Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
...Вы пытаецеся, якое я думкі аб Віцьбічу. Я лічу, што ён здольны пісьменьнік, сумленны чалавек, сыстэматычны ў працы, дрэнны палітык (разьменьваейца на дробязі), вельмі шчыры сябра. Няслушна на яго вядуць нагонку некаторыя безадказныя ў нашым грамадскім жыцьці “пэрсоны”. Шкада толькі, што ён не пасьвячаецца больш літаратуры. Я, паміж іншым, надзвычай люблю атрымоўваць ад Віцьбіча лісты. Уласна кажучы, Вашы і яго лісты — адзіная прыемнасьць для мяне...
Вы цікавіцеся, ці верш “Чорныя цені” аўтабіяграфічны. Так. Я маю сям’ю, але яна — там... Я перажыў асабістыя трагедыі, аб якіх, можа, ня варта гаварыць. Хто яго ведае, ці гэта была шчырасьць, ці, як кажуць, маральны ўпадак. Жыцьцё мне часам усьміхалася, і я сьмяяўся жыцьцю. А цяпер яно нада мной насмяялася крыху. Але сонца яшчэ сьвеціць над зямлёй... Можа, яно асьвеціць калі і мяне.
Цяпер у сэрцы пуста, нудна! I таму я часам п’ю, па-ясенінску неяк, да “хвароблівай брэдзі”. Але гэта ўсё пройдзе, міне. Пакуль што няма пэрспектыў, пробліскаў, нейкага пункту апоры. Часам робіцца жудасна, калі глянеш на сяньняшнюю сапраўднасьць. Можа, прыдзецца недзе папросту “здохнуць”. Вы пішаце аб маіх вачох, што яны іскрацца і сьмяюцца да некага. На жаль. Яны іскрацца толькі да дзяцей і моладзі. У мяне нікога няма тут. Я адзін, адзін...”
Пра апошнія моманты жыцця паэта, яго духоўны стан сведчыць ліставанне Вольгі Таполі і Юркі Віцьбіча. Вольга Таполя (сапраўднае прозвішча Зубко) — беларуская пісьменніца, жанчына трагічнага лёсу. Да вайны яна скончыла Беларускі ўніверсітэт, працавала настаўніцай, затым у Дзяржаўным выдавецтве. Пад час акупацыі была супрацоўніцай рэдакцыі “Менскай (Беларускай) газэты”. У 1944 годзе пайшла ў выгнанне, апынулася ў амерыканскай зоне акупацыі Нямеччыны (Міхельсдорф). He мела сям’і, пакутавала ад адзіноты, шмат пісала вершаў (найлепшыя з іх: “Я не паэт”, “Матулі”, “Сустрэча”, “Табе адзінаму...”), апавяданняў (“Маці”, “Навальніца”, “Ялінка”, “Пад Новы год”), працавала над раманамі “Дачка”, “Тры спатканьні”, друкавалася ў эмігранцкіх часопісах “Шляхам жыцьця”, “Пагоня”, “Скаўт”, “Шыпшына”, уваходзіла ў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”. Згадзіўшыся на прапанову Ю.Віцьбіча і па запрашэнні Ільляшэвіча пераехала ў Ватэнштэт. Напачатку ўсё складвалася найлепшым чынам, яна дапамагала Ільляшэвічу ў яго шматлікіх абавязках, у выдавецкай справе. Быў наладжаны літаратурны вечар Вольгі Таполі, дзе яна з поспехам чытала свае творы. У лістах да Ю.Віцьбіча яна шмат пісала пра Ільляшэвіча: “...Я ім страшэнна захапляюся, але, зразумела, як чалавекам і паэтам, а не як каханкам, якім ён для мяне ніколі ня быў і ня будзе. Таму майму захапленью ім не перашкодзіць ягоны сум па сваёй сям’і... Я магу толькі бязмежна спачуваць яму. Я таксама прысьвяціла яму верш... Ільляшэвіч якраз такі, як Вы казалі: другому апошнюю кашулю гатоў аддаць. Сама бачу, як ён апошняе аддае іншым, а сам ня мае нічога, бядняк. Мне яго да болю шкада... Мы знаходзімся ў сумежных пакоях і бачымся штопаўгадзіны, а часам і штохвіліны. Мы працуем разам... Між іншага, ён якраз нядрэннай думкі аб маіх вершах... Ён мне казаў: “Ты, Вольга, наша Ахматава і ўносіш у нашу паэзію штосьці новае...” У нас быў праект вялікага сяброўства і “літаратурнага кааператыву”, мы нават напісалі разам адну маленькую рэч для часапісу — бяз прозьвішчаў ...” I далей, у наступным лісце: “...Вы і Ільляшэвіч — цудоўнейшыя людзі, адзіныя, якіх я ведаю тут. Мы з ім часта Вас успамінаем, мы Вас вельмі хвалім — гэта не камплімент. I ведаеце, што Хведар асабліва часта паўтарае аб Вас? Што калі ён памрэ, дык Вы будзеце адзіным чалавекам, які скажа аб ім
цёплае і шчырае слова, слова праўды. Некалі ён разьлічваў, што гэта ж самае разам з Вамі зраблю і я, але цяпер ён думае, што калі ён памрэ, то і я, пэўна, памру...
