Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
I на гэтай зямлі спрадвеку нашы дзяды, прадзеды жылі..., няраз грэкамі, немцамі, рымлянамі траслі. А мы? Мы ня знаем, хто мы такія. He марым аб залатым веку...” (“Сон”)15.
“I шэпча мне зямля: дзеці мае! дзеці — бо я вас радзіла. Я ўсё вам дала, што мела, я вас карміла сваімі грудзьмі, я вам складвала чароўныя казкі. I сінія зоркі і белы месяц заглядалі ў маю калыску. Я цешылася. Вы выраслі і забыліся, што вы ўсе — дзеці мае. Вам стала цесна, і вы пачалі забіваць адзін другога, вырываць кавалак хлеба з чужога рота, як дзікія звяры. Вы пабудавалі вялікія месты і дамы ў іх, але й там вам дрэнна. Вы нарабілі межаў і загарадак і брат не дазваляе нават зірнуць другому, што ў яго робіцца. I ў шопаце зямлі чуецца мне ціхі плач... (“Шопат зямлі”)16.
15 Ільляшэвіч X. Недапетая песьня. С. 113.
16 Тамсама. С. 111.
“Хвалі калосьсяў то прыплываюць, то зноў адплываюць ад узмежжаў у небасхіл. I прыемны іх бунтарны прыбой. Ільсніць, пераліваецца шоўкам паветра ад сьпёкі. Набягае пявучы шум... Песьня падала птушкай над полем, білася крыльлямі, а пасьля зноў зьвінела.
Узьвілася песьня высока, высока, абарвалася, упала — і загаласіла, надрываючыся жалем, заліваючыся сьлязьмі, стогнучы болем, калыхалася над збожжам і гублялася дзесь у бязмежжах нізінных...” (“На ростані”)17.
Так абарвалася паэтычная песня Хведара Ільляшэвіча, якая ўзнёсла лунала над роднай зямлёй, і зноў апынулася, цяпер ужо пад нямецка-фашысцкай, акупацыяй. Напярэдадні вайны пісьменнік паспеў перадаць рэдактару часопіса “Калосьсе” Янку Шутовічу першую частку аповесці “Васіль” (напісана ў 1938 г.), якая так і не была апублікаваная. I толькі ў 1997 г., калі архіў Шутовіча быў перавезены ў Мінск (захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў фундаментальнай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук), аповесць была надрукавана ў газеце ‘Толас Радзімы” (1997. 18, 25 верасня. Публікацыя Яніны Кісялёвай).
Аповесць “Васіль”, як і ўсе празаічныя творы Ільляшэвіча, падпісаная псеўданімам М.Дальны, створаная ў лепшых традыцыях беларускай прозы і надзіва сугучная сучаснай яе так званай “вясковай” плыні. У цэнтры твора — жыццё, побыт, праблемы заходнебеларускай вёскі. Галоўны герой — Васіль, сялянскі сын, які жыве марай вырвацца са звыклага вясковага асяроддзя, бясконцай сялянскай працы, трапіць у горад, далучыцца да вялікага свету, куды імчаць цягнікі, за якімі ён змалку любіў назірань. Ва ўяўленнях героя паўставалі яркія вобразы і карціны невядомага, прыгожага жыцця-казкі, і толькі воля бацькі, які бачыў у сыне гаспадара ўласнай зямлі, стрымлівала яго ўцёкі.
Аўтар, валодаючы немалым майстэрствам псіхалагічнага аналізу, пераканаўча раскрывае ўнутраны свет свайго героя, яго сны, мары, спадзяванні. Мары нарэшце здзейсніліся. Васіль трапляе ў горад. Завязваецца вострапраблемны сюжэт усіх перыпетый знаходжання Васіля ў горадзе. Аповесць Ільляшэвіча можна лічыць першаадкрывальніцай такіх тэмаў у беларускай
прозе, да якіх пісьменнікі пачалі падступацца толькі ў 60—80-х гадах. Яна папярэднічала многім апавяданням, аповесцям, дзе раскрывалася праблема прамежкавага стану чалавека, які, адарваўшыся ад вясковых каранёў, не змог прыжыцца ў горадзе, сарыентавацца ў яго складаным, супярэчлівым свеце, устаяць перад спакусамі лёгкай нажывы.
На вялікі жаль, аповесць Ільляшэвіча засталася няскончанай, мары героя і аўтара абарвала вайна.
