чытача. Багаты паэтычны слоўнік паэтэсы, трапныя эпітэты, параўнанні, метафары, разнастайная гама колераў, аздабляючы музычнасць вершаў, дапамагаюць узнавіць формы гукавой гармоніі, разнастаіць гукі прыроды, асабліва восені. I гэтыя восень-
скія казкі-былі бачыш і чуеш наяве (“Над палямі шырокімі // сьпяць дубы, як мядзяныя волаты, // ўкруг бярозы стаяць белабокія, // сыплюць з косаў расплеценых золата... У лагох, налітых туманамі, // белым статкам пасуцца таполі...”
Наталля Арсеннева арганічна адчувала сваю злітнасць, знітаванасць душы з красой восені. У адным з лепшых сваіх вершаў “Гэтак будзеш ты мной” яна пісала:
Парасьлі, быццам хутрам рудым, узьбярэжжы: хмызьнякі ды лазоўе, і ўсё залатое...
Восень, восень, калі ж напалам перарэжам мы з табой і ўцеху, і смутак упойны? Гэтак будзеш ты мной, з маёй смагай і жалем, я ж табою, зыркою і перапялёстай.
Будуць людзі гукаць цябе проста “Наталяй”, а мяне клікаць “Восеняй” гэтак жа проста...
Зборнік “Жоўтая восень” успрымаецца як найпрыгажэйшы вянок асенняй паэзіі. Вершы-карціны восені стварылі непаўторную, надзіва маляўнічую галерэю, якая не мае сабе роўных ва ўсёй беларускай паэзіі (“Жоўтая восень”, “Туга”, “Тае вечар”, “Вячорная містэрыя”, “Восень”, “Незгаданае”, “Увосені”, “3 восеньскіх настрояў”, “Асеньні вечар”, “Восень у гаі”, “Асеньняя элегія”, “Асеньняю цішай”, “Восень у Вільні” ды інш.).
Многія вершы, у якіх паўстаюць карціны вясновага абуджэння прыроды і яе зімовага замірання, з’яўляюцца своеасаблівымі рэфлексіямі, роздумам лірычнай гераіні пра месца чалавека на зямлі як часткі прыроды, з яго непазбежным канцом. Гэтая трагедыйнасць мае адпаведныя накірункі — зямное, чалавечае, часовае і касмічнае, вечнае. I ў гэтым вечным чалавеку дадзена жыць сярод такіх касмічных стыхій, як ноч, месяц, зоры, сонца, дзень, вясна, лета, восень, зіма. Вечнае — гэта прырода, часовае — жыццё чалавека. I наколькі ён шчаслівы ў сваім часовым жыцці, якое паэтэса параўновае са знічкай, якія яго ідэалы, да чаго ён павінны імкнуцца?
Арсеннева прыходзіць да высновы, што ўвагі паэта больш заслугоўвае вечнае — яно будзе жыць заўсёды, радаваць і цешыць усё новыя пакаленні людзей. Таму апяваць з’явы прыроды, а праз яе высокадухоўныя парывы, узлёты, дзеянні чалавека — значыць гаварыць з нашчадкамі праз стагоддзі — у гэтым задача паэта. I Наталля Арсеннева ў вершы “Лебядзіная песьня” (якая сапраўды стала лебядзінай песняй яе першага перыяду творчасці) выказвае спадзяванні, што нашчадкі прачытаюць і зразумеюць яе — паэта, мастака.
У многіх вершах Наталля Арсеннева гаворыць аб прызначэнні паэта і паэзіі (“Каб крылы”, “Часта ўвечары”, ‘‘Хаценьні”, “Зоры”, “Часіны творчасьці”, “Калі скончыцца дзень”, “Ахрысьціў мяне нехта ў зялёнай дуброве”, “Заміж мяне”, “Паэт”, “Маладым паэтам”), сцвярджае, што словы для паэта — “зоры са шляху сусьветаў, пэрлы зь нязнаных глыбіняў, музыка першых грымотаў, павадка яблынь вясновых...”, а гэта азначае першаснасць звароту да адвечнай прыгажосці Сусвету ў адрозненне ад жыцця людзей, у якім “як за кратай астрожнай, // так няўдзячна, так цяжка тварыць!..”
