Пакліканыя
Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
Ваенны перыяд творчасці Янкі Золака быў даволі плённым, ён напісаў больш за 80 вершаў, востранадзённых па тэматыцы, прасякнутых болем за радзіму, якая апынулася на мяжы супрацьстаяння дзвюх таталітарных сістэм. Іх асноўнай, вызначальнай ідэяй было: “Буду сеяць песьні // На крывіцкіх гонях, // Хай пяюць аб долі Маці-Беларусі...” Паэт выказваў надзею, што яго песні будуць пачутыя, “зашумяць, як жыта буйное калосьсем”, загудуць “сьпевам-сугалосьсем пра жыцьцё і дзеі дарагога краю...” Прызванне мастака ў цяжкія для радзімы часы — быць разам з гаротным народам, падзяляць яго пакуты, знаходзіць такія словы, каб яны неслі людзям веру, што край “нанова ўваскрэсьне”, сам будзе “долю сваю будавань”. Паэт напісаў нямала вершаў, у якіх ён шчыра выяўляе такі грамадзянскі ідэал, свой абавязак чалавека-творцы (“Новай дарогай”, “Калі часам у словах людзей”, “Mae хаценьні”, “Прылятае з вясной”, “Мне народ падарыў сваё сэрца” ды інш.). Аднак гэты ідэал і абавязак, супадаючы з агульным для беларускай і ўсёй савецкай паэзіі ваенных гадоў вызваленчым пафасам, больш канцэнтраваў у сабе нацыянальную ідэю, аснову якой закладалі многія пакаленні беларусаў, — поўная незалежнасць наагул ад усялякіх акупантаў. Такая праблема была для Беларусі надзвычай востранадзённай і цяжкавырашальнай, але заўсёды жыла ў творах беларускіх пісьменнікаў. Аднак ніхто не выказаў гэтую ідэю так мужна, сцвярджальна, як прарок нацыі Янка Купала, высвеціўшы ўсю яе глыбіню і шматграннасць.
Калі для многіх савецкіх паэтаў ваенны час — гэта лёс карэспандэнтаў на перадавых пазіцыях жорсткіх баёў, варожыя акружэнні, раненні, шпіталі, франтавыя і партызанскія шляхідарогі, на якіх яны разам з народам, апранутым у салдацкія шынялі, здзяйснялі сапраўдныя подзвігі, адначасова выспельваючы ў памяні запаветныя радкі вершаў, часта самаахвярна гінулі з воклічам: “За Радзіму, за Сталіна”, то для пісьменнікаў, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі і пазней сталі эмігрантамі, існаваў галоўны лозунг: “Жыла і жыве вольная Бела-
русь!” Гэта яскрава пацвярджае і творчасць Янкі Золака, які свядома, на ўзроўні свайго паэтычнага даравання працягваў найыянальна-патрыятычную тэму, шырока разгорнутую ў творчасці Янкі Купалы. Нават многія вершы Золака маюць тыя ж назвы, што і Купалавы, блізкія ім тэматычна, ідэйна, сэнсава-змястоўна. Іх аўтар жыў па той бок фронту, дзе жыла ўся забраная ворагам Беларусь, ён бачыў і добра адчуваў тагачасную рэчаіснасць і разумеў, што пасля дыктатарскай улады, якая вынішчыла цвет нацыі (гэтая тэма закранаецца ў вершы “Тодару Лебядзе — адказ на сібірскія лісты”), не за Сталіна трэба паміраць беларусам і змагацца за яго вяртанне, а будаваць, адстойваць свабоду сваёй Бацькаўшчыны. Такое разуменне вызначыла ўвесь пафас творчасці паэта ваеннага перыяду.
У вершы “Ворагам Беларушчыны”, які пачынаецца амаль купалаўскім радком, паэт звяртаецца да ўсіх акупантаў, што прыходзілі на Беларусь (“Чаго вам хочацца, сатрапы?”), і, выказваючы рашучы пратэст супраць іх памкнення знішчыць лепшых нашых змагароў, вучыўшых нас, “як жыць на сьвеце // бяз крыўды, зьдзекаў і маны”, сцвярждае, што не змогуць заваёўнікі “здушыць крывіцкі вольны дух”.
Няўжо вы хочаце прымусіць Крывіцкіх доблесных сыноў Зрачыся Маці-Беларусі I пад прыгон пайсьці ізноў?
Ня ўдасца вам, забойцаў зграя, На Беларусь надзець хамут!
Вам ня гуляць у нашым краі, Ня цешыць сэрца звонам пут!
