Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Як крытык Кавыль часта выступаў з рэцэнзіямі на творы К.Акулы, Я.Золака, У.Клішэвіча, М.Сяднёва, У.Случанскага, пісаў пра творчасць Ю.Віцьбіча, В.Быкава, А.Макаёнка, беларускіх савецкіх паэтаў А.Бялевіча, К.Кірэенку, А.Вялюгіна, М.Аўрамчыка. Вершы, крытычныя і публіцыстычныя артыкулы Кавыля публікаваліся ў часопісах “Шыпшына”, “Божым шляхам”, “Конадні”, “Шляхам жыцьця”, “Баявая Ускалось”, “Напагатове”, “Беларуская думка”, “Поланак”, газетах “Бацькаўшчына”, “Беларус”, “Беларускае слова”, “Новое русское слово”, іншых выданнях. Падпісваў ён свае творы як сапраўдным прозвішчам — Я.Лешчанка, так і псеўданімамі Язэп Маёвы, В’юрок, Я.Ляшчына, А.Зарэцкі, А.Камароўскі, Й.Лешенко, Я.Л., М.К., а ў часе вайны ў “Беларускай газэце” друкаваўся пад псеўданімам Я.Карась.
* * W
Проза Міхася Кавыля меней вядомая ў Беларусі. Некаторыя апавяданні пісьменніка, змешчаныя ў кнізе “Міжагнёўе”, маюць выразны аўтабіяграфічны характар, расказваюць пра студэнцкія гады галоўнага героя, Мінск 30-х гадоў (“Разводзьдзе”), першае юнацкае каханне (“Бірута”), рэпрэсіі, арышт, высылку ў Гулаг, вяртанне на радзіму, паездку ў Варонеж, Арол, дзе, як і на радзіме, нелыа было знайсці прытулку (“Ніхто цябе не запыніць”). Гэтыя апавяданні, напісаныя ў 60-х гадах, папярэднічалі раману “Із агню ды ў полымя”, успамінам “Казённы
дом і далёкая дарога”, якія ўяўляюць сабой пашыраную біяграфію аўтара. “Казённы дом і далёкая дарога” ўпершыню былі апублікаваны ў часопісе “Запісы БІНІМ” (1992, № 20). Празаічны тэкст тут перамяжоўваецца вершамі, падрабязна апавядаецца пра Белпедтэхнікум, выкладчыкаў, заняткі, літаратурныя вечарыны, першыя спробы пяра, якія нагадвалі творчую манеру М.Багдановіча, У.Маякоўскага, зняважлівую крытыку А.Кучара, уступленне ў “Маладняк”, сяброў па пяры, “Саюз Ваяўнічых Бязбожнікаў”, ператвораны імі ў “Саюз Вызвалення Беларусі”, даносы, арышт, допыты, якія вяла следчая Надзея Навіцкая, унутраную турму НКВД, яе жудасныя ўмовы: “Прывялі мяне на двор “амэрыканкі”, запхнулі ў “чорны воран” і павезлі, як я пазьней пісаў у вершы, у “белы дом з вартавымі — вастрог”. Там завялі на другі паверх і адчынілі зялезныя дзьверы чацьвёртай камэры... 3 камэры мне дыхнула такім смуродам, што я ледзь утрымаўся на нагах. Як п’яны, апусьціўся тут жа каля дзьвярэй на нары, паміж нейчых худых, як у рахітыка, ног. Паглядзеў на вялікую камэру. На нарах, на цэментовай падлозе адзін каля аднаго ляжаць, хто на баку, хто на сьпіне, нейкія стварэньні із Дантавага хіба аду” (Запісы БІНІМ, с. 73). “Трымаў чатыры дні галадоўку, як пратэст супраць безпадстаўнага арышту, нават перарэзаў сабе вены, але быў выратаваны. За прыналежнасць да “Саюзу Вызваленьня Беларусі” і антысавецкую агітацыю далі 3 гады канцлагеру. Прыходзіла маці з-пад Слуцка, прынесла перадачу. Пра гэта пазней напісаў верш “Помніш, мама, той горад вялікі...”
Пагналі на этап. У калоне, якую ўначы вялі на вакзал, быў Лужанін, яму жонка, Я.Пфляўбаум, паспела перадаць харчы на дарогу. Склаўся верш:
Трыццаць суткаў ад Менску да Сібіры Па Радзіме, засьнежанай шыры Поўз, не сьпяшаючы, як удаў, Набіты “ворагамі народу” састаў, Каб людзей не палохаць, не мазоліць вочы,
Тарахцеў састаў толькі ўночы...
Завезлі на Далёкі Усход, на катаржныя работы, давялося нават маляваць партрэты Ягоды. Вяртанне на радзіму было бязрадасным, у міліцыі (пайшоў у Грэск, каб прапісацца) загадалі
“ў 24 гадзіны пакінуць прыгранічную зону”. Што далей адбывалася з Язэпам Лешчанкам, ад імя якога напісаны гэтыя ўспаміны, мы даведваемся з апавяданняў, змешчаных у “Міжагнёўі”. А міжагнёўе Кавыля скончылася тым, што пісьменнік і герой яго прозы трапілі “Із агню ды ў полымя” — з агню канцлагера ў полымя вайны.
Раман пісаўся на працягу 1988—1994 гадоў. Першыя яго раздзелы, ці, як аўтар іх назваў, быліцы, публікаваліся ў часопісе “Беларуская думка” (1988—1992, № 33—37), апошнія — у часопісе “Полацак”, які выдаецца ў Кліўлендзе (1993— 1994). Асобнай кнігай раман пакуль не выдадзены.
Найбольшая яго вартасць, як слушна адзначаў Рыгор Барадулін, што “гэта позірк на падзеі, якога ў нас тут няма” (“Полацак”, 1994, № 10). I сапраўды, ваенныя падзеі 1941 — 1944 гадоў, акупаваны Мінск і тое, што тут адбывалася, паказаны знутры, з пункту гледжання беларуса, удзельніка і сведкі гэтых падзей, які аднолькава непрымальна ставіўся і да сталінскага, і да гітлераўскага рэжымаў. Але гэтым падзеям у рамане папярэднічалі перадваенны і першыя ваенныя гады, калі галоўнаму герою Язэпу Лобачу — былому “ворагу народа” ўдалося пераадолець “58-ю хваробу” і трапіць на фронт, потым у акружэнне і нямецкі палон, з якога ён цудам выбавіўся. Вайна для Лобача працягвалася ў Мінску, і гэты перыяд з жыцця галоўнага героя найбольш грунтоўна і падрабязна апісаны.
Айчынны чытач, які ўпершыню знаёміцца з адлюстраваннем ваенных падзей, абсалютна адрозным ад твораў савецкай літаратуры, абавязкова задумаецца над пытаннем, наколькі аб’ектыўны чалавек, які прайшоў беспадстаўныя, жорсткія рэпрэсіі, у разуменні людзей, самога сябе, наколькі рэальна ўспрымае свет, ці не абумоўлівае бесчалавечнасць жыццёвых абставінаў сталінскай эпохі несправядлівасць, неправеднасць яго думак, ацэнак, дзеянняў. Зразумела, такі чалавек, прайшоўшы пекла Гулага, мае права на папрок, пакрыўджанасць, нават азлобленасць. Аднак раман, напісаны ў пару пісьменніцкай сталасці, з вялікай дыстанцыі гадоў, успрымаецца як жывое сведчанне незабыўнай, непадобнай ні на што іншае лепшай пары чалавечага веку — маладосці, хай і азмрочанай цяжкімі выпрабаваннямі. I няма ў ім нотак зламоўнасці, ёсць крытычны погляд удумлівага чалавека, які бачыць бяздарнасць савецкага вышэйшага каман-
давання, што дапусціла пагібель цэлых армій, разумее і ведае гісторыю сваёй шматпакутнай Бацькаўшчыны, якая не паспявае аддыхацца ад аднаго акупанта, як на яе накочваецца навала новага “дабрадзея”.
Пісьменнік паставіў перад сабой задачу — як мага праўдзівей расказаць пра тое, што было ў акупаваным Мінску. Ці з’яўлялася служэнне беларускай нацыянальнай ідэі, хай сабе і ў часе чарговай (нямецкай) акупацыі, супрацоўніцтвам, калабарацыяй з ворагам? Аўтар імкнуўся паказаць раз’яднанасць, падзеленасць беларусаў на тых, хто верай і праўдай служыў савецкай уладзе, і тых, хто стаяў на пазіцыях незалежнасці, выкарыстоўваючы любыя сродкі і метады, а таксама тых, хто вагаўся ці наагул абыякава ставіўся да гэтых праблемаў, заклапочаны ўласным выжываннем. Вызначальнай асаблівасцю рамана “Із агню ды ў полымя” ёсць тое, што аўтарскае “я” выступае тут як тэматычны, кампазіцыйны і сюжэтны цэнтр, вакол якога аб’ядноўваюцца і персанажы, і падзеі. Галоўны герой амаль поўнасцю атаясамліваецца з аўтарам, які, дакладна прытрымліваючыся сваёй біяграфіі, выяўляе сябе як асобу, адметную індывідуальнасць, пазбаўленую, аднак, самаўхвалення, ідэалізацыі, стварэння міфа пра ўласнае жыццё. Язэпу Лобачу ўласцівы, як звычайнаму чалавеку, розныя якасці характару, што выяўляюцца праз стаўленне да іншых дзейных асобаў твора, падзей, абставінаў жыцця.
А жыццё ваеннага часу, вядомае сваёй непрадказальнасцю, бесчалавечнасцю, вымушала кожнага зрабіць свой выбар. Язэп Лобач, пабачыўшы знявечаны, разбураны Мінск, надумаў напачатку ісці ў лес, да партызан, змагацца з акупантамі. Але, успомніўшы катаванні ў “амерыканцы”, канцлагер на Далёкім Усходзе, адкінуў гэты намер. Стрыечнаму брату Віктару ён кажа: “Я прыехаў у Менск не як халуй немцаў, а як змагар за лепшую долю беларусаў...” Аднак марным сталася служэнне беларускай справе пры немцах. Яны, хоць і дазволілі карыстацца роднай мовай, выдаваць газету, вярнуць нацыянальную сімволіку, адкрываць цэрквы і касцёлы, але ўсё гэта дзеля ўяўнай вонкавай лаяльнасці да мясцовага насельніцтва, якое яны бязлітасна палілі разам з вёскамі, вывозілі ў рабства ў Нямеччыну, расстрэльвалі, вешалі, катавалі ў гестапа, пільна сачылі за кожным крокам тых, хто займаўся беларускімі справамі. Язэп
Лобач, які працаваў у аддзеле беларускай прапаганды, хоць і даводзіў брату, колькі загінула пры Сталіне “ворагаў народа”, раскулачаных, высланых у Гулаг, аднак добра разумеў жудаснае становішча беларусаў і пры немцах. Гэтымі размовамі, спрэчкамі братоў аўтар імкнуўся паказаць рознае светаўспрыманне людзей, што апынуліся пад акупацыяй. Адпаведна і дзейныя асобы твора падзяляюцца на два лагеры: так званых “калабарантаў” і падпольшчыкаў-партызан. Сярод беларусаў, якія змагаліся за волю Бацькаўшчыны, былі як рэальныя асобы — рэдактар “Беларускай газэты” У.Казлоўскі, В.Іваноўскі, Селях, Р.Астроўскі, Ермачэнка, Ф.Акінчыц, Ф.Кушаль, І.Касяк, святар М.Лапіцкі і інш., так і створаныя фантазіяй пісьменніка. Сам Язэп Лобач. праз успрыманне якога падаюцца і людзі і падзеі, стаіць як бы пасярэдзіне. Яму давяраюць, да яго звяртаюцца па дапамогу і тыя і іншыя, ён аднолькава імкнуўся спрыяць сваім паняволеным землякам. Па-рознаму складваліся лёсы герояў рамана, часцей за ўсё трагічна, як трагічным быў лёс Мінска і ўсёй Беларусі, якая апынулася на перакрыжаванні барацьбы двух таталітарных рэжымаў. I беларусы ў сваіх памкненнях да волі, незалежнасці і ў тыя часы рабілі ўсё, што было ў іхных сілах. У рамане паказана жыццё беларускай сталіцы такім, якім яго бачыў Язэп Лобач. Перад чытачом праходзяць многія падзеі: выбух міны, закладзенай падпольшчыкамі ў гарадскім тэатры, перапоўненым беларусамі пад час пастаноўкі п’есы Тодара Лебяды “Загубленае жыцьцё” (пра сталінскі канцлагер), святкаванне 25 Сакавіка на Пляцы Волі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, забойства Кубэ, заснаванне Беларускай Самапомачы, Рады Даверу, арганізацыя Беларускай Цэнтральнай Рады, Самаабароны, Беларускай Краёвай Арміі, Саюза беларускай моладзі, Усебеларускі кангрэс і нарэшце зыход беларусаў, прыхільнікаў нацыянальнай ідэі, пры вызваленні Мінска войскамі Чырвонай арміі. Гэтым заканчваецца 21 быліца рамана, які мае невялікі эпілог, дзе паведамляецца пра далейшыя лёсы галоўных герояў твора. Язэп Лобач жыве ў невялікім гарадку недалёка ад Нью-Ёрка. Тут і яго зямляк са Случчыны Мікалай Арочка, былы партызан, які служыў у немцаў пад выглядам паліцая. Сымон Краўцоў, з якім Язэп Лобач разам вучыўся ў Белпедтэхнікуме, падзяляў цяжкія гады Гулага, нямецкі палон, служэнне беларускай справе ў Мінску, таленавіты пісьменнік, апы-