Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
У гэты перыяд маладой паэтэсай быў напісаны цыкл баладаў з характэрнай назвай “Зачарованы кут” (1921 —1925), назвай, якая трапна вызначала яе духоўны стан, падкрэслівала нязменнасць паэтычных прыхільнасцяў. “Зачарованы кут”, заснаваны на фальклорным беларускім эпасе — казках, легендах, паданнях, ствараўся ў рэчышчы “Зачарованага царства” і “Старой Беларусі” Максіма Багдановіча. Аднак калі вершы Багдановіча са змястоўных цыклаў “Вянка” ўяўляюць сабой сціслыя, незвычайна вобразныя аўтарскія мініціяцюры, то даволі вялікія па памерах рамантычныя балады Наталлі Арсенневай стылізаваныя пад народна-песенную лірыку. Самі назвы баладаў уводзяць
чытача ў казачны свет зачарованага царства. Цыкл мае падзагаловак “3 крыніцы народнай”. I ўжо ў першай баладзе (“Зачарованы кут”) Наталля Арсеннева выступае выдатнай апавядальніцай, малюючы панарамную карціну сапраўды цудоўных мясцін, населеных вадзянікамі, русалкамі. кажанамі, совамі, ведзьмакамі, якія пачынаюць ажываць пры месячным святле летняй бяззорнай ночы, калі глуха шуміць бор, плача на балоцс чарот, жудасна гудзе стары млын на рачным стаўку, а ў вокнах мільгаюць нечыя цені... Але ўсё гэта знікае на золку, як толькі ў вёсцы прапяе пявун... I далей, у баладах “Балотніца”, “Лясун”, “Вясельле”, “Вядзьмак” паэтэса раскрывае фальклорна-міфалагічныя сюжэты, у якіх паўстаюць “ачалавечаныя” вобразы жывой прыроды, што існуюць у народным уяўленні. Мы быццам чуем і суперажываем плачу старога лесуна, якому вельмі шкада, што высякаюць лес, пакутліва разам з ім назіраем, як падаюць з “енкам пакутным сасонкі, стан выгінаючы тонкі і гонкі”:
А ў гушчары, прысеўшы на пнішча, плакаў сутоньнямі дзед-лясунішча. Плакаў стары, абціраючы вочы, Сьлёзы буйныя сплывалі равочкам, з твару ў кары й лішаёх сіваватых, ззялі расою на вусах калматых...
(Лясун, с. 36)
У гэтых баладах Наталля Арсеннева ўжывае багатыя сімволіка-метафарычныя сродкі дзеля стварэння казачных вобразаў, цэлых карцін з жыцця зачараванага царства. У “Вясельлі” перад чытачом паўстае сумная карціна вяселля каля млына, дзе “вераб’інай ночкай” “вадзянік бярэ з рэчкі дзяўчыну”. Гэта своеасаблівы вясельны тужлівы абрад, напісаны ў форме народнага плачу пра загінуўшую маладую дзяўчыну, якой упору было ісці пад вянец з любым, але воляю няўмольнага лёсу яна абручылася з горам і бядою, апынулася на дне рэчкі, але не загінула зусім, перайшла ў іншы свет існавання, назаўсёды засталася ў памяці людзей.
Адзін з варыянтаў падобных легенд скарыстаны паэтэсай у баладзе “Балотніца”, у аснову якой пакладзены сюжэт пра лёс дзяўчыны, што, калі зацяжарыла, была пакінутая каханым і, не вытрымаўшы кпінаў старых і малых, утапілася ў возеры, ад таго
часу плача і кліча на дапамогу. Але хто пашкадуе і кінецца на яе жалобны голас, сам загіне...
У “Вясельлі”, “Балотніцы” “Ведзьмаку” раскрываюцца традыцыйныя для фальклору матывы, дзеянні, вобразы, але ў трагічнай афарбоўцы прывіднага, ірэальнага свету, праз адмоўны паралелізм у апісанні абраду вяселля і наагул лёсу маладых.
He ў царкве маладых павянчалі, — на дне віру вянцы ім трымалі, не баяры ў жычках ды ў ботах, а гнілыя карчы над балотам...
(Вясельле, с. 38)
Драматызм дзеяння, глыбокія перажыванні маладой перадаюцца праз плачы-галашэнні, звароты да зялёнай дубравы, буйных ветраў, маці, бацькі, сёстраў-зораў, што ўласціва народным абрадавым песням.