Дарэмны вашы намаганьні: Жыў беларус і будзе жыць! Ён сам здалее у змаганьні Свой шлях да волі пралажыць!2
Аднак аўтар добра разумеў і другое — дзеля таго каб беларусы сталі на шлях змагання за ўласную волю, трэба ўмацоўваць, падвышаць іх напыянальную сведамасць, трэба шмат працы,
2 Золак Я. Вятрыска з радзімай Краіны: Збор выбраных твораў. Мн., 1996. С. 91. Тут і далей вершы цытуюцца па гэтым вьгданні, падаюцца толькі назва верша і старонка.
намаганняў, цярпення і веры, любові да свайго народа і краіны. Увесь гэты роздум, развагі, адчуванні, пачуцці паэт выказаў у многіх вершах, напісаных у форме заклікаў (“Брату”, “Свайму народу”, “Далакопам”, “Даволі”, “Беларусу”), прысвячэнняў (“Роднаму краю”, “Краіне”, “Радзіме”, “Моладзі”, “Маці”), зваротаў (“Сонцу”, “Размова з ветрам”). I найперш ён звяртаецца да сваёй ліры і песні, каб пакінулі сумаваць і журыцца, заклікае іскрыцца, спяваць “новай пагудкай” роднае матчына слова.
Ты ўзышло на суцэльных руінах, цёплай ласкай сагрэла душу. Над маёю зьнядбанай краінай Хай плыве няўміручы твой шум, Абдары сваёй ласкай сардэчнай Нашы мары, надзеі і дні; Няўміручае, сьпеўнае! Вечна Над калыскай дзіцячай зьвіні!
Сей разумную праўду народу, Абуджай, заклікай і вядзі. Як паходня ў баях за свабоду Беларускаму люду сьвяці!
(Роднае слова, с. 61)
Паэзія Золака ваеннага часу пашырыла свае лірычныя далягляды: ад верша публіцыстычна-завостранага, пафасна-заклікальнага — да запаветна-інтымнага, да пранікнення ў свет пачуццяў героя, які жыў з духоўна-напружанымі адчуваннямі. Ён нёс у сэрцы крыўду, смутак-боль за стан Бацькаўшчыны, гонар за яе гераічную гісторыю і выдатных сыноў, за старажытныя нацыянальныя сімвалы і адначасова захоўваў усе ўласцівыя звычайнаму чалавеку эмоцыі: радасць, трывогу, каханне, веру і надзею. Аднак адной з важнейшых тэмаў у творчасці паэта стала нацыянальна-вызвольная тэма. Выступленне за нацыянальнае адраджэнне ў такі цяжкі для радзімы час вайны і разбурэнняў было абумоўлена надзённымі праблемамі, якія паўсталі перад беларусамі, — паспрабаваць выкарыстаць гэтую экстрэмальную сітуацыю дзеля таго, каб здабыць палітычную свабоду. Сведчаннем высокай грамадзянскасці паэта з’яўляюцца страсныя, бескампрамісна-рашучыя заклікі да народа ў многіх вершах, якія востра-надзённа гучаць для беларусаў і сёння. Ён не прымае
бясконцых песняў-жальбаў, нараканняў на цяжкасці і няволю (“Даволі плакаць і журыцца, // Сыны Крывіцкае зямлі, // даволі сьлёзы крыўды ліць!”). I хоць сапраўды “ісьці цярністаю дарогай наканаваў нам жорсткі лёс”, аднак настаў час змяніць кірунак, ісці напорным крокам да волі, жыць беларусу чалавечым жыццём. Аўтар заклікае братоў-суайчыннікаў не пужацца цяжкай працы, а ўпарта капаць яму для “нядолі-няволі і назаўсёды яе пахаваць!” 3 верша ў верш настойліва вар’юецца аўтарскае заклінанне: “Прачынайся, мой брат, прачынайся з адвечнага сну”, “узнімайся, хто быў катаваны”, “станавіся пад сьцяг вызваленьня”, “а цяпер, хоць сьвет палае, ты шукай свой талісман”, “свой голас магутны загучэць па-свабоднаму змусь, // Па ўсім сьвеце няхай будзе чутны гучны кліч твой: “Жыве Беларусь!” Паэт звяртаецца да роднага краю, маці, моладзі, выказвае надзею, суцяшае, любуецца васільковымі прасторамі “мілай Маці-Краіны, любай сэрцу да сьлёз”, запэўнівае, што не заўсёды будзе панаваць ліха, “пройдзе навала нягод”. Гэтая ж вера гучыць і ў вершах “3 Новым годам!”, “Навагоднія думкі”, “Да шчасьлівых дзён”, “Ня здрадзім краю”. Яму ўжо здаецца, што “ідзе да волі беларус”, і паэт гатовы лянейь да нябёсаў, змагацца з вятрамі, “біцца насьмерць, да крыві, // Покуль магутнае раме не распрастае крывіч”. Дзеля гэтага ён звяртаецца да сіл прыроды, у нацыянальна-патрыятычныя настроі лірычным акордам уплятаюцца фальклорныя матывы. Паэт моліць Сонца “прагнаць ночку цёмную, разагнаць-развеяць хмары-воблакі, асьвяціць, сагрэць Землю-матухну, атуліць наш Край ласкай матчынай!” Лірычнага героя вершаў Золака, як і самога аўтара, засмучаюць, радуюць, натхняюць размовы з доляй, бярозай, зімой, зязюляй, ветрам:
— Буйны вецер, сябрук гутарлівы! Раскажы, не хавайся ад нас: Ці прыждом, каб над Краем шчасьлівы Промень долі ніколі ня гас?