Сьвет гарыць...
Патайком і адкрыта
б’юцца людзі... Ня зьлічыш нягод...
А над сьветам, маною спавітым, восень жоўта цьвіце, як штогод. Ты, паэт, хоць і бачыш пажары дзесь здалёк. хоць і ты барацьбіт, але, ўпіўшыся восені чарам, лічыш вершаў разбуджаны рытм. Сочыш сьцень балачын над аўсяньнем, сінім змрокам малюеш палі...
Для цябе сяньня гнеў ці змаганьне — па-за межы жыцьця адплылі.
(Паэт, с. 76)
У гэтым вершы найбольш выразна праявілася паэтычнае крэда аўтара, яе глыбокая перакананасць у правільнасці абранага творчага накірунку — служыць сваёй музай вышэйшым мэтам духоўнага жыцця чалавецтва.
А чалавецтва жыло па сваіх, далёкіх ад дасканаласці, прыродных законах. Ішла другая палова 30-х, у Еўропе адчуваўся страшны подых германскага фашызму. У БССР панавальны сталінскі рэжым вынішчыў цвет беларускай нацыі, на якую абрынулася магутная сістэма русіфікацыі і асіміляцыі. Творчая інтэлігенцыя заходняй часткі Беларусі змагалася супраць польскага ўціску, і ў гэтым змаганні вялікая роля належала вядомым беларускім паэтам — Хв.Ільляшэвічу, В.Таўлаю, С.Хмары, М.Машару, А.Салагубу, П.Пестраку і асабліва паэту-трыбуну М.Танку. Калі перачытаць творы гэтых паэтаў і Наталлі Арсенневай 30-х гадоў, то ўпэўнішся, што яны сапраўды, як адзначыў Максім Танк, былі людзьмі розных поглядаў, рознай творчай манеры. Дастаткова параўнаць вершы Наталлі Арсенневай, вершы і паэмы зборнікаў Максіма Танка (“На этапах”, “Журавінавы цвет”, “Пад мачтай”, куды ўвайшлі паэмы “Нарач”, “Сказ пра Вяля”, “Каліноўскі”, а многія вершы змяшчаліся ў “Хрэстаматыі рэвалюцыйнай літаратуры Заходняй Беларусі”), каб адчуць нават розную тэматычную скіраванасць іх творчасці. У гэтых зборніках яскрава вызначыўся праграмны напрамак М.Танка “на пераломе жалеза і песні”. Паэт сцвярджаў, што не трэба плакаць “над паўшымі ў маршы”, нават калегаў па пяры ўшчуваў за сум і слязу. Яго ранняя паэзія пачынала жыць не толькі настроем атакуючага маршу, але і драматычнымі лёсамі канкрэтных людзей, спагадай да іх цяжкай долі, прачуласцю гра мадзянскага лірызму. I хоць у гэтых творах няма адкрытага закліку да бунту, але закладзены патэнцыйна моцны зарад паэзіі, вершы і паэмы ўздымалі глыбінныя пласты сялянскага побыту, асвечанага ідэяй змагання, раскрывалі гістарычнабылінныя шляхі беларускага народа. Максім Танк быў тады перакананы, што калі паэзія не ставіць перад сабой складаных праблем свайго часу, яна перастае быць паэзіяй, да якой мы звяртаемся і якая з’яўляецца неабходнай у нашым жыцці. Аднак пазней ён прыйшоў да амаль супрацьлеглай высновы, што нельга перабольшваць уплыву літаратуры на развіццё грамадства, узвальваючы на яе непасільную віну за бесчалавечнасць палітыкі. Такому разуменню нямала спрыяла знаёмства з творамі Наталлі Арсенневай. Ён пісаў у “Лістках календара”: “У літаратуры няма гладкіх дарог, да яе вядуць крутыя і няходжаныя. I кожны павінен ісці сваёй дарогай... Мы жывём на вялікім