Так, Вы і Ільляшэвіч — абодва людзі нязвычайныя, людзі вялікай душы. Вы ўладаеце рэдкімі чалавечымі якасьцямі абодва, але Вы, разам з тым, і розныя з ім, ён — палкі, гарачы лірык і ў творчасьці і ў жыцьці, Вы ж больш эпічны, так сказаць. 1 яшчэ, мне здаецца, Вы — цьвярдзейшы. Гэта плюс. Ільляшэвіч мяккі, як воск, і гэта зусім дрэнна. 3 ім нават дзеці могуць зрабіць усё, што хочуць. Мабыць, усе, апрача мяне, бо я сама перад ім занадта мяккая. Ён страшэнна любіць дзяцей..., яны сядзяць у яго часам цэлымі днямі, перашкаджаюць яму ў працы і проста тэрарызуюць яго...
Гавару я зусім аб’ектыўна — Ільляшэвіч чалавек выключны. Нязвычайна здольны, мнагагранны, вельмі глыбокая і складаная натура... Пра такіх я толькі ў кнігах чытала й ня ведала, што пабачу такога ў жыцці. А вось пабачыла й пазнала нават больш, чым іншыя, бо іншыя, нават найлепшыя ягоныя сябры, ня ведаюць тых бакоў ягонага жыцьця і ягонае душы, якія ведаю я. Бо ён, хоць і шчыры вельмі, але і скрытны разам у некаторых дачыненьнях. Толькі, можа, гэта задорага будзе мне каштаваць...
Мая адданасць цешыла Ільляшэвіча, бо ніхто ня быў тут яму адданы, ніхто яму не спачуваў, не разумеў. Ён мне неяк сказаў: “У сваім жыцьці я чуў замала цёплых словаў. Я іх патрабую — адчуваю гэта часам балюча”. Але часам ён толькі дэнэрвуецца праз мяне, і я раблю яму ня лепш, а горш... Толькі часамі бывае добра, калі, забыўшыся на ўсё на сьвеце, мы гадзінамі гутарым “па душам”, часамі нават пры замкнёных дзвярах. Тады ён іншы раз гаворыць: “Вольга, мяшчанства ж тут скрозь, фактычна... Толькі ты ды я... Двое нас тут толькі... I яшчэ недзе там — Віцьбіч, на якога ўся мая надзея...”24
Вядома, жаночае захапленне паэтам перарасло ў каханне, якое, аднак, не знайшло водгуку ў душы Ільляшэвіча. Вольга прысвячала яму вершы, хойь і разумела яго абыякавасць. A Хведар цяпер яшчэ больш пакутаваў ад свайго заблытанага, супярэчлівага становішча, ад лагерных плётак і ў “Чорным
24 Архіўная кніга. С. 135, 139, 142.
сшытку”, застаючыся сам-насам са сваімі думкамі, пісаў у вершы “Жонцы”:
На вуліцах чужых, пустынных
Часта ў змрокі ў халодны сутунак убачу пастаць, падобную да цябе. Я іду за табой! Як гэта больна!
Больна вяртацца ў сапраўднасьць, Я бачу сябе сьмешным дзіваком, Ня ўмеўшым цаніць шчасьця.
Чужы пануры готык...
Маўчыць над затокай імглістай.
Дзе ты цяпер, мая сяброўка?
У адным з апошніх лістоў (1 красавіка 1948 г.) да Ю.Віцьбіча Вольга Таполя скардзілася: “...Мне вельмі, вельмі сумна. Ільляшэвіч цяпер хворы. Ён ляжыць у сябе ў пакоі, і яму вельмі кепска. Учора было крышку лепей, ён прачытаў мой твор і неяк усьцешыўся, а сёньня ізноў горай. У яго хворыя лёгкія і сэрца. Я за яго страшэнна баюся, бо яго брат памёр ад сухотаў...
Учора цэлы дзень ляжаў галодны. Я занесла яму тое-сёе, зварыла заціркі, а сама нічога ня ела, бо ў нас з ім няма нічога... Але гэта ўсё было нішто для хворага... Я дамовілася з камандантам, каб Хведару далі, хоць часова, дадатковыя харчы, і камандант зрабіў гэта... Сёньня ён атрымае. Але яму дрэнна, у яго жахлівы настрой. Кепска ў яго цяпер з нэрвамі таксама...
Яму цяжка. Сапраўдных сяброў у яго тут няма. Хведар страшэнна, жахліва самотны... Вакол толькі дробная, нізкая зайздрасьць, розныя інтрыгі.