— Ня сумуй, ня бядуй! — кажа вецер, — Беларусь яшчэ ўстане ад сну, Яе доля ня блудзіць па сьвеце, Яна ў муках народзіць Вясну.
(Размова з ветрам, с. 82)
Дыялог паэта з вечным адбываецца, каб лепей зразумець надзённае, свой час і месца чалавека ў ім. Звароты да сіл прыроды, малітвы за родны край прысутнічаюйь у творчасці амадь усіх беларускіх паэтаў. Золак моліць Бога даць сілу, долю і багаславенне роднаму Краю на шляху да вызвалення, які павінен быць пазначаны зорамі, асветлены сонцам. Традыцыйны вобраз Млечнага Шляху здаўна існуе ў літаратуры (вершы Я.Купалы “Млечны шлях”, П.Панчанкі, А.Салаўя, У.Клішэвіча ды іншых з той жа назвай). Для Золака, які таксама не абыходзіў гэтыя традыцыйныя вобразы, Млечны шлях, “неба зорнае”, якое паэт араў “срэбнымі плугамі”, уяўляюць глыбіні народнага жыцця, дзе кожны чалавечы лёс — непаўторная заразаранка. Як і ў Купалы, у Золака на гэтым шляху шмат зарніцзаранак, зорак-кветак, аднак не навейвае беларускім паэтам Млечны Шлях залатых сноў, не супакойвае, а кажа аб бясконцасці людскіх памкненняў да ідэальнага. Калі Я.Купала сцвярджае: “Я па Млечным тым Шляху без мукі // Чалавека да шчасця бы вёў...”, а П.Панчанка журботны Млечны Шлях спалучае з жыццём, лёсам чалавека, на якога асыпаецца “трывожны, ціхі, зорны дождж”, то Золаку здаецца, што на тым шляху вызвалення, на які ён кліча братоў-беларусаў, ужо заквітнелі “зоры-кветкі”. Агульны настрой паэтаў — светлае, зорнае заўсёды звязана з штодзённым, рэальным. А рэальнасць для паэта, калі ён спускаўся з прастораў зорнага неба на зямлю, была ў 40-х гадах адна — вайна грымела на землях Бацькаўшчыны. Відаць, таму застаўся для яго “неўзараным, як агрэх той, Млечны Шлях”, таму для паказу паднявольнага становішча радзімы ён не знаходзіў светлых фарбаў, бо змрочнай, цяжкай была рэчаіснасць. Толькі вечнае, мары пра будучыню маглі абнадзейваць, даваць перспектыву. У творах Золака якраз і заўважаецца захопленасць гарызонтамі светлай будучыні, вера, што яна абавязкова прыйдзе, народ стане вольным, шчаслівым — таму так усхвалявана гучаць вершы-заклікі паэта. Але ён рэальна бачыць і змрочнае сёння. Вайна ўспрымаецца як цяжкая, аднак часовая з’ява.
Паэзія Золака ваеннага часу казала быццам пра агульнавядомае, пра аднолькава цяжкія перажыванні і пакуты людзей, але гэта была “паўтараемасць непаўторнага”. Многія аўтары паказвалі ваеннае аблічча радзімы, у Золака яна паўстае засыпанай
снегам, над ёй гуляюць завірухі, зямлю скавалі маразы, паўсюль пануе цёмная ноч. Паэт абыходзіць родныя прасторы, ідзе па шляхах Беларусі, каб разам з народам знайсці сваю долю.