Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Дзень вясновы Сакавіковы ня прыйсьці ня можа...
(Дзень той прыйдзе, с. 111)
Да праблематыкі гэтых вершаў блізкая і паэма “Міжагнёўе”, якую аўтар прысвяціў змагарам за незалежную Беларусь. Паэма пісалася з 1949 па 1961 год і складаецца з дзесяці невялікіх раздзелаў. Ужо сімвалічная назва гэтага дынамічнага твора Кавыля, як і шматзначная метафара Н.Арсенневай “Між берагамі”, раскрывае яго асноўны сэнс і змест. Беларусь пад час Другой сусветнай вайны апынулася паміж двума агнямі. Ваявалі вялікія дзяржавы, дакладней таталітарныя рэжымы Гітлера і Сталіна, а малая міралюбная краіна, якая аказалася на перакрыжаванні гэтай непатрэбнай народу бойні, несла агромністыя страты. I для беларусаў аднолькава цяжка было зносіць “апрычнікаў Берыя і ўнукаў крыжакоў-рыцараў” — “расстрэльваюць гэтак жа сама, // Нават у тыя самыя ямы...” Аднак у паэме найбольшую цікавасць уяўляе погляд аўтара-беларуса на саміх беларусаў у такой сітуацыі, погляд знутры, што наагул характэрна для ўсіх твораў Кавыля. Для пісьменніка, як і для многіх сапраўдных патрыётаў Бацькаўшчыны, не можа быць іншай пазіцыі, як перад любым “гадам на калені не падаць”. Галоўнае — быць гаспадарамі свайго лёсу, сваёй зямлі, змагацца за незалежную Беларусь. Але яго не можа не хваляваць раз’яднанасць нацыі, бо адны беларусы “змагаліся” на чорным рынку, другія жылі “сваім агародам, сваім конікам”, былі абыякавыя да белчырвона-белага сцяга і Пагоні, трэція ішлі служыць любым акупантам, было шмат “вартых шыбеніцы” — розных “тутэйшых”, “прыблудаў”, “уласных юдаў і катаў”, “было нямала пятых і дзесятых, // Богам і людзьмі праклятых”... Згадваючы цяжкія дні вайны, такія падзеі, як арганізацыя БКА — беларускага войска, расстрэлы гітлераўцамі — “чыстакроўнымі арыйцамі” — мірных жыхароў, якіх яны прымалі за камуністаў, аўтар з іншага боку паказвае, як плылі “над краем хмары крывава-чырвоныя”, як “бальшавікоў рука мардуе, нішчыць” тых беларусаў, што імкнуліся адрадзіць вольную Бацькаўшчыну. Аднак паэма “Міжагнёўе”, напісаная ў рэчышчы вайсковых маршавых neeHay, завяршаецца на аптымістычнай ноце. Аўтар, апавядаючы пра паседжанні Другога Усебеларускага кангрэса, гэтага ўсенароднага веча, на якім было аб’яўлена пра незалежнасць, выказвае ўпэўненасць, што “будзем мы гаспадарамі сваёй хаты. Будзе жыць Беларусь!” I гэта не ўзнёслыя лозунгі, а вера, заснаваная
на тысячагадовай нацыянальнай гісторыі, на жыццястойкасці беларусаў, іх адвечна-мудрай філасофіі — умець пераадольваць “дзіды жыцьця”. Кавыль паказваў гэтую жыццястойкасць не толькі праз нацыянальна-патрыятычныя вершы, але і праз філасофскую лірыку, як і праз лірыку кахання, апісанне прыроднага хараства радзімы, прыгажосці духоўнага свету сваіх землякоў. Працавітыя беларусы, як мурашкі, колькі б ні разбуралі іх дом, заўсёды сваёй вытрываласцю, цярплівасцю наноў адбудоўвалі яго (“Хтось прарочыў...”, “Бы мурашка не па росту ўздымаю цяжар”). I хоць жыццё для іх ніколі не было прыгожай казкай, аднак ім уласцівы быў палёт арла, а не спажыўца без мэты і мары (“Арла бачыў я...”, “Прашу няшмат”). Яны заўсёды разумелі часовасць, хуткаплыннасць чалавечага існавання, былі філосафамі, не жылі ілюзіямі, былі харобрымі воінамі, спаконвеку баранілі айчыну ад розных нашэсцяў, будавалі святыні, верылі ў Бога, захоўвалі ў сабе чалавека “дабрадушнага, бяз хітрошчаў і пыхі...”, імкнуліся да еднасці, хоць часта ішлі ёй наперакор. Іх крэда, як і крэда паэта: “Люблю жыцьцё. I радасьць, і туга // Бы пара крылаў, моцнае з падбітым...” (“У святыні”, “Дыханьне”, “Мэта”, “Жыцьцё”, “Недарост і зайздрасьць”, “Чалавек”, “Санэт еднасьці”). У вершах ‘Талактыкаў голас касмічны”, “Узвышша”, “Мой прарок”, “Усё пакіну”, дзе пульсуе філасофскі роздум над жыццём і вечнасцю, паэт, успрымаючы “страхоцьці” цывілізацыі — атам, радыяцыю, як “магілу родным дзецям”, адначасова падкрэслівае неацэнную прыгажосць жыцця на гэтай зямлі, кажа пра ўласны няпросты шлях, дзе давялося ўздымацца на ўзвышшы, балюча падаць, цярпець голад і холад, выпрабаванні канцлагера, вайны, выгнання, калі сэрца жалілі “песьні родныя, як хатынскія званы”. Але ўсё перанёс трывушчы беларус, бо з ім былі яго святыні — Бог і любоў да радзімы. I нездарма так шчымліва-ўзнёсла ён апісваў красу яе прыроды і найперш вясну як сімвал абуджэння, адраджэння Бацькаўшчыны.
Яшчэ сьнягоў ня выкіпела пена, Вятры ільдзінак зорных не зьмялі, А ўжо бруіцца па бярэзін венах Прыглушаная музыка зямлі...
(Яшчэ сьнягоў..., с. 169)
Смалой і мёдам пахне у бары, на небе ў схованку гуляюць хмары, А дзесь дзятлы, лясныя дактары, У хворых дрэў адлічваюць удары.
Ня стогнуць дрэвы, ведаюць — вясна Залечыць раны сокам і жывіцай.
А вунь за хмары пяліцца сасна, Хутчэй сьвятла, хутчэй цяпла напіцца...
(Каляндар, с. 45)
I ўсё ж галоўная заслуга Міхася Кавыля як мастака слова — фарматворчасць у галіне айчыннай паэзіі. Акрамя яе традыцыйных формаў ён шырока выкарыстоўваў кпасічныя формы верша (рандо, трыялеты, секстыны, вілянэль), але найбольш пісаў санеты. Ягонай паэзіі ўласцівы не толькі звыклыя матывы настальгіі, плачу аб нядолі забранай Бацькаўшчыны, веры ў яе светлую будучыню, апяванне гісторыі, выдатных дзеячаў, але і эстэтызацыя, упрыгожванне, часам ускладаньне верша незвычайнымі рыфмамі, лексічнымі знаходкамі. Кавыль першы ў беларускай літаратуры напісаў вянкі санетаў, кароны санетаў. Цыклы санетаў пачалі з’яўляцца з другой паловы пяцідзесятых гадоў. Першы вянок санетаў “Цяжкія думы” быў створаны ў 1956 годзе, карона санетаў “Мярэжа” — у 1957, другі вянок — “Чорны лёд” — у 1958 годзе. Гэтым жа годам пазначаны і “Вянок санетаў” Алеся Салаўя, які жыў у Аўстраліі. У Беларусі першы вянок санетаў “Нарач” напісаў Ніл Гілевіч (1967). У 1961 годзе санеты “Цяжкія думы” выйшлі асобнай кнігай (14 санетаў, 2 вянкі санетаў і 1 карона санетаў), выданне БеларускаАмерыканскага Дапамогавага Камітэта.
Санеты Кавыля надзвычай змястоўныя, эмацыйныя, напоўненыя тымі ж нацыянальна-патрыятычнымі матывамі, што і традыцыйныя вершы. У іх яшчэ больш вызначальна гучаць заклікі да збаўцаў, прарокаў прасвятляць людзей, абуджаць імкненне да волі, падымаць тых, хто “арлінае аб краты ломіць крыльле”, пазбаўляць пакутны народ ад разладу, братняй нязгоды (“Канцона”, “Сакавік”, “Боль”, “Чад”, “Усе, як людзі”, “Узялі мой дом”, “Гніём, бы з таго дубу целяшы” ды інш.).
Вянок санетаў “Цяжкія думы” пабудаваны на строгіх класічных канонах — чатырнаццаць чатырнаццацірадковых санетаў
завяршаюцца пятнаццатым — магістраляй, складзенай з першых радкоў папярэдніх санетаў.
Плывуць наўгад бязь ветразяў чаўны. За што, Тварэц, я цяжка пакараны? Мяне Масквы зьнявечылі сыны, Пякуць агнём, крывавяць мае раны.
Абрыдзеў гурт нікчэмнасьці, маны, У грудзёх маіх бушуюць гураганы. Гайсае страх на конях вараных, Ідзе паэт, ад цяжкіх думаў п’яны...
У магістральным санеце “Цяжкіх думаў” выказана асноўная ідэя твора, дзе паэт імкнуўся ўвасобіць свой роздум над сутнасцю эпохі, у якой давялося жыць яго пакаленню, змагацца за годнае чалавечае прызначэнне.
Калі ў “Цяжкіх думах” магістраля завяршае вянок, то ў “Чорным лёдзе” яна пастаўлена на самым пачатку, што парушае як эфект нечаканасці яе стварэння, так і патрабаванні да класічных твораў. Аднак гэта ніяк не адбіваецца на тэматычнай, ідэйнай змястоўнасці санетаў. Вянок “Чорны лёд” успрымаецца як свайго кшталту літаратурны тэстамэнт пісьменніка. У ім выразна акрэслена асноўная задума — паэт і сусвет, “прывабны і шырокі”. А гэта паказвае на месца чалавека ў сусвеце (“мы толькі кроплі ў бурным вадаспадзе”), пераемнасць пакаленняў, мара аб пабудове “шляхотнага суладьдзя жыцьця”, рамантыка юнацтва і кахання, вернасць і здрада, падзенні і ўзлёты, “агні няведамых краёў, планет, стыхіі веліч, таямніцы зор, пярэстай восені пажоўклы сум, пакута і роспач”, вера і спадзяванні, цяпло роднай зямлі, водар бацькоўскага дому — усім гэтым паэт служыць красе і забранаму Краю. Тэма служэння радзіме шырока разгортваецца ў многіх творах Кавыля і асабліва ў яго змястоўных баладах “Дума аб гэрою”, “Баляда аб Тані”, “Дума пра Андрэя Кміціца”. Сюжэт баладаў заснаваны на гістарычных падзеях розных эпох. Калі “Дума пра Андрэя Кміціца” (апублікавана ў часопісе “Беларуская думка”, 1986) напісана пад уражаннем рамана Г.Сянкевіча “Патоп” і раскрывае падзеі далёкага XVII стагоддзя, здраду радзіме маладога аршанскага харужага Андрэя Кміціца дзеля кахання польскай паненкі (балада нечым нагадвае сюжэт аповесці “Тарас Бульба” Гогаля), то
“Дума аб гэрою” (апублікавана ў 1949 годзе ў часопісе “Напагатове”, “Баляда аб Тані” (напісана ў 50-х гадах) апавядаюць пра гераічныя ўчынкі маладых беларусаў Янкі і Тані, якія ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля маці-радзімы.
Да жанру балады можна далучыць і выдатны твор “Жаўрук”, заснаваны на гістарычна-легендарных паданнях. Аўтар распавядае пра нашэсце татараў, якія дайшлі да самага Палесся. Людзям не было ўжо змогі супрацьстаяць басурманам, і тады ім на дапамогу прыляцелі птушкі.
Высока, высока Над рэчкаю Пінай Узьвіўся жаўрук 1 кліч кінуў: “Шляхотныя людзі, Жанчыны Палесься, Татары вас судзяць, Пазбавілі песьняў; Браты вашы, дзеці Сканалі ў пакутах. Ськідайце з ног путы, Нясеце, жанчыны, Клубкі і пачынкі, Складайце ля Піны, Чакайце чыну!”
(Жаўрук, с. 213)
Балада складаецца з 14 раздзелаў і вылучаецца мастацкай вобразнасцю, трапнымі параўнаннямі (“жаўрукова пяяньне, як жалейкі граньне”, “тлела сонца дыня за хмараю дыму” ды інш.), удалымі апісаннямі “птушынага веча”, яго “збройнага чыну”, разбуральнага татарскага нашэсця. У алегорыях “Жаўрука” — глыбокі падтэкст. Гэта ўсё тая ж ідэя яднання беларусаў, заклік да ўсеагульнага змагання супраць розных ворагаў Бацькаўшчыны, каб звінела з краю ў край, як песня жаўрука, вольнае слова беларуса.
Найбольш вызначальна гэтая праблематыка раскрываецца ў паэме “Непакорныя”, напісанай у 1982 годзе. Сваёй вонкавай пабудовай, зместам, лёсам герояў твор Міхася Кавыля блізкі да выдатнай паэмы Уладзіміра Клішэвіча “Васіль Каліна”, што сведчыць пра тыповыя абставіны тагачаснага жыцця Беларусі. Зместу “Непакорных” папярэднічае эпіграф з Язэпа Пушчы:
“Пакорнасьць нейкая дый годзе. Няўжо наш род такі, няўжо?” Беларусь у паэме паўстае ў выглядзе вёскі Ціша, назва якой, пацвярджаючы эпіграф, сімвалізуе традыцыйныя ўяўленні пра Беларусь з яе славутай талерантнасцю, пакорлівасцю, цярплівасцю. Аднак гэта толькі на першы погляд. Галоўны герой паэмы Алесь Лучына, з некалі багатай Случчыны, добра ведаў непакорны дух яе змагароў і паўстанцаў, сам быў сведкам іх барацьбы за волю Бацькаўшчыны. Ужо ў часе нараджэння бабка-павітуха, заўважыўшы падабенства сына і маці, прадказала: “Ня жыць яму ў бацькоўскай хаце, // бадзяцца век за белым сьветам, // ён і турму не абміне, // і кроў пабачыць на вайне...” Словы сталіся прарочымі не толькі для Алеся Лучыны, але і для цэлага пакалення беларусаў, якіх “не абміналі суседзяў каваныя боты”. I ўсё ж Ціша жыла, гадавала дзяцей, была і “Весялухай і Гараваткай”, яе не раз трэслі катастрофы свету.