Калі яму кепска цяпер, шмат хто цешыцца... I я не заўсёды магу яму дапамагчы з-за розных складанасьцяў. Становішча такое, што звар’яцець можна. Ах, калі б Вы былі недзе бліжэй, дарагі Юры Аляксандравіч! Я страшэнна баюся за Хведара. Вы напішаце яму, ці ж ня праўда?.. Вы ж залаты чалавек, Юры Аляксандравіч, Вам жа ўсё можна сказаць, Вы ж не асудзіце яго, як іншыя. А іншыя, якія яго асуджаюць, самі ў сто разоў горш...”25
У гэтых лістах, якія раскрывалі сапраўдную трагедыю беларусаў-выгнанцаў, сведчылі пра ўзаемадачыненні двух талена-
вітых, але вельмі розных, духоўна адзінокіх людзей, не здольных стаць апорай адзін аднаму, цэлы раманны пласт падзей асабістых і грамадскіх, жывыя галасы тых, хто пакутаваў без радзімы, але нёс яе ў сэрцы, лёсы так званых “здраднікаў”, гнаных яшчэ і сёння.
1948 год стаў трагічным для Вольгі і Хведара. Яна, зразумеўшы ўсю марнасць сваіх надзей на асабістае шчасце, надумала вярнуцца на радзіму. У апошнім звароце да Ільляшэвіча гучаць яе шчырыя прызнанні: “Хведар, родны, найлепшы! Ітак — скончана... Мы нават не сябры, сказалі Вы... Які шалёны боль... Нічога няма, апроч гэтага болю... Дык я іду, Хведар... Іду туды... Што б ні чакала мяне. Я выканаю свой намер. Бывайце! Бывайце, родны, незраўнаны!.. Шчасьце маё, бывайце! Маё сэрца разрываецца ад болю... Хведар, я хацела быць Вам найлепшым, найшчырэйшым, найадданейшым сябрам... Я люблю Вас больш, чым можна любіць... Вы для мяне даражэй жыцьця... Вы — над усім і над усімі!.. Помніце — ніхто ня будзе Вас любіць, як я!.. Я не магу бяз Вас!.. Вы — маё жыцьцё!..”
Амаль тыя ж словы ў апошнім лісце да Ю.Віцьбіча (13 ліпеня 1948 г.):	He магу ўстрымацца, каб не напісаць Вам гэтых
апошніх радкоў. Бо нягледзячы на тое, што мы з Вамі — людзі розных шляхоў і розных перакананняў, але самыя сьветлыя ўспаміны аб Вас будуць жыць ува мне да апошніх хвілін майго жыцьця...
Я іду шляхам Тодара Лебяды. Гэта ўжо зроблена, і павароту няма. Можа, гэта вар’яцтва, пэўна, аддаю сябе на турму, на пакуту, але гэта зроблена шчыра... Як загіну, дык з чыстым сумленьнем, бо шляхам доўгіх ваганьняў прыйшла я да аднаго перакананьня.
Мне бясконца цяжка і сумна, мне цяжка да чорнага жаху вар’яцтва, хвілінамі думкі мяшаюцца ў галаве. Я пакідаю Хведара, які стаў для мяне даражэйшым за жыцьцё...
Юры Аляксандравіч, бывайце!!! Ня судзіце... Ці — судзіце, як знаеце... Скажыце калі-небудзь Хведару, што маім апошнім словам будзе ягонае імя...”26
Вядома ж, і Хведар Ільляшэвіч, і Юрка Віцьбіч асудзілі яе рэзка негатыўна, як “неўраўнаважаную, надламаную істоту”, a галоўнае — за яе імкненне вярнуцца “на радзіму”, дзе яна
адразу (як і “завяртанцы” Тодар Лебяда, Лявон Случанін) была асуджана да 15 гадоў катаргі.
Выехала Волыа Таполя ў Беларусь летам 1948 года. Хведар Ільляшэвіч загінуў восенню 1948-га ў аўтамабільнай катастрофе блізу Ватэнштэта, на 38-м годзе жыцця. Выгнанцы-беларусы шчыра аплаквалі яго смерць. Многія часопісы змяшчалі словы смутку пра заўчасна пайшоўшага паэта: “Бязьлітасная сьмерць вырвала яго тады, калі ён быў найбольш патрэбен беларускай справе. Перастала біцца ягонае вялікае, кахаючае Беларусь і людзей сэрца, але ягоныя думкі жывуць у сьведамасьці тых, каму ён дапамагаў ісьці цярністым эмігранцкім жыццём да Волі Бацькаўшчыны... На стале нябожчыка знойдзен зборнік ягоных вершаў у рукапісе “Нязжатая радасьць”... Ня зжаў тае радасьці ён, але пажнуць яе тыя, што прыйдуць пасьля яго, пажне тую радасьць любая яму Беларусь... Ён быў жывой ахвярай на ахвярніку Бацькаўшчыны. Усе свае найлепшыя пачуцьці, усю невычарпальную энергію аддаваў Беларусі, якую высьніў у юнайкіх снох, якая паланіла яго васількамі ў кутох незабыўных радзімых палеткаў. Яна вабіла яго сваім дзявочым хараством. Яе, апетую жаўрукамі ў паднябесьсі, нёс ён у чужыну і аб ёй сьпяваў песьні. Ягоная песьня была дакорам для тых, у кім шчэзла пачуцьцё нацыянальнага абавязку і падтрымоўвала на сіле тых, хто апошнім высілкам трымае нацыянальны сьцяг...