* * *
He прыняў беларускі пісьменнік савецкага таталітарнага рэжыму, што запанаваў у Заходняй Беларусі з 1939 года і які яшчэ больш жорстка, чым напаўтаталітарны даваенны польскі рэжым, распраўляўся з беларусамі. Ільляшэвіч добра памятаў трагічныя лёсы А.Салагуба, У.Жылкі, замардаваных на пачатку 30-х, трапіўшага на Салаўкі Ф.Аляхновіча, асабіста ведаў арыштаваных пасля далучэння ў 1939—1940-х гадах такіх беларускіх дзеячаў, як А.Луцкевіч, У.Самойла, М.Краўцоў, Н.Арсеннева, Р.Шырма. Сам ён не быў арыштаваны савецкай уладай, да 1939 года працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, а з пачаткам вайны пераехаў у Беласток (сям’я жыла ў Тапалянах). Ад гэтага часу пачынаецца абвінавачванне паэта ў супрацоўніцтве з немцамі. Гэта не азначала, што ён паміж двума таталітарнымі сістэмамі выбраў служэнне нямецкім акупантам. Як сведчыць яго выступленне на з’ездзе Беларускага аб’яднання ў Беластоку, Ільляшэвіч выношваў задуму хоць у нейкай ступені рэалізаваць беларускую нацыянальную ідэю ў барацьбе паміж магутнымі дыктатарскімі рэжымамі: “Мы мусім паказаць усяму сьвету, што мы жывём, маем сілу ды змагаемся за сваю Бацькаўшчыну. Калі мы не будзем мець сваіх ідэалаў, сваёй мэты жыцьця і змаганьня, дык сільныя раздушаць нас, як таго чарвяка на дарозе, раздушыць нас гісторыя сваім колам. Каб гэтага не сталася, мы мусім даць адпор, паказаць сваю сілу. Тады будзе меней ахвяраў, бо цяпер нас душаць маскалі, немцы, палякі — страляюць па нас з-за вугла. Нам трэба быць арганізаванымі, бо толькі тады мы будзем мець сілу...”
У гэтым кірунку ён і пачаў дзейнічаць. Узначаліў Беларускае аб’яднанне ў Беластоку, створанае пад час вайны, быў адным з арганізатараў беларускага школьніцтва на Беласточчыне, стаў
рэдактарам газеты “Новая дарога”. Усё гэта рабілася, зразумела, з дазволу акупантаў. Ільляшэвіч, выдатна валодаючы нямецкай мовай, мог асабіста ўладжваць розныя канфлікты. выконвайь патрабаванні, абходзіць вострыя вуглы ў сутыкненнях з немцамі. Галоўныя яго клопаты — выданне газеты, на старонках якой з’яўляліся артыкулы М.Дальнага (пра Ф.Аляхновіча-драматурга, спевака М.Забэйду-Суміцкага, да 10-годдзя смерці У.Жылкі). Вершы Ільляшэвіч амаль не пісаў, не меў часу з-за шматлікіх абавязкаў рэдактара, старшыні Беларускага аб’яднання, за гаспадарчымі, сямейнымі справамі, дапамогай многім выгнанцам. На старонках “Новай дарогі” ўпершыню былі апублікаваныя ўспаміны М.Сяднёва “Ахвяры бальшавізму” пра лёс рэпрэсаваных беларускіх пісьменнікаў: С.Баранавых, М.Зарэцкага, Я.Пушчу, У.Хадыку, Т.Кляшторнага, А.Дудара, пра сябра Рады БНР А.Цьвікевіча. Разам з М.Сяднёвым, А.Салаўём Ільляшэвіч ездзіў на Другі Усебеларускі кангрэс, які адбыўся ў Мінску (1944).
У 1944 годзе, ведаючы, што яго чакае за “супрацоўніцтва з немцамі”, Ільляшэвіч выехаў на захад, у Германію. Сям’я засталася ў Польшчы. Надзея Ільляшэвіч працавала настаўніцай у Тапалянах. Яе на першым часе часта выклікалі энкавэдысты, дапытвалі, дзе знаходзіцца муж (пазней яна з дзецьмі пераехала ў Шчэцін, дзе і цяпер жыве дачка Ільляшэвіча Марыля Марліч).