Такімі ж трагічнымі матывамі вылучаецца і вершаванае апавяданне “Шчасьце”. Гэтая назва, як і “Вясельле”, не адпавядае сэнсавай змястоўнасці балады. He шчасце, а, наадварот, горкае, цяжкае жыццё вясковай дзяўчыны-сіраты, яе заўчасную смерць апісвае паэтэса. У такім трагічным фінале жыцця сваіх герояў яна бачыць непазбежную наканаванасць, непрадказальнасць лёсу. Адвечнае жаданне чалавека зазірнуць у будучае, прага шчасця, лепшай долі — усе гэтыя філасофскія праблемы, уласцівыя народна-песеннай творчасці, трансфармуюцца ў арыгінальнай баладзе Наталлі Арсенневай у невырашальнае пытанне: “Доля і шчасьцейка, хто вас пазнае, // Тайну жыцьця на зямлі адгадае?..” Трагічна заканчваюцца пошукі шчасця і для трох братоў (паляўнічага, аратага і паэта) у баладзе “Тры браты”, створанай на аснове народнага падання пра трох братоў, якія закахаліся ў адну дзяўчыну-прыгажуню і загінулі, змагаючыся адзін з адным за сваё каханне.
Пошукі шчасця — традыцыйная для фальклору і літаратуры тэма, і не было яшчэ твора, дзе б героі здабылі сапраўднае шчасце, задаволіліся жыццём. Таму і балады Наталлі Арсенневай заканчваюцца трагічна, недасяжнай трактуецца мара аб шчасці. Яго можна дасягнуць хіба што ў снах, песнях і казках (балада “Сны”), перанесціся ад цяжкага жыцця і яго неразвязальных праблемаў у “сны-маячэнні”, якія ткуцца сёстрамі-
чараўніцамі з самых розных колераў-ніцяў: срэбных, белых, чорных, залатых, ружовых. У жыццё кожнага чалавека ўплятаюцца розныя фарбы, настроі — і “чуйь зялёны шоўк надзеі” і “белыя аксаміты”, і нітка “шэрай павучыны” не лішнія ў разнастайнасці побыту. Толькі ў сне чалавек расплятае ніці мараў, здымае цяжар з душы, заварожваецца шчасцем, пераносіцца ў краіну казкі. Выкарыстанне казачнай сімволікі, матываў чарадзейнага ткацтва, уменне паказаць першародную чысціню прыроднага свету ў адпаведнасці з традыцыямі вуснай народнай творчасці — усё гэта стварае своеасаблівы мастацкі свет балады “Сны”, дзе паэтэса яшчэ раз быццам пераконвае самую сябе, што для мастака галоўнае — узняцца над штодзённым шэрым побытам, спяваць для людзей пра тое, што робіць іх жыццё прыгожым, больш адухоўленым, цікавым, стаць жаўруком у небе, які “зьвініць, праняты, славу дню, што зьзяе жаўРУКУ — яму...” (верш “Жаўрук”). Гэтая ж думка сцвярджаецца і ў вершы “Песьні” з цыкла “Зачарованы кут”. Сівой даўніной людзі не ведалі песняў, сумным было іх жыццё, не спорылася праца. Спявалі толькі птушкі, звінелі розныя божыя стварэнні, шумеў бор, журчэў ручаёк... 1 вось у сялянскай сям’і нарадзіўся сёмы сын, які сваім талентам, цудоўным голасам перакрыў усе гукі наваколля, заспяваў так, што ўсіх зачараваў. I з тае пары гэты божы дар стаў уласцівы паэтам — складаць песні, каб людзям лягчэй жылося.
1 пайшоў адсюль па сьвеце, звык — шукаць у песьнях рады, скрозь бо зь ёй — іскрыцца радасьць. Бо бязь песьні ўжо ня жыць нам, не лавіць нам вецер весьні, не пад’есьці лустай жытняй, да яе ня даўшы песьні.
(Песьні, с. 40)
3 усіх твораў “Зачарованага кута” балада “Лебядзінае возера” вылучаецца сваёй змястоўнасню, удала выкарастаным прыёмам паралелізму ў раскрыцці супярэчлівага свету людзей і гарманічнага свету жывой прыроды, востра-напружаным драматычным сюжэтам, на аснове якога пазней была створана опера “Лясное возера”. Аднак, на сённяшняе ўспрыманне, многія
вобразы “Зачарованага кута” паўстаюць перад намі ў рамантызавана-ідылічным святле, як у “Ідыліі” Дуніна-Марцінкевіча або ў многіх вершах Яна Чачота, дзе аўтар апісвае вобразы “мілых мужычкоў” з вялікім замілаваннем і любасцю.
Усе вершы, балады Наталлі Арсенневай ранняй пары (1920— 1925) увайшлі ў яе першы паэтычны зборнік “Пад сінім небам”, выдадзены Віленскім выдавецтвам Б.Клецкіна ў 1927 годзе. Ён складаецца з пяці тэматычных раздзелаў, пазначаных самой паэтэсай: 1. Родны край; II. Абразкі; III. Жыцьцёвае; IV. Настроі й лятуценьні; V. Зачарованы кут. Адразу па выхадзе зборнік атрымаў шырокі станоўчы рэзананс у чытачоў і крытыкі. З’явіліся рэцэнзіі ў Вільні і ў Мінску. Антон Навіна (А.Луцкевіч) адзначаў высокі мастацкі ўзровень музычнасці вершаў, але і некаторую “замкнёнасць у свеце фантазіі і хараства”. М.Чэмер (У.Самойла) у артыкуле “Вечная дачка Сонца і Шчырай Зямелькі” (Віленскі часопіс “Родныя гоні”, 1927, № 5—6) пісаў: “Першае ўражаньне — магутнае, пераконваючае, што перад намі — з’явішча сапраўднай, самамэтнай, арганічнай, шчырай паэзіі божай міласьцю, паэзіі кроўна-блізкай найглыбейшым жаралам народнага духу і дзеля гэтага маючай усе падставы для далейшага бліскучага развою і расьцвету. Натальля Арсеньнева мае ўсё, каб зрабіцца першарадным т.варцом паэзіі, — мае глыбокі і шырокі грунт пад сабой”.
Беларускі крытык М.Байкоў надрукаваў артыкул “Творчасць Наталлі Арсенневай” (“Полымя”, 1927, № 8), дзе падкрэсліваў яе прыналежнасць да беларускай літаратуры, ставіў яе паэзію “з погляду ўнутраных якасцей і тэхнікі” вышэй за творчасць Цёткі і К.Буйло. “У асобе Наталлі Арсенневай мы маем паэтку першае, так сказаць, ступені з выпрацаванай тэхнікай вершу пры ўнутранай змеснасці паэтычнай творчасці”. Амаль такія ж меркаванні і ў 1928 годзе пра творчасць маладой паэтэсы выказаў і М.Гарэцкі: “...У беларусаў пад Польшчаю з’явілася шмат маладых паэтаў, пісьменнікаў, публіцыстаў, але з выдатных іменняў можна тым часам назваць хіба толькі адно — гэта імя Наталлі Аляксееўны Арсенневай — расіянкі па нацыянальнасці, а беларускі толькі па жыхарству і культуры.
...Форма вершаў Арсенневай, у галіне тэхнікі вершаскладання, не вызначаецца нейкай асаблівай бліскучасцю, але яны захопліваюць шчырасцю пачуцця, далікатнасцю тону і нейкаю
асабліваю пяшчотнасцю вобразаў і слоў...” Уладзімір Жылка, які ў 1927 годзе жыў у Мінску і выдаў сваё выбранае “3 палёў Заходняй Беларусі” (амаль адначасна са зборнікам “Пад сінім небам”), быў захоплены вершамі Наталлі Арсенневай і некаторыя з іх надрукаваў у газеце “Звязда”. Сама паэтэса пазней даволі крытычна згадвала: “Перагортваючы бачынкі “Пад сінім небам” сёньня, я выразна магу прасачыць па вершах зборніка шлях майго паэтычнага разьвіцьця, узбагачэньня мовы. Якая розьніца, прыкладам, паміж некаторымі зусім яшчэ школьнымі вершамі, напісанымі ў 1920, але датаванымі 1921 годам (калі яны ўпершыню надрукаваныя), і вершамі, датаванымі, скажам, 1925 годам. Ды што зробіш? Якім бы мой першы зборнік ні быў, а сама кніжка і ейны аўтар маюць адно выбачэньне — сваю тагачасную зялёную маладосьць!”
Аднак, нягледзячы на пэўныя хібы, недасканаласць паэтычнай тэхнікі ў некаторых вершах (парушэнне рыфмы, неўласцівыя беларускай мове звароты), ужо ў першым зборніку абазначыліся, па сутнасці, важныя тэндэнцыі творчасці Наталлі Арсенневай, асноўныя танальнасці ў змесце яе паэзіі: узнёслалірычны (у апісанні гарманічнага свету прыроды, красы роднага краю), імкненне спазнаць рэаліі жыцця чалавека, роздум над прызначэннем паэта і паэзіі. Гэтыя ж тэндэнныі працягвалі развівацца і далей, у другой палове 20-х—30-х гадах, калі яна жыла ў Польшчы, наездамі бываючы ў Беларусі. Вершаў было напісана не так і многа, але яны сведчылі пра творчае пасталенне аўтара і склалі другі зборнік паэзіі “Жоўтая восень”, які не быў выдадзены.