• Часопісы
  • Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

    Пакліканыя

    Літаратура беларускага замежжа
    Лідзія Савік

    Выдавец: Тэхналогія
    Памер: 479с.
    Мінск 2001
    115.93 МБ
    Безумоўна, Язэп Маёвы не здрадзіў сваім сябрам, і хоць даў ГПУ падпіску “о неразглашеннм”, не мог не расказаць Русаковічу, Сядуру, Астрэйку, Гуцьку, чаго дамагаліся ад яго следчыя. Так здольная беларуская моладзь трапляла ў спісы “ненадзейных элементаў”. “Ворагам народа” Язэп Лешчанка стаў у 1933 годзе, нягледзячы на тое што паэт Маёвы выказваў знешнюю лаяльнасць савецкай уладзе, яго раннія вершы гучалі ва ўнісон ідэалагічным устаноўкам, як і вершы амаль усіх пачынаючых аўтараў, якія не мелі магчымасці цалкам абстрагавацца ад патрабаванняў тагачаснай рэчаіснасці.
    Асуджаны па сфабрыкаванай энкавэдыстамі справе “Саюза вызвалення Беларусі” і за “контррэвалюцыйную агітацыю”, Язэп Лешчанка апынуўся ў сутарэннях Мінскай турмы “амерыканкі”, якая многім беларускім талентам у 30-х гадах замяніла ўніверсітэцкія аўдыторыі і чытальныя залы, а замест класічных твораў ім даводзілася чытаць сфальсіфікаваныя пратаколы служкаў рэжыму. Цэлых паўгода пакутаваў малады паэт у турме,
    пакуль ішло гэтак званае следства. Разам з ім сядзелі (таксама арыштаваныя 23 лютага 1933 года) Лукаш Калюга, Максім Лужанін, Сяргей Астрэйка, Уладзімір Дудзіцкі, Сцяпан Ліхадзіеўскі, Сяргей Русаковіч, Уладзімір Сядура, Сяргей Гайка, Юлій Таўбін, Францішак Гінтаўт і шмат іншых здольных студэнтаў апошняга курса Белпедтэхнікума. Разам іх цэлы месяц везлі ў жудасных умовах арыштанцкіх вагонаў да Новасібірска, і не аднойчы Язэпу згадвалася Беларусь, родная вёска, спакутаваная маці, якая пешшу прыйшла ў Мінск, дабілася спаткання з сынам, а ён не мог адказайь на яе нямое пытанне: “За што?”
    Адбываў пакаранне Язэп Лешчанка ў Гулагу на Далёкім Усходзе. На Сяданбуд разам з ім трапіў Віталь Калечыц — муж вядомай беларускай паэткі Канстанцыі Буйло. За ўдарную работу ім пашчасціла вярнуцца на радзіму крыху раней трохгадовага тэрміну. Але пакуты не скончыліся. Прыехаўшы зімой 1936 года ў родную вёску, сустрэўшыся з блізкімі, Язэп неўзабаве мусіў пакінуць Беларусь, бо не меў права жыць у прыгранічнай рэспубліцы. Паехаў у Варонеж, знайшоў прытулак на першым часе ў родных былога сябра па Гулагу. Пацяклі трывожныя дні, бо рэпрэсіі набіралі злавесны размах, і “ворагаў народу” ўжо не высылалі, а ў большасці расстрэльвалі. He пазбег бы паўторнага арышту і Язэп Лешчанка, каб застаўся на радзіме, як гэта здарылася з многімі іншымі вядомымі беларускімі пісьменнікамі, ды й не толькі з беларускімі. У Варонежы былы вязень Гулагу, па магчымасці абыходзячы ў біяграфіі гады зняволення, уладкаваўся рабочым на машынабудаўнічы завод “Камінтэрн”і адначасова на вячэрняе аддзяленне педінстытута. Удалося нават надрукаваць новыя вершы ў мясцовым літаратурным альманаху. Але хутка скончыліся спадзяванні на лепшае. Варонеж ачышчалі ад “ненадзейных элементаў”, а “всевндяшее око” чэкістаў ведала, хто такі Язэп Лешчанка. Давялося пакінуць Варонеж, і пасля няўдалай спробы застацца ў Арле ён вярнуўся ў Беларусь, дзе таксама быў непажаданым госцем. Адчуваючы небяспеку для сябе і родных, праз некаторы час беспрытульны паэт зноў надумаў паехаць у Варонеж. У аблана расказаў пра сябе ўсю праўду і неспадзявана, відаць, з прычыны недахопу настаўнікаў, атрымаў працу ў адной з вясковых школ блізу горада. 3 пачаткам вайны быў мабілізаваны ў войска і цэлы год вучыўся ваяваць, дзеля чаго зноў трапіў на Далёкі Усход, цяпер ужо салда-
    там. Вясной 1942 года яго накіравалі на Украінскі фронт у артылерыйскую разведку. Браў удзел у баях за Харкаў, трапіў у акружэнне, затым у палон. У 1943 годзе пашчасціла вярнуцца ў Мінск дзякуючы прадстаўнікам беларускіх арганізацый, якія з дазволу немцаў вызвалялі сваіх землякоў з палону. Пра гэты перыяд і пра жыццё ў ваенным Мінску Міхась Кавыль пазней, калі ўжо апынуўся ў вольным свеце, напіша аўтабіяграфічны раман “Із агню ды ў полымя”, дзе падрабязна раскажа пра цяжкія перыпетыі ўласнага лёсу і лёсу свайго пакалення.
    У выгнанне Міхаль Кавыль пайшоў у 1944 годзе. Жыў напачатку ў Нямеччыне ў лагерах перамешчаных асобаў, працаваў у вугальных капальнях Бельгіі (пра гэты перыд напісаў цыкл вершаў, якія друкаваліся ў часопісе “Шыпшына”). У 1948 годзе пераехаў у беларускі лагер Бакнанг, актыўна ўключыўся ў беларускія справы, рэдагаваў газету “Беларускае слова”, пазней — “Беларускую трыбуну”. У 1947 годзе ў Рэгенсбургу выйшаў яго першы зборнік вершаў “Ростань”.
    3 1950 года Міхась Кавыль жыве ў ЗША, у горадзе СаўтРывер, штат Нью-Джэрсі. Як і многім беларускім выгнанцам, давялося шмат працаваць на самых розных работах, каб забяспечваць сям’ю, атрымаць матэрыяльную незалежнасць. Але самае галоўнае, менавіта ў вольным свеце Язэп Лешчанка, былы савецкі паэт Язэп Маёвы, стаў Міхасём Кавылём, сапраўдным мастаком роднага слова, якім аддана служыў і служыць беларускай справе. Амаль усе яго творы напісаны ў амерыканскі перыяд жыцця, але пабудаваныя на беларускім, часцей за ўсе аўтабіяграфічным, матэрыяле і прысвечаны далёкай, бясконца дарагой Бацькаўшчыне. “Хоць я шмат перацярпеў, — пісаў пазней паэт, — але стаў Міхасём Кавылём. А мог бы застацца Язэпам Маёвым, які праслаўляў бы камуністычнае рабства. Мая выйгрышная карта адчыніла мне дзьверы Амэрыкі, дзе мая Муза, як той рыцар Пагоні, узьняла меч слова...”
    А першае яго паэтычнае слова загучала ў зборніку “Ростань”, які ўяўляе сабой шчымлівае развітанне з радзімай. Вобразы яе, цудоўныя беларускія краявіды, родная Случчына суправаджалі маладога паэта на выгнанніцкіх дарогах Еўропы, і яму нічога іншага не заставалася, як даць клятву вернасці назаўсёды пакінутай Бацькаўшчыне:
    Але вечна з намі будуць жыць Нашай долі спады і ўзьлёты, Родны край, расьпяты на крыжы, I выгнаньня сум і адзінота...1
    (Ростань, с. 3)
    У “Ростані” былі змешчаны не толькі вершы першых гадоў выгнання (1944—1947), але і напісаныя на радзіме ў 1933—1934 гадах (“Адзін, адзін”, “Ня кувай”, “Пралескі”, “Абэль”, “Помніш, мама?”, “Сібір”). Гэта своеасаблівыя помнікі роспачным гадам рэпрэсій, якія ў дабрачыннай Еўропе згадваліся як цяжкі сон за чорнымі кратамі, калі над усімі была “д’ябальская воля”, а маладосць многіх талентаў праходзіла “за вастрожнай сьцяной ды ў няродных краёх”. Трагічную праблематыку такіх вершаў пісьменнік будзе распрацоўваць і далей, асабліва ў празаічных творах, а пакуль малады паэт шукаў свае тэмы і формы, якія б адпавядалі яго настроям, успрыманню і разуменню жыцця. Вядома ж, у гэтых першых мастацкіх спробах пяра адчуваецца яшчэ наследаванне, перайманне матываў і творчай манеры Я.Купалы, М.Багдановіча, С.Ясеніна, што зусім зразумела і апраўдана для маладога аўтара, як і аднастайнаснь лексічных сродкаў, сентыментальна-ўзнёслыя звароты да радзімы (“Беларусь, мая ты кветка, // буду век цябе кахаць...” “Ой, ты, край мой залаты, // Край мой васільковы...”).
    У зборніку “Ростань” была змешчана і першая паэма Міхася “Пад небам Случчыны каханай”, напісаная ў 1943 годзе і ўпершыню надрукаваная ў часопісе “Новы шлях” (1944). Паэма, створаная ў традыцыйна-рамантычным стылі, складаецца з сямі раздзелаў і ўяўляе сабой храналогію жыцця беларусаў, разгорнутага на фоне падзей 20—30-х гадоў. Лірычны герой паэмы, згадваючы свае дзіцячыя, “пастушковыя” гады, красу роднага краю, услухоўваючыся ў парады “дзеда-мудраца”, вучыўся разумець людзей, жыццё, гісторыю Бацькаўшчыны, яе сённяшні дзень, пазначаны не толькі подзвігамі герояў Слуцкага збройнага чыну, але і жудаснымі рэпрэсіямі, “калі ў Сібір халоднымі шляхамі // ішлі з-пад Слуцку песьняры...” Беларускі крытык У.Глыбінны ў артыкуле “На шляху да паэтычнага майстэрства”
    1 Тут і далей вершы цыт. па кн.: М.Кавыль. Міжагнёўе. Выбраныя творы. Ныо-Ёрк: БІНІМ, 1990.
    (“Беларуская думка”, 1965, № 7), аналізуючы зборнікі Кавыля “Ростань” і “Пад зорамі белымі”, лічыў паэму “Пад небам Случчыны каханай” “узорам патрыятычнай і высакаякаснай лірычнай паэмы, якая нагадвае “Тэстамэнт” У.Жылкі. А кожнаму беларускаму аматару паэзіі і патрыёту было прыемна прачытаць мілагучныя, прыгожыя радкі паэмы з адэкватнымі яму настроямі замілавання да роднага краю:
    Гатоў штодзень я быць данарам, Па кроплі кроў аддаць сваю За васільковыя прасторы, Дзе людзі маладосьць маю
    Тапталі бруднымі нагамі, Дзе жыў мой бацька, любы дзед, Дзе над лугамі-мурагамі Іскрыцца сонца агняцьвет.
    Хачу я крыкнуць родным хатам, Дзе льецца Случ, мая рака — Мілей за тысячы дукатаў Цьвяток мне сіні васілька.
    3 прастору Случчыны каханай, Дзе зоры сыплюцца ў расу, Пазнаў я шлях цярністы рана I краю роднага красу...
    (Пад небам Случчыны каханай, с. 25)
    Гэты ранні твор Кавыля, як і невялікія паэмы “Першая рана”, “Міжагнёўе”, папярэднічалі грунтоўнай аўтабіяграфічнай паэме “Непакорныя”, напісанай амаль праз сорак гадоў ужо сталым, вопытным майстрам паэтычнага слова.
    Вершы, паэмы, пераклады і часткова празаічныя творы склалі грунтоўны том выбраных твораў Міхася Кавыля “Міжагнёўе”, выдадзены Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку ў 1990 годзе. Пазней ён завяршыў раман “Із агню ды ў полымя”, успаміны “Казённы дом і далёкая дарога”, працягваў пісаць вершы, крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, рэцэнзіі, актыўна друкаваўся ў эмігранцкіх перыядычных выданнях, быў рэдактарам часопіса “Беларуская думка”. Уся творчая спадчына таленавітага пісьменніка ўяўляе сабой незвычайна цікавую і адметную з’яву ў беларускай літаратуры. I не толькі
    таму, што грунтуецца на перажытым, перапакутаваным самім аўтарам, але і таму, што многія падзеі 30—40-х гадоў — рэпрэсіі, вайна, акупаваны Мінск — паказаны з такога пункту гледжання, які амаль не разглядаўся ў сучаснай літаратуры, калі не лічыць творчасць тых жа пісьменнікаў-эмігрантаў — Кастуся Акулы, Ma­cefl Сяднёва, асабліва іх празаічныя кнігі, якія адлюстроўваюць падзеі не ў плане традыцыйна-савецкай ідэалогіі, а з агульначалавечых нацыянальна-вызвольных пазіцый.
    Асноўная частка зборніка “Міжагнёўе” — паэтычныя творы, напісаныя ўжо за межамі Беларусі. Гэта цыклы з вершаваных зборнікаў “Пад зорамі белымі” (Нью-Ёрк, 1954), “Першая рана” (Манчэстэр, 1960), “Цяжкія думы” (Нью-Ёрк, 1961) і вершы, якія Кавыль напісаў у 70—80-х гадах — сталы перыяд творчасні.
    Тэматычна гэтыя цыклы вершаў мала чым адрозніваюцца ад твораў іншых паэтаў-выгнанцаў. Кавыль знаходзіцца ў традыцыйным коле беларускай паэзіі замежжа. Найперш ён вызначае мэты і задачы сваёй вольнай Музы, у многіх творах гучаць нацыянальна-патрыятычныя, настальгічныя, аўтабіяграфічныя матывы, паўстаюць вобразы радзімы і чужыны, закранаюцца адвечныя філасофскія праблемы жыцця, тэма кахання (“Мне б ня быць ніколі паэтам, // каб я гэтак кахаць ня ўмеў...”) і вялікай любові да Бацькаўшчыны.