А Хведар Ільляшэвіч, апынуўшыся ў англійскай зоне акупацыі Германіі, у г.Ватэнштэце, дзе жылі ў лагеры перамешчаных асобаў беларусы-эмігранты, зноў распачаў працу па аб’яднанні суайчыннікаў. Паводле ўспамінаў Раісы Жук-Грышкевіч, беларускі лагер быў заснаваны ўлетку 1945 года, меў беларускага каменданта, паліцыю, агульную кухню. Была свая царква, пачатковая школа, гімназія, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, мужчынскі і жаночы скаўтынг, рататарнае выдавецтва, медыцынскі цэнтр. У лагеры адзначаліся беларускія нацыянальныя і рэлігійныя святы, працавалі мастацкая самадзейнасць, хор, ставіліся тэатральныя пастаноўкі. Адным з арганізатараў гэтага жыцця быў Хведар Ільляшэвіч. Ён асабліва клапаціўся пра нацыянальнае ўзгадаванне беларускай моладзі. Акрамя скаўцкіх школьных арганізацый, выкладання роднай мовы і літаратуры ў гімназіі імя М.Багдановіча ён пісаў для самадзейнага тэатра п’есы (“У Купальскую ноч”, “Шэрыя дні”), падбіраў розныя нумары для мастацкай самадзейнасці, слаў лісты кампазітару
М.Равенскаму з просьбай прыслаць ноты беларускіх песняў. Шмат часу аддаваў выдавецкай дзейнасці: акрамя рэдактарства сам станавіўся ля рататарнага варштата, друкаваў часопісы, газеты (у Ватэнштэце выходзілі “Шляхам жыцьця”, “Царкоўны голас”, “Беларускі скаўт”, “Скаўт”, “Скаўцкі бюлетэнь”, “Юнак”, “Апошнія весткі”). Ён выдаваў падручнікі, дзеля чаго была заснавана выдавецкая суполка ‘‘Заранка”, дзе выйшлі яго чытанкі “Родны палетак”, “Малюнкі мінулага”, хрэстаматыя “Наша Краіна”, многія творы беларускіх пісьменнікаў, казкі, пераклады, кнігі па рэлігійным выхаванні.
Хведар Ільляшэвіч быў адным з самых адукаваных у асяроддзі беларускай эміграцыі людзей: пісьменнік, навуковец, выдатны музыкант, педагог, валодаў нямецкай, англійскай мовамі. Добра разумеючы ролю рэлігійнага выхавання, змагаўся за Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, удзельнічаў у беларускіх грамадска-арганізацыйных з’ездах і нарадах, уваходзіў у склад Беларускага дапамогавага камітэта англійскай зоны, у часопісах друкаваў свае цікавыя, змястоўныя артыкулы “Нашы песьняры” (Творчасць Н.Арсенневай і М.Сяднёва, якія таксама жылі ў гэтым лагеры), “Пясьнярка барацьбы” (пра Цётку), “Пясьняр неўміручае красы” (Да 30-х угодкаў ад дня смерці М.Багдановіча), “Прарок беларускага народу” (Ідэя Беларускага Адраджэння ў творах Янкі Купалы), “Сярод кніг” (водгук на паэму М.Сяднёва “На край сьвятла”), артыкулы пра скаўцкі рух, актыўным арганізатарам і ўдзельнікам якога быў сам пісьменнік. Усе гэтыя і многія іншыя артыкулы друкаваліся на працягу 1946—1948 гадоў пад самымі рознымі псеўданімамі: М.Дальны, С.Залужны, Л.Іскра, Стары, Стары Скаўт, крыптанімамі: І-ч, М.Д., С.З, Х.І, Ю.М. Пісаў вершы, апавяданні (“Сон”, “Танго “Нотурно”, “Вызвалілі”, “Спатканьне”, “На рубяжы”, “Худыя плечыкі”), рыхтаваў да выдання кнігу “Нязжатая радасьць”, мяркуючы ўлучыць у яе і новыя, і раней напісаныя творы. Ільляшэвіч заўсёды трымаў цесную сувязь з сябрамі па пяры, дасылаў свае вершы, артыкулы ў “Шыпшыну”, ліставаўся з Ю.Віцьбічам, іншымі пісьменнікамі, уваходзіў у літаратурнае згуртаванне "Шыпшына”; як адзін з яго заснавальнікаў і шчырых прыхільнікаў лічыў, што часопіс “Шыпшына” супольнымі пісьменніцкімі сіламі мусіць быць узняты на адпаведную мастацкую вышыню: “Да гэтых вышыняў мы дой-
дзем, — пісаў Ільляшэвіч у 1947 годзе. — Я асабіста задаволены, што творыцца новы Саюз пісьменьнікаў і журналістаў, я спадзяюся, што хто-хто, а пісьменьнікі хіба ж у сваёй працы ня пойдуць тымі дарогамі, якімі пайшлі некаторыя нашы арганізацыі. Каб жа стварэньне новага згуртаваньня пісьменьнікаў сьведчыла аб нашым духовым росьце й багацьці...Я далей застаюся “шыпшынаўцам”, бо я ў “Шыпшыне” чуюся нічым ня зьвязаным у сваіх творчых пачынаньнях, і яе прыгожы ідэал мне вельмі даспадобы...