Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Так, на эміграцыі беларускаму слову было наканавана быць у непрымірымай апазіцыі да пануючай бальшавіцка-савецкай сістэмы з яе задушэннем усяго адметна-нацыянальнага. Таму і паўставаў у літаратуры вобраз Бацькаўшчыны — паняволенай, забранай, “распятай на крыжы здзекаў і пакут”, але і незнішчальнай у сваім памкненні да незалежнасці, як поўная супрацьлегласць шчаслівай, радаснай, багатай савецкай Беларусі, квітнеючай пад сонцам сталінскай канстытуцыі, якой краіна малявалася ў падсавецкай літаратуры 30—50-х гадоў. У гэты перыяд беларусы былі адлучаны не толькі ад замежнай літаратуры, але і ад палымянай публіцыстыкі Янкі Купалы, яго высокаграмадзянскай, патрыятычнай лірыкі, дзе гучаў боль за мову, нацыянальную ідэю. Такія творы песняра былі непатрэбныя сістэме, асабліва тым, каго паэт-прарок называў “ворагамі беларушчыны” — сваім і чужым асімілятарам.
Зразумела, беларуская нацыянальная ідэя жыла і жыве ва ўсёй нашай літаратуры. Яна жыве ў самім беларускім слове, у творчасйі таленавітых беларускіх айчынных пісьменнікаў і сёння. Эміграцыйны друк заўсёды чуйна прыслухоўваўся і салідарна адгукаўся на кожную патрыятычную публікацыю ў абарону беларускага слова, помнікаў гісторыі, культуры, літаратуры, з якой выступалі пісьменнікі на Бацькаўшчыне. Ішло не толькі супрацьстаянне ідэйна-эстэтычных напрамкаў замежнай і падсавецкай літаратуры, але і ўзаемапрыцягненне, разуменне там, дзе пісьменнікі выступалі ў абарону свайго, нацыянальнага, без чаго не можа існаваць мастацтва таго або іншага народа, бо літаратура, асабліва паэзія, носьбіт няўлоўнага кода гісторыі і духу народа, яго непаўторнага нацыянальнага характару, адно з пераканаўчых сведчанняў прысутнасці народа ў свеце, дзе б ні жылі яе творцы — у замежжы ці на радзіме.
1	ўсё ж відавочна, што пры ўсёй яе значнасці, змястоўнасці літаратура беларускага замежжа адыграла дапаможную ролю ў
развіцці літаратурнага працэсу XX ст., першасна-арыгінальную хіба што ў раскрыцці гістарычна-патрыятычнай праблематыкі, захаванні і вернасці нацыянальнай ідэі, роднай мове, нацыянальным сімвалам. Хоць гэта і ўскладнялася вялікай адлегласцю ад радзімы, аднак задачы гэтыя маглі рэалізавацца толькі ў вольным ад партыйнага дыктату свеце, ад метаду сацрэалізму, які панаваў у савецкай літаратуры. Слушна адзначаў М.Сяднёў, што ў Беларусі пісьменнікам не давала свабодна дыхнуць ярмо сацыялістычнага рэалізму, які наклаў свой згубны адбітак на шмат якія творы беларускай мастацкай літаратуры і гэтым збядніў іх мастацкую і духоўную вартасць...
I ўсё ж толькі на Беларусі створана вялікая літаратура, нягледзячы на многія неспрыяльныя ўмовы для яе развіцця. На эміграцыі існуе малая літаратура і не толькі таму, што там знаходзіцца невялікая колькасць аўтараў, творчасць якіх паводле заглыблення шляхоў адлюстравання філасофіі ўнутранага свету асобы і адмаўлення ад рэгрэсіўнай таталітарнай нарматывістыкі, ад метаду сацыялістычнага рэалізму можна разглядаць як перадавую з’яву ў беларускай літаратуры. Усе пісьменнікі-эмігранты належаць да старэйшага пакалення беларускіх мастакоў слова, творчасць іх, пачаўшыся на радзіме, існавала на чужыне на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў і, хутчэй за ўсё, спыніцца з завяршэннем XX стагоддзя, бо там няма прытоку новых, маладых пісьменніцкіх сіл. Таму зразумелыя жаданне і надзея творцаў вярнуцца на радзіму сваёй паэтычнай спадчынай, пра што пісаў М.Цэлеш, выказваючы агульныя думкі сяброў па пяры, у адкрытым лісце ў рэдакцыю газеты “Бацькаўшчына”:
“Усякі народ шануе сваю інтэлігенцыю: паэтаў, пісьменнікаў, артыстаў, мастакоў... Такая пашана да гэтых людзей не таму, што яны рэдкія, іх мала, а таму, што яны, як ніхто больш, бачаць патрэбы свайго народу, бачаць няпраўду і сваёй працай, сваімі творамі стараюцца вывесьці людзей на сьветлы і праўдзівы шлях. У няшчасьці, якое спадае на цэлы народ, гэтыя людзі перажываюць найвастрэйшы боль і нясуць нярэдка сваё жыцьцё на алтар змаганьня за волю і шчасьце свайго народу...
Мы, беларусы, увесь наш народ, перажываем цяпер такое няшчасьце. Невялікая частка з нас выкінута за межы нашай зямлі, сярод іх ёсьць колькі паэтаў, пісьменьнікаў, артыстаў і г.д.
Ніхто ня скажа, што каму-колечы з нас, эмігрантаў, лёгка. Аднак найцяжэй ім, паэтам, творцам культуры, найменьш прыстасаваным у жыцьці. Няма на сьвеце большай асалоды для іх, як жыць разам з народам, у сваім краі і — тварыць, тварыць для шчасьця ўсіх...”11
Трэба дадаць, што ў далёкім замежжы беларускія пісьменнікі не схібілі ў высокім служэнні Бацькаўшчыне, амаль нічога не пісалі пра чужыя краіны, дзе жылі і якія далі ім бязбеднае існаванне. I менавіта ў жанры паэзіі была найбольш засяроджана мастацкая энергія творцаў, скіраваная на выяўленне сваіх пачуццяў да радзімы. Ростань з Бацькаўшчынай уздымала іх на вяршыні духу. Лірыка паэтаў-эмігрантаў убірала ў сябе жыццёвы вопыт, псіхалагічны стан аўтараў, якія ўвялі ў літаратуру новы вобраз — вобраз выгнанніка, цесна звязанага з Бацькаўшчынай думамі, сэрцам, творчасцю. У іх вершах, паэмах няма шырокіх маштабных катэгорый: клас, маса, партыйнасць, народнасць, а больш асабістае, індывідуальнае, больш суб’ектыўна-выяўленчага, чым аб’ектыўна-апісальнага. Вобраз лірычнага героя, які амаль супадаў з аўтарскім “я”, раскрываўся праз канкрэтнарэалістычнае, пазначанае глыбінёй перажыванняў, узлётам незгасальнай любові да пакінутага роднага дому. Тэма індывідуальнага чалавечага лёсу ўвасаблялася ва ўсёй шматграннасці, супярэчлівасці ўнутранага свету героя, а праз яго паўставаў вобраз Бацькаўшчыны — паняволенай, бясконца дарагой, з багатай гісторыяй, часта ідэалізаванай у паэзіі эмігрантаў. “Вершы Арсенневай, Ільляшэвіча, Салаўя, Адважнага і новых — Вярбы, Валошкі, Данілеўскага, Кавыля, Клішэвіча, Золака, Ясеня, — пісаў у “Дзённіках” М.Танк, — у большасці вершы патрыятычныя, пранізаныя сумам па Бацькаўшчыне”12.
Аднак ніякім чынам нельга звужаць творчасць пісьменнікаўвыгнанцаў толькі да нацыянальна-патрыятычнай праблематыкі, тэмы тугі па радзіме, бо гэта тэма наагул традыцыйная для ўсёй беларускай літаратуры, яна бярэ пачатак ад часоў Скарыны, Гусоўскага. Мастацкае ўвасабленне тэмы тугі па радзіме пачынаў М.Багдановіч, калі пісаў у славутай “Пагоні”, звяртаючыся да радзімы: “За цябе мне памерці дазволь”. Усім памятны верш
11 Цэлеш М. Хмары над Бацькаўшчынай. Нью-Ёрк: БІНІМ, 1995. С. 8.
12 Танк М. Дзённікі // Полымя. 1997. № 10. С. 176.
П.Панчанкі “Сустрэча з бярозай”, калі воляю ваеннага лёсу паэт апынуўся ў Іране. Безумоўна, у пісьменнікаў-эмігрантаў гэтая тэма стала адной з вызначальных, эстэтычна і эмацыйна глыбока асэнсаванай у кантэксце разбуранага, забранага роднага гнязда. У гэтым кантэксце яна шырока трактавалася ў так званай “ваеннай” прозе айчынных беларускіх пісьменнікаў.
У замежнай беларускай літаратуры больш пераважала эстэтычная прырода паэзіі, раскрываліся самыя разнастайныя тэмы, вобразы, праблемы. У айчыннай паэзіі 30—50-х гадоў часта спрашчаліся эстэтычныя стасункі мастацтва і рэчаіснасці, звужана разумелася яе мастацкая задача. Беларуская паэзія гэтага часу, паводле словаў М.Танка, была “заангажавана па самыя вушы ў палітыку, надзённасць”. На нашу літаратуру адмоўна ўплывалі грамадская атмасфера культу асобы, тэндэнцыі адміністравання, суб’ектыўнага свавольства і дэзінфармацыі, чым і як жыве вольны свет, арыентацыя на “агітацыйны” верш, непрыманне эмацыйнага, лірычнага ў паэзіі, класічных формаў, розных сродкаў вобразнасці. Лічылася, што галоўнае — вонкавыя аб’екты адлюстравання, а ўнутраны свет героя не павінен наагул выяўляцца. Пісаць пра Беларусь у лірычным плане, услаўляць яе гісторыю, герояў, захапляцца хараством прыроды, беларускімі азёрамі, рэкамі, зялёнымі барамі, крыніцамі, яе блакітным небам, як гэта рабілі У.Дубоўка, Я.Пушча, многія іншыя паэты ў 20—30-х гадах, кваліфікавалася савецкай крытыкай як “адступленне ад прынцыпаў інтэрнацыяналізму”, “нацдэмаўшчына”. Аднак пры ўсіх гэтых цяжкасцях развіцця літаратуры XX стагоддзя беларускія паэты (з рэдкім выняткам) не былі бяздумнымі трубадурамі палітыканства, пастаноў кампартыі, хоць і мусілі аддаваць даніну часу, як аддавалі і тыя з пісьменнікаў-эмігрантаў, што пачыналі ў 30-х гадах (Ант. Адамовіч, У.Сядура, Р.Крушына ды інш.). Эмігранцкая літаратура змагла дапоўніць, дапісаць тое, пра што не мела магчымасці гаварыць айчынная на Бацькаўшчыне. Замежная паэзія больш поўна і ўсвядомлена выступала з нацыянальнымі ідэямі, прасякнута нацыянальным духам, чым тое назіралася ў нас. Да таго ж паэзія эмігрантаў больш суб’ектыўная, яна адстойвала правы асобы на самастойнае паўнакроўнае жыццё, пазбягаючы псеўдакалектывісцкага духу, рытарычных хваласпеваў у гонар розных правадыроў, партый, ідэалогій. “Асноватворная і вельмі
каштоўная асаблівасць гэтай паэзіі ў тым, — адзначаў У.Гніламёдаў, рэцэнзуючы анталогію эмігранцкай паэзіі “Туга па радзіме”, выдадзеную ў Мінску (1992), — што яна абапіраецца на хрысціянскія каштоўнасці і цэласнае спасціжэнне свету, беручы яго ва ўсёй уласцівай яму паўнаце чалавечых адносін і з’яў. Дзівіць глыбіня, шчырасць, раскаванасць — тое, чым і цікавая сапраўдная паэзія, сапраўдная мастацкая творчасць, у якой адлюстраваліся не толькі час, абставіны, але і асаблівасці нацыянальнага менталітэту, бо на эміграцыі характар беларуса праявіўся ў нечым больш выразна, чым дома”13.
Ды і наагул паэзія, проза, мемуарыстыка пісьменнікаў замежжа была выразна нацыянальнай не толькі моваю, але і духам, складам твораў. I пры канцы стагоддзя гэтая літаратура вярнулася на радзіму (хоць і далёка не ўся), далучылася да мацерыка беларускага мастацкага слова, дала новы імпульс праблемам, якія хвалююць нас і сёння: нацыянальнага адраджэння, дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, захавання мовы, гісторыі, нацыянальных сімвалаў, лепшых традыцый жыцця беларускага народа.
13 Гніламёдаў У. Слова, аплачанае лёсам //ЛіМ. 1993. 19 сакавіка.
“ЖыВем айчынай мы...”
Наталля Арсеннева 1903 1997
ТВОРЧАСЦЬ Наталлі Арсенневай, адной з таленавітых паэтэс XX стагоддзя, вяртаецца сёння ў айчынную літаратуру як залатая часцінка духоўнага скарбу нацыянальнага мастацтва. Яе паэзія, вытокі якой пачынаюцца з чыстых крыніц красы і любові да Беларусі, пазбаўленая ўсялякай палітычнай афарбоўкі, ідэалагічнай зашоранасці, прасякнута тым не менш адной ідэяй — нацыянальнага адраджэння, уваскрэсення Бацькаўшчыны-Беларусі — адвечнага ў Сузор’і Сусвету Зніча, які не павінны знікнуць ніколі. У яе творчасці праявілася адметная індывідуальнасць выдатнага мастака слова, з эстэтычна-вытанчаным густам, філасофскім бачаннем жыцця, прыроды, сусвету і чалавека ў ім. У вершах Наталлі Арсенневай адлюстраваўся своеасаблівы лад беларускай паэзіі, яе арыстакратызм, характэрнае для паэтэсы светапогляднае самаадчуванне як аснова духоўнай існасці лірычнай гераіні.