Пакліканыя Літаратура беларускага замежжа Лідзія Савік

Пакліканыя

Літаратура беларускага замежжа
Лідзія Савік
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 479с.
Мінск 2001
115.93 МБ
Гэтае “пазнанне існасці” паглыблялася Васілём Калінам асабліва ў студэнцкія гады ў сталіцы, але як разыходзіліся яго веды, светаўспрыманне з рэальным жыццём, з тым, што пачалося ў 30-х гадах у краіне. Перад героем паэмы паўстае шмат пытанняў, на якія ён не можа знайсці адказу, хоць, здавалася, і меў уяўленне пра “праўдзівы грунт дарог” для сваёй Бацькаўшчыны-Беларусі. Найперш ён не можа зразумець, “нашто гнятуць сялян калгасам, // уводзяць паншчыны аджытак?” Чаму праводзяць калектывізацыю далёкія ад жыцця сялянаў людзі, накшталт камісара Шлёмкі Гака, былога “гандляра рызьзя і мазі”? За што “людзей як быдла ў вагоны энкавэдысты зацяглі” і гоняць “к Сыбіру эшалоны”?
Шмат у савецкай літаратуры напісана твораў пра калектывізацыю, але не мелі аўтары магчымасці так адкрыта-праўдзіва, як
у паэме Клішэвіча, смела і бескампрамісна гаварыць пра злачынныя метады, ды і наагул саму антыгуманную ідэю сталінскага “вялікага пералому” ў жыцці сялянства. Такія памкненні былі ў многіх аўтараў, што пісалі па гарачых слядах падзей (“Вязьмо” М.Зарэцкага), але толькі з аповесцяў В.Быкава 90-х гадоў (“Аблава”, “Сцюжа”) пачалося раскрыццё сапраўдных падзей, звязаных з 30-мі гадамі.
Клішэвіч без усялякай ідэалагічнай зашоранасці называў рэчы сваімі імёнамі (“Народ загнаны пад прымус, // Сягоньня ён, як сам Ісус, // Ахвяра здрады, таннай платы // Нясе свой цяжкі крыж пакуты...”)-
He вымераць такога болю.
Народ у путах і ярме.
Цяжкое выпала на долю — Хадзіць на волі ў турме...
Герой паэмы часта задумваецца: чаму па беларускіх вёсках так многа прышлых жабракоў? (“Так з’еў калгас галоднай сьмерцю // аж шэсць мільёнаў украінцаў...”)Чаму так цяжка жывуць рабочыя ў горадзе? Жывучы ў студэнцкім асяроддзі на галодным пайку, блізка назіраючы побыт творчай інтэлігенцыі, пісьменнікаў, бо і сам спрабаваў пісаць вершы, Васіль Каліна яшчэ больш упэўніваецца, што вонкава прыгожыя, праўдзівыя лозунгі савецкай улады толькі лозунгамі і застаюцца (“лёзунг роўнасці і волі — мана...”)-
У аўтарскіх адступленнях чацвёртага і пятага раздзелаў паэмы, якія можна назваць кульмінацыйнымі момантамі духоўнага жыцця галоўнага героя і самога аўтара, шырока раскрываецца эпоха 30-х гадоў, адчуваецца ледзяны подых набліжэння піка сталінскіх рэпрэсій. У літаратуры тым часам правілі баль крытыкі-аглабельнікі, артыкулы якіх былі падобныя на даносы, пісьменнікі не маглі прамовіць праўдзівага слова пра становішча свайго народа, а ў тых, хто “не скакаў пад гадаў дудкі”, была стаптаная душа, “была адна жывым дарога, // або турма, або скарыся...”, яны залічаліся ў “найдэмы”, “ворагі народу”. I нават тым, хто, не хаваючы вольнасць думак, пісаў пра “залатую восень, як пасьпелую красу”, “кружэньне бусла, крык гусіны”, захапляўся прыгажосцю беларускага паэтычнага слова — затыкалі “анучай бруднай рот”. Змрочная атмасфера 30-х гадоў
перадаецца аўтарам адпаведнай моўнай афарбоўкай: “у сэрцы зьзяе кроўю рана”, “ланцуг на целе”, “з кусаньнем звязаны даносы”, “сьцягоў чырвоных кавалі // дарогай могілкаў вялі”, “трывожна крочыла сталіца, // на вуснах цяжкая пячаць”, “кругом нявольніцтва пужала, // гняло душу да самых пят”. Клішэвіч, як і яго герой Васіль Каліна, рашуча выступае супраць тых беларусаў, хто не верыць ва ўласныя сілы, спадзяецца на моцнага суседа або правадыра.
Усім зместам свайго твора аўтар заклікае сумленных беларусаў “не прадаваць сэрца за лыжку кашы”, а дасягаць “духовай вышыні”, нацыянальнай сведамасці, не страціць сваё “я” — нашчадка Рагвалода, Усяслава, бо дарога ў беларусаў адна: “змаганьнем вылезьйі з ярма”.
Далей аўтар вядзе свайго героя дарогамі Смаленшчыны (“Смаленск! Ты слава нашых продкаў...”) ад вытокаў Дняпра да прастораў Палесся, каб паказаць і сцвердзіць веліч і хараство беларускай зямлі. Перад чытачом разгортваюцца маляўнічыя краявіды, спор летняй сялянскай працы.
Але была ў аўтара і іншая мэта — паказаць, як сталее, набіраецца досведу Васіль Каліна, як умацоўваецца яго светапогляд. Ставячы свайго героя побач з вучоным-энцыклапедыстам Глебавым, Клішэвіч сцвярджае ідэю сапраўднай дружбы двух суседніх народаў, заснаванай на ўзаемапавазе і ўзаемадапамозе, роўнасці, шчырасці. Прафесар Глебаў — рускі інтэлігент у вышэйшым значэнні гэтага слова, са старажытнага дваранскага роду, чалавек, які валодаў многімі мовамі, жыў у Парыжы — выдатна ведаў беларускую гісторыю, культуру, захапляўся М.Багдановічам, Я.Купалам, быў зачараваны мастацтвам слуцкіх паясоў, музыкай гусляў і цымбалаў. Васіль здзіўляўся і высока цаніў глыбокую эрудыцыю прафесара, пераймаў ад яго ўсё, што мог, ставіўся з даверам і павагай. Паміж імі ішлі размовы на самыя розныя тэмы, але галоўным чынам пра падзеі ў краіне. Погляды на іх часта не супадалі, аднак у адным яны пагаджаліся, што пад “яркім сонцам Джугашвілі // нідзе, ніхто ня меў спакою...” Стары прафесар прадбачыў, чым абрынецца на людзей культ асобы Сталіна. Васіля Каліну ў такім разе найперш непакоіла становішча Беларусі, уласны лёс, бо ўжо каціліся хвалі арыштаў нацдэмаў, мадэляваліся “контррэвалюцыйныя”, міфічныя арганізайыі і змовы.
Цярпеньня край, пакут і гора На пракрыжоўваньні дарог Гарэў пакутліва ўчора У вагні чужацкіх перамог. Няма ў нас пядзі на зямлі, Дзе б кроў на ёй не пралілі. Хто ня глуміўся над табою? Мой родны край! Скажы, нашто ты — Усходу й Захаду вароты, Крывёй заліта поле бою?25
Аднак пакуль абрынецца на маладога чалавека, “нацдэма” Каліну, глум і здзек павальных рэпрэсій, захопіць яго “шчаслівага каханьня рай”. Паланіла яго сэрца Галіна — студэнтка кансерваторыі — незвычайнай прыгажосцю, цудоўным голасам, якімі яе надзяліла родная Случчына. Цэлымі старонкамі, замілавана і паэтычна, апісвае аўтар вясну іх кахання, сустрэч, радасных пачуццяў, светлай веры ў тое, што “навекі ім не разлучыцца”. Вобраз Галіны ўпершыню ўводзіцца ў агульную тканіну твора толькі з сёмага раздзела. Аповед аўтара пра сям’ю Шэлегаў — самастойная навела, якая па-свойму дапаўняе і ўпрыгожвае паэму. Цікавыя тут вобразы маці, з яе адвечнымі клопатамі сялянкі, любоўю да дзяцей, бацькі — Цімоха Шэлега, які адважна змагаўся за савецкую ўладу на франтах грамадзянскай вайны, а ў мірны час у роднай вёсцы ствараў калгас, быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Але цэнтрам і любоўю сям’і, дзе расло трое сыноў, была дачка Галіна, якая з дзяцінства была “кранута песьняю да болі” і, па яе ўласных словах, “СымонМузыка” быў ёй “братам па духу”. Судакрананне многіх радкоў паэмы Клішэвіча з “Новай зямлёй” і “Сымонам-Музыкам” Я.Коласа відавочнае. Гэта адчуваецца і ў рытміцы паэтычнага верша, апісанні побыту сялянскіх сем’яў і сапраўды беларускім духам блізкая паэма “Васіль Каліна” коласаўскім шэдэўрам. 1 галоўнае, Уладзімір Клішэвіч следам за Я.Коласам сцвярджае, якая багатая на таленты і прыгожых людзей беларуская зямля. Аднак Клішэвіч, адпаведна часу, напісаў трагедыйны твор.
Апошнія раздзелы паэмы “Васіль Каліна” — крыжовы шлях герояў, тыповы для нацыянальна сведамых беларусаў, жыццё якіх у 30-х гадах абрывалася на самым узлёце. Ператрываўшы
25 Клішэвіч У. Васіль Каліна. С. 92.
цяжкія пакуты арышту, бясконцых допытаў-канвеераў, калі вязняў дапытвалі бесперапынна па некалькі сутак, катаваннямі змушаючы падпісваць сфабрыкаваныя следчымі пратаколы, катаржныя этапы Гулага (“О, Беларусь, тваіх сыноў // Пячэ жалеза кайданоў, // Вязуць на мукі і пакуты...”). Васіль Каліна памёр на Калыме. Галіна не вытрымала няшчасцяў, бо ў Гулагу загінуў не толькі каханы чалавек, але і яе старэйшыя браты, бацька, які быццам бы меў сувязь з “ворагам народу” Тухачэўскім, ваюючы пад яго камандаваннем.
Здавалася б, нічога новага ўжо нельга сказаць пра сталінскія рэпрэсіі пасля мноства кніг, успамінаў вязняў Гулага, аднак паэма Клішэвіча — выдатны, таленавіты твор — яшчэ раз выносіць свой прысуд крываваму таталітарызму. Праўда пра мільённыя ахвяры сталінскай пары будзе бясконца папаўняцца новымі звесткамі, пакуль будуць стварацца, існаваць такія кнігі. Як сказаў паэт: “На свеце праўда не загіне, // Пра іх раскажуць песьняры...”
Клішэвіч пісаў сваю паэму ў 60-х гадах, калі ў савецкай літаратуры падобных твораў не было. Паэт мужна і праўдзіва раскрываў трагічныя падзеі сталінскай эпохі. Асаблівую ўвагу ён засяродзіў на вынішчэнні цвету беларускай нацыі — працоўнага сялянства і найбольш сведамай часткі творчай інтэлігенцыі.
Акрамя шматлікіх натуралістычных малюнкаў калымскай катаргі ў паэме рассыпаны розныя адзнакі 30-х гадоў. Згадваецца тэрор пасля забойства Кірава, арышты пісьменнікаў, прафесараў, выкладчыкаў педінстытута, дзе вучыўся Васіль Каліна, апавядаецца пра трагічныя лёсы Галадзеда, Чарвякова, Гартнага. Дакладна перададзена сцэна камсамольскага сходу, на якім асуджалі і выключалі Галіну Шэлег за тое, што не выраклася сваіх родных і блізкіх, абвешчаных “ворагамі народу”.
Трагічна, смерцю галоўных герояў заканчваецца паэма Клішэвіча, аднак закладзены ў ёй пачаткі жыццясцвярджальнага пафасу, бо “ідэя вольнасьці ня гасла // I ў тыя цяжкія часы...” Гэты аптымізм твора шырока праяўляецца ў аўтарскіх адступленнях да кожнага з дзесяці раздзелаў паэмы:
Я веру ў народ мой сьмелы, Сыны твае праз ночы муць Штандар наш бед-чырвона-белы Да перамогі данясуць.
Жаданы доўга прыйдзе дзень, Няволя станецца як цень, Сьцюдзёны віхар пройдзе міма I будзеш ты, мая радзіма, Цьвісьці шчасьліваю на волі...26
I ўсё ж твор быў бы аднабаковы, калі б аўтар, раскрываючы трагічны лёс героя, у якім шмат асабіста перажытага, не паказаў бы яго ва ўсёй шматграннасці ўзаемадачыненняў і ўзаемасувязяў з людзьмі, навакольным светам. А свет жыў, нягледзячы ні на што, па агульначалавечых законах, як жыла прырода, народ са сваім вякамі ўсталяваным ладам, дзе была свая гармонія, прыгажосць, святло і радасць. Пра паэму “Васіль Каліна” можна сказаць словамі паэта: “Вялікая там творчасць мастака, // Дзе формай змест апрануты ўмела...” Нельга не пагадзіцца з меркаваннямі М.Мішчанчука, які пісаў наконт паэмы: “Калі чытаеш твор Уладзіміра Клішэвіча, ствараецца ўражанне, што большую каштоўнасць, чым сямейна-бытавы сюжэт, мае яго “аздабленне” — пейзажныя замалёўкі, экскурсы ў мінулае, суб’ектывізаваныя карціны хрэсьбінаў, студэнцкага жыцця, публіцыстычныя споведзі-разважанні пра лёс краіны ў пераломны час. Знітаваныя ў адно цэлае, яны адкрываюць нам самога мастака — чалавека-патрыёта, філосафа, палітыка, эрудыта і да таго ж надзвычай эмацыянальнага, узрушанага, нацыянальна свядомага... Некаторыя лірычна-філасофскія адступленні аўтара даюць фору палітыкам — так глыбока разбіраецца аўтар у сутнасці таго, што адбываецца на абсягах савецкай краіны ў даваенны і пазнейшы